Галашэннi

Галашэннi – кола твораў (ад празаiчных рэчытатываў-выкрыкаў да разгорнутых песень-плачаў), якiя сталi своеасаблiвай формай выражэння гора, смутку. Даследчыкi адзначаюць абрадавую прымеркаванасць, функцыянальнасць галашэнняў (пахавальных, вясельных), але некаторым творам абрадавы момант не ўласцiвы, i яны выконваюцца сiтуацыйна (бытавыя, ваенныя). Паводле жанравай сутнасцi, гэта лiрычныя выказваннi, тэкстуальна звязаныя з эмацыянальным тонам падзеi. Галашэннi мелi iмправiзацыйны характар. Пры гэтым ў iх актыўна выкарыстоўвалiся традыцыйныя фальклорныя формулы-клiшэ, якiя групiравалiся па ходу абрада або ў залежнасцi ад бытавой сiтуацыi. Выконвалiся галашэннi, як правiла, жанчынамi (часам запрашалi спецыяльных плакальшчыц). Форма выканання пераважна сольная.

Найбольш развiта традыцыя пахавальных (хаўтурных) i памiнальных галашэнняў. Гэта iмправiзаваныя творы для аплаквання памёрлых. Пачыналi галасiць адразу ж пасля смерцi, працягвалi пры вырабе труны i перанясеннi ў яе памерлага, пры наведваннi роднымi i суседзямi памерлага ў яго хаце, пры вынасе нябожчыка з хаты, у час шэсця на могiлкi, пры пахаваннi, пры вяртаннi з могiлак i памiнальным стале, у памiнальныя днi. Тэматычна галашэннi сiстэматызуюцца па выканаўцах: галашэннi жонкi па мужу, галашэннi дзяцей па бацьку, галашэннi сястры па брату, галашэннi мацi па сыну (дачцэ) i iнш. Прыёмы i сродкi мастацкай выразнасцi, якiя выкарыстоўваюцца пры гэтым, павышаюць эмацыянальнасць перажыванняў: «Мамачка мая любая, / Нашто ты нас пакiдаеш? / Як нам цяпер пражыць? / Як нам цяпер прабыць?» цi: «Татачка наш родненькi, / Куды ж сабраўся? / …У дарожаньку страшную, / З якой нiхто не вярнуўся».

Вясельныя галашэннi выконвалiся нявестай або ад яе iмя (плакальшчыцамi, сяброўкамi) пераважна ў першай палове вяселля: на заручынах, у час благаслаўлення i абдорвання маладой, расплятання касы нявесты, яе развiтання з родным домам i iнш. Вясельныя галашэннi былi больш устойлiвымi, таму што жальбы-скаргі нявесты мелi рытуальна-абавязковы характар, матывавалiся абрадам, яго этыкетам, а не эмацыянальным станам i пачуццямi маладой.

Вядомыя ваенныя галашэннi, якiя выконвалiся па салдатах, якiх адпраўлялi ў армiю, па загiнуўшых воiнах, партызанах, мясцовых жыхарах i iнш. Таксама зафiксаваны бытавыя галашэннi, звязаныя з рознымi няшчасцямi (пажары, неўраджаi, хваробы, катастрофы i iнш.).

У сучасным вясковым побыце пашыраны пахавальныя i бытавыя галашэннi, вясельныя захоўваюцца ў памяцi жанчын сталага веку.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: