Партыйнае, камсамольскае і антыфашысцкае падполле

У Заходніх абласцях Беларусі актыўна дзейнічалі антыфашысцкія арганізацыі, што ствараліся па ініцыятыве камуністаў, былых членаў КПЗБ, камсамольцаў, іншых патрыётаў. У маі 1942 г. на базе антыфашысцкіх груп Васілішкаўскага, Шчучынскага, Радунскага, Скідзельскага раёнаў быў створаны Акруговы беларускі антыфашысцкі камітэт Баранавіцкай вобласці. Арганізатарамі камітэта з’яўляліся Г. М. Картухін, А. І. Іваноў, А. Ф. Манковіч і Б. І. Гардзейчык. Камітэт правёў значную работу па стварэнні новых і актывізацыі дзейнасці існуючых груп і арганізацый. Восенню 1942 г. пад кіраўніцтвам акруговага камітэта барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў.

Шырокі размах набыў падпольны рух у Асіповічах, Барысаве, Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Оршы, Жлобіне, Петрыкаве, Полацку, Брагіне, Добрушы, Калінкавічах, Мазыры, Мінску, Магілёве і іншых населеных пунктах. Асабліва актыўна дзейнічалі падпольшчыкі на чыгуначным транспарце. На тэрыторыі Беларусі фактычна не было ніводнай колькі-небудзь значнай станцыі, дзе б не дзейнічалі патрыёты. Шырокую вядомасць набылі баявыя подзвігі обальскіх падпольшчыкаў. Камсамольская арганізацыя “Юныя мсціўцы” на чыгуначнай станцыі Обаль Віцебскай вобласці была створана вясной 1942 г. Узначальвала гэту арганізацыю былая работніца Віцебскай фабрыкі “Сцяг індустрыялізацыі” камсамолка Ефрасіння Зянькова. У складзе яе было каля 40 чалавек. Маладыя падпольшчыкі правялі 21 дыверсію: вывялі са строю льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, важныя разведданыя, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро і г. д. Варожыя разведслужбы вышукалі патрыётаў. Былі арыштаваны і закатаваны да смерці Н. А. Азоліна, М. П. Аляксеева, Н. М. Давыдава, Я. Я. Езавітава, маці Ефрасінні Зяньковай – Марфа Аляксандраўна, Ф.Ф. Слышанкова і іншыя. Пасля вайны Ефрасінні Зяньковай і Зінаідзе Партновай (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Па заданні падпольнага штаба камсамольскай арганізацыі “Асінторфа” Дубровенскага раёна, які ўзначальваў С.П. Шмуглеўскі патрыёты Мікалай Малахавіч, Васіль Агурцоў, Георгій Траццякоў знішчылі на торфараспрацоўках кран, чатыры электраматоры і іншае абсталяванне.

Актыўную барацьбу вялі падпольшчыкі Мінска, падтрымліваючы сувязь з 30 партызанскімі атрадамі Мінскай, Магілёўскай і Баранавіцкай абласцей, яны пераправілі ў партызаны не меней 2200 ваеннапалонных і каля 6,5 тыс. цывільнага насельніцтва. У жорсткай сутычцы з ворагам беларускія патрыёты неслі вялікія страты. У сакавіку – маі 1942 г. былі арыштаваны 404 мінскія падпольшчыкі, з якіх 279 былі растраляны і павешаны. Новы ўдар па мінскім падполлі быў нанесены ў верасні-кастрычніку 1942 г. у засценкі гестапа былі кінуты сотні падпольшчыкаў.

У жніўні 1942 г. агенты СД трапілі на след патрыётаў Брэста. Было арыштавана каля 100 чалавек. У снежні 1942 г. такі ж лёс напаткаў многіх патрыетаў Магілёва, Віцебска. Большасць арыштаваных загінулі ў канцлагерах, на шыбеніцах і ў душагубках, або расстраляны.

Аднак масавы тэрор і рэпрэсіі не зламалі волю беларускага народа да змагання з германскімі акупантамі. На месца загінуўшых прыходзілі новыя тысячы патрыётаў. Рады партызан і падпольшчыкаў пастаянна пашыраліся, іх барацьба станавілася ўсё больш актыўнай і наносіла захопнікам адчувальныя страты.

27. Армія Краева, яе ўзаемаадносіны з савецкімі партызанамі.

У час вайны ў некаторых раёнах Беларусі пачало дзейнасць польскае нацыяналістычнае падполле, асабліва актывізавалася барацьба пасля арганізацыі Арміі Краёвай (АК). Яны кіраваліся ўказаннямі польскага эміграцыйнага ўрада генерала Сікорскага ў Лондане і ставілі мэтай адраджэнне Польшчы ў межах да верасня 1939 г. Дзейнасць польскага падполля і АК насіла неадназначны характар. Палякі вялі барацьбу з германскімі агрэсарамі, іншы раз узаемадзейнічалі з беларускімі партызанамі па разгрому апорных пунктаў ворага. У адкрытым лісце да камандвання польскіх легіянераў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Вілейскай вобласці, камандзір партызанскай брыгады імя М.Ф.Гастэлы В.А.Манохін адзначаў: На временно оккупированной немцами территории Советского Сою­за советские партизаны ведут борьбу против гитлеровских захватчиков, помогая своими действиями Красной Армии.

Славные польские патриоты на территории Польши ведут против немецких захватчиков активную беспощадную войну. Как и советские патриоты, они мстят нашему общему врагу”.

Аднак разрыў савецкім урадам адносін з польскім кіраўніцтвам у Лондане (красавік 1943 г.) прывёў да пагаршэння зносін паміж АК і партызанскім рухам у Беларусі. 22 чэрвеня 1943 г. ЦК КП(б)Б разаслаў падпольным партыйным цэнтрам закрытае пісьмо “Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР”, у якім былі сфармуляваны прынцыповыя ўстаноўкі ў адносінах да польскіх нацыяналістычных атрадаў і груп. Прапанавалася ўсімі сродкамі весці барацьбу з імі і ў той жа час стварыць савецкія партызанскія атрады і групы з удзелам палякаў.

Нягледзячы на тое, што польскае кіраўніцтва ў Лондане не спяшалася ствараць шырокую сетку партызанскіх атрадаў для барацьбы з германскімі захопнікамі, першыя фарміраванні з ліку палякаў пачалі ўзнікаць ужо ў 1942 г. У 1944 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала да 20 тыс. акаўцаў. У час набліжэння лініі фронту да старой польска-савецкай мяжы (што існавала да 1939 г.) атрады Арміі Краёвай павінны былі прыступіць да рэалізацыі т. зв. плана “Бура”, зацверджанага загадам камандуючага АК ад 20 лістапада 1943 г. Гэтым планам прадугледжвалася ўзняць паўстанне і захапіць тэрыторыю Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі польскім падполлем і атрадамі Арміі Краёвай у момант адступлення нямецкіх войск.

У той жа час гітлераўцы шукалі любыя магчымасці для актывізацыі мясцовых сіл супраць партызанскага руху. Для гэтай мэты яны выкарысталі абвастрэнне адносіны паміж савецкімі партызанскімі атрадамі і Арміяй Краёвай. Некаторыя злучэнні АК заключылі пагадненні з нямецкім камандаваннем аб супрацоўніцтве ў барацьбе з савецкімі партызанамі. Узамен гітлераўцы абавязаліся пастаўляць ім зброю, амуніцыю, боепрыпасы. Такі дагавор меўся паміж камандаваннем батальена “Стоўбцы”, а крыху пазней з камандуючым Наднеманскім злучэннем АК. Адпаведныя дамоўленасці мелі таксама атрады АК, што былі падпарадкаваны каменданту Віленскай акругі АК.

Армія Краёва была афіцыйна распушчана 19 студзеня 1945 г., аднак яе мясцовыя структуры прадаўжалі барацьбу з чырвонаармейцамі, партыйна-савецкім актывам і мясцовымі беларускімі жыхарамі амаль да сярэдзіны 50-х гадоў. Так, польскі гісторык Г. Вяліхноўскі піша: “20 снежня і 2 лютага 1946 г. атрады НЗВ “Бурага” спалілі дзве беларускія вёскі. Пасля падпалу будынкаў акаўскія бандыты расстралялі ўцякаўшых жыхароў. Такім чынам, яны забілі і спалілі жывымі 46 чалавек, сярод якіх было прыкладна 15 падлеткаў ва ўзросце да 10 гадоў. Некалькі дзесяткаў чалавек былі паранены, атрымалі моцныя апёкі. 104 сям’і спаленых вёсак, якія налічвалі 459 чалавек, засталіся без сродкаў існавання”.

Тэрарыстычная дзейнасць акаўцаў выклікала занепакоенасць мясцовых органаў улады і дзяржаўнай бяспекі, што вымусіла прымяняць адэкватныя меры, якія былі накіраваны на нейтралізацыю бандыцкіх акцый. Згодна з апублікаванымі данымі, з першага чэрвеня па 1 сакавіка 1947 г. было разгромлена 767 бандыцкіх фарміраванняў АК і арыштавана 13 329 чалавек. Дзейнасць польскіх акаўскіх банд была прыпынена да сярэдзіны 50-х гадоў, калі ўсталяваліся добрасуседскія зносіны з Польскай Народнай Рэспублікай.

Неабходна нагадаць, што ў шэрагу заходніх рэгіёнаў Украіны, а таксама ў паўднёва-заходніх раёнах Беларусі дзейнічалі фарміраванні Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) і Арганізацыі украінскіх нацыяналістаў (АУН), якія змагаліся супраць польскіх, савецкіх і германскіх ваенных частак, намагаючыся набыць самастойную ўладу.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: