Культура эпохі Адраджэння

Эпоха Адраджэння, якая закранула большасць еўрапейскіх краін, мела ў розных рэгіёнах Еўропы і ў асобных краінах свае асаблівасці, у тым ліку і ў Вялікім княстве Літоўскім. Рэнесансавая культура ВКЛ па асноўных прыкметах была блізкай да Паўночнага Рэнесансу (да культуры краін на поўнач ад Італіі, Альпаў). Адраджэнне ў гэтых краінах пачалося амаль на 100 гадоў пазней, чым у Італіі, і вызначалася такімі асаблівасцямі, як залежнасць ад сярэдневяковых і рэлігійных традыцый, пэўная сувязь з Рэфармацыяй і нацыянальным Адраджэннем.

У Беларусі адметнымі рысамі Адраджэння было яшчэ і тое, што тут развіццё культуры адбывалася ва ўмовах рэлігійнай талерантнасці і апоры праваслаўнага насельніцтва на грэка-візантыйскую,старажытнарускую культуру. Гэта некалькі аддаляла яго найперш ад каталіцкага насельніцтва Літвы, Польшчы і асабліва ад краін Заходняй Еўропы. Сацыяльнай аснавай рэнесансавай культуры ў ВКЛ былі пераважна прадстаўнікі шляхецкага саслоўя, а таксама частка мяшчанства і разнастайная па сацыяльнаму статусу і паходжанню тагачасная «інтэлігенцыя. У развіцці рэнесансавай культуры ў Беларусі і ва ўсім Княстве можна вызначыць два этапы. Першы этап прыпадае на канец XV – першую палову XVI ст. У гэты перыяд выявіліся такія рэнесансавыя рысы культуры, як узнікненне беларускага кнігадрукавання, пачатак станаўлення агульнадзяржаўнага заканадаўства (Статут 1529 г.), зараджэнне новалацінскай паэзіі, пранікненне рэнесансавых матываў у палацава-замкавае дойлідства, мастацтва, інструментальную музыку. Важную ролю ў распаўсюджанні рэнесансавай культуры адыгрывалі знешні гандаль, вучоба выхадцаў з Беларусі ў еўрапейскіх універсітэтах, дыпламатычная і іншая дзейнасць службовых асоб за мяжой, іх кантакты з дзеячамі культуры ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы і ў Беларусі.

Другі этап рэнесансавай культуры ў ВКЛ уключае ў сябе па часе другую палову XVI ст., а па зместу ў параўнанні з Заходняй Еўропай – Высокае і Позняе Адраджэнне. У гэты час рэнесансавая культура ў ВКЛ знайшла ўвасабленне ва ўзнікненні новага творчага асяроддзя, якое ахоплівала ў першую чаргу навуковыя і пісьменніцкія колы грамадства, паскарэнні духоўнай эмансіпацыі (культурнага і палітычнага развіцця) шляхты і часткова мяшчанства, агульным пашырэнні свецкай культуры, рэнесансавых форм жыцця і побыту сярод заможных пластоў насельніцтва, фарміраванні новых палітычных, этычных і эстэтычных ідэалаў, адмаўленні хрысціянскіх традыцый, пранікненні рэнесансавай педагогікі ў школьную справу. Пад уплывам новых павеваў, узмацнення рэфармацыйных рухаў значна пашырыліся культурныя сувязі насельніцтва ВКЛ з замежжам.

Каля 1490 г. у горадзе на Дзвіне стала яшчэ на аднаго жыхара больш – будучага волата беларускага Адраджэння. У сям’і купца Лукі Скарыны нарадзіўся сын у той час, калі да Полацка данесла свае павевы эпоха Адраджэння, эпоха гуманізму.

Менавіта ў гэты час у Еўропе адбываўся адрыў ад сярэдневякоўя ў сферах чалавечага жыцця – вытворчай, сацыяльнай, духоўнай ішла пераацэнка каштоўнасцей, вяртанне да здабыткаў антычнай культуры. Той культуры, якая ў цэнтр увагі ставіла чалавека зямнога і служыла яму. Гуманісты (ад лацінскага слова humanus—чалавечны) новай хвалі ў цэнтр светабудовы ставілі чалавека, які не з’яўляецца «рабом божым», што ўсё жыццё пакорліва чакае вечнага блажэнства на небе пасля смерці. Іх ідэал – чалавек-творца, які валодае ўсебаковымі ведамі ў розных галінах навукі і мастацтва, чалавек, прыгожы маральна і фізічна. Увасабленне гэтага ідэалу адбылося ў дзейнасці слаўных прадстаўнікоў еўрапейскага Адраджэння Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Томаса Мора, Эразма Ратэрдамскага, Франсуа Рабле, Мікалая Каперніка. У гэтым радзе стаяў і Францыск Скарына.

Скарына для беларускай і ўсходнеславянскай гісторыі сапраўды велічная асоба – першадрукар, асветнік, вучоны, паэт, філосаф. Менавіта ў Полацку, асвечаным кніжнай мудрасцю святой Ефрасінні, а пазней, мабыць, у Вільні Скарына атрымаў першапачатковую школьную адукацыю. У 1504 г. Францыск – студэнт Кракаўскага універсітэта. У 1506 г. ён заканчвае філасофскі факультэт гэтай славутай навучальнай установы са ступенню бакалаўра. Пазней атрымлівае званне доктара філасофіі. У 1512 г. Францыск Скарына ў Падуі – асноўным універсітэцкім цэнтры Венецыянскай рэспублікі – паспяхова вытрымлівае экзамен на доктара медыцыны.

Галасы мінулага. Пятага лістапада 1512 г. ў Падуі была склікана калегія слаўнейшых дактароў мастацтваў і медыцыны, на якой дэкан паведаміў: «Прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек, доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў, магчыма за чатыры тысячы міляў і больш ад гэтага слаўнага горада, для таго, каб узвялічыць славу і бляск Падуі..... Атрымаў аднадушнае ўхваленне ўсіх прысутных вучоных без выключэння, і было прызнана, што ён мае дастатковыя веды ў галіне медыцыны».

Францыск Скарына сапраўды ўзвялічыў бляск Падуі. Гэта зафіксавана ў так званай «зале 40», дзе сярод 40 партрэтаў знакамітых мужоў еўрапейскай навукі, што выйшлі са сцен Падуанскага універсітэта, знаходзіцца выява нашага земляка. Пяць гадоў, што мінулі пасля Падуі, пра якія не засталося сведчанняў ні ў якіх дакументах той эпохі, былі, пэўна, гадамі тытанічнай працы Скарыны. Ён рыхтаваў да выдання кнігу – першую друкаваную кнігу ўсходніх славян.

Той кнігай была Біблія. Чаму? Ды таму, што менавіта яна ўбірала ў сябе не толькі звод хрысціянскай веры і маралі, але і канцэнтравала ўсебаковыя веды. Яна найлепш па тым часе падыходзіла для самаадукацыі і духоўнага ўзбагачэння. Менавіта апошняе для Скарыны бачылася галоўным сэнсам ягонай дзейнасці. І гэту асноўную мэту першадрукар акрэсліў на тытульным лісце да сваёй працы: «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною нз славного града Полоцька, богу ко чти й людем посполитым к доброму наученню».

Безумоўна, Францыск Скарына свой першадрук хацеў трымаць у руках на сваёй роднай зямлі. Але адсутнасць неабходных умоў прымусіла яго распачаць друкарскую справу ў буйным культурна-эканамічным еўрапейскім цэнтры – чэшскім горадзе Празе.Менавіта ў златай Празе пабачыла свет першая друкаваная кніга Скарыны «Біблія» - “ Псалтыр” з яго прадмовай і пасляслоўем. Сталася тое 6 жніўня 1517 г. Шчасце трымаць у руках сваю кнігу Скарына меў яшчэ неаднойчы. І лёс да яго быў спагадны і не вельмі. Спагадны, бо ўсё ж наладзіў Францыск Скарына друкарню на Бацькаўшчыне – у сталіцы беларуска-літоўскай дзяржавы Вільні. Тут у 1522 і 1525 г. выйшлі два ягоныя выданні: «Малая падарожная кніжка» і «Апостал». Закончыў Францыск Скарына сваё жыццё ў Празе каля 1551 г.

Але засталіся здабытак і вопыт Скарынавыя. Вопыт прыцягнуў да кнігадрукавання мецэнатаў. Пражская друкарня Скарыны дзейнічала пры падтрымцы віленскіх і полацкіх мяшчан-купцоў Багдана Онкава, Якуба Бабіча, Юрыя Адверніка. І потым гэту святую справу ў Беларусі апекавалі прадстаўнікі вядомых магнацкіх родаў. Скарынавы здабытак налічваў 25 выданняў, на якія павінны былі трымаць раўненне яго паслядоўнікі. Скарынавыя ж прадмовы і пасляслоўі значна папоўнілі агульначалавечую скарбонку мудрасці.

3 гісторыі кнігадрукавання: каля 1445 – Германія (Іаган Гутэнберг – вынаходства друкарскага станка) 1491 – Польшча (Кракаў); 1499 – Іспанія; 1517 – Першая друкаваная кніга Скарыны; 1522 – Вільня; 1547 – Масква; сярэдзіна XVI ст. – г. Львоў; 1574 Кёнігсберг – (першая кніга па-літоўску); 1615 – Рыга (першая царкоўная кніга на латышскай мове).

Для Беларусі Францыск Скарына шмат у чым стаў пачынальнікам. «Усялякаму чалавеку трэба чытаць, бо чытанне – люстра нашага жыцця, лекі для душы». У добрых кнігах «схавана мудрасць, бы моц у каштоўным камені, золата ў зямлі і ядро ў арэху»,— даводзіў першадрукар. «А без мудрасці і добрых звычаяў нельга пачціва жыць людзям на зямлі»,— быў упэўнены Скарына. Паўстае Скарына і як пачынальнік новай беларускай адраджэнскай паэзіі. Бо ці не як паэтычныя радкі ўспрымаюцца яго патрыятычныя словы: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведаюць гнёзда своя; рыбы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять ульев своих, –тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». У гэтай фразе Скарына і як пачынальнік новага разумення патрыятызму – агульначалавечага, у які ўплятаецца і любоў да сваёй Бацькаўшчыны, і павага да здабыткаў і мудрасці іншых народаў.

Стагоддзе XVI і пачатак XVII увайшлі ў гісторыю беларускай культуры як час яе найвялікшага ўздыму. Гэта было заканамернай з’явай. Культура Беларусі мела значныя здабыткі культурнага развіцця папярэдняй эпохі, жывілася багатай народнай творчасцю і арганічна ўспрымала адраджэнскія, гуманістычныя ўплывы з Захаду.

Паслядоўнікі Скарыны

Першая на сучаснай тэрыторыі Беларусі друкарня дзейнічала ў 1550 – 1570 гг. у Берасці пад апекай Мікалая Радзівіла Чорнага. Гэта друкарня выпусціла больш за 40 выданняў на польскай і лацінскай мовах. Першая кніга зноў жа ў межах сучаснай Беларусі, якая была ціснёна кірылічным шрыфтам, убачыла свет у Нясвіжы. Тут у 1562 г. выдатнымі прадаўжальнікамі культурна-асветніцкіх традыцый Скарыны Сымонам Будным і Лаўрэнціем Крышкоўскімбылі выдадзена працы «Катэхізіс» і “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад богам”.

Друкарні існавалі і ў іншых гарадах і мястэчках – Заблудаве (каля Беластока), Лоску, Цяпіне, Любчы, Куцейне (пры Богаяўленскім манастыры), Буйнічах, Бялынічах, Ашмянах Мураваных.

У Заблудаве рускімі першадрукарамі Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам у 1569 г было выдадзена «Евангелле учительное». Пасля выхаду ў свет у Маскве першых дзвюх кніжак (1564, 1565) яны былі вымушаны з-за праследаванняў духавенствам пакінуць рускую дзяржаву і пераехаць у Вялікае княства Літоўскае. Тут іх узяў пад сваю апеку вядомы мецэнат Рыгор Хадкевіч.

У маёнтку Цяпіна, што на Полаччыне, як ужо адзначалася, займаўся выдавецкай дзейнасцю Васіль Амельяновіч (Цяпінскі). У прадмове да выдадзенага ім каля 1570 г на старабеларускай мове “Евангелля” ён адзначаў, што “зацный, славный, острий, довстипный” народ беларускі мае даўнія і багатыя гістарычныя і культурныя традыцыі.

Ужо згаданыя намі брацкія друкарні ажыццяўлялі выпуск літаратуры, неабходнай для навучання. У 1619 г. у Еўі ўпершыню была выдадзена граматыка Мялеція Сматрыцкага На працягу двух стагоддзяў яна служыла падручнікам па царкоўнаславянскай мове ўсяму ўсходнеславянскаму свету. Менавіта па ёй спасцігаў грамату вялікі рускі вучоны Міхаіл Васільевіч Ламаносаў.

У 1631 г. у Куцеінскай друкарні каля Оршы вядомы беларускі асветнік Спірыдон Собаль надрукаваў «Буквар», перавыдадзены ў 1636 г. Магілёўскай друкарні.

У сярэдзіне 1570-х гадоў Пётр Мсціславец заснаваў у Вільні на сродкі беларускіх друкароў і грамадскіх дзеячаў братоў Кузьмы і Лукаша Мамонічаў знакамітую тыпаграфію. Віленская друкарня Мамонічаў працавала да 1623 г. Яна адыгрывала важную ролю ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі. Тут быў выдадзены Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. (на старабеларускай мове, а ў 1614 г. – і на польскай), друкаваліся пастановы соймаў і іншыя заканадаўчыя акты.

Свабода творчасці нараджала унікальныя тварэнні чалавечага розуму і таленту. Яскравы прыклад – католік Францыск Скарына выдаў Біблію для людзей у большасці праваслаўнай веры.

Беларусь гэтага часу стала сумежжам культур – славянскай і лацінаеўрапейскай. На еўрапейскай мове навукі, свецкай літаратуры і дыпламатыі – лаціне – піша сваю славутую паэму «Песня пра зубра» выдатны паэт, сучаснік Скарыны Мікола Гусоўскі (1470?—каля 1533). Яна была выдадзена ў 1523 г. у кракаўскай друкарні дзякуючы мецэнацкай дапамозе маці Жыгімонта ІІ Аўгуста Боны Сфорца (тыражом 100 экз). На старонках свайго твора Гусоўскі апявае хараство роднай прыроды, веліч свайго народа, знаёміць з ліцвінскай гісторыяй і традыцыямі. Разам з тым асуджае войны і ўсобіцы, заклікае да ўзмацнення дзяржавы. Дзякуючы «Песні пра зубра» для еўрапейскага адукаванага грамадства быў адкрыты далёкі славянскі куток Еўропы з яго насельнікамі – ліцвінамі-беларусамі.

Прыкладна ў гэты ж час яшчэ адзін паэт-лацініст Ян Вісліцкі (каля 1485/90 – 1520) стварае гістарычнае палатно – паэму «Пруская вайна» ( 1516г.) У цэнтры твора – бітва пад Грунвальдам 1410 г.

«Так, у панцырах, шлемах фанабэрлівыя тэўтоны

Падалі, стрэламі бітыя з тугіх калчанаў татарскіх.

Далей, нібы волаты, крочылі ў бой беларусы,

3 імі – літоўцы з коп’ямі, настойлівыя і без страху.»

Гераічнасць, эпічнасць – галоўная рыса літаратуры XVI ст. З’яўляецца новы жанр літаратуры – панегірыка (твор, у якім услаўлялася знатная асоба або знатны род). Вядомасць займелі ў тагачаснай Еўропе творы беларуска-літоўскіх паэтаў: «Дэкатэрас» Андрэя Рымшы – заснавальніка жанра панегірыка, «Радзівіліяда» Яна Радвана, «Пасольства да вялікага князя Маскоўскага» Гальяша Пельгрымоўскага. Падзеям Лівонскай вайны прысвечана паэма Андрэя Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць вайсковых спраў Крыштафа Радзівіла» (друкарня ў Вільні, 1585 г.). Знамянальна, што ў Беларусі, упершыню ва Усходняй Еўропе, былі надрукаваны пераклады заходнееўрапейскіх твораў з асуджэннем рэлігійных і палітычных ганенняў, у тым ліку кніга Б. Хотмана пра Варфаламееўскую ноч у Парыжы (Лоск, 1576 г.). Наваградскі шляхціц Цыпрыян Камуняка ў "Лісце да Абуховіча" ў сатырычнай форме паказвае амаральнасць і прадажнасць службовай шляхты, выступае супраць засілля "пальшчызны" на беларускіх землях.

Адметнай рысай культурнага жыцця стала распаўсюджанасць грамадска-палітычнай, ці, як яе называюць, публіцыстычнай (ад лацінскага publicus— грамадскай літаратуры. Яна з’яўлялася ў выглядзе прадмоў, пасляслоўяў, трактатаў. Сярод выдатных тагачасных публіцыстаў Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Валан, Леў Сапега, Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Іпаці Пацей. Амаль усе публіцыстычныя творы пісаліся на старабеларускай, польскай, лацінскай мовах. Шырокую папулярнасць у тагачасным грамадстве мелі таксама перакладныя творы. Беларускія кніжнікі зрабілі даступнымі для насельнікаў Вялікага княства вядомыя ў свеце «Аповесць пра Трышчана», «Александрыю», «Аповесць пра Трою» і іншыя.

У перыяд контррэфармацыі асаблівага росквіту дасягнула царкоўна-палемічная публіцыстыка. У 1577 г. у Віленскай друкарні Мікалая Крыштафа Радзівіла, апекуна езуітаў, выйшла ў свет кніга вядомага царкоўнага дзеяча, заснавальніка полацкага езуіцкага калегіума Пятра Скаргі "Аб адзінстве царквы боскай пад адзіным пастырам", у якой аўтар дае ідэалагічнае абгрунтаванне царкоўнай уніі.

У канцы 80-х гг. палемічную антыкаталіцкую публіцыстыку ўзначалілі палемісты астрожскай школы Герасім Сматрыцкі і Васіль Суражскі. Яны абвяргалі тэндэнцыйныя сцвярджэнні П.Скаргі аб нізкім інтэлектуальным узроўні праваслаўнага насельніцтва, аб непрыгоднасці яго пісьмовай мовы для ўжывання ў розных сферах духоўнага жыцця. У канцы XVI ст. уплывовы палітычны дзеяч Вялікага Княства Канстацін Астрожскі ў сваёй рэзідэнцыі адкрыў першую грэка-славянскую праваслаўную школу і арганізаваў пры ёй друкарню. 3 дзейнасцю астрожскай школы звязаны першы этап развіцця палемічнай публіцыстыкі. Яркія замалёўкі непрымірымьгх сацыяльных канфліктаў дадзены ў кнізе В.Суражскага "О единой истинной православной вере и о святой соборной апостольской церкви" (1588).

Выдатным творам антыўніяцкай публіцыстыкі быў "Апокрысіс" (Вільня, 1597) Х.Філалета, у якім аўтар ярка і вобразна сцвярджае, што царкоўны саюз уніяцкіх епіскапаў з папай рымскім быў абумоўлены імкненнем епіскапаў да матэрыяльных выгод і высокіх дзяржаўных пасад.

Значны след у развіцці палемічнай публіцыстыкі пакінуў архімандрыт віленскага Святадухаўскага манастыра, рэктар брацкай школы Лявонцій Карповіч (1580 — 1620). Яго "казанні" змяшчаюць глыбокія разважанні пра сэнс жыцця і маральную чысціню чалавека, вылучаюцца ўзвышаным барочным стылем.

Адно з вядучых месцаў у літаратурным працэсе Беларусі канца XVI – першай паловы XVII ст. займае творчасць Мялеція Сматрыцкага (1577 – 1633). У 1610 г. пад псеўданімам Тэафіла Арталога на польскай мове выдаў свой найбольш значны твор "Фрынас"або «Трэнас», напісаны ў форме плачу і з’явіўся водгукам на пагром праваслаўных цэркваў і манастыроў у Вільні, учынены ў 1609 г. уніяцкім мітрапалітам Іпаціем Пацеем, у якім ад імя маці-царквы, якая з'яўлялася сімвалам прыгнечнай радзімы, заклікаў народы Беларусі і Украіны да аб'яднання супраць каталіцызму. Непадалёку ад Вільні ў мястэчку Еўе М.Сматрыцкі займаўся педагагічнай дзейнасцю, выкладаў "свабодныя" навукі. У 1619 г. тут выйшла яго "Граматыка славенска", якая стала шырокавядомай не толькі ў славянскіх краінах, але і ў Заходняй Еўропе. М.Сматрыцкі ў значнай ступені абапіраўся на "Граматыку славенску" (1596) Л.Зізанія. Упершыню ў гісторыі славянскага мовазнаўства ён склаў поўны курс граматыкі – арфаграфію, этымалогію, сінтаксіс і прасодыю. Гэта навуковая праца абяссмерціла яго імя ў вяках.

Прадстаўніком дэмакратычнага напрамку ў царкоўна-палемічнай публіцыстыцы быў Афанасій Філіповіч (1597 – 1648). У шматлікіх публіцыстычных артыкулах, аб'яднаных у звод пад назвай "Дыярыуш" (1646), ён змагаўся з палітычнай несправядлівасцю Рэчы Паспалітай, пагражаў свецкім феадалам "страшным божым судом", заклікаў да барацьбы супраць каталіцкай экспансіі.

Працягвалася летапісанне. Найбольш вядомыя творы гэтага жанру «Баркулабаўскі летапіс”(ХVІІ) і “Магілёўская хронікі», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і іншыя. У другой палове XVI ст. ствараюць свае творы па беларускай гісторыі Мацей Стрыйкоўскі (“Хроніка польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі”, 1582г. у Кёнігсбергу) і Аляксандр Гваніні (“Хроніка Еўрапейскай Сарматыі”). У гэты час пакідаюць расказы аб сваім жыцці (мемуары) беларускія шляхціцы Фёдар Еўлашоўскі і Ян Цадроўскі.

Узгадаем тут яшчэ раз Статуты, якія сталі вянцом прававой еўрапейскай думкі. Былі яны і творам літаратурным, помнікам старабеларускай мовы. Зусім нездарма ў 1621 г. прагучалі словы беларускага паэта Яна Казіміра Пашкевіча (на старонцы рукапіснага Статута 1529 г):

Польска квітнет лацінаю,

Літва квітнет русчызнаю;

Без той в Польше не прабудзеш,

Без сей в Літве блазном будзешь

Новыя духоўныя каштоўнасці запатрабавалі звароту да антычнай і раннехрысціянскай філасофска-літаратурнай спадчыны. Так, напрыклад, у каментарыях да берасцейскіх выданняў апісваліся антычныя філасофскія школы стоікаў, перыпатэтыкаў, эпікурыян, асаблівая ўвага надавалася творам Платона, Цыцэрона, Арыстоцеля, Сакрата. У Берасці ў 1577 г. былі надрукаваны кнігі вядомага польскага гуманіста і правазнаўцы Андрэя Маджэўскага «Аб паправе Рэчы Паспалітай».

Архітэктура. Даўнія гістарычныя традыцыі мела ў Беларусі манументальная архітэктура. У развіцці архітэктуры на беларускіх землях спалучаліся мясцовыя нацыянальныя і заходнееўрапейскія традыцыі, якія прынеслі на Беларусь гатычны, раманскі стылі і стыль барока. Творча пераасэнсоўваючы гэту спадчыну, беларускія майстры стварылі самабытныя і арыгінальныя помнікі дойлідства.

Абарончы характар насіла архітэктура замкаў у Смалянах і Койданаве. У пачатку XVI ст. магнацкім родам Ільінічаў была пабудавана жамчужына беларускага каменнага дойлідства – Мірскі замак.

Дойліды дасягнулі высокага мастацкага ўзроўню ў культавай архітэктуры, Быў створаны новы стыль беларуская готыка, узорамі якой сталі цэрквы абарончага характару ў Сынкавічах, Мала-Мажэйкаве (Мураванцы), Супраслі і Заслаўі. У другой палове XVI ст. на Беларусі пачалі з'яўляцца культавыя пабудовы ў стылі рэнесансу (пратэстанцкі сабор у Смаргоні і каталіцкі касцёл у Нясвіжы). 3 канца XVI ст. узводзяцца барочныя помнікі. Першым з іх быў езуіцкі касцёл у Нясвіжы, які быў пабудаваны архітэктарам-італьянцам Дж.М.Бернардоні. Барочнай архітэктуры ўласціва прасторавая разгорнутасць, ансамблевасць і дынамічнасць кампазіцыі.

У выяўленчым мастацтве Беларусі пашыраюцца іканапіс, фрзскі, дэкаратыўная скульптура палацаў і культавых пабудоў. Найбольшую цікавасць сярод твораў жывапісу таго часу выклікаюць абразы "Адзігітрыі Іерусалімскай" з пінскай Варварынскай царквы, "Замілаванне" з Маларыты. У другой палове XVI ст. у іканапісе адчуваюцца рысы Адраджэння, кампазіцыі вызначаюцца прасторавасцю пабудовы, з'яўляюцца элементы бытавога характару (абраз "Нараджэнне Маці Боскай" Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649). Фоны абразоў часта ўпрыгожваліся разьбяным залачоным арнаментам, які надаваў твору дэкаратыўнасць.

У выяўленчым мастацтве працягвалі адыгрываць важную ролю іканапіс, драўляная скульптура. Але сваё важкае месца ўжо пачыналі займаць кніжная мініяцюра, гравюра. Усё больш распаўсюджваўся партрэтны жывапіс. Магнацкія палацы пачалі ўпрыгожваць выявы знакамітых прадстаўнікоў сваіх родаў.Тады ж з’явіліся першыя свецкія хоры, капэлы, першыя друкаваныя зборнікі песень. Утварыліся пры школах тэатры.

Усплеск культурнага жыцця быў бы немагчымы ў неадукаваным грамадстве. Менавіта ў гэты час на тэрыторыі Беларусі ўсталёўваецца пэўная сістэма школьнай адукацыі. Яна была даволі складанай і абапіралася на царкоўныя ўстановы. Як ужо адзначалася, пачатковыя школы дзейнічалі пры праваслаўных брацтвах. Адкрываліся падобныя ўстановы пры пратэстанцкіх зборах. Але найбольшую актыўнасць у асветніцкай дзейнасці 3 другой паловы XVI ст. праяўлялі ў Беларусі езуіты. У хуткім часе ў Беларусі была створана цэлая сетка езуіцкіх школ – Полацк, Нясвіж, Орша, Бабруйск, Берасце, Менск, Пінск, Гародня, Слонім, Наваградак, Магілёў, Жодзішкі, Клімавічы, Барысаў, Мсціслаў, Чачэрск і іншыя гарады і мястэчкі. Пазней езуіцкія школы ў буйных цэнтрах, такіх, як Полацк, Гародня, Менск, перараслі ў калегіумы. Апошнія давалі адукацыю амаль на ўзроўні універсітэцкім. Выкладчыкамі ў калегіумах былі людзі вядомыя. Дастаткова адзначыць, што ў Полацку выкладаў паэтыку і рыторыку знакаміты паэт і педагог Мацей Казімір Сарбеўскі. У Гародзенскім езуіцкім калегіуме сярод 41 педагога сем мелі званне прафесара. У 1579 г. у Вільні пачала дзейнічаць езуіцкая акадэмія – першая ў беларуска-літоўскай дзяржаве вышэйшая навучальная ўстанова, дзе выкладалі знакамітыя вучоныя мужы з усёй Еўропы. (3 1779 г. універсітэт меў назву Акадэмія, з 1781 г. – Галоўная школа ВКЛ, з 1796г. – Галоўная Віленская школа.) Спачатку тут працавалі тэалагічны і філасофскі факультэты, пазней – яшчэ медыцынскі і прававы. Колькасць студэнтаў ужо ў самым хуткім часе перавысіла больш за тысячу чалавек. Сярод першых выкладчыкаў універсітэта былі шырока вядомы заснавальнік эканамічнай тэорыі, прадстаўнік фармальна-рэлігійнай логікіМарцін Сміглецкі (яго «Логіка» тройчы перавыдавалася ў Англіі для студэнтаў Оксфардскага універсітэта), прафесар О. Крыгер (адзін з першых стаў знаёміць студэнтаў з геліяцэнтрычнай сістэмай Каперніка).

3 аднаго боку, мэтай адукацыйнай палітыкі езуітаў было далучэнне беларускай моладзі да каталіцкай царквы. Дарэчы, у гэтым яны займелі значны поспех і садзейнічалі апалячванню беларусаў. Але, з другога боку, дбаннем езуітаў на Беларусі пашыралася асвета. У некаторых езуіцкіх навучальных установах выкладалася да пяці моў, не гаворачыаб гуманітарных дысцыплінах і асновах некаторых прыродазнаўчых навук.

У другой палове XVI – пачатку XVII ст. у Беларусі існавалі арыянскія школы (Іўе, Наваградак, Нясвіж, Клецк, Лоск і інш.). Сярод настаўнікаў арыянскіх школ было шырока вядома імя рэктара школы ў Іўі Яна Ліцынія Намыслоўскага (памёр у 1630-х гг.), які распрацаваў новую праграму для сваёй школы, напісаў некалькі падручнікаў. У 1617 г. у Слуцку на сродкі Януша Радзівіла была заснавана кальвінісцкая гімназія,якая праіснавала да 1918г.

Утварэнне Рэчы Паспалітай, спад рэфармацыйных рухаў і ўмацаванне пазіцый каталіцызму значна ўскладнілі развіццё культурна-гістарычнага працэсу ў Беларусі. Пад уздзеяннем новых палітычных і сацыяльных умоў узмацнілася паланізацыя шляхты, мяшчанства. У канцы XVI ст. Люблінская унія 1569 г. дапоўнілася Берасцейскай царкоўнай уніяй 1596 г., якая выклікала супрацьдзеянне значнай часткі праваслаўнага насельніцтва Беларусі,

Пасля спынення афіцыйнай дзейнасці праваслаўнай царквы ў ВКЛ у 1596 г., амаль ці не адзінымі легальнымі асяродкамі праваслаўя ў Беларусі заставаліся праваслаўныя брацтвы Брацтвамі называліся нацыянальна-рэлігійныя арганізацыі праваслаўнага насельніцтва, што ўзніклі ў адказ на прапольска-каталіцкую палітыку кіруючых колаў Рэчы Паспалітай. Буйныя беларускія брацтвы былі у Вільні, Магілёве, Берасці, Слуцку, Менску, Пінску, Барысаве, Оршы, Полацку, Мсціславе і іншых гарадах. Яны аб’ядноўвалі прадстаўнікоў розных колаў грамадства. Так, у віленскім брацтве, што дзейнічала з 1592 г. пры віленскім манастыры, дакументы адзначаюць 370 членаў, сярод якіх былі «іх міласці княжата, панята, рыцарства, шляхта, мяшчане».

Вялікую ролю адыгрывалі брацтвы ў пашырэнні асветы, кнігадрукавання, у прапагандзе беларускай мовы. Пачатковыя і сярэднія брацкія школы былі заснаваны пры брацтвах у Вільні (каля 1584 г.), Берасці (1591 г.), Пінску, Менску, Слуцку, Магілёве (1590г.) і шматлікіх іншых гарадах і мястэчках. Пасля пачатковай адукацыі ў іх вывучалі скарочаныя цыклы “трывіума” (граматыка, рыторыка, дыялектыка), і “квадрыума” (арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка) Асаблівая ўвага надавалася вывучэнню царкоўнаславянскай мовы, у якой бачылі сродак процістаяння каталіцызму. У дзейнасці уніяцкіх устаноўвыразна праглядалася тэндэнцыя да сінтэзу духоўных уплываў праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Ва ўсе вышэйназваныя, як і ў астатнія навучальныя ўстановы ВКЛ, вучні прымаліся незалежна ад іх паходжання, рэлігійнай ці саслоўнай прыналежнасці. Брацкія друкарні дзейнічалі зноў жа ў Вільні, у Еўі (цяпер Вэвіс Літоўскай рэспублікі), Магілёве. 3 1595 г. па 1654 г. з дапамогай брацтваў у Вільні, Еўі і Куцейна (пад Оршай) былі надрукаваны 87 кірылічных выданняў, больш за трэць якіх былі на беларускай мове ці з дадатковымі беларускімі тэкстамі. Сярод гэтых кніг пераважалі царкоўнаслужбовыя, багаслоўскія выданні, 26 назваў склалі выданні Свяшчэннага Пісання, творы айцоў царквы, чэцця-кніга, палеміка, панегірыкі, 12 – школьныя падручнікі (граматыкі, буквары і інш.).

Такім чынам, у Беларусі моладзь мела мажлівасць атрымаць грунтоўную пачатковую адукацыю з тым, каб пры неабходнасці і хаценні яе пашыраць. Выхадцы з Беларусі займаліся ва універсітэтах Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Францыі, Італіі. Сярод студэнтаў еўрапейскіх універсітэтаў сустракаліся не толькі нашчадкі заможных магнацкіх родаў, але і прадстаўнікі мяшчанскага саслоўя і дробнай шляхты.

Такім чынам, менавіта XVI – пачатак XVII ст. стаў тым часам, калі шэдэўры не толькі мастацкія, але сацыяльнай і філасофскай думкі, створаныя нашымі землякамі, папаўнялі залаты фонд здабыткаў сусветнай культуры, закладвалі асновы будучага адзінства заходне- і ўсходнееўрапейскай культур.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: