Фарміраванне беларускай нацыі

Працэс фарміравання беларускай нацыі вызначаўся асаблівасцямі і характарам сацыяльна-эканамічнага развіцця, кірункам палітыкі расійскага ўрада ў Беларусі, традыцыйнымі рысамі нацыянальна-культурнага развіцця і інш. Праз шэраг складаных этапаў у сваей эвалюцыі этнагінез беларусаў у XIX ст., асабліва ў яго апошнія дзесяцігоддзі і на пачатку XX ст., значна паскорыўся і выйшаў на стадыю фарміравання нацыі. Існаванне апошняй адзначалася наяўнасцю наступных рыс: агульнасцю тэрыторыі і эканамічнага жыцця, супольных рыс нацыянальнага характару, культуры і літаратурнай мовы.

Асноўная тэрыторыя беларусаў уваходзіла ў межы пяці губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілеўскай, Мінскай. Удзельная вага прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці перавышала 73%. Каля 90% прадстаўнікоў беларускага этнасу жылі ў сельскай мясцовасці.

Паскарэнне пасля рэформы 1861г. тэмпаў эканамічнага развіцця, пашырэнне капіталістычнага прадпрымальніцтва ў прамысловасці, паступовая, хаця і павольная, пераарыентацыя памешчыцкіх гаспадарак на рынак, павелічэнне бессаслоўнага землеўладання, развіцце гандлю і шляхоў зносін, інтэнсіўнае чыгуначнае будаўніцтва спрыялі стварэнню на тэрыторыі Беларусі адзінага эканамічнага рэгіену і станаўленню беларускай нацыі. Аднак апошні працэс стрымліваўся агульным кірункам палітыкі ўрада.

Пасля падаўлення паўстання 1863г. царызм канчаткова пазбавіўся ілюзій наконт польскіх культурна-палітычных уплываў на тэрыторыі Беларусі і перайшоў на шлях інтэнсіўнай русіфікацыі. Пачатак гэтай палітыкі быў закладзены дзяржаўным дзеячам М.Мураўевым. Асновай палітыкі стала стварэнне яе сацыальнай базы – пашырэнне расійскага землеўласніцтва, продаж зямлі на льготных умовах запрошаным на службу ў беларускія губерні расійскім чыноўнікам. Спрыяльнай глебай для русіфікацыі ў афіцыйных колах лічылася таксама шматлікае беларускае праваслаўнае сялянства. У сувязі з гэтым становіцца зразумелым стрымліванне эміграцыі сялянства Беларусі ў другой палове XIX ст. у Сібір і за межы Расійскай імперыі ў пошуках зямлі і працы, а таксама абмежаванні ў набыцці зямлі асобамі польскай і яўрэйскай нацыянальнасці. Школа цалкам была пераведзена на рускую мову навучання. Вышэйшыя навучальныя ўстановы і беларускамоўны друк адсутнічалі. Выкарыстанне беларускай мовы не дапускалася ні ў школе, ні ў дзяржаўных установах, ні ў друку, за выключэннем толькі этнаграфічных публікацый. Адпаведным чынам пісалася і беларуская гісторыя. У гэтым кірунку вельмі дарэчы сталася ідэалогія “западноруссизма”. Сярод прыхільнікаў гэтай ідэалогіі вылучаліся дзве плыні: ліберальная і кансерватыўная. Агульным для іх было адмаўленне самастойнасці беларускага этнасу, але прадстаўнікі першай у адрозненні ад другой дапускалі самакаштоўнасць беларускай культуры і магчымасць яе вывучэння для ўзбагачэння велікарускай.

Станаўленне буржуазнага грамадства ў другой палове XIX і пачатку XX ст. мела ў Беларусі шэраг спецыфічных рыс. Забарона яўрэям сяліцца па-за межамі гарадоў і мястэчак, эканамічная слабасць гарадоў, немагчымасць знайсці ў іх працу для вялікай колькасці беззямельных і малазямельных сялян, стрымліванне разлажэння памешчыцкага землеўладання адмоўна адбіліся на ўтварэнні класаў буржуазнага грамадства, дэфармавалі нацыянальны склад гарадскога насельніцтва і ў канчатковым выніку стрымлівалі фарміраванне беларускай нацыі. Прычым беларуская нацыянальная бурдуазія знаходзілася яшчэ на стадыі станаўлення і ўяўляла сабой найбольш слабую праслойку мясцовай шматнацыянальнай буржуазіі. Асноўныя капіталы края знаходзіліся ў руках польскіх і рускіх памешчыкаў, яўрэйскіх купцоў і прамыслоўцаў. Беларуская аграрная буржуазія, падзеленая па веравызнанні на праваслаўных і католікаў, да канца не ўсвядоміла свайго нацыянальнага адзінства і часта ставілася да праяў беларускага нацыянальнага руху. Наогул падзел беларускага этнасу на католікаў і праваслаўных, што актыўна выкарыстоўваўся ў мэтах адпаведна паланізацыі і русіфікацыі, таксама адмоўна адбіўся на фарміраванні беларускай нацыі.

Слабасць нацыянальнай эканамічнай эліты – буржуазіі і дваранства – стала прычынай нешматлікасці і павольнага сталення нацыянальнай інтэлігенцыі. У першай палове XIX ст. інтэлектуальнае жыцце Беларусі развівалася пераважна пад уплывам польскай культуры. І тым не менш гэта не перашкодзіла з’яўленню інтэлігентаў, якім быў уласцівы “краевы”, беларускі па сутнасці, патрыятызм (Я.Чачот, Т.Зан, І.Даніловіч і інш.). У сярэдзіне XIX ст. адчывальным становіцца ўплыў беларускай ліберальнай думкі, прадстаўленай гурткамі А.Кіркора ў Вільні, В.Дуніна-Марцінкевіча ў Мінску, А.Вярыгі-Дарэўскага ў Віцебску. Асобныя творы на беларускай мове ў гэты час стварылі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, У.Сыракомля. Беларуская мова стала асноўнай для творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Творчасць і погляды гэтага кола інтэлігенцыі не заўжды мелі акрэслены нацыянальны змест, але аб’ектыўна садзейнічалі развіццю нацыянальнай культуры і самасвядомасці. Сярод дэмакратычнай інтэлігенцыі ў 60-я гг. XIX ст. сфарміравалася адносна невялікая група, для якой абсальтна зразумелым было ўяўленне, што Беларусь мае ўсе ўмовы для самастойнага развіцця. Лідэрам гэтай групы быў К.Каліноўскі. Яго погляды знайшлі свае адлюстраванне на старонках “Мужыцкай праўды” і ў “Лістах з-пад шыбеніцы”. Станаўленне беларускай інтэлігенцыі было шчыльна звязана з узнікненнем і развіццем нацыянальнага руху. Вялікае значэнне для абуджэння нацыянальнай самасвядомасці мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лігвістаў, гісторыкаў, этнографаў.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў XIX ст. тэрмін “Беларусь” канчаткова замацаваўся за ўсей этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак сама назва беларусаў не набыла ў той час выразнага агульнанацыянальнага зместу. Поруч з ей ужываліся канфесіянізмы “рускія” і “палякі” адпаведна падзелу на праваслаўных і католікаў, а частка насельніцтва Беларусі называла сябе тутэйшымі. Істотныя зрухі адбыліся ў этнічнай самасвядомасці беларусаў. Паводле даных перапісу 1897г. аб роднай мове, 52% агульнай колькасці прадстаўнікоў спадчыннага дваранства прызнавалі сябе беларусамі. З ліку асабістых дваран (чыноўніцтва) 25% назвалі сваей роднай мовай беларускую.

У XIX – пачатку XX ст. прадоўжылася станаўленне новай беларускай літаратурнай мовы. Фарміраванне яе ў гэты час адбывалася пераважна ў жанрах мастацкай літаратуры і публіцыстыкі. Гэта не дазваляла развіваць усебакова яе слоўнік, у якім, акрамя слоў, звязаных з паняццямі штодзеннага побыту, іншыя пласты лексікі былі развіты слаба. Не далі жаданых вынікаў і спробы скласці граматыку і правапіс беларускай мовы. Пры друкаванні беларускіх выданняў выкарыстоўвалася пераважна лацінка. У канцы XIX ст. лацінку паступова пачала выцясняць кірыліца. Пасля ўвядзення закона аб свабодзе друку ў 1905г. і з’яўлення беларускіх легальных выданняў, асабліва “Нашай нівы”, фарміраванне літаратурнай мовы, выпрацоўка яе навуковай тэрміналогіі пайшлі хутчэй.

Працэс станаўлення нацыі праявіўся ў нацыянальным руху. Беларускі рух узрастаў паміж спрэчкамі расійскіх і польскіх шавіністаў за панаванне на тэрыторыі края. У 80-я гг. XIX ст. у Пецярбургу дзейнічаў беларускі народніцкі гурток “Гоман”, які выдаў два нумары аднайменнага гектаграфічнага часопіса (1884). У публікацыях на яго старонках дадзена тэарэтычнае абгрунтаванне існавання самастойнага беларускага этнасу, вылучаны задачы перад інтэлігенцыяй па пашырэнні нацыянальнай самасвядомасці. На пачатку 90-х гг. XIX ст. у Маскве і Пецярбургу дзейнічалі арганізацыі беларускага студэнцтва. У 1902-1903гг. у Пецярбургу ўзніклі нацыянальныя арганізацыі В.Іваноўскага, братоў А. і І.Луцкевічаў, якія сталі пачаткам утварэння першай беларускай сталай палітычнай партыі – Беларускай сацыялістычнай грамады. Глыбокія якасныя змены ў нацыянальным руху адбыліся ў час рэвалюцыі 1905-1907гг. Са з’яўленнем беларускамоўнага друку, пашырэннем прафесійных, грамадска-культурных аб’яднанняў і гурткоў, заснаваннем выдавецкіх суполак, нацыянальных тэатральных калектываў узраслі розныя формы і кірункі нацыянальнага руху. Пасля паражэння рэвалюцыі асяродкам патрыятычных сіл стала газета “Наша ніва”. Пад яе ўплывам зарадзіўся беларускі нацыянальна-рэлігійны рух, вырасла цэлая плеяда пісьменнікаў (Купала, Колас, Багдановіч).

З працэсамі фарміравання беларускай нацыі непарыўна звязаны таксама і развіцце культуры Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст., яго характар, кірунак і перш за ўсе месца ў ім нацыянальнай плыні. Наяўнасць і багацце нацыянальнай культуры – паказчык стану сталасці нацыі. Наогул, нягледзячы на неспрыяльныя дзяржаўна-палітычныя ўмовы, спецыфічную этна-сацыяльную сітуацыю, фарміраванне беларускай нацыі на пачатку XX ст. у агульных абрысах завяршылася.

6. Ліберальна-буржуазны рух на Беларусі ў апошняй трэці XIX ст.

У 70-90-х гг. грамадскія арганізацыі сталі галоўным полем дзейнасці лібералаў. Так, сельскагаспадарчыя таварыствы аб’ядноўвалі тых памешчыкаў і служачых, якія імкнуліся спрыяць прагрэсіўным зменам у сельскай гаспадарцы. У Беларусі, дзе не было земстваў, згаданыя таварыствы часам выконвалі іх грамадскія функцыі. Пашырэнню ліберальных ідэй садзейнічалі шматлікія культурна-асветніцкія, навуковыя і гуманітарныя арганізацыі (мінскае Таварыства прыгожых мастацтваў). Гэтае таварыства і іншыя арганізацыі займаліся не тэарэтызаваннем, а вырашэннем надзенных праблем. Яны не ставілі перад сабой палітычных мэт, але ўступалі ва ўзаемасувязь з палітычнымі дзяржаўнымі структурамі.

Ліберальныя ідэі абмяркоўваліся ў так званых хатніх гуртках. Ва ўмовах жорсткага кантролю за дзейнасцю любых грамадскіх аб’яднанняў, у часы суровых паліцэйскіх рэпрэсій дзейнасць такіх гурткоў часта прымала тайны характар і трапляла ў разрад антыўрадавай і нават рэвалюцыйнай. У гэтых гуртках чыталі навінкі з белетрыстыкі, артыкулы ліберальных часопісаў, ахвотна знаеміліся і з нелегальнай літаратурай, гаварылі аб несправядлівасці жыцця, прыгнечаным стане рабочых, дэспатызме царызму. Ідэалагічнай асновай грамадскай актыўнасці ліберальна настроеных колаў былі пазітывісцкія канцэпцыі “арганічнай працы”, “працы ля асноў”, і так званага “ліберальнага індустрыялізму”. Мэтай арганічнай працы лічылася ажыццяўленне ліберальнага грамадскага ідэялу праз дзейнасць прыватных асоб, якія кіраваліся прыватнымі інтарэсамі. Вера ва ўсемагутнасць прыватнай ініцыятывы і бязмежныя патэнцыяльныя магчымасці асацыяйцый былі важнымі складанымі часткамі гэтай тэорыі. Сутнасцю “працы для асноў” таксама было ператварэнне “пасіўнага люду” ў актыўных членаў грамадства шляхам прыцягнення народа да ўдзелу ў мясцовым самакіраванні, арганізацыі пачатковых школ, бібліятэк і ашчадных кас.

Прыхільнікі ліберальнага індустрыялізму лічылі, што эканамічная сфера больш важная, чым сфера палітыкі, таму трэба дамагацца пераўтварэння яе ў сферу прыватнай дзейнасці, незалежнай ад дзяржавы. Гэтыя канцэпцыі сталі папулярнымі ў Беларусі дзякуючы такім выданням, як “Вестник Европы”, “Минский листок” – першая прыватная газета Беларусі, якая стала голасам ліберальнай грамадскасці. Газета прапагандавала дзейнасць легальных грамадскіх арганізацый – дабрачынных, кас узаемнай дапамогі, сялянскіх банкаў і інш., заклікала засноўваць пазыка-ашчадныя касы і спажывецкія кааператывы для народа, аказваць самае шырокае садзейнічанне сельскагаспадарчым арцелям і арганізацыі дробнага сялянскага крэдыту. Аўтары “Минского листка” выказвалі і ліберальныя патрабаванні аб пашырэнні грамадскага самакіравання, аб наданні грамадству права прымаць удзел у абмеркаванні дзейнасці ўрада і ставіць перад ім пытанні, якія адносіліся да розных бакоў эканамічнага і палітычнага жыцця. Лібералы пісалі аб сваім незадавальненні складам гарадскіх дум і настойвалі на ўвядзенні адукацыйнага цэнзу для гласных, бо лічылі, што толькі адукаваны клас можа стаць носьбітам прагрэсу. Разам з тым яны выстапалі за адмену сялянскага самакіравання як аджыўшай саслоўнай установы, за тое, каб сяляне “зліліся з іншымі саслоўямі на глебе агульных адміністрацыйных, судовых і іншых устаноў і агульных грамадзянскіх законаў.”


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: