Мастацтва Беларусі іх – ХІІІ СТ

У VІ – VІІІ стст. на тэрыторыі Беларусі ўзніклі племенныя саюзы, якія пазней (VІІІ ст.) пераўтварыліся ў дзяржаўныя ўтварэнні – княствы, з адпаведнымі цэнтрамі – гарадамі. Найбольш моцныя княствы – Полацкае, Тураўскае, Смаленскае. Полацк становіцца буйным палітычным і гандлёва-рамесным цэнтрам. Росквіту дасягае ў ХІ ст., прычыны: выгаднае геаграфічнае становішча, трывалыя сувязі з іншымі дзяржавамі, палітычная стабільнасць, міжнародны аўтарытэт.

1230 г. – утварэнне Вялікага княства Літоўскага, 1307 г. – Полацкая зямля ўвайшла канчаткова ў склад ВКЛ на правах аўтаноміі, 1320 г. – далучана Віцебскае княства, 1363 – землі паўднёва-усходніх раёнаў Беларусі.

Духоўнае і культурнае жыццё нашых продкаў цесна звязана са старадаўнімі вераваннямі і культамі. Звесткі, сабраныя этнографамі, гісторыкамі, фалькларыстамі і іншымі даследчыкамі культуры Беларусі, дазваляюць пад пластом позніх хрысціянскіх уяўленняў адшукаць рэшткі язычніцкага светапогляду і магічна-абрадавай практыкі. Язычніцтва (ад царкоўнаславянскага "языцы" — народы, чужаземцы) — прыняты ў багаслоўі і ўмоўна ў гістарычнай літаратуры тэрмін, які абазначае старадаўнія вераванні і культы, што існавалі да пашырэння хрысціянства, ісламу і інш. Язычніцтва — надзвычай шматгранная і разгалінаваная рэлігія. Яна ўключае ў сябе розныя ўяўленні, ідэалагічныя напластаванні розных гістарычных эпох. Для далёкага нашага продка маланка азначала гнеў Перуна, набрыньвалі коцікі на вярбе — багіня вясны ўзялася за справу. Камяні пад сахой пасеяў чорт, у хаце гаспадарыў дамавік. Навокал чалавека дзейнічалі сілы, з якімі можна было жыць у згодзе, але якіх трэба было слухацца, захоўваць табу, каб не парушаць згоду з навакйльным светам.

3 прыняццем хрысціянства разумовы, духоўны, рэлігійны стан грамадства зазнаў істотныя змены. Хрысціянства было варожым язычніцтву, як наогул варожыя рэлігійныя сістэмы, калі адны багі і святы не могуць саступіць месца іншым. У адрозненне ад Рымскай імперыі, хрысціянства на Беларусь прыйшло ў гатовым выглядзе, з адшліфаванымі за дзевяць стагоддзяў свайго існавання формуламі, са Старым і Новым Запаветамі, з літаратурай айцоў царквы, культамі Хрыста і Багародзіцы, са стараславянскай мовай, прынесенай першымі місіянерамі з Візантыі. Пры ўсёй складанасці станаўлення ранняга хрысціянства ў Рымскай імперыі яно ўсё ж такі развівалася ў накірунку ад нізоў да вярхоў, урада, эліты. У славянскім грамадстве хрысціянства наладжвалася зверху — ад эліты да народа, і гэтая процілегласць рэлігійных спадзяванняў стала істотнай.

Хрысціянства на Беларусь прыйшло з Візантыі. Першая царква ў славянскім свеце была пабудавана ў Кіеве, відавочна, яшчэ ў IX ст. Сучасніца Візантыйскага імператара Канстанціна Барвянароднага — руская княгіня Вольга — прыняла хрысціянства. А яе ўнук Уладзімір Святаславіч у 988 - 989 гг. пачаў хрышчэнне Русі. Неадкладна місіянеры, аб'яднаныя з воінскімі аддзеламі, павялі хрыстовыя паходы на язычніцтва па ўсіх старажытных землях. Следам за Кіевам прымусова падпадала пад абрад хрышчэння насельніцтва двух іншых важных цэнтраў — Полацка і Ноўгарада

Прыняцце хрысціянства: садзейнічала ўстанаўленню больш прагрэсіўных грамадскіх адносін, уздыму культуры, распаўсюджанню пісьменнасці, наладжванню міжнародных сувязей. Прывяло да а) знішчэння большасці твораў тагачаснага мастацтва; барацьбы з народным мастацтвам; б) пераўтварэння язычніцкіх форм культуры, адпаведных відаў мастацтва, тэм, вобразаў міфалогіі ў хрысціянскія; в) з’яўлення новых культурных дасягненняў. Першыя хрысціянскія місіянеры з’яўляюцца на Беларусі з ІХ ст. (ісландзец Торвальд Вандроўнік), каля 992 г. заснавана Полацкая епархія (правасл.), у пачатку ХІ ст. – Тураўская епархія (катал.).

Архітэктура Беларусі ІХ – ХІІІ стагоддзяў

У Х – ХІ стст. запрашаюць візантыйскіх майстроў для стварэння храмаў (на Беларусь прыходзяць традыцыі Канстанцінопаля).

1044 – 1066 гг – пабудаваны Сафійскі Сабор у Полацку, які быў вельмі падобны на Канстанцінопальскую Сафію. У Полацкай Сафii ўвасоблена моц i ўплывовасць Полацкага княства. Полацкая Сафiя была галоўным грамадскiм будынкам у горадзе. Тут прымалi замежных паслоў, аб’яўлялi вайну i заключалi мiр, тут жа знаходзiлася княжаская скарбнiца i бiблiятэка. Сафiя шмат разоў перабудоўвалася i дайшла да нас у выглядзе, набытым у ХVІІІ ст.

Першае летапіснае ўпамінанне пра Сафійскі сабор прыводзіцца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» у сувязі з падзеямі XII ст. Час пабудовы храма не адзначаны дакладна ў пісьмовых крыніцах. На падставе розных гістарычных звестак даследнікі адносяць узвядзенне сабора падчас княжання ў Полацку Ўсяслава Брачыславіча да сярэдзіны XI ст. (па розных крыніцах да 1066 г. ці больш шырока – паміж 1050-1055 гг.).

Старажытны Сафійскі сабор у Полацку дайшоў да нашага часу толькі ў рэштках: зберагліся стужкавыя фундаменты, ніжнія часткі сцен і слупоў, тры ўсходнія алтарныя апсіды. Археалагічныя раскопкі і летапісныя помнікі далі магчымасць даследнікам са значнай ступенню верагоднасці рэканструяваць яго першапачатковую аб'ёмна-прасторавую структуру. Гэты вялікі пяцінефавы трохапсідны крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане.

Унутраная прастора падзялялася 16 слупамі на 5 падоўжаных нефаў. Пасярэдзіне будынка змяшчаўся галоўны купал, вакол якога групавалася яшчэ 4 меншых. Дадатковая пара слупоў утварала перад апсідай квадратную ў плане прасторавую ячэйку – вім, дзякуючы якому адбылося прасторавае падаўжэнне цэнтральнага нефа. Гэта акалічнасць набліжала сабор да базілікі, характэрнай для раманскай архітэктуры, у адрозненне ад інтэр'ераў кіеўскай і ноўгарадскай Сафій, якія развіты ў шырыню.

У тэктанічнай структуры полацкай Сафіі назіраецца паступовы адыход ад кананічнай візантыйскай схемы ў бок стварэння руска-візантыйскага варыянта крыжова-купальнага храма. У ёй пры пяці нефах толькі тры алтарныя апсіды. Полацкая Сафiя зроблена з тонкай, добра абпаленай, квадратнай, ярка-чырвонай цэглы таўшчыней 3-4 см. – плiнфы ў тэхніцы паласатай муроўкі са схаваным радам (адзін рад плінфы супадаў з надворку з плоскасцю сцяны, другі ўтопліваўся на невялікую глыбіню; ніша, якая ўтваралася, запаўнялася цамянкай - вапняковым растворам з цагляным крошывам). У некаторых месцах кладка “са схаваным радам” чаргавалася ўстаўкамі з апрацаваных камянёў. Такая будаўнічая тэхніка з'яўлялася адначасова дэкаратыўным прыёмам, стварала маляўнічую каляровую гаму фасадаў сабора. У іх аздабленні выкарыстаны элементы візантыйскай архітэктуры: тонкія паўкалонкі з лекальнай цэглы, паўцыркульныя плоскія нішы, палосы меандру (ламаная пад прамым вуглом лінія) і крыжы. Унутры храм быў цалкам распісаны фрэскамі, ад якіх захаваліся нешматлікія фрагменты, падлога выкладзена керамічнымі пліткамі розных колераў. Пакрыццё купалаў і закамар было зроблена са свінцовых лістоў, аб чым сведчаць кавалкі аплыўшага свінца, знойдзеныя пры археалагічных раскопках.

Усе закладзеныя ў архітэктуры сабора навацыі і мадыфікацыі кананічнай візантыйскай схемы крыжова-купальнага храма атрымалі ў далейшым развіццё і паслужылі асновай для фармавання самабытнай полацкай школы дойлідства, якая ўключае таксама кола помнікаў старажытнага Віцебска і Смаленска. Зараз Сафiйскi сабор адноўлены i прыстасаваны пад канцэртную залу. У падземных стварэннях, дзе добра вiдаць муроўкi ХІ ст., арганiзаваны археалагiчны музей.

Полацкая архітэктурная школа.

У ХІІ ст. Полацк па-ранейшаму самы вялiкi i эканамiчна ўсталяваны горад на тэрыторыi Беларусi. Аднак узнiкаюць i развiваюцца новыя гарады, цэнтры невялiкiх, але незалежных княстваў. Падзел Полацкай зямлi на асобныя невялiкiя княствы, аслабленне княжаскай улады, узрастанне ролi веча – усё гэта адбiлася на развiццi формаў будаўнiцтва. Заказчыкамі цяпер ужо выступаюць не толькi князi, але i духавенства. Патрабаваннi на Беларусi да царкоўных будынкаў таксама змянiлiся, бо палiтычныя мэты паступова саступаюць эканамiчным.

У першай палове ХІІ ст. у Полацку склалася самастойная архiтэктурная школа. Полацкiя дойлiды выпрацавалi сваю будаўнiчую тэхнiку i форму будынка. Асаблівасці: захаванне старадаўняй муроўкі са «схаваным радам», тэхніка змешанай муроўкі, аднаапсідныя храмы, цэнтрычнасць і вежападобнасць кампазіцый, выкарыстанне каменных блокаў, плоскіх лапатак. Яснасць архітэктурнай кампазіцыі, сіметрычная ўпарадкаванасць форм, аб’ядноўваючых прастору, падкрэсліваюць панаванне вертыкальнай дамінанты.

Асноўныя рысы, выпрацаваныя полацкiмi дойлiдамi ўвасабляе помнiк у Полацку - Спаса-Праабражэнскі Сабор Ефрасiнеўскага манастыра, якi быў пабудаваны памiж 1128 i 1156 гг. дойлiдам Іаанам. Існуе павер’е, што сама Ефрасiння Полацкая, якая шмат зрабiла для развiцця пiсьменнасцi ў Полацку, i была iнiцыятарам будаўнiцтва гэтай царквы. Храм знаходзiцца на высокiм беразе ракi Палаты. Уяўляе сабой шасціслуповы храм, адна выступаючая апсіда, бакавыя апсіды схаваны ў таўшчыні ўсходняй сцяны, вежападобнасць, наяўнасць п’едэстала ў аснаванні барабана (узнёслы, як свечка). Сутнасць архітэктуры храма вырашана дойлідам самым пераканаўчым і арыгінальным спосабам: “зручнасць (кананічную функцыянальнасць) – трываласць – прыгажосць”. Храм быў пабудаваны за 30 тыдняў, што сведчыць пра добра адпрацаваную методыку.

Спаса-Праабражэнскі сабор Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра часам называюць “Ефрасінней” (Сафійскі сабор – Сафіяй) у памяць прападобнай ігуменні Полацкай.

Спаса-Праабражэнская царква пабудавана ў традыцыйнай для Полацкай храмавай архітэктуры тэхніцы са схаваным радам. Адметным з’яўляецца тое, што плінфы, якія выходзяць на фасад, былі дадаткова пафарбаваны, што ўзмацняла каларыстычнае гучанне фасада. Аркі вокнаў і парталаў Полацкай царквы былі апраўлены “броўкамі”: цыркульнымі ў ніжнім ярусе і з кілепадобнымі завяршэннямі ў верхнем. Паўкруглыя калоны ў верхняй частцы маюць выступ.

В я лікі Сабор Бельчыцкага манастыра – шасціслуповы храм з 3 апсідамі, зроблены ў тэхніцы муроўкі “са схаваным радам” з устаўкамі вялікіх апрацаваных камянёў. Храм быў упрыгожаны знадворку і ўнутры плоскімі лапаткамі. У храме выяўлена тэндэнцыя да пераапрацоўкі крыжова-купальнай схемы да кампазіцыі з вежападобна ўзнятым барабанам купала. Ёсць дадзеныя, што сабор пабудавалі кіеўскія майстры, якія заснавалі полацкую арцель на пачатку ХІІ стагоддзя. Не захаваўся.

Традыцыям Полацкай архітэктурнай школы адпавядае Дабравешчанская царква ў Віцебску. Яна захавалася фрагментарна, была перабудавана, таму пра першапачатковы варыянт можна меркаваць прыблізна. Дакладны час узвядзення ў Віцебску першага мураванага храма не адзначаны ў летапісных крыніцах. Легенда, змешчаная ў познім «Летапісе Віцебска», сцвярджае, што Дабравешчанская царква змуравана ў X ст. па загаду княгіні Вольгі. Аднак першыя дакументальныя гістарычныя звесткі пра царкву з'яўляюцца толькі на старонках беларускіх летапісаў у XV-XVI стст. Даследаванні археолагаў па шэрагу асаблівасцей будаўнічай тэхнікі і аналізу архітэктурных форм паказалі прыблізны час будаўніцтва царквы, а менавіта – другая чвэрць XII ст. Як большасць мураваных храмаў гэтага перыяду, яна ў аснове мела крыжова-купальную кампазіцыю, але падкрэслена выцягнутую па падоўжнай восі, што надавала ёй базілікальны характар, асабліва ў інтэр'еры. Шэсць апорных крыжападобных у плане слупоў, пастаўленых у два рады, падзялялі ўнутраную прастору на тры нефы. Дамінуючы ў інтэр'еры цэнтральны неф з усходняга боку завяршаўся вялікай паўкруглай алтарнай апсідай. Бакавыя нефы, амаль у тры разы больш вузкія за цэнтральны, замыкаліся невялічкімі паўкруглымі нішамі, схаванымі ў тоўшчы ўсходняй сцяны, і звонку былі прастакутнымі, што з'яўляецца адной з характэрных рыс полацкай школы дойлідства, якая выявілася ў гэтым помніку ўпершыню. Заходняе чляненне храма (нартэкс) займалі хоры, бакавыя часткі якіх служылі капліцамі, таксама з невялічкімі нішамі ў тоўшчы іх усходніх сценак. На сённяшні дзень захаваліся толькі апоры скляпенняў, на якія абапіраліся хоры.

Арганічны і творчы сінтэз раманскіх і візантыйскіх элементаў – найбольш выразная адметнасць архітэктуры віцебскай Дабравешчанскай царквы.

Цікавасць уяўляе і тэхніка муроўкі. Будынак меў высокі цокаль – падлога храма знаходзілася амаль на 1 м вышэй тагачаснага ўзроўню зямлі. Фундамент складзены з бутавага каменю насуха і часткова на вапняковай рошчыне. Вышэй сцены змураваны з абчасаных блокаў (квадраў) мясцовага жаўтаватага вапняку, што перамяжаліся 2-3 радамі старажытнай цэглы-плінфы. Апорным слупам на сценах з абодвух бакоў адпавядалі шырокія і плоскія лапаткі. Звонку сцены ў той час не былі атынкаваны і мелі маляўнічы стракаты выгляд, унутры ж, наадварот, цалкам атынкаваны і ўпрыгожаны фрэскавым роспісам. Частка партала з выявай старажытнага воіна захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.

На працягу стагоддзяў віцебская Дабравешчанская царква шмат разоў перабудоўвалася і мяняла знешні выгляд. У 1619 г. па загаду караля Жыгімонта III Вазы праваслаўны храм перадаецца вуніятам. Будынак царквы моцна пацярпеў падчас Паўночнай вайны і пэўны час стаяў напаўразбураны. Але ў 1714 г. адбыўся рамонт, а пасля 1759 г. - капітальная перабудова ў стылі позняга барока. Купал на сяродкрыжжы пры гэтым быў зняты, а над алтарная часткай узведзена вежачка са спічакам. На ўсю шырыню старажытнага галоўнага фасада прыбудавалі новы ўваходны аб'ём з дзвюма шмат'яруснымі вежамі па баках і высокім фігурным франтонам паміж імі. Гэтая перабудова прынцыпова змяніла характар архітэктуры старажытнай святыні, яе кампазіцыю, сілуэт і дэкаратыўнае аздабленне. У 1832 г. Дабравешчанскую царкву вярнулі праваслаўным, а праз 30 гадоў зноў капітальна перабудавалі, надалі рысы псеўдарускага стылю. З галоўнага фасада знялі барочныя вежы і франтон, на месцы якога ўзвялі званічку з цыбулістай галоўкай. Над вільчаком двухсхільнага даха паставілі ненатуральна вялізны таксама цыбулепадобны купал на глухім барабане.

А ў снежні 1961 г. па ініцыятыве гарадскіх партыйных і выканаўчых улад пры актыўным удзеле галоўнага архітэктара Віцебска Дабравешчанская царква была ўзарвана. Ад помніка засталіся рэшткі, у якіх старажытныя часткі маюць месцамі вышыню да 5 м. У 1977 г. ажыццёўлена кансервацыя рэштак храма. У 1990-ых гг. пачалася распрацоўка праекта рэстаўрацыі Дабравешчанскай царквы ў яе аўтэнтычным выглядзе.

Дасягненні Полацкай школы дойлідства аказалі значны ўплыў на храмавае будаўніцтва не толькі на старажытнабеларускіх землях, але і на многіх іншых бліжэйшых тэрыторыях. Так, пад непасрэдным уздзеяннем полацкіх архітэктурных традыцый у ХІІ – першай палове ХІІІ стст. былі ўзведзены цэрквы Архангела Міхаіла ў Смаленску і Пятра і Паўла ў Ноўгарадзе.

Гродзенская архітэктурная школа.

З’яўлялася больш лакальнай, з меншым уплывам на развіццё беларускай архітэктуры, абмежавана тэрыторыяй Гродна і Ваўкавыска. Майстры Гродзенскай школы выкарыстоўвалі тэхніку роўнаслойнай муроўкі, звярталіся і да полацкіх традыцый. Спалучэнне чырвонага фону цаглянай кладкі з умураванымі рознакаляровымі керамічнымі пліткамі і паліраванымі камянямі надавала архітэктурным ансамблям Гродна маляўнічасць і непаўторнасць.

Прыкладам работы вучняў гэтай школы з’яўляецца царква Барыса і Глеба(Каложская). Размясцiлася яна над Нёманам на высокiм пагорку. З даўнiх часоў гэта мясцовасць мела назву Каложа. Будынак адносiцца да шасцiслуповых трохапсідных храмаў крыжова-купальнай сiстэмы. Пры будаўнiцтве храма выкарыстоўвалася цэгла i плiнфа. На фасадзе царквы паверхня сцен адпалявана рознакаляровымi камянёвымi крыжамi. Падлога ў царкве зроблена паліванымі пліткамі – прадстаўлена 17 відаў пліткі. Сцены храма ўзведзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі, прычым знешнія іх плоскасці выкладзены з цэглы, а прастора паміж імі запоўнена цагляным друзам і дробнымі камянямі на вапнавай рошчыне – цамянцы, у якую дамешвалі дробна пасечаную салому і вуглі. У верхніх частках сцен знаходзілася вялікая колькасць керамічных сасудаў – галаснікоў, якія ўмуроўваліся ў сцены будынка з мэтай паляпшэння яго акустычных якасцей. Галаснікі таксама істотна памяншалі вагу будынка, яго ціск на падмурак, што дало магчымасць давесці таўшчыню яго сцен да 1,2 м. У сярэдзiне ХІХ ст. бераг быў падмыты вадой i ўся паўднёвая сцяна, а з ёй i частка усходняй апынулiся ў Нёмане.

На тэрыторыі старажытнага Гродзенскага дзядзінца знойдзены рэшткі яшчэ аднаго храма ХІІ ст. – Ніжняй царквы. Ад храма захаваліся часткі сцен, фрагменты падкупальных слупоў, некаторыя дэталі дэкаратыўнага ўбрання. Шасціслуповая, трохнефавая Ніжняя царква мела тры апсіды, з якіх толькі цэнтральная выступала з усходняга боку, а дзве другія змяшчаліся ў тоўшчы сцяны, нагадваючы нішы. У заходняй частцы знаходзіліся хоры, аб наяўнасці якіх можна меркаваць па захаваных рэштках цаглянай вінтавой лесвіцы. У кладку сцен устаўляліся камяні, адпаліраваныя бакі якіх былі бачны знадворку. Аздобу храма дапаўнялі рознакаляровыя паліваныя керамічныя пліткі рознай формы, з якіх выкладаліся арнаменты.

Археалагічныя даследаванні старажытнага Гродна дазволілі устанавіць наяўнасць яшчэ трох будынкаў, якія датуюцца ХІІ ст. Гэта Васкрасенская (існавала на тэрыторыі вакольнага горада) і Прачысценская цэрквы (выяўлены падмуркі, фрагменты слупоў і часткі сцен на тэрыторыі манастыра базыльянак), княжацкі церам-палац (быў узведзены ў паўднёвай частцы дзядзінца).

З канца ХІІ – пачатку ХІІІ стагоддзя развіццё манументальнага культавага дойлідства паступова замаруджвалася. Ва ўмовах адасаблення тэрыторый асобных княстваў і вылучэння ўдзелаў склалася неспрыяльная сітуацыя для сакральнага мураванага дойлідства. Невялікія ўладанні з абмежаванымі эканамічнымі магчымасцямі не былі ў стане весці маштабнае будаўніцтва. У сувязі з узрастаючай пагрозай з боку крыжакоў і татар надзённымі становяцца патрэбы абароны. Узводзяцца невялікія па плошчы драўляныя ўмацаванні з жылой і гаспадарчай забудовай. Атрымала распаўсюджванне будаўніцтва вежаў-данжонаў – галоўных асобна размешчаных шмат’ярусных вежаў чатырохграннай ці круглай формы, якія служылі ўмацаваннем пад час ваеннай пагрозы, назіральным і камандным пунктам.

Данжон – гэта галоўная вежа феадальнага замка, якая служыла месцам абароны і хованкай пры нападзе ворага. Мела памяшканні для жылля і запасаў правіянта. Яна стаяла асобна ад іншых замкавых будынкаў і была разлічаная на кругавы абстрэл ворагаў. Такія вежы характэрныя для сярэднявечнай еўрапейскай ваеннай архітэктуры. У Х стагоддзі яны распаўсюдзіліся на паўночных і заходніх землях Еўропы, у XIII – у Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Прыбалтыцы. З'явіліся данжоны і на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў ХІІІ ст. і ўвайшлi ў абарончую сiстэму беларускiх гарадоў.

Будаўніцтва данжонаў было абумоўленае зменай тактоўных прыёмаў нападу і абароны. Пры штурме пачалі ўжывацца адмысловыя прылады: рвы завальваліся звязкамі галінак, для ўздыму на сцены выкарыстоўваліся лёгкія прыстаўныя ўсходы. Але галоўным дасягненнем сярэднявечных захопнікаў з'явілася вынаходства камнемётных машын велізарнай разбуральнай сілы. Яны кідалі камяні і ўсталёўваліся на адлегласці 100 – 150 метраў ад сцен аблогавага горада. Калі раней стральба з гарадскіх сцен не дазваляла наблізіцца да іх ушчыльную, то камнемёты давалі магчымасць яе паралізаваць. Досыць было ўдарамі камянёў разбіць які-небудзь участак сцяны – і абаронцы гублялі перавагу. Затым гэты ўчастак абстрэльваўся з лукаў. Такім стаў асноўны прынцып штурму, і старыя тыпы крэпасцяў паступова страцілі сваё першапачатковае значэнне.

Вось тады і паўсталі каменныя і цагляныя данжоны як цэнтры абароны крэпасцяў. Яны давалі магчымасць абаронцам весці прыцэльную стральбу з лукаў і самастрэлаў, забяспечваючы далёкі абстрэл велізарных тэрыторый, былі практычна непрыступнымі для асаднай тэхнікі таго часу.

На падставе матэрыялаў археалагічных раскопак вядома, што будынкі аналагічнага характару і прызначэння існавалі ў Полацку, Тураве, Наваградку, на тэрыторыі Старога замка ў Гродна, на замчышчы старажытнага Брэста. Узведзеныя з цэглы, з камянёў ці з дрэва або ў спалучэнні гэтых матэрыялаў, яны ўключаліся ў абарончыя комплексы як дадатковыя ізаляваныя цытадэлі.

Наваградскую вежу пабудавалі ў другой палове ХІІІ ст. Яе мураваныя сцены былі выкладзеныя з часаных валуноў на вапнавай рошчыне, шчыліны паміж якімі запаўняліся каменным друзам, кавалкамі цэглы і замазваліся вапнай. Вежа мела чатырохвугольную форму, у каменнай кладцы будынка адзіным выключэннем з’яўляліся цагляныя абрамленні байніц. Значна пашкоджаная падчас аблог Наваградка ў канцы ХІІІ ст., яна ў хуткім часе была перабудавана, стаўшы падмуркам для новага ўмацавання замка.

Да нашых дзен дайшла толькi Камянецкая вежа (Белая вежа). Яна знаходзiцца ў горадзе Камянцы Брэсцкай вобласцi i стаiць на высокiм беразе ракi Лясной, пабудавана паміж 1271 і 1289 гг. дойлідам Алексам. Складзена вежа з пальчаткі – вялiка-памернай цэглы цёмна-чырвонага i жаўтаватага колеру, якая на адным з шырокiх бакоў мае барозны (на плоскасці яшчэ сырой цагліны ўздоўж альбо па дыяганалі майстар рабіў сваімі пальцамі жалабкі, рабілася гэта для лепшай сувязі цагліны з будаўнічай рошчынай у муроўцы). Пры яе будаўнiцтве дойлiды ўпершыню выкарысталi элементы цаглянай готыкi. Вежа мае пяць ярусаў, злучаных лесвіцай, на якіх можна было размясціць значную колькасць воінаў. Акрамя гэтага верхні ярус меў скляпеністае завяршэнне на нервюрах, а на яго вяла лесвіца, змешчаная ў тоўшчы сцяны. Маючы толькі абарончае прызначэнне, Камянецкая вежа практычна пазбаўлена архітэктурна-дэкаратыўнай пластыкі. Яна цалкам збудаваная з цэглы, што робіць яе ўнікальнай. Цагляныя канструкцыі былі рэдкасцю ў гэтай частцы Еўропы да канца сярэднявякоўя, бо вытворчасць цэглы была дарагою ў тыя дні. Да ХVІ ст. пераважна каменны мур выкарыстоўваўся дзеля ўмацаванняў, цэркваў і манастыроў, толькі некаторыя часткі экстэр'еру рабіліся з цэглы. Непадобныя да вузкіх байніц на ніжніх паверхах, вялікія спічастыя вокны і нішы на верхнім паверсе з’яўляюцца выдатным прыкладам ранняй готыкі на Беларусі. Праёмы вокнаў і нішаў былі атынкованы і пабелены. Вокны былі спраектаваны такім чынам, каб не дапусціць трапляння святла ў пакоі, дзе жыла шляхта падчас асады. Шкляныя вокны былі яшчэ адным атрыбутам гатычнай архітэктуры. Відавочна, што будаўнікі хацелі стварыць хатнія ўмовы ў галоўнай вежы. Верхняя частка вежы мела зубцы і ўзор паверхні накшталт цаглянай кладкі. Цяпер Камянецкая вежа ператворана ў фiлiял Брэсцкага краязнаўчага музея i стала месцам турыстычных экскурсiй.

Жывапіс Беларусі ІХ – ХІІІ стагоддзяў

Менавіта прыняцце хрысціянства на старажытнабеларускіх землях паклала пачатак развіцця ўласна жывапісу, у асноўным першыя яго творы – гэта манументальныя роспісы і кніжная мініяцюра. На манументальны жывапіс (роспісы культавых інтэр’ераў) на раннім этапе моцнае ўздзеянне аказвалі візантыйскія традыцыі. У якасці ўзораў таксама служылі роспісы кіеўскіх храмаў. Аднак ужо з ХІІ ст. у работах айчынных майстроў відавочны пошукі ўласных шляхоў жывапіснага вырашэння інтэр’ераў храмаў, адыход ад традыцый, новаўвядзенні ў тэхніку і тэхналогію выканання роспісаў. Візантыйская праваслаўная традыцыя вызначала наступныя асаблівасці:

– выявы ў храме размяшчаліся ў падкупальнай прасторы, у прасценках паміж аконнымі праёмамі барабана, на ветразях і слупах, на бакавых сценах, у прытворы, на хорах;

– важнае сэнсавае значэнне мелі кампазіцыі, якія размяшчаліся ў апсідах;

– галоўнымі ідэйнымі дамінантамі храма былі вобразы Хрыста, Маці Божай, Іаана Хрысціцеля, апосталаў, архангелаў, прарокаў, кананічныя сцэны (“Еўхарыстыя”, “Дэісус”), сцэны святочнага цыкла;

– жывапіснае ўбранне дапаўнялі арнаментальныя кампазіцыі, якія размяшчаліся на ніжніх частках сцен, слупоў;

– усе часткі жывапіснай сістэмы храма складваліся ў адзіны завершаны твор, у вобразна-пластычнай форме адлюстроўвалі галоўныя хрысціянскія ідэі.

Самымі старажытнымі фрэскамі, якія вядомы на тэрыторыі Беларусі, з'яўляюцца роспісы Сафійскага сабора ў Полацку. Выкананы яны ў 1050 – 1060-х гадах. У сувязі з яго рэканструкцыяй фрэскі захаваліся толькі ў трох усходніх апсідах, на ніжніх частках слупоў, на сценах склепа. У конхе цэнтральнай апсіды, верагодна, размяшчалася выява Маці Божай Аранты, паказанай у рост. Ніжэй знаходзілася сцена "Еўхарыстыі" з выявамі Хрыста і апосталаў. Па захаваных фрагментах роспісаў можна меркаваць, што акрамя выяў фігур храм быў багата арнаментаваны. Найбольш часта сустракаецца раслінны і струменны (ён імітаваў мармуровую кладку) арнамент. Каларыстычныя пабудова фрэсак заснавана на прыглушаных шэрых, вохрыстых танах. Па асаблівасцях пісьма можна распазнаць два асноўныя спосабы вядзення работы старажытнабеларускімі жывапісцамі:

1) фарбы (мінеральныя пігменты, разведзеныя на вадзе) наносіліся на яшчэ вільготную паверхню верхняга слоя грунту з наступнай корпуснай прапіскай дэталяў па меры высыхання грунту. На завяршальнай стадыі пігменты змешвалі ці з водным растворам вапны, ці з яечным жаўтком;

2) фарбы, у склад якіх уваходзіў раствор вапны або яечны жаўток, наносіліся на сухую паверхню.

Аднак і пры адным, і пры другім спосабах фарбавы слой ад дамешку вапны набываў крыху матава-пастэльны, разбелены тон. Такім чынам, роспісы Сафійскага сабора ў Полацку сведчаць не толькі аб арыентацыі на Кіеўскую мастацкую школу, але і аб пошуку і развіцці асабістых, самастойных шляхоў.

Полацкая мастацкая жывапісная школа. Фрэскі Спаса-Праабражэнскага сабора Ефрасіннеўскага манастыра былі выкананы ў 40 – 50-ых гадах ХІІ стагоддзя. Гэта адзіны помнік, які дайшоў да нашага часу ў амаль непашкоджаным і першапачатковым варыянце. Сёння сцены Спасаўскай царквы ўтрымліваюць культурныя слаі многіх пакаленняў у выглядзе напластаванняў, што падобныя на рукапісныя старонкі. Сістэма роспісаў Спаса-Праабражэнскага сабора падобна да візантыйска-кіеўскай. Роспісы пабудаваны таксама з арыентацыяй на візантыйскую схему – выцягнутыя твары, плоскаснасць, недасягальнасць, нерухомасць. Яны падзяляюцца на некалькі ярусаў-рэгістраў. Увесь ніжні ярус сцен Спасаўскай царквы і, асабліва, сцены малельні прападобнай Ефрасініі, ігуменіі Полацкай, ператвораны многімі пакаленнямі ў рукапісныя старонкі, дзе ў кожным асобным надпісу сканцэнтраваны абасоблены момант часу. Хвіліна напісання была так значна для таго, хто пісаў, што ён не заўважаў, ці наогул не бачыў таго, што было на сцяне перад яго вачыма.

Старажытны жывапіс быў схаваны пад больш познімі напластаваннямі тынкоўкі i пабелкі, алейнай размалёўкі 1832 — 1835 гг. i 1840 г. Фрэскі былі адкрыты ў 1835 г.

Усяго адкрыта 8 фрагментаў фрэсак ХІІ ст.: тры знаходзяцца ў алтарнай частцы; на лапатках паўночнай i паўднёвай сцен выявы невядомых святых на ўвесь рост з кнігамі ў руках; на паўднёвай сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. Пяць фрагментаў у цэнтральнай частцы: на паўднёвай сцяне 2 фрагменты з выявамі манашак; на паўночна-ўсходнім і паўднёва-ўсходнім слупах франтальныя выявы святых на увесь рост са скруткамі ў руках; на паўночна-заходнім слупе, што падтрымлівае хоры, пададзеная ў строгі фас наплечная выява невядомай маладой святой з мяккім авалам твару, вялікімі вачыма, прыгожымі жывымі вуснамі з чырвонай падмалёўкай. Жаночыя выявы вызначаюцца высокай адухоўленасцю і ўзнёсласцю, вялікай інтэлектуальнай напоўненасцю i стрыманым пачуццём. Індывідуальнасць вобразаў настолькі яркая, што фрэскавае адлюстраванне падобна на партрэтнае. На фрэсках i вакол ix — шматлікія напластаванні пазнейшых роспісаў.

Згодна візантыйскай сістэме размалёўкі, у купале знаходзіцца выява бласлаўляючага Спаса. У цэнтральнай апсідзе чытаюцца 3 рэгістры. Першы (ніжні) – свяціцельскі чын з 12 фігур айцоў царквы — размешчаны па авалу. Другі рэгістр, размешчаны над свяціцельскім чынам, складаецца з аднафігурных i шматфігурных (сюжэтных) кампазіцый. На падкупальных пілонах — 2 фігуры святых на ўвесь рост, у доўгім белым адзенні, адна з крыжам, другая з чашай у руках, арыентаваныя да цэнтра алтара; на прасценках — сюжэтныя кампазіцыі ca сцэнамі пакут, ахвярапрынашэнняў. На паўночным баку апсіды праступае выява шасцікрылага серафіма з шыракаскулым тварам, вялікімі міндалепадобнымі вачыма, у бліках яркага святла. Такая ж выява на паўднёвым баку. Трэці рэгістр займае вялікая шматфігурная кампазіцыя «Еўхарыстыя». Постаці апосталаў з кнігамі ў руках пададзеныя ў дынамічных позах.

У конусе апсіды размешчана постаць Маці Божай Аранты, якая моліцца. На паўночнай сцяне правага бакавога алтара над арачным праёмам — вялікая кампазіцыя «Укрыжаванне». У левым бакавым алтары ў цэнтры — выява Маці Божай Халкапраційскай; на паўднёвай сцяне — кампазіцыя «Аплакванне», на паўночнай — «Ахвяраванне Аўраама», на скляпеннях, аконных адхілах — фрагменты арнаментальнай расліннай размалёўкі. У цэнтральнай частцы храма, на паўднёвай сцяне — галерэя жаночых вобразаў у строгіх франтальных позах на увесь рост. Твары прадаўгаватыя з вялікімі міндалепадобнымі вачыма. На паўночнай сцяне прасочваюцца выявы мужчынскіх постацяў. Цікавыя роспісы ў келлі Еўфрасінні Полацкай — невялікім крыжападобным у плане памяшканні, перакрытым купалам, размешчаным з паўднёвага боку хораў. На сценах усходняга крыла цэнтральны ярус займае 7-фігурны «Дэісус»: у цэнтры у фас паясная выява бласлаўляючага Спаса, злева — выява Маці Божай, справа — Іаана Прадцечы, павернутых да Хрыста. Вышэй «Дэісуса» ў цэнтры — «Укрыжаванне», злева — фрагменты кампазіцыі «Грамніцы», вакол невялікага акна — кампазіцыя «Дабравешчанне».

Мастацкія асаблівасці цыкла фрэсак Спаса-Праабражэнскага сабора ў Полацку маюць безумоўную блізкасць да візантыйска-кіеўскіх традыцый. Разам з тым роспісы сведчаць пра тое, што мясцовы манументальны жывапіс развіваўся па самастойным шляху, утвараючы своеасаблівую рэгіянальную школу.

Акрамя манументальных роспісаў у Полацку да выдатных дасягненнеў жывапісу ХІІ стагоддзя можна аднесці фрэскі ў Дабравешчанскай царкве ў Віцебску, створаныя пад безумоўным уздзеяннем або нават і непасрэдна полацкімі майстрамі. Царква была разбурана ў 1961 г., і пра фрэскі можна даведацца толькі па матэрыялах раскопак. Былі выяўлены толькі асобныя фрагменты фрэсак, якія калісьці складалі багатае мастацкае ўбранне царквы: паясная выява Святога Мікалая, часткі кампазіцый з постацямі анёла, воіна, а таксама дэталі жывапіснага арнаментаванага дэкору. Для роспісаўуласціва выкарыстанне цёмна-жоўтай вохры, ружовага і блакітнага колераў, зялёнага і сіняга фона. Жывапісец арыентаваўся ў роспісах на мясцовае духоўнае жыццё (увага да духоўнага стану, да вачэй, культ інтэлекту), а не на каноны, што ішлі з Візантыі.

Гродзенская мастацкая школа. Да яе найбольш значных помнікаў варта аднесці роспісы алтарнай часткі царквы Барыса і Глеба (др.пал. ХІІ ст.) і роспісы Ніжняй царквы у Гродне. Блізка да іх стаяць фрэскі Барысаглебскай царквы ў Навагрудку. Аб жывапісным убранні маюцца абмежаваныя звесткі, у асноўным заснаваныя на выніках археалагічных раскопак.

Кніжная мініяцюра

Кнігі гэтагу часу пісаліся на пергаменце. Перапісчыкі карысталіся птушынымі, часцей за ўсё гусінымі, пер’ямі ці спецыяльным спосабам падрэзанымі кавалачкамі трасніку. У якасці чарніла ўжывалі раслінныя адвары, якія мелі цёмна-карычневы або чорны колер. Мініяцюры выконваліся тэмпернымі фарбамі расліннага ці мінеральнага паходжання. Асноўная колеравая гамма мініяцюр – карычнева-вохрыстая, залацістая, чырвоная. Кнігі аздаблялі застаўкамі, ініцыяламі, буквіцамі, канцоўкамі. Але вядучая роля ў іх належыць мініяцюрам. Рэлігійнымі і культурна-асветніцкімі цэнтрамі на Русі былі манастыры. У іх (ці пры іх) існавалі школы, пісаліся і перапісваліся кнігі, групаваліся адукаваныя людзі. У некаторых гарадах пры саборах існавалі вялікія бібліятэкі. Летапісы паведамляюць аб такой бібліятэцы пры полацкім Сафійскім саборы. Вядома, што ўнучка полацкага князя Усяслава, Ефрасіння, перапісвала кнігі.

Да найбольш вядомых старажытных рукапісных кніг адносяцца "Тураўскае" (ХІ ст.), "Полацкае" (ХІІІ-ХІV стст.), "Аршанскае" (ХІІ-ХІІІ стст.), "Астрамірава" (1056 – 1057 гг.) Евангеллі, "Ізборнік Святаслава" (1073). Для рукапісаў ранняга перыяду характэрны візантыйскі стыль, заснаваны на выкарыстанні (асабліва ў арнаментацыі) простых раслінных і геаметрычных матываў.

“Астрамірава Евангелле” напісана “Аз Григории диаконом” па загаду сына Яраслава Мудрага князя Ізяслава і ўяўляе сабой 294 ліст пергамента, памерам 35/30. Першыя літары ўпрыгожаны, галоўныя думкі выдзелены чырвоным колерам, шмат ілюстрацый рознакаляровага спектру. Прывабліваюць увагу тры мініяцюры, на якіх выяўлены Евангелісты – Марк, Лука, Іаан, павінна быць і чацвёртая мініяцюра з Евангелістам Матфеем, але замест ілюстрацыі чысты ліст. Асноўныя матывы арнаментыкі, выкарыстаныя ў творы, - вялікія пяціпялёсткавыя кветкі, заключаныя ў акружнасці, трохвугольнікі, сэрцы.

У жывапісе старажытнабеларускіх княстваў прасочваюцца ўплывы раманскага мастацтва. Распаўсюджаны на той час у культуры Заходняй Еўропы стыль не мог не закрануць і мініяцюры рукапісаў, што ствараліся на беларускіх землях. Яскравым прыкладам такіх ўплываў з'яўляецца "Кодэкс Гертруды", або "Трырскі псалтыр" (кан. Х ст.). Прывезены на Беларусь рукапіс быў дапоўнены мастакамі асобнымі аркушамі з партрэтнымі і сюжэтнымі выявамі: уладальніцы "Кодэкса Гертруды", яе сына Яраполка з сям'ёй ("Каранаванне Яраполка", "Апостал Пётр з сям'ёй Яраполка", 1078 - 1087). Манера вырашэння гэтых мініяцюр значна адрозніваецца ад той, якая была характэрна старажытна-кіеўскім рукапісам. Выявы Кодэкса будуюцца на спалучэнні дакладнай мадэліроўкі фігур, прадметаў, тонкіх колеравых пераходах і падкрэсленай урачыстай манументальнасці.

3 прадстаўнікоў кніжнай асветы старажытнага перыяду нашай гісторыі трэба адзначыць: у Смаленску - Клімента Смаляціча, у Тураве - Кірылу Тураўскага, у Полацку - князёўну Прадславу-Ефрасінню.

Скульптура

Помнікаў скульптуры захавалася не надта многа, што тлумачыцца адмоўным стаўленнем праваслаўнай царквы да такіх твораў. Змагаючыся супраць язычніцкай веры, яна знішчала ці забараняла ствараць выявы, якія б нагадвалі язычніцкіх ідалаў. Менавіта гэта прадыктавала надзвычай вялікую разнастайнасць пластыкі малых форм.

Скульптурныя творы Х-ХІІІ стагоддзяў умоўна можна падзяліць на дзве групы: культавыя і свецкія. Да культавай пластыкі алносяцца рэльефныя абразкі. Звычайна гэта былі невялікія па памерах выявы (ад 4 да 6 см), на якіх паказвалі Хрыста, Маці Боскую, апосталаў, асобных святых.

Абразок з выявай Канстанціна і Алены (сяр. ХІІ ст.) - разьба па камені, знойдзены ў Полацку. Прамавугольнік пласціны поўнасцю запаўняюць дзве фігуры. Уласціва рытмічная ўпарадкаванасць складак аддзення, рытуальнасць рухаў, шматлікія і дакладна перададзеныя дэталі і разам з тым вызначаная ўмоўнасць твору, масіўнасць форм ў трактоўцы твараў Канстанціна і Алены, застыласці пастаў іх фігур (уплыў раманскай культуры).

Не менш значнымі творамі з'яўляюцца "Хрыстос Эмануіл" (ХІІ ст.) з Пінска, двухбаковы абразок з выявам Маці Боскай (вонкавы бок) і апостала Пятра (адваротны бок; кан. ХІІ – пач. ХІІІ ст.), "Мікола і Стэфан" (Мінск, кан. ХІІ ст.). Бронзавыя выявы - абразок "Мікола і Стэфан", ХІ ст., выявы з косці - фрагмент трыптыха з Ваўкавыска з пагруднымі выявамі невядомых святых, ХІІ ст.

У ХІІ - ХІІІ стагоддзях на тэрыторыі старажытнабеларускіх зямель атрымліваюць распаўсюджанне літыя бронзавыя крыжы - энкалпіёны. Акрамя культавай ролі яны выкарыстоўваюцца таксама у якасці ўпрыгожанняў. Цікавыя ўзоры такога роду пластыкі знойдзены ў Друцку, Мінску, Полацку, Гродне, Навагрудку, Тураве. Большасць з іх выраблялася ў Кіеве ці была арыентавана на яго мастацкія традыцыі.

Другой значнай часткай помнікаў скульптуры з'яўляецца свецкая пластыка. Невялікія па памерах вырабы, якімі карысталіся і побыце: фігуркі шахмат, шматлікія рэльефныя накладкі, вухачысткі і г. д. (шахматная фігура "Насада" з Гродна, 12 ст.; "Барабаншчык з Ваўкавыска", 12 ст.; фігурка "Музыкант" з Навагрудка, 12 ст.).

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

Высокім ўзроўнем вызначаецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва старажытнабеларускіх зямель. Яно цесным чынам звязана з характарам сацыяльна-эканамічных зносін феадальнага грамадства, развіццём рамёстваў.

Характар развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва адлюстроўвае высокі ўзровень касцярэзнага масцярства (грабяні, накладкі на калчаны, ручкі нажоў і лыжак, вухачысткі), кавальства, ткацтва, вырабаў са шкла (пацёркі, бранзалеты, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, устаўкі ў металічныя вырабы, посуд), скуры (паясы, абутак), дрэва (посуд, дробныя бытавыя рэчы), твораў бытавой і архітэкнурнай керамікі (гліняны посуд, паліваныя керамічныя пліткі).

Майстры ўжывалі зярненне, гравіраванне, скань, эмаліраванне, чарненне, ліццё, чаканку. У асноўным выкарыстоўваўся геаметрычны і раслінны арнамент, матывы жывёльнага свету, у якіх можна прасачыць водгукі старажытных язычніцкіх вераванняў, часта аб'яднаных з новай хрысціянскай сімволікай.

Вядомым творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларускіх зямель з’яўляецца Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыж быў зроблены па загаду Ефрасінні ў 1161 годзе лепшым ювелірам Кіеўскай Русі, які быў родам з Беларусі, майстром Лазарам Богшам. Даўжыня Крыжа 51,8 см, верхняга перакрыжавання - 14 см, ніжняга - 21 см. Твор выканы з дрэва. Да кожнай яго грані былі прымацаваны залатыя, сярэбраныя і пазалочаныя пласціны, на якіх змешчаны выявы Хрыста, Марыі, Іаана Прадцечы, Архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла, апосталаў Пятра і Паўла, Мацфея, святой Ефрасінні, некаторых іншых святых. Асаблівую каштоўнасць надаюць размешчаныя на Крыжы часціцы святых мошчаў, якія былі прывезены ў Полацк спецыяльнай экспедыцыяй, якую накіравала прападобная Ефрасіння ў Візантыю.

Лёс гэтага выдатнага помніка трагічны. Пакінуты сярод “некаштоўных” рэчаў у Магілёўскім абкоме і гаркоме партыі, ён быў згублены ў час Вялікай Айчыннай вайны. Зараз яго месцазнаходжанне невядома.

У 1992 годзе было вырашана аднавіць усеправаслаўную святыню, што было даручана ювеліру-эмаліроўшчыку з Брэста Мікалаю Пятровічу Кузьмічу. У 1997 годзе адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай быў асвечаны ў Свята-Сімеонаўскім саборы Брэста, і зараз ён знаходзіцца ў храме Праабражэння Гасподня ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.


СЛОЎНІК:

· Антаблемент (ад франц. entablement - надстолле, пакрыццё), сістэма верхніх гарызантальна размешчаных частак будынка, якія ляжаць на калонах. У класічнай архітэктуры (антычнасць, класіцызм) А. складаецца з трох частак: гарызантальнай бэлькі - архітрава і размешчаных над ёй фрыза і карніза.

· Апсіда (ад грэч. apsis (apsidos) - скляпенне, дуга, наўкруг, арка), выступ будынка паўкруглай, часам шматвугольнай, формы, пакрыты паўкупалам ці самкнёным паўскляпеннем. У хрысціянскіх храмах А. узводзіліся з усходняга боку, у ix размяшчаўся алтар. У культавых будынках у Беларусі А. вядомы з 11 ст.

Апсіда

Спаса-Праабражэнскі сабор у Полацку. Выгляд з боку апсіды.

· Аркада (ад франц. arcade), шэраг аднолькавых па велічыні і абрысах арак, якія абапіраюцца на слупы ці калоны.

Аркада

· Аркбутан (ад франц. arc-boutant), знешняя каменная паўарка, якая з'яўляецца адным з канструктыўных элементаў каменнага каркаса гатычнага сабора. З яе дапамогай ціск скляпенняў галоўнага нефа перадаецца знешнім падпорным слупам – контрфорсам.

Троіцкі касцёл у Гервятах (Гродзенская вобл.)

· Архітраў (франц. architrave ад грэч. archi - галоўны і лац. trabs - бэлька), ніжняя частка антаблемента, гарызантальнае перакрыцце, якое ляжыць звычайна на капітэлях калон, пілястраў, на слупах, іншых апорах і нясе фрыз і карніз (гл.малюнак да паняцця Антаблемент).

· Базіліка (лац. basilica ад грэч. basilike - царскі дом), выцягнуты прамавугольны ў плане будынак, які складаецца з трох ці пяці падоўжных частак (нефаў), аддзеленых адзін ад аднаго каланадай ці аркадай; сярэдні (галоўны) неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, a верхнія часткі яго сцен выступаюць над дахамі сярэдніх. Перад уваходам у Б. размяшчаўся нартэкс. Першапачаткова ў Візантыі Б. - палац архонта базілеўса - вышэйшай духоўнай асобы горада, затым - грамадскі будынак. У наступным Б. сталі выкарыстоўвацца хрысціянамі для сходаў, іх планіроўка набыла форму лацінскага крыжа, дзякуючы перасячэнню падоўжных нефаў папярэчным (трансептам).

Схема базілікі

· Байніца, адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытая Б.) або прасвет паміж зубамі ў завяршэнні замкавых сцен, вежах (адкрытая Б.). Б. для вядзення агню з гармат называліся амбразурамі, для кідання камянёў, ліцця вару ці смалы - машыкулямі.

Байніцы Касцёла Святога Міхаіла Архангела ў Сынкавічах (Гродзенская вобл.)

· Барабан (ад татарск. барабан - бубен), у архітэктуры верхняя частка будынка, якая нясе купал, абапіраецца на сцены, слупы, ветразі. Б. мае цыліндрычную ці гранёную форму, можа быць глухім (без светлавых праёмаў), мець светлавыя праёмы. Найбольш пашыраны ў хрысціянскім культавым дойлідстве. У архітэктуры Беларусі вядомы з 11 ст.

Спаса-Праабражэнскі сабор Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку

· Валюта (лац. voluta ад vere - круціць, літаральна завіток), архітэктурны элемент у форме спіралепадобнага завітка з «вочкам» у цэнтры; з'яўляецца састаўной часткай іанічнай, карынфскай і кампазітнай капітэлей. У будынках эпохі Адраджэння і асабліва барока В. выкарыстоўваліся для сувязі некаторых частак будынка, для афармлення парталаў, дзвярэй, акон. У архітэктуры Беларусі В. атрымалі найбольшае пашырэнне ў перыяды стыляў Адраджэння, барока, класіцызму.

Капітэль з дзвюма валютамі

· Вежа, збудаванне, вышыня якога значна большая за яго гарызантальныя памеры (дыяметр, бакі асновы). В. бываюць круглыя, квадратныя, шматгранныя, шмат'ярусныя, a таксама каменныя, драўляныя, цагляныя, з завяршэннем у выглядзе шатра, купала, плоскага ці вальмавага даху. У беларускім дойлідстве драўляныя В. вядомы з жалезнага веку, мураваныя - з другой пал. 13 ст.

Вежы Свята-Духава Сабора ў Мінску

· Ветразь, трохкутная выгнутая паверхня ў купальнай канструкцыі, якая нагадвае напоўнены ветрам карабельны В. Спалучэнне 4 В. забяспечвае пераход ад прамавугольнай у плане падкупальнай прасторы да акружнасці барабана ці купала дзякуючы ўтворанаму кругу з асноў сферычных трохкутнікаў. У будынках на тэрыторыі Беларусі В. вядомы з 11 ст., асаблівае пашырэнне атрымалі ў архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму.

· Галаснікі, невялікія керамічныя сасуды ў выглядзе збаноў, якія ўмуроўваліся ў тоўшчу сцяны адтулінамі ўнутр памяшкання з мэтай паляпшэння акустычных якасцей будынка, узмацнення гуку, памяншэння вагі сцен. У беларускай архітэктуры Г. вядомы з 12 ст.

Інтэр’ер Царквы Святых Барыса і Глеба (Каложскай) у Гродна

· Данжон (франц. donjon - галоўная вежа), галоўная, асобна размешчаная шмат'ярусная вежа замка чатырохграннай ці шматграннай, круглай у плане формы; служыла апошнім умацаваннем у час аблогі замка як ізаляваная цытадэль, a таксама як назіральны і камандны пункт. У беларускім дойлідстве Д. былі пашыраны ў 13-17 стст.

Камянецкая вежа-данжон (Брэсцкая вобл.)

· Дарычны ордэр (грэч. dorikos - уласцівы дарычным плямёнам Старажытнай Грэцыі), адзін з асноўных архітэктурных ордэраў і найбольш просты па свайму складу, знешняму выгляду; адрозніваецца масіўнымі, цяжкімі прапорцыямі частак калоны і антаблемента. Калона Д. о. не мела базы, яе ствол (фуст) апрацоўваўся вертыкальнымі жалабкамі (канелюрамі), абак капітэлі ўяўляў сабой пліту, эхін меў паўкруглы профіль, фрыз складаўся з трыгліфаў і метоп, упрыгожаных скульптурай, якая, як і выявы на франтонах храмаў, расфарбоўвалася. У беларускай архітэктуры Д. о. атрымаў найбольшае пашырэнне з часоў класіцызму.

· Іанічны ордэр, адзін з галоўных грэчаскіх ордэраў. Мае стройную калону з базай і ствалом, прарэзаным канелюрамі. Адметнай рысай І. о. з'яўляецца капітэль, у якой паміж абакам і эхінам знаходзяцца два завіткі - валюты. Яны ўтвараюць на баках капітэлі валы - балюстры. Фрыз І. о. мае заафорны рэльеф, архітраў складаецца з трох гарызантальных палос. У беларускім дойлідстве І. о. атрымаў найбольшае пашырэнне ў часы класіцызму.

· Кансоль (франц. console ад лац. consolium - тое, што падтрымлівае), трохвугольны, прамавугольны або складанага абрысу выступ у сцяне збудавання; можа служыць дэкаратыўнай дэталлю (падтрымліваць скульптуру, вазу), быць сапраўднай апорай карніза, балкона, часткі будынка.

Кансоль у Касцёле Святога Францыска Ксаверыя ў Гродна

· Капітэль (ад лац. capitellum - галоўка), па-мастацку аформленая верхняя частка калоны, пілястры; размяшчаецца паміж ствалом апоры і яе гарызантальным перакрыццем. У дарычным, іанічным, карынфскім, кампазітным ордэрах мае конусападобную форму; розныя віды К. адрозніваюцца памерамі асобных частак, дэталяў, іх формай, характарам аздаблення. У беларускім дойлідстве К. вядома з 12 ст., найбольш пашырана ў будынках 16-19 стст. (гл.малюнак да паняццяўВалюта, Ордэр)

· Карніз (ням. Karnies ад грэч. koronis - канец, завяршэнне), верхняе з трох галоўных чляненняў антаблемента, гарызантальны выступ на сцяне, які падтрымлівае дах будынка і засцерагае сцяну ад вады. К. можа быць паясным (знаходзіцца паміж асобнымі паверхамі, ярусамі будынка) і завяршальным. У беларускай архітэктуры К. пачалі выкарыстоўваць з 11-12 стст. (гл.малюнак да паняцця Ордэр)

· Карынфскі ордэр, адзін з асноўных ордэраў антычнасці. Структура антаблемента блізкая да іанічнага ордэра, у карнізе дададзена толькі палічка з невялікіх кранштэйнаў - мадульёнаў. Асноўныя адрозненні - у вырашэнні капітэлі. Яе складае звон, абкружаны двума радамі стылізаваных лістоў аканта. З чатырох вуглоў з-за лістоў аканта выступаюць сцябліны, якія ўверсе ўтвараюць завіткі - валюты. На іх абапіраецца прафіляваны абак. Назва К. о., як лічыцца, паходзіць ад г. Карынф у Грэцыі. У беларускім дойлідстве К. о. атрымаў пашырэнне ў перыяд стылю класіцызму. (гл.малюнак да паняццяОрдэр)

· Кастэль (лац. castellum - умацаванне), замак, пабудаваны ў цяжкадаступным месцы; звычайна чатырохкутнай формы з 1-2 вежамі. У Беларусі К. узводзіліся ў 13 - першай пал. 14 ст. на штучных насыпах, сярод балот, у поймах рэк; абкружаліся валамі, равамі.

Лідскі замак-кастэль

· Кесон (франц. caisson - літаральна скрыня), паглыбленая паверхня столі або скляпення, звычайна з прафіляванымі сценкамі; мае форму квадрата ці іншай геаметрычнай фігуры. У асобных выпадках К. дэкарыруюцца разеткамі. У Беларусі К. пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму.

Кесоны

· Контрфорс (ад франц. contreforce - процідзейная сіла), каменныя цагляныя папярочныя сценкі (вертыкальныя выступы ці рэбры), размешчаныя знадворку будынка. К. узмацняе асноўную нясучую канструкцыю збудавання, успрымае цяжар ад скляпенняў, ціск грунту; адзін з асноўных элементаў гатычнай архітэктуры. У будынках у Беларусі выкарыстоўваецца з 16 ст.

Касцёл Святой Троіцы ў Ішкалдзі (Баранавіцкі раён). Выгляд з боку апсіды

· Крыжова-купальны храм, тып культавага збудавання, які сфармаваўся ў Візантыі ў 6-12 стст. Канструкцыйна ўяўляе сабой чатыры вертыкальныя апоры, на якія з дапамогай ветразяў абапіраюцца барабан і купал. Унутраная прастора храма падзяляецца на скляпеністыя аб'ёмы накшталт крыжа; у Беларусі вядомы з 11 ст.

Схема крыжова-купальнага храма

· Купал (іт. cupola - скляпенне ад лац. cupula - бочачка), сферычная прасторавая нясучая канструкцыя, прызначаная для перакрыцця разнастайных па форме і велічыні аб'ёмаў без дадатковых апор. У спалучэнні з іншымі канструкцыйнымі элементамі будынкаў дазваляе перакрываць аб'ёмы круглай, квадратнай, шматвугольнай у плане формы (гл. Крыжова-купальны храм); утвараецца ў выніку вярчэння крывой (эліпс, парабала, сегмент круга і г.д.). К. атрымаў шырокае выкарыстанне ў культавым, грамадзянскім і свецкім дойлідстве ў розных мастацкіх эпохах, стылях (антычнасць, сярэднявечча, Адраджэнне, барока, класіцызм). У Беларусі вядомы з 11 ст.

Сабор Святых Пятра і Паўла ў Гомеле.

· Лапатка, вертыкальны, прамавугольны ў плане выступ на сцяне будынка канструкцыйнага ці дэкаратыўнага характару. Адрозніваецца ад пілястры адсутнасцю базы і капітэлі. У беларускай архітэктуры вядома з 11 ст., асаблівае пашырэнне набыла ў 17-19 стст.

Лапаткі

· Машыкулі (франц. machicoulis), адтуліны-байніцы ў навесе, змешчаным зверху крапасных сцен ці вежаў. М. прызначаліся для вядзення агню са стралковай зброі, кідання камянёў, ліцця вару, смалы. Пашыраны ў Беларусі ў замкавых і культавых комплексах у 16-17 стст. З кан. 17 ст. ужываюцца ў будынках як элемент аздаблення.

Машыкуль

· Нартэкс (познегрэч. narthex - скрыначка, ларэц), уваходнае памяшканне ў заходняй частцы хрысціянскага храма. Прызначаўся для асоб, якія не мелі права ўваходзіць у храм. (гл.малюнак да паняццяБазіліка)

· Нервюра (франц. nervure ад лац. nervus - жыла, сухажылле), арка з клінападобных чэсаных камянёў, цаглін, якая падтрымлівае скляпенні крыжовых, сеткавых, зорчатых форм, перадае нагрузку на слупы, патоўшчаныя часткі сцен, контрфорсы, аркбутаны, лапаткі, пілястры. Найбольшае пашырэнне Н. набыла ў архітэктуры готыкі. У Беларусі Н. вядома ў будынках з 15 ст.

Нервюра

· Неф (франц. nefa ад лац. navis - карабель), прадаўгаватая прамавугольная ў плане прастора будынка, абмежаваная сценамі або радамі слупоў, калон, аркадамі. Адрозніваюць сярэдні, бакавыя, папярочныя (трансепт) Н.; вызначаюць будынкі па тыпу базілікі. На перакрыжаванні сярэдняга і папярочнага Н. часта ўзводзілі купал на барабане. У бакавых і галоўным Н. размяшчалі алтары. У беларускім дойлідстве Н. атрымалі пашырэнне з 16 ст. (гл.малюнак да паняцця Базіліка)

· Ордэр архітэктурны (ням. Order ад франц. ordre ад лац. ordo - строй, парадак), сістэма суадносін нясучых і нясомых элементаў будынка, іх структуры і мастацкай апрацоўкі. Як кананічная сістэма аформіўся ў архітэктуры антычнай Грэцыі ў выглядзе асобных тыпаў: дарычнага, іанічнага, карынфскага. Далейшая распрацоўка О. а. адбылася ў перыяд Старажытнага Рыма (тасканскі, кампазітны). О. а. складаецца з антаблемента (карніз, фрыз, архітраў), калоны з капітэллю (капітэль, ствол, ці фуст, калоны, яе база) і п'едэстала. У беларускай архітэктуры О. а. пачалі выкарыстоўвацца з перыяду барока.

· Пілястра (франц. pilastre, іт. pilastro ад лац. pila - слуп), прамавугольны ў плане вертыкальны выступ на паверхні сцяны. П. мае тыя ж часткі, што і калона (ствол, капітэль, база), яе ствол могуць праразаць канелюры. Служыць для члянення фасада будынка з мэтай надання яму большай выразнасці, a таксама для ўмацавання найбольш напружаных частак сцен. У беларускай архітэктуры П. вядомы з 12 ст.

Касцёл Ушэсця Панны Дзевы Марыі (Касцёл Святога Станіслава) у Магілёве

· Ратонда (іт. rotonda ад лац. rotundus - круглы), невялікае па памерах, круглае ў плане збудаванне (культавае, мемарыяльнае, паркавае), перакрытае купалам, які абапіраецца на калоны ці сцены. Таксама частка будынка, якая звычайна завяршае яго кампазіцыю. У беларускай архітэктуры Р. вядома з 16 ст.

Спаса-Праабражэнская царква ў Чачэрску

· Рустыка (ад лац. rusticus - просты, грубы, неабчэсаны), від апрацоўкі сцяны каменнымі блокамі (квадрамі), якія звонку захоўваюць грубую апрацоўку. Тэрмін «руст» («рустоўка») абазначае таксама спосаб апрацоўкі сцяны (імітацыя) квадрамі з іншых матэрыялаў. У Беларусі Р. - найбольш пашыраны від апрацоўкі будынкаў класіцызму і псеўдаготыкі.

Рустоўка

· Сандрык, невялікі карніз, размешчаны над вокнамі ці дзвярыма на фасадзе будынка; абапіраецца на кансолі, часам завяршаецца невялікім франтонам. У беларускім дойлідстве С. выкарыстоўваюцца з кан. 16 - пач. 17 ст., найбольш пашыраны ў будынках стыляў барока, класіцызму, ампіру.

Сандрык

· Скляпенне (ад польск. sklep), перакрыцце крывалінейнага характару, у якім гарызантальны цяжар (распор) успрымаецца контрфорсамі, сценамі, папярочнымі сценамі, слупамі, калонамі. Да асноўных відаў С. адносяць: цыліндрычнае, люстэркавае, самкнёнае, крыжовае, ветразевае. У манументальным дойлідстве Беларусі С. вядомы з 11 ст.

Крыжовае скляпенне. Цыліндрычнае скляпенне

· Трансепт (ад лац. trans - за і septum - агароджа), папярочны неф ці некалькі нефаў, якія перасякаюць пад прамым вуглом падоўжныя нефы. У Беларусі пашыраны ў рэнесансных і барочных базіліках з кан. 16 ст. (гл.малюнак да паняццяБазіліка)

· Фасад (франц. facade ад іт. facciata ад faccia - твар), знешняя вертыкальная паверхня збудавання, утвораная разнастайнымі архітэктурнымі дэталямі і прыёмамі, фактурай будаўнічых матэрыялаў, іх колерам. Адрозніваюць галоўны і бакавы Ф., a таксама дваровы, садовы.

Галоўны фасад Касцёла Святога Андрэя ў Слоніме

· Эркер (ням. Erker), паўкруглы, прамавугольнай або шматвугольнай формы зашклёны выступ у сцяне будынка. У будаўніцтве ў Беларусі выкарыстоўваецца з 16 ст., асабліва пашыраны ў перыяды стыляў класіцызму, ампіру, «мадэрна», эклектыкі.

Эркер


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: