Беларусь і вайна 1812 года

На пачатку XIX ст. на Еўрапейскім кантыненце склалася надзвычай напружаная міжнародная сітуацыя. Галоўнымі суб’ектамі еўрапейскай палітыкі з’яўляліся Англія, Расія і Францыя, якія вялі зацятую барацьбу за гегемонію на кантыненце. Ініцыятывай валодала Францыя, якая з прыходам да ўлады Напалеона, захоплівала і ўсталёўвала кантроль над усемі новымі тэрыторыямі. Такая сітуацыя пачала пагражаць непасрэдным інтарэсам Расійскай імперыі, якая працягвала ўдзельнічаць у ваенных кааліцыях еўрапейскіх манархій, накіраваных супраць Францыі.

У 1806-1807 гг. чацвертая антыфранцузская кааліцыя (Англія, Прусія, Расія і Швецыя) была разбіта, войскі Напалеона рухаліся ў напрамку мяжы Расіі. У такіх умовах расійскі імператар Аляксандр I быў вымушаны пагадзіцца на перамір’е, якое прапанаваў яму Напалеон.

Каля Цільзіта былі падпісаны 7(19) ліпеня 1807 г. мірны дагавор і саюзны трактат, які меў антыбрытанскую накіраванасць. З тэрыторый былой Рэчы Паспалітай у свой час захопленных Прусіяй, было створана Герцагства Варшаўскае. Да Расіі была далучана Беласточчына, якая ўваходзіла да гэтага часу ў склад Прусіі.

Заходнія губерні Расійскай імперыі (якія былі раней часткай Рэчы Паспалітай) знаходзіліся ў складанай эканамічнай сітуацыі, якая дапаўнялася палітычнай напружанасцю. Ваенныя дзеянні патрабавалі вялікай колькасці рэкрутаў, на беларускіх землях знаходзіліся буйныя вайсковыя злучэнні, якія часта выкарыстоўвалі рэквізіцыённы спосаб забеспячэння харчамі і фуражом. Эканамічнаму развіццю перашкаджала кантынентальная блакада Англіі, да якой Расія вымушана была далучыцца адпаведна ўмоў Цільзіцкага міру. Зразумела, што такая сітуацыя не магла падабацца мясцовай шляхце. Да таго ж яна была незадаволена абмежаваннямі сваіх палітычных правоў, якое адбылося пасля далучэння да Расіі тэрыторый Рэчы Паспалітай і правадзімай “рэвізіяй” дваранскага паходжання.

У шляхецскім асяроддзі існавалі трывалыя сімпатыі да Францыі – традыцыйнага саюзніка былой Рэчы Паспалітай. Францыя дала прытулак многім эмігрантам былой Рэчы Паспалітай, частка якіх дабраахвотна пайшла ў французскую армію. Значную ролю адыгралі і заявы Напалеона аб магчымасці ўзнаўлення былой Рэчы Паспалітай з яго дапамогай. Стварэнне ў 1807 г. Герцагства Варшаўскага было абвешчана як першы крок у гэтым накірунку. Сярод беларускай шляхты праявілася тэндэнцыя да руху ў польскую дзяржаву, дзе яны паступалі на вайсковую службу. Гэта прымусіла расійскія ўлады аб’явіць аб секвестры і канфіскацыі маёмасці ад’ехаўшых у Герцагства.

Але частка шляхты насцярожана пазірала на рэформы ў Герцагстве Варшаўскім, асаблівую заклапочанаснь выклікала адмена ў 1807 г. прыгоннага права. Для многіх шляхцічаў імя Напалеона было непарыўна звязана з французскай рэвалюцыяй, якая знішчыла ўсе феадальныя інстытуты. Да таго ж, частка магнатаў і буйных землеўласнікаў (М.К. Агінскі, Ф.К. Любецкі. А.Е. Чартарыйскі) звязвалі надзеі на аднаўленне ці аўтаномію ВкЛ ці Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі пад патранажам Аляксандра I.

Расія і Францыя непасрэдную падрыхтоўку да вайны пачалі яшчэ ў 1810 г. У межах Літвы, Беларусі і Паўночнай Украіны былі сканцэнтраваны тры рускія арміі: 1-я (120 тыс. чалавек і 580 гармат) генерала М.Б. Барклая дэ Толі (штаб у Вільні). 2-я (50 тыс. чалавек і 180 гармат) генерала П.І. Баграціёна (штаб у Ваўкавыску). 3-я (44 тыс. чалавек і 168 гармат) генерала А.П. Тармасава (штаб у Луцку). Рэзервны корпус Ф.Ф. Эртэля (37,5 тыс. чалавек) каля Мазыра.

10(22) чэрвеня Напалеон абвясціў Расіі вайну, а 12(24) чэрвеня напалеонаўская «Вялікая армія» фарсіравала Неман у раёне Коўна і Гродна. Напалеон кінуў супраць Расіі каля 650 тыс. вайскоўцаў і 1372 гарматы.

Рускія арміі (1-я і 2-я) пачалі адыход з мэтай злучэння. 16 (28) чэрвеня французы занялі Вільну, 26 чэрвеня (8 ліпеня) – Мінск. Беларусь робіцца арэнай жорсткіх крывапралітных сражэнняў. 27-28 чэрвеня (9-10 ліпеня) адбылася бітва пад Мірам, 11 (23) ліпеня – каля вескі Салтанаўка. 15 (27) ліпеня пад Кобрынам французы былі вымушаны капітуліраваць, што была адзначана як першая перамога расійскай арміі над французамі. 18-20 ліпеня (30 ліпеня-1 жніўня) адбыліся Клясціцкія баі пад Полацкам, у якіх загінуў генерал Кульнеў. Да пачатку жніўня пераважная частка Беларусі была акупіравана напалеонаўскім войскам, акрамя поўдня і Бабруйскай цытадэлі, абаронцы якой вытрымалі ўсе прыступы праціўніка. 16 (28) ліпеня ў Віцебску Напалеон прапанаваў Аляксандру I пачаць мірныя перагаворы, але адказу не атрымаў.

Насельніцтва Беларусі да прышэльцаў аднеслася неадназначна. Гарацкое насельніцтва (польскае і спаланізаванае) з надзвычайнай помпай наладжвала ўрачыстыя цырымоніі сустрэч. Спачатку ў «Вялікай арміі» бачылі вызваліцелей і збавіцелей ад рускай акупацыі.

У той жа час у мясцовасцях, дзе адбываліся непасрэдныя баявыя дзеянні, насельніцтва імкнулася схавацца, кідала свае дамы, уцякала ў лес. Даволі хутка беларускае насельніцтва пераканалася, што сярод напалеонаўскага войска шмат рабаўнікоў. Сваю ролю адыгравала і антынапалеонаўская прапаганда, якую напярэданні вайны вялі расійскія ўлады і праваслаўная царква.

Для кіраўніцтва акупіраванымі тэрыторыямі Напалеонам 1(13) ліпеня ў Вільні быў створаны ўрад – Камісія часовага праўлення ВкЛ, паўнамоцтвы якой распаўсюджваліся на Віленскую. Гродзенскую і Мінскую губерні і Беластоцкую акругу. У склад Камісіі ўвайшлі сем чалавек: С. Солтан, К. Прозар, Ю. Серакоўскі, А. Сапега, Ф. Ельскі, А. Патоцкі, Я. Снядзецкі – прадстаўнікі мясцовых буйных землеўласнікаў. У кампетэнцыю Камісіі ўваходзіла: спагнанне падаткаў, размеркаванне бюджэтных сум, арганізацыя ўзброенных сіл і жандармерыі, стварэнне сістэмы адукацыі і судовых устаноў. На французскі ўзор былі арганізаваны адміністрацыйныя адзінкі, з’явіліся дэпартаменты, падпрэфектуры і г.д. Кантрольныя функцыі і палітычнае кіраўніцтва належыла напалеонаўскаму камісару, ваенная ўлада знаходзілася ў руках генерал-губернатара Літвы (французы). Агульны нагляд ад імя Напалеона ажыццяўляў Г.-Б. Марэ.

Аналагічным чынам былі арганізаваны органы кіраўніцтва ў Віцебскай, Магілеўскай і Смаленскай губернях, але яны не падпарадкаваліся віленскаму ўраду. Гэта адзначае, што Напалеон не зрабіў таго, што ад яго чакала значная частка шляхты былой Рэчы Паспалітай: не злучыў у адно тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, і не пажадаў запэўніць у тым, што гэта будзе зроблена ў бліжэйшай будучыні. Напалеон наўрад ці жадаў узнікнення ў Еўропе буйной дзяржавы. Абвяшчэнне аб стварэнні Рэчы Паспалітай непазбежна пашкодзіла б адносінам расійскага і французскага імператараў, перакрыла б Напалеону ўсялякую магчымасць у будучым дамовіцца з Аляксандрам I.

Перад створанымі ваеннай і цывільнай адміністрацыямі была пастаўлена адна галоўная мэта: харчовае і фуражнае забяспячэнне напалеонаўскага войска. Сітуацыя ўскладнялася тым, што Напалеон не разлічваў на доўгатэрміновыя ваенныя дзеянні і своечасова не падрыхтаваў запасаў, а камунікацыі «Вялікай арміі» аказаліся надзвычай расцягнутымі і здзейсняць падвоз харчоў і фуражу з Еўропы было практычна не магчымым.

Важнай задачай, якая паўстала як перад мясцовымі прафранцузскімі ўладамі было фарміраванне ўзброеных сіл. Часовы ўрад ВКЛ 25 ліпеня загадаў сабраць 10000 рэкрутаў. 1 жніўня было вырашана стварыць 4 кавалерыйскія палкі з поўным забеспячэннем за кошт насельніцтва і сфарміраваць гвардзейскі полк (1000 чал.) з ліку шляхцічаў-дабраахвотнікаў. Справа ў гэтым накірунку шла вельмі марудна. Сяляне не выказвалі асаблівага жадання ісці ў войска, большую актыўнасць праявіла шляхта. Аднак дабраахвотнікаў аказалася значна менш, чым чакалі. Частка шляхты прытрымлівалася пазіцыі чакання і не жадала ісці ў ствараемае войска. У напалеонаўскім войску хутка распачалася эпідэмія марадзерства, ад якога пакутвалі мяшчане, сяляне, шляхціцы, памешчыкі. Напалеон і яго адміністрацыя разумелі небяспечнасць гэтай з’явы, спрабавалі прыпыніць ці абмежаваць яе маштабы нават самымі жорсткімі карамі. Былі створаны спецыяльныя рухомыя вайсковыя каманды для барацьбы з марадзерамі і дэзерцірамі, аднак кардынальнага паляпшэння не назіралася.

У найбольш складанай сітуацыі апынулася беларускае сялянства. Ва ўмовах вайны сяляне пачалі больш рашуча і актыўна супраціўляцца прыгнятальнікам і ўладам. 3 прыходам французскай арміі сяляне чакалі, што Напалеона скасуе прыгоннае права. Але рэаліі вайны (рабункі, рэквізіцыі, здзекі) штурхалі сялян на супраціўленне. Яны актывізаваліся і пачалі даваць адпор малалікім групам марадзёраў, нападаць на адстаўшых ці заблудзіўшых салдат, на каманды фуражыраў «Вялікай арміі». Такія выпадкі становяцца звычайнай з’явай і наносяць вялікую шкоду французскім акупантам і аб’ектыўна спрыяе расійскай арміі.

Адначасова ў беларускіх лясах дзейнічалі рускія армейскія партызанскія атрады, якія ўзначальвалі Д.В. Давыдаў, А.Н. Сяславін і інш. Сваімі анфранцузскімі дзеяннямі вядомы жыхары вёскі Жарцы, беларускія сяляне Максім Маркаў, Тарас – кіраўнікі партызанскіх атрадаў з мясцовых жыхароў.

Новыя ахвяры і разбурэнні прынесла Беларусі адступленне напалеонаўскага войска і рух рускай арміі на захад. Як вядома, Напалеон пачаў адступленне з Масквы 7(19) кастрычніка, і ў хуткім часе «Вялікая армія» апынулася на Беларусі. Менавіта на беларускай зямлі адбылося канчатковае паражэнне напалеонаўскай арміі – 14-17 (26-29) лістапада пры пераправе цераз Бярэзіну каля вескі Студзенка (раен Барысава). Праз две нядзелі рэшткі «Вялікай арміі» пакінулі мяжу Расійскай імперыі.

Ваенныя падзеі 1812 г. прынеслі Беларусі, яе жыхарам незлічоныя страты. Дзесяткі тысяч загінуўшых, безліч зруйнаваных гарадоў і вёсак, страту амаль паловы пасяўных плошчаў і жывёлы. Агульныя страты склалі каля 52 млн. руб. серабром – для прыкладу, памер штогадовага падатку с Беларусі на карысць дзяржбюджэту – 1 млн. руб. Расійскія імперскія ўлады не спяшаліся прымаць кардынальных мераў па стабілізацыі становішча. Толькі вельмі ўраджальныя 1813 і 1814 гг. паслабілі цяжар пасляваеннай разрухі. Прыгоннае права было захавана, працягваліся рэкруцкія наборы, налогавы прэс амаль не зменшыўся. У той жа час мясцовая шляхта, скампраметаваная супрацоўніцтвам з Напалеонам, захавала свае правы і прывілеі. Маніфесты Аляксандра I ад 12 снежня 1812 г. і 30 жніўня 1814 г. аб’яўлялі амністыю дваранству, схіліўшымуся да Напалеона, адначасова сялянам аб’яўлялася “мілась ад Бога”.

Грамадска–палітычны рух на Беларусі ў першай палове XIX стагоддзя

На пачатку XIX ст. грамадска-палітычная сітуацыя на Беларусі шмат у чым вызначалася падзеямі агульнаеўрапейскага маштабу: французскай буржуазнай рэвалюцыей (1789-1794), падзеламі Рэчы Паспалітай, вайной 1812 г. і г.д.

Французская рэвалюцыя садзейнічала распаўсюджванню рэвалюцыйных і дэмакратычных ідэй, спрыяла актывізацыі радыкальна-дэмакратычных рухаў у еўрапейскіх краінах. Адначасова яна выклікала рэзкае супрацьдзеянне правячых колаў большасці еўрапейскіх краін. Апошнія імкнуцца кансалідавацца, каб стварыць перешкоду распаўсюджванню рэвалюцыйных ідэй і рэальных рэвалюцыйных здзяйсненняў.

Практычна ва ўсіх еўрапейскіх краінах назіраюцца рэвалюцыйныя ўзрушанні. Для значнай часткі беларускай шляхты – адзінага правадзейнага суб’екта тагачаснага грамадства, прычынай незадаволенасці была роспач аб Рэчы Паспалітай, імкненне да яе рэстаўрацыі. Побач з гэтым, у дэмакратычна-радыкальных колах выспяваюць ідэі аб неабходнасці вызвалення сялян ад прыгоннага стану, дэмакратычных переаўтварэняў у грамадстве.

Ва ўмовах абсалютысцкай Расійскай імперыі легальным асяродкам, дзе маглі праяўляцца апазіцыйныя настроі былі губернскія і павятовыя шляхецкія дэпутатскія сходы, якія мясцовае дваранства разглядалі як былыя сеймікі Рэчы Паспалітай. Гэта становішча вызывала рэзкае супрацьдзеянне мясцовай расійскай адміністрацыі.

Вайна 1812 г. паміж Расіяй і Францыяй, яе вынікі, стварэнне ў 1815 г. Царства Польскага не спраўдзілі надзей пэўнай часткі шляхецтва на аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Не дзіўна, што пры такой сітуацыі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай узнікаюць разнастайныя суполкі, якія дзейнічаюць у гэтым накірунку.

Першай тайнай арганізацыяй стала “ Віленская асацыяцыя ”, якая дзейнічала ў 1796-1797 гг. і мела аддзяленні ў Мінску, Брэсце, Кобрыне, Ашмянах. Галоўнай мэтай удзельнікі асацыяцыі ставілі аднаўленне Рэчы Паспалітай згодна з Канстытуцыяй 3 мая 1791 года з дапамогай звонку ад Францыі. Гэтая ідэя была папулярнай сярод шляхты, але асацыяцыя хутка была раскрыта – у шляхты яшчэ не было вопыту канспіратыўнай работы.

Частка гэтых арганізацый мела масонскі характар. Масоны – рэлігійна-маральны рух, які ўзнік на пачатку XVIII ст. у Англіі. Пад гэтым вызначэннем хаваюцца рухі разнастайнай накіраванасці, у тым ліку рэвалюцыйнай. Масонскія арганізацыі ў пачатку XIX ст. існавалі ў большасці еўрапейскіх краін і не выклікалі, пераважна, актыўнага супрацьдзеяння з боку ўлад, даволі часта ў склад масонскіх ложаў уваходзілі ўплывовыя асобы.

На тэрыторыі Царства Польскага суполкі масонаў аднаўляюць сваю дзейнасць у 1814 г. Расійскія ўлады ведалі аб іх існаванні і не мелі нічога супраць. Гэтыя арганізацыі звязвалі свае надзеі на ўваскрашэнне вялікай Польшчы з расійскім імператарам у якасці польскага караля. 3 цягам часу сярод польскіх масонаў узнікаюць радыкальныя плыні, для якіх справа рэстаўрацыі Рэчы Паспалітай робіцца чыста нацыянальнай польскай справай, дзе ўжо няма месца Аляксандру I і Расіі. Як вынік – у 1822 г. абвешчаны агульнаімперскі ўказ, забараняўшы дзейнасць масонскіх лож.

3 польскімі масонскімі арганізацыямі цесна звязана дзейнасць масонаў на Беларусі і Літве. У 1819 г. у Вільні ўзнікае адгалінаванне польскага «Нацыянальнага масонства», сярод яго першых членаў – Міхаіл Ромер. У 1820 г. «Нацыянальнае масонства» фармальна прыпаняе свае існаванне, але пры гэтым многія яго члены ўваходзяць у зноў створанае «Патрыятычнае таварыства» (1821 г.), і мясцовае віленскае аддзяленне «Нацыянальнага масонства» трансфармуецца ў правінцыйны савет «Патрыятычнага таварыства» (старшыня - М. Ромер, члены: К. Радзівіл, Я. Вайніловіч, К. Навамейскі, А. Солтан). Літоўская ложа колькасна пашыраецца, цераз Т. Зана масоны ўсталёўваюць сувязь з мясцовымі тайнымі арганізацыямі студэнцкай і вучнёўскай моладзі. На тэрыторыі Беларусі і Літвы існуе ў гэты час мясцовых нешматлікіх ложаў у Мінску, Несвіжу, Навагрудку, Гродне.

Паралельна з масонскімі арганізацыямі і ў пэўнай сувязі з імі ў беларуска-літоўскім рэгіёне ўзнікаюць патаемныя (цалкам ці часткова) асацыяцыі, якія месцяцца пераважна ў Віленскім універсітэце.

У канцы 1817 – пачатку 1818 г. студэнты Т. Зан, А. Міцкевіч, Я. Яжоўскі (усяго 12 чалавак) заснавалі тайнае патрыятычнае таварыства філаматаў (ад грэч. – шанавальнікі ведаў). Члены суполкі першапачаткова ставілі польскія нацыянальныя асветніцка-культурныя мэты. Пэўны час філаматы заставаліся нешматлікай групоўкай. У 1819 г. яны разгарнулі актыўную прапагандысцкую дзейнасць сярод вучнеўскай моладзі Вільні. Вынікам гэтай працы стала заснаванне, з дазволу ўніверсітэтскага кіраўніцтва, у маі 1820 г. па ініцыятыве Т. Зана “ Таварыства прамяністых ”. Мэты гэтай культурна-асветніцкай арганізацыі супадалі з філамацкімі. Прамяністыя шчыра верылі ва ўзаемны добратворны ўплыў, прапаведывалі высокамаральныя ідэі і адпаведным чынам паводзілі сябе, практыкаваліся ў гімнастычных гульнях. Дзейнасць прамяністых выклікала незадаволенасць тагачаснага віленскага капітула і ўлад, якія ў 1820 г. распусцілі арганізацыю.

У канцы 1820 г. філаматы ініцыіравалі стварэнне новай тайнай арганізацыі філарэтаў (ад. грэч. – аматары дабрачыннасці), на чале з Т. Занам. Гэтая арганізацыя перарасла ўзровень студэнцкай карпарацыі, яна ўключала ў сябе шырокія колы моладзі, у тым ліку і за межамі Вільні.

Галоўная мэта філарэтаў была палітычнага хакрактару – аднаўленне Рэчы Паспалітай. Такім чынам адбылася эвалюцыю ад асветніцка-навуковых, маральна-этычных мэтаў да палітычных. Сярод членаў былі асобы дэмакратычных поглядаў, якія лічылі неабходным адмену прыгоннага права, вылучалі лозунг роўнасці ўсіх членаў грамадства, імкнуліся да вывучэння беларуска-ліцвінскага краю, звычак, фальклору, побыту насельніцтва, не цураліся беларускай мовы.

Вясной 1823 г. уладам стала вядома аб існаванні шматлікіх тайных юнацкіх арганізацый. Па загаду цара ў красавіку 1824 г. быў створаны спецыяльны камітэт, у які ўвайшлі А.А. Аракчэеў, М.М. Навасільцаў, які прысудзіў кіраўнікоў філарэтаў і філаматаў да высылкі ва ўнутраныя губерні (Т. Зан, Я. Чачот, А. Міцкевіч і інш.). Частка падследных была аддадзена ў салдаты, некаторыя пазбеглі пакарання.

Была праведзена «чыстка» прафесуры Віленскага ўніверсітэта: ад працы былі адхілены I. Лялевель, Ю. Галухоўскі. І.М. Даніловіч, М.К. Баброўскі. Сваіх пасад былі пазбаўлены рэктар універсітэта Твардоўскі і папячыцель Віленскай вучэбнай акругі А. Чартарыйскі.

Пакаранні не прыпынілі нелегальны рух. Шмат членаў тайных арганізацый па тым ці іншым прычынам здолелі пазбегнуць пакарання і працягвалі дзейнічаць у накірунку польскага нацыянальнага адраджэння. Напрыклад, былы філамат М. Рукевіч стаў у 1823 г фундатарам таварыства «Ваенныя сябры» сярод афіцэраў Літоўскага асобнага корпусу; гэтая суполка мела свае філіялы: «Згода», куды ўваходзілі грамадзянскія асобы і «Заране» – з вучняў Беластоцкай і Свіслацкай гімназій. 24 снежня 1825 г. члены суполкі «Ваенныя сябры» капітан К.Г. Ігельстром спрабаваў ініцыяваць адмову ад прысягі Мікалаю I батальена Літоўскага корпусу, але спроба аказалася няўдалай. Удзельнікі выступлення былі пакараныя высылкай у Сібір і на Каўказ.

Беларусь была таксама арэнай дзейнасці дзекабрыстаў. Пасля паўстання Сяменаўскага палка ў Пецярбургу (1820 г.) на заходнюю ўскраіну імперыі былі перадыслацыраваны гвардзейскія часці, у якіх служылі будучыя дзекабрысты А.А. Бястужаў-Марлінскі, М.С. Лунін, А.I. Адоеўскі, К.Ф. Рылееў, М.М. Мураўёў і інш. У 1821 г. быў напісаны «мінскі вырыянт» Канстытуцыі, аўтарам якога быў кіраўнік “Паўночнага таварыства” М.М. Мураўеў. Дзекабрыстамі быў распрацаваны «Бабруйскі план», згодна з ім трэба было арыштаваць Аляксандра I пад час смотру войскаў у Бабруйскай цытадэлі. Гэта дало б штуршок дзяржаўнаму перавароту ў імперыі. Але дрэнная падрыхтоўка сарвала выкананне плана. У лютым 1826 г. прапаршчык С.I. Трусаў (член таварыства «Злучаных славян») спрабаваў узняць паўстанне Палтаўскага палка Барысаўскага гарнізона.

Дзекабрысты і члены мясцовых польскіх тайных таварыстваў спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва. Адной з тэм перагавораў было вызначэнне межаў паміж будучымі свабоднымі Польшчай і Расіей. Так, дзекабрысты згадзіліся на перадачу Беларусі Польскай дзяржаве.

Рэжым новага расійскага імператара Мікалая I (1825-1855 гг.) быў пазбаўлены ўсялякіх ліберальных памкненняў. Гэта хутка адчулі жыхары Царства Польскага і Заходніх губерняў Расіі, што выклікала нарастанне апазіцыйных настрояў. У снежні 1828 г. у Варшаве ўзнікае «Таварыства падхарунжых», ініцыятарам стварэння якога быў П. Высоцкі, да арганізацыі далучаюцца члены раней разгромленных суполак. «Таварыства» планавала забойства Мікалая I пад час яго каранацыі ў Варшаве (май 1829 г.) і захоп улады. Тэрмін выступлення некалькі разоў пераносіўся, але непасрэдны штуршок паўстанню далі рэвалюцыйныя падзеі ў Францыі і Бельгіі ў 1830 г.

Паўстанне пачалося ў ноч з 28 на 29 лістапада 1830 г. у Варшаве. Курсанты школы падхарунжых захапілі арсенал, іх падтрымала большасць насельніцтва Варшавы. Намеснік імператара вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, брат расійскага імператара, прыняў рашэнне аб адыходзе рускіх воінскіх часцей з тэрыторыі Царства Пальскага (польскія нацыянальныя часці далучыліся да паўстання).

Сярод кіраўніцтва паўстаннем вылучаліся дзве плыні: кансерватыўна-арыстакратычная, на чале з А. Чартарыйскім і дэмакратычны клуб («левіца»), кіраваў якім I. Лялевель. Першыя імкнуліся, абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. ці шырокай нацыянальнай аўтаноміі (уключаючай усе тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай у межах Расіі). Здзяйсненне грунтоўных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў кансерватары не лічылі патрэбным. Прадстаўнікі гэтага накірунку займалі большасць уплывовых пасад у арміі, урадзе, былі большасцю ў сейме.

«Левіца» – шляхецкія рэвалюцыянеры адлюстроўвалі інтарэсы прагрэсіўнай і рэвалюцыйнай часткі сярэдняй і дробнай шляхты, буржуазіі, студэнцка-вучнёўскай моладзі. Гэтая плынь не была кансалідаванай, яе ўплыў у сейме, урадзе і арміі быў нязначным. У змаганні з расійскім самадзяржаўем галоўнай сілай яны лічылі польскі народ. «Левіца» трывала падкрэслівала, што змаганне ідзе не супраць рускага народа, а накіравана супраць расійскага абсалютызму, які з’яўляецца ворагам і рускага народу. У студзені 1831 г. быў вылучаны лозунг «За нашу і вашу свабоду». I правыя і левыя ніякім чынам не ўздымалі пытання нацыянальнага вызначэння беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў, якія на іх думку, павінны былі ўліцца ў склад незалежнай Польшчы.

Узнаўленне шляхецкай феадальна-манархічнай Польшчы ў межах 1772 г. на ўсходзе было галоўнай, а для многіх кіраўнікоў і ўдзельнікаў – адзінай мэтай паўстання 1830-1831 гг.

На тэрыторыі Беларусі і Літвы непасрэдная і актыўная падрыхтоўка да паўстання пачынаецца ў студзені 1831 г. Вялася вусная агітацыя, рассылаліся пісьмовыя адозвы, збіраліся сродкі і зброя. Але ніякіх абяцанняў наконт аблягчэння становішча прыгоннага сялянства не было.

Тым часам у Варшаве шляхта, якая збегла туды з заходніх губерняў аб’ядналася ў “Клуб аб’яднаных славян”, які звярнуўся да Сейму з заявай, што беларускі, літоўскі і ўкраінскі рэгіёны далучаюцца да паўстання. Сейм прапанаваў “Клубу” прымаць удзел у сеймавых пасяджэннях (часова, да правядзення нармальных выбараў). 25 студзеня 1831 г. Варшаўскі ўрад звярнуўся з заклікам да насельніцтва Беларусі, Літвы і Ўкраіны, у якім адзначалася, што Сейм і Ўрад абвясцілі цэласнасць і незалежнасць Польшчы, таму і насельніцтва ўсходніх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай павінна прымаць актыўны ўдзел у барацьбе.

Расійскія ўлады прымалі экстраныя меры. У снежні 1830 г. у Заходняй Беларусі і Літве аб’яўляюць ваеннае становішча, узмацняюцца расійскія гарнізоны, больш пільным становіцца нагляд за насельніцтвам. Найбольш падазроныя асобы этапіруюцца ў глыб Расіі, адбываецца чыстка мясцовай адміністрацыі – чыноўнікі палякі і католікі замяняюцца рускімі. У снежні 1830 г. з’явіўся ўказ згодна з якім маенткі памешчыкаў, якія збеглі ў Царства Польскае, падлягалі секвестру.

На пачатку 1831 г. арганізуецца Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Большасць членаў камітэта прытрымлівалася памяркоўна-кансерватыўных поглядаў. Камітэт прызнаваў вяршэнства Варшаўскага ўрада і не праяўляў асаблівай ініцыятывы. Сярод яго спраў быў збор грашовых сродкаў на мэты паўстання, арганізацыя майстэрні па вырабу зброі, спробы каардынацыі дзейнасці павятовых камітэтаў.

К вясне 1831 г. на Беларусі і Літве склалася вельмі напружаная сітуацыя. Перадыслакацыі расійскіх вайсковых кантынгентаў, рэквізіцыі на патрэбы арміі вялі к пагаршэнню і так дрэннага становішча большасці насельніцтва. Узбуджальна дзейнічалі чуткі аб поспехах польскай арміі. Да таго ж, у многіх рэгіёнах Беларусі і Літвы не было значных рускіх вайсковых сіл.

Узброенае выступленне на Беларусі ахапіла ў першую чаргу Ашмянскі, Браслаўскі і Свенцянскі паветы Віленскай, Вілейскі і Дзісненскі паветы Мінскай губерняў. Агульнага кіраўніцтва ў паўстанцаў не існавала, практычна адсутнічала і каардынацыя дзеяняў, звычайна рух абмяжоўваўся тэрыторыяй павета. У выпадку перамогі і авалодання цэнтрам павета, шляхта абірала павятовы ўрад, кіраўніка ўзброеннымі сіламі, іншыя органы ўлады. Кіруючыя пасады ў большасці займалі прадстаўнікі буйной і сярэдняй шляхты, якія і пры расійскім рэжыме выконвалі розныя адміністратыўна-распараджальныя функцыі.

Паўстанцкія ўлады неадкладна абвяшчалі акты паўстання, прыводзілі насельніцтва да прысягі, абвяшчалі набор рэкрутаў, шляхце, далучыўшайся да паўстання, гарантавалася захаванне ўсіх саслоўных і маёмасных правоў.

Сяляне і мяшчане заклікаліся рашуча ўзяцца за зброю і адстойваць новую ўладу. Вольныя ад вайсковых абавязкаў павінны былі падпарадкавацца сваім памешчыкам і адміністрацыі, выконваць звычайныя павіннасці. У выпадку не падпарадкавання памешчыкам і адміністрацыі вінаватых чакалі жорсткія пакаранні. Каталіцкае і ўніяцкае духавенства павінна было схіляць насельніцтва да змагання супраць рускіх і да паслушэнства сваім уладарам і паўстанцкім уладам. За невыкананне рэкруцкіх набораў уласнікам сялян гразілі пакаранні, уключаюцы смяротную кару. Такім чынам мяркавалася стварыць шматлікае паўстанцкае войска. Але гэтыя планы засталіся нерэалізаванымі, бо сутыкнуліся з нежаданнем сялянства, а таксама сабатажам значнай часткі буйных і сярэдніх памешчыкаў, якія не жадалі пазбавіцца працоўных рук. На тэрыторыі пяці, раней узгаданых, паветаў Віленскай і Мінскай губерняў у паўстанні прыняло ўдзел крыху болей за 10 тыс. чалавек.

Паўстанцкі рух на Беларусі меў пераважна рэйдавы характар. Паўстанцы ў зручны момант захоплівалі цэнтр павета, іншыя населеныя пункты. Пры набліжэнні царскіх войскаў інсургенты часам аказвалі жорсткае супраціўленне, у шэрагу выпадкаў пакідалі месцы дыслакацыі без супраціўлення і адыходзілі ў бяспечныя месцы.

Сяляне не спачувалі паўстанню, бо не бачылі ў ім для сябе ніякай карысці. Многія з іх аказаліся ўцягнутымі ў пастанцкі рух пад пагрозай карных санкцый. Пры зручным моманце частка іх кідала паўстанцкія атрады і накіроўвалася да хаты ці хавалася ў лесе, дзе часам яны аб’ядноўваліся і пачыналі змагацца з памешчыкамі – прыгнятальнікамі, не робячы розніцы паміж рускімі і сваімі прыгоннікамі.

Расійскія ўлады прымалі экстраныя і рашучыя захады, каб не дапусціць з’яднання шляхецкага руху з сялянскім. 3 красавіка 1831 г з’явіўся ўказ, якім прадугледжвалася падсуднасць шляхціцаў-паўстанцаў ваеннаму суду з наступнай канфіскацыяй іх маёмасці. Адначасова сялянам абяцалася прабачэнне, калі яны дабраахвотна складуць зброю і вярнуцца дамоў.

На Беларусь і Літву былі ўводзены дадатковыя вайсковыя кантынгенты, фарміравалася спецыяльная рэзервовая армія, прызначаная для падаўлення паўстання ў Віленскай і Мінскай губернях. Значная роля ў зацішэнні належыць генерал-паліцмайстару рэзервовай арміі М.М. Мураўеву, які быў добра знаемы з сітуацыяй на Беларусі. У выніку, у канцы мая паўстанцкі рух на Віленшчыне і Міншчыне быў падаўлены. Адначасова паўстання пачалося на Гродзеншчыне ў Белавежскай пушчы. На Гродзеншчыне рух супаў з прыходам на Беларусь з Польшчы экспедыцыйных атрадаў, да якіх далучаюцца мясцовыя жыхары (іх налічвалася каля 1000 чал.). Дзейнаць белавежскіх паўстанцаў сур’езна пагражала камунікацыям расійскай арміі, перашкаджала яе дзеянням на терыторыі Польшчы, таму прымаліся экстраныя і рашучыя меры.

У маі 1831 г. у Варшаве Сейм прапанаваў шляхце прадставіць па 1 дэпутату ад кожнага павета заходніх губерняў для ўдзелу ў сеймавых паседжаннях, а Варшаўскі нацыянальны ўрад прымае рашэнне аб накіраванні на тэрыторыю Беларусі і Літвы рэгулярных польскіх войскаў для дапамогі мясцовым паўстанцам. Цераз Белавежскую пушчу да Вільні накіраваўся атрад генерала Хлапоўскага, дзе адбылося яго злучэнне з мясцовымі паўстанцамі і з другім экспедыцыйным корпусам польскіх войск пад кіраўніцтвам генерала А. Гелгуда. Паўстанцы ставілі мэтай захоп Вільні. 19 чэрвеня 1931 г. каля Вільні адбылося рашучае сражэнне. Рускія войскі без асаблівых цяжкасцей адбілі атакі паўстанцаў, а потым перашлі ў контрнаступленне. Паўстанцы адступілі, сярод іх пашырылася дэмаралізацыя і дэзерцірства. Рэшткі экспедыцыйных атрадаў і мясцовых паўстанцаў здолелі адыйсці на тэрыторыю Польшчы і працягнулі змаганне.

У чэрвені - ліпені паўстанцкі рух разгарнуўся на поўдні – у Мазырскім, Рэчыцкім і Пінскім паветах. Арганізатарамі і кіраўнікамі былі мясцовыя памешчыкі Ф. Кеневіч, Т. Пуслаўскі, колькасць паўстанцаў склала каля 1300 чалавек, але дасягнуць нейкіх рэальных поспехаў яны не здолелі. У першай палове жніўня паўстанне фактычна зышло на нет. У верасні, у лясах Заходняй Беларусі і Літвы засталіся беглыя сяляне, частка найбольш актыўных удзельнікаў - кіраўнікоў, якія не маглі разлічваць на літасць.

Паўстанне 1830-1831 гг. было шляхецкім па сваім мэтам, кіравалася польскай і апалячанай шляхтай, якая з’яўлялася галоўнай рухаючай сілай. Яго галоўная мэта – гэта рэстаўрацыя шляхецкай Рэчы Паспалітай. Не гледзячы на кансерватызм, паўстанне нанесла моцны ўдар па самаўладству, садзейнічала замацаванню рэвалюцыйных змен у Францыі і Бельгіі, паспрыяла разгортванню нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў іншых еўрапейскіх краінах.

На ўдзельнікаў і западозраных ва ўдзеле ў паўстанні абрынуліся рэпрэсіі. Ствараліся спецыяльныя губернскія следчыя камісіі, якія пільна разглядалі справы. Сотні шляхціцаў былі пазбаўлены сваіх маёнткаў, арыштаваны, сасланы, мноства знайшло выратаванне ў эміграцыі.

Рэзка актывізаваліся дзеянні па «разбору шляхты» з мэтай выключыць з прывіляванага дваранскага саслоўя мелкапамесную і беззямельную шляхту – галоўных удзельнікаў паўстання. Дзеля гэтага праводзілася татальная праверка дакументаў на дваранскую годнасць. У выніку тысячы сямей былых шляхціцаў папоўнілі падатковыя станы сялян-аднадводцаў і мяшчан. Тэрмін “шляхта” быў забаронены для выкарыстання ў рускай мове.

Адначасова расійскія ўлады абаранялі правы памешчыкаў, калі апошнія адкрыта не выступалі супраць самаўладдзя. Агульная амністыя ўдзельнікам паўстання была абвешчана ў каранацыйным маніфесце новага імператара Аляксандра II (26 жніўня 1856 г.).

Вынікамі няўдалага паўстання стала адмена аўтаноміі Каралеўства Польскага і скасаванне Польскай Канстытуцыі 1815 г. Кіраўніцтва імперыяй узяла курс на татальную русіфікацыю заходнягя края, у выніку чаго была скасавана ўніяцкая царква (1839 г.), быў зачынены Віленскі ўніверсітэт (1832 г.), адменена дзеянне Статута 1588 г. Масавая эміграцыя найбольш актыўнай і адукаванай часткі шляхты адбілася на адраджэнні беларускай культуры.

Рэпрэсіі, безумоўна, абмяжоўвалі магчымасці нацыянальна-вызваленчага руху, але цалкам пагасіць імкненне да волі, нацыянальнай і сацыяльнай свабоды не змаглі.

У той час найбольш актыўную і радыкальную пазіцыю займалі эмігранцкія арганізацыі. Шэраг з іх лічыў, што трэба аднавіць узброеную барацьбу. Пачалася засылка на тэрыторыі Польшчы і Заходніх губерняў Расійскай імперыі спецыяльных эмісараў, якія павінны былі ствараць з мясцовых жыхароў узброеныя атрады для разгортвання партызанскай барацьбы.

Так, пад час “Экспедыцыі палкоўніка Ю. Заліўскага” 1833 г. тэрыторыя Беларусі была падзелена на акругі, у кожную прызначаліся эмісары. Галоўная стаўка рабілася на прыцягненне сялян да паўстання. Агучваліся лозунгі: надзяленне сялян зямлёй, рэстаўрацыя Рэчы Паспалітай у выглядзе дэмакратычнай дзяржавы. На пачатку 1833 г. на тэрыторыю Беларусіі прыбылі М. Валовіч, П. Пішчатоўскі, М. Ходзька і інш. Аднак эмісары былі хутка арыштаваныя ўладамі, сяляне не падтрымалі “экпедыцыю”.

Па ранейшаму цэнтрам нацыянальнай і сацыяльнай барацьбы заставалася Вільна. Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта дзейнічалі створаныя на яго базе медыка-хірургічная і рымска-каталіцкая акадэміі. У 1836 г. сярод студэнтаў першай ўтвараецца «Дэмакратычнае таварыства», лідэрам якога быў студэнт Ф. Савіч. Акрамя студэнтаў у склад суполкі ўваходзілі прадстаўнікі разначынскай інтылегенцыі, выхадцы з шляхецкага асяроддзя.

Кіраўнік, частка членаў суполкі прытрымліваліся радыкальных дэмакратычных поглядаў, іх ідэалам было грамадства роўных магчымасцей для ўсіх. Члены таварыства крытычна ацэньвалі дзейнасць сваіх папярэднікаў у 1830-1831 гг., папракалі іх за немагчымасць ўзняцца да прызнання роўнасці ўсіх людзей. Савіча нават не палохала фізічная расправа над прыгоннікамі дзеля вырашэння сялянскага пытання. Савіч і яго аднадумцы выступалі за роўнаць усіх людзей, права кожнага народа на самастойнасць, заклікалі да сумеснай барацьбы розных народаў супраць царызму, прапагандавалі рэспубліканскі лад. У 1837 г. «Дэмакратычнае таварыства» стала часткай нелегальнай арганізацыі «Садружнасць польскага народа» на чале з Ш. Канарскім, і якая на тэрыторыі Заходніх губерняў Расійскай імперыі вядома пад назвай «Маладая Польшча». У чэрвені 1838 г. улады выкрылі арганізацыю Савіча, яе кіраўнік і іншыя актыўныя члены былі сасланы на Каўказ салдатамі ў дзеючую армію.

У 1846-1849 гг. дзейнічала тайная арганізацыя «Саюз свабодных братоў», вядомы яе суполкі ў Ашмянах, Вільна, Гродне, Лідзе і Мінску, колькаць удзельнікаў дасягала 200 чалавек. Найбольш актыўна дзейнічала мінскае адгалінаванне, якое разгарнула сваю дзейнасць сярод вучнеўскай моладзі, вайскоўцаў мінскага гарнізона. У Бараўлянах, каля Мінска, была наладжана вытворчасць зброі і патронаў. «Саюз свабодных братоў» ставіў перад сабой мэту сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення, свабоду Польшчы і Расіі. Гэтым памкненням ў вялікай ступені садзейнічалі рэвалюцыйныя падзеі ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе.

Улады ў 30-50я гг. праводзілі актыўныя і досыць паспяховыя пошукі тайных таварыстваў, таму рэвалюцыйныя падзеі 1848 г. у Еўропе не знайшлі працягу на Беларусі. У 50-я гг. нараджаецца новая – рэвалюцыйна-дэмакратычная ідэалогія, якая хутка прыйдзе на змену шляхецкай ідэі бырацьбы супраць рускага самаўладдзя.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў канцы XVIII – 50-х гг. XIX ст.

Сельская гаспадарка. Беларусь у XIX стагоддзі з’яўлялася рэгіёнам, дзе панавала буйнапамеснае дваранскае землеўладанне. Напярэдадні 1861 г. у памешчыкаў было каля 12 млн. дзесяцін (70%) зямлі, і толькі звыш 4 млн. дзесяцін (прыблізна 27%) знаходзілася ў карыстанні каля 1 млн. сялян. У буйных латыфундыях ствараліся сярэднія па велічыні маёнткі, з колькасцю прыгонных ад 200 да 500 чалавек, якія здаваліся ў арэнду. Рост таварнасці адбываўся за кошт павелічэння паншчынных павіннасцей сялян. Галоўныя павіннасці – паншчына і аброк. Марудна ўводзіліся капіталістычныя формы гаспадарання, такія як прымяненне ўдасканаленых сельскагаспадарчых машын; праца наёмных рабочых; увядзенне травасеяння і шматпольных севазваротаў. Гэтаму перашкаджала танная праца прыгонных сялян.

Асноўная маса памешчыкаў лічыла прыгоннае права падмуркам рацыянальнай гаспадаркі і не збіралася ад яго адмаўляцца. Але была ўмова, якая садзейнічала развалу феадальнага эканамічнага механізму – гэта попыт на хлеб і прадукцыю сельскай гаспадаркі ў Заходняй Еўропе ў першыя дзесяцігоддзі XIX ст. з адначасовым ростам ёмістасці ўнутранага рынку.

У першай палове XIX ст. вызначаецца спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці. Віцебская і паўночныя паветы Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў – гэта раён ільна - і бульбавоцтва. Паўдневыя паветы (Пінскі, Навагруцкі, Гомельскі і інш.) беларускіх губерняў – гэта вырошчванне і перапрацоўка цукровых буракоў. Гродзеншчына – гэта рэгіён танкаруннай авечкагадоўлі, у 40-х гг. XIX ст. там налічвалася 600 тыс. авечак. На мяса-малочнай жывёлагадоўлі ў 40-50-я гг. спецыялізаваліся адзінкавыя памешчыцкія гаспадаркі, што мелі вінакурныя заводы.

Такім чынам, у памешчыкаў Беларусі было імкненне ўзнімаць прадукцыйнасць сваіх гаспадарак, вырабляць больш таварнай прадукцыі.

Сялянская саслоўе было неаднародным. Каля 70% беларускіх сялян мелі сваю гаспадарку і карысталіся зямельным надзелам з умовай выканання павіннасцяў. Каля 30% – гэта дваровыя сяляне, якія не вялі сваёй гаспадаркі, працавалі на памешчыцкім двары і знаходзіліся на натуральным утрыманні. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях пераважала сялянскае падворнае землекарыстанне, а ў Віцебскай і Магілёўскай – абшчыннае.

Прылады працы ў сялян былі самыя простыя, тыя ж, што і ў папярэдні перыяд. Толькі ў адзінкавых заможных сялянскіх гаспадарках былі веялкі, малацілкі і іншыя машыны. Агратэхніка, як і раней, – рэгулярнае трохполле. У заможных гаспадарках пачалі сеяць кармавыя травы, асушваць балоты, набываць лепшае насенне для пасеву, ужываць на ўгнаенне глей і торф.

Культуры выкарыстоўвалі ў асноўным тыя ж, але з’явілася бульба (у сярэдзіне стагоддзя займала каля 4% плошчы). Увядзенне ў севазварот бульбы садзейнічала пераходу ад трох - да чатырохполля. Ураджайнасць культур заставалася невялікай, збожжавых у сярэднім сам-3, бульбы – сам-6. На сялянскую гаспадарку прыходзілася два валы або адзін конь, 1-4 авечак і свіней, кароў, так сама і птушка. Памер зямельных надзелаў быў неаднолькавы, у сярэднім каля 10-12 дзесяцін. Складаўся ён з дзвюх аднолькавых частак – цяглай і прыёмнай доляў. За цяглую сяляне адбывалі паншчыну, за прыёмную плацілі аброк.

Са старажытных часоў захаваліся зямельныя сервітуты, яны давалі сялянам права карыстацца сенажаццямі, ляснымі ўгоддзямі, пасвіць жывёлу, лавіць рыбу і г.д. Усё гэта на пэўных умовах было значнай падмогай для сялян.

Павіннасці сялян былі разнастайныя. Самай цяжкай формай была здача сялян панамі падрадчыкам па кантрактах на сплаўныя, будаўнічыя і зямельныя работы на працяглы перыяд. Гаспадары адрываліся ад асабістай гаспадаркі, якая прыходзіла ў заняпад. Значна выраслі памеры паншчыны – яны дасягалі шасці дзён у нядзелю з гаспадаркі, пры гэтым селянін выкарыстоўваў свой інвентар і цяглую сілу. Аброчныя сяляне выплочвалі ад 20 да 80 руб. у год, плацілі даніну прадуктамі і выконвалі дадатковыя павіннасці ў маёнтках.

У 50-я гг. XIX ст. наглядаецца няспынны рост нядоімак дзяржаўных падаткаў. Падушны падатак беларускія сяляне плацілі залатой і срэбнай манетай, што было ў 4-5 разоў даражэй за асігнацыі (асігнацыямі плацілі падушны падатак сяляне суседніх расійскіх губерній). На 1856 г. нядоімкі з беларусаў склалі 8 млн. руб., гэта каля 30% усіх нядоімак па імперыі.

Сялянская гаспадарка паступова звязвалася з рынкам праз таргі і кірмашы. Але яе гандлёвыя сувязі насілі аднабаковы характар – амаль усе атрыманыя грошы ішлі на выплату памешчыцкіх і дзяржаўных падаткаў. На развіццё сваёй гаспадаркі, пакупку зямлі, машын, насення, жывёлы грошай не заставалася. Сялянская гаспадарка, як і раней, заставалася натуральнай. Другая крыніца грошай – адыходныя промыслы, яны былі звязаны з сезоннымі, сплаўнымі і земляробчымі работамі. Вялікая колькасць сялян працавала ў 50-я гг. на будаўніцтве чыгунак за межамі тэрыторыі Беларусі.

Наглядалася расслаенне сялянскіх гаспадарак, яно было больш глыбокім у заходняй і цэнтральнай частках Беларусі. Але заможных сялян у Беларусі ў параўнанні з цэнтральнымі губернямі Расіі было значна меньш.

Такім чынам, да сярэдзіны XIX ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі паглыбіўся і можна гаварыць аб яе крызісе. Яго прыкметы – зніжэнне прыбытковасці памешчыцкіх маёнткаў; рост дзяржаўных нядоімкаў; маёмаснае і сацыяльнае расслаенне сялянства (заможная вярхушка вяла гандлёвае земляробства або валодала прадпрыемствамі і капіталамі); паступовае ўкараненне элементаў капіталізму (прымяненне вольнанаёмнай працы, машыннай тэхнікі, спецыялізацыя гаспадарак, пастаўка прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасці на рынак і інш.).

Прамысловы пераварот і станаўленне фабрычна-заводскай прамысловасці на Беларусі ў першай палове XIX ст.

У першай палове XIX ст. Беларусь уступіла ў стадыю прамысловага перавароту. Прамысловы пераварот — гэта пераход ад заснаванай на ручной працы мануфактуры да машыннай індустрыі. У выніку яго прамысловасць пераўтвараецца ў галоўную галіну грамадскай вытворчасці.

Да пачатку XIX ст. найбольш распаўсюджанымі відамі прамысловай вытворчасці на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца промыслы, рамёствы і мануфактуры ў гарадах і мястэчках. Шырокае развіццё атрымалі палатняная, суконная, гарбарная, кравецкая, шавецкая, ганчарная вытворчасці, апрацоўка дрэва, выраб скур і г.д.

У гарадах вядучае месца займала рамесная вытворчасць. Рост яе таварнасці выклікаў ліквідацыю самастойнасці і карпаратыўнай замкнённасці цэхаў, іх манаполію ў вытворчасці. Члены цэхаў атрымлівалі права наймацца на фабрыкі і заводы. Узніклі буйныя майстэрні з наёмнымі рабочымі. Гарацкое рамяство задавальняла патрэбы не толькі жыхароў горада, але і навакольнага вясковага насельніцтва. У канцы 50-х гг. XIX ст. на Беларусі налічвалася да 16,5 тыс. рамеснікаў.

Прыгонныя вотчынныя мануфактуры ў пачатку XIX ст. пераважалі над капіталістычнымі, але паступова яны трансфармаваліся ў капіталістычныя. Вотчынныя мануфактуры працавалі пераважна дзеля задавальнення патрэб памешчыка-прыгонніка і яго гаспадаркі. Капіталістычныя выраблялі прадукцыю на продаж. Меньшая даходнасць прыгонных мануфактур у параўнанні з прадпрыемствамі, на якіх працавалі вольнанаёмныя рабочыя, з’яўлялася пацвярджэннем крызісу прыгоннай гаспадаркі.

У першыя дзесяцігоддзі XIX ст. кола мануфактур пашырылася. У 1801-1805 гг. у беларускіх губернях было больш за 300 прадпрыемстваў. З 50-х гг. XIX ст. пачаўся хуткі рост капіталістычных мануфактур з вольнанаёмнымі рабочымі. Уласнікамі мануфактур з’яўляліся купцы, мяшчане і рамесніцкія майстры. На 57 капіталістычных мануфактур у 1860 г. працавала 1.746 рабочых, яны выпускалі прадукцыі на 752 тыс. руб., гэта каля 48% прадукцыі ўсіх мануфактур.

Адначасова (другая чвэрць XIX ст.) адбывалася ўзбуйненне вотчынных мануфактур. Іх частка адносілася да тыпу фабрычна-завоцкіх прадпрыемстваў. Арандатары вотчынных мануфактур выкупалі станкі, будынкі, зямлю і перабудоўвалі прадпрыемствы на капіталістычны лад (металургічны завод у Налібоках).

Першыя фабрыкі і заводы ў Беларусі, як і мануфактуры, былі прыгоннымі. Паравыя машыны ў беларускай прамысловасці з’явіліся ў 20-я гг. XIX ст. на суконных прадпрыемствах памешчыка Пуслоўскага ў мястэчках Хомску Кобрынскага і Косаве Слонімскага паветаў. У 1841 г. узнік мукамольны завод капіталістычнага тыпу ў Магілёве, ён быў аснашчаны паравым рухавіком, размяшчаўся ў цагляным будынку, усе рабочыя былі вольнанаёмнымі, затым цукровы завод у Беліцы.

Сярод рэгіенаў лідыравалі Гродзенская губерня (суконныя прадпрыемствы) і Магілёўская губерня, адставала Мінская губерня. Кошт прадукцыі фабрычнай прамысловасці Беларусі ў 1852 г. склаў 2,5 млн. руб., у 1859 г. – амаль 5 млн. руб. Размяшчэнне прадпрыемстваў залежала ад транспартных шляхоў, крыніц сыравіны і працоўнай сілы. Дамінуючымі галінамі фабрычна-завадской прамысловасці ў гэты перыяд былі суконная, папяровая і шкляная. Другасны характар мелі палатняная, дывановая, канатная, медная і некаторыя іншыя галіны.

На працягу першай паловы XIX ст. дробная вытворчасць у прамысловасці пераважала. Хаця колькасць прадпрыемстваў у ей у параўнанні з 1796 г. скарацілася ў 2,3 раза, але аб’ём прадукцыі вырас да 7.105 тыс. руб. Гэта ўдвая больш за мануфактурную і фабрычную вытворчасці разам. Так сама пануючай яшчэ заставалася прамысловасць, заснаваная на прыгоннай працы. Па колькасці прадпрыемстваў на 1860 г. яна пераўзыходзіла капіталістычную ў 1,5 раза, па колькасці рабочых у 1,8 раза, па валавой прадукцыі ў 2,8 раза.

З 1796 па 1861 г. адбываўся рост гарадоў. Насельніцтва гарадоў павялічылася ў 4 разы – з 80 да 320 тыс. Там зменьшылася колькасць і ўдзельная вага пануючага класа феадальнага грамадства (дваран і духавенства), павялічылася колькасць купцоў, рамеснікаў і працуючых па найму.

Больш заметнымі сталі перамены ў нацыянальным складзе гарацкога насельніцтва Беларусі, значна вырасла колькасць яўрэяў (прычына – існаванне “мяжы аседласці”) і рускіх (новае чыноўніцтва).

Развіццю гандлю спрыяў рост колькасці вольнанаёмных рабочых. Да 40-50-х гг. XIX ст. у гарадах і мястэчках вырасла колькасць купецтва, з’яўляецца катэгорыя гандлюючых сялян. Асноўнай формай гандлёвых адносін у 30-50-я гг. XIX ст. былі кірмашы. Самыя вялікія былі ў Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях, нязначныя – у Віленскай і Мінскай (на Беларусі быў 351 кірмаш з прывозам на 7,4 млн. руб.). Буйнымі былі кірмашы ў мястэчку Зэльва Гродзенскай губерні (721 тыс. руб.), у Бешанковічах (664 тыс. руб.) і ў Любавічах Магілеўскай губерні (501 тыс. руб.). Развозна-разносны гандаль у гарадах, мястэчках і сельскай мясцовасці пасля кірмашоў займаў другое месца. Базары існавалі амаль ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі. Стацыянарны гандаль адбываўся ў штодзённа працуючых гандлёвых установах – лаўках, крамах, магазінах, піцейных дамах, карчмах, кавярнях і г.д.

Знешні гандаль у асноўным вёўся па рэках і каналах. Галоўны гандлёвы шлях – Днепр, асноўны пункт транзітнага гандлю – Юрбург на р. Нёман (сучасны горад Літвы Юрбаркас). 3 Беларусі тавары траплялі ў еўрапейскія і азіяцкія краіны і калоніі Амерыканскага кантынента. За мяжу з беларускіх губерняў вывозілі прадукты земляробства і жывёлагадоўлі, лес і драўляныя вырабы, прадукцыю перапрацоўчай прамысловасці. Імпартаваліся еўрапейскія фабрычныя тавары, металы, соль, рыба, вінаградныя віны, садавіна, машыны і абсталяванне. Працягваўся традыцыйны гандлёвы абмен з царствам Польскім, але з апошнім у Расійскай імперыі з 1822 па 1850 г. існавала мытная мяжа.

Між тым як унутраны, так і знешні гандаль развіваўся марудна. Яго развіццю ў вялікай ступені перашкаджаў кепскі стан шляхоў зносін. Тэмпы росту гандлю ў 50-я гг. XIX ст. у параўнанні з другой паловай XVIII ст. знізіліся.

Першая палова XIX ст. – перыяд далейшага фарміравання капіталістычных адносін. Аб гатым сведчылі новыя капіталістычныя мануфактуры, заводы і фабрыкі, дзе працавалі вольнанаёмныя рабочыя, укаранялася паравая машынная тэхніка. Але тэмпы прамысловага развіцця беларускіх губерній былі ніжэйшымі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Еўрапейскай часткі Расіі. Галоўныя прычыны – панаванне прыгоннай сістэмы гаспадарання і канкурэнцыя з боку расійскай і польскай прамысловасці, якія мелі значную перавагу ў сваім развіцці.

Спробы гаспадарчых рэформаў. Крызісныя з’явы ў гаспадарцы прымушалі царскія ўлады рабіць пэўныя захады па рэфарміраванню існуючых парадкаў. Першыя спарадычныя меры прымаліся яшчэ ў пачатку стагоддзя, Але былі непаслядоўнымі і абмежаванымі. Так, у 1801 г. Расійскі ўрад даў дазвол набываць і прадаваць землі купцам, мяшчанам і дзяржаўным сялянам (упершыню купцы і мяшчане Беларусі набылі гэта права яшчэ ў 1775 г. згодна з пастановай Сейму Рэчы Паспалітай). А ў 1803 г. быў выдадзены ўказ аб так званых “ вольных хлебапашцах ”. Памешчыкі мелі права адпускаць прыгонных з зямлёй за вялізны выкуп, але за імі заставаліся павіннасці згодна з узаемным дагаворам. У 1848 г. вольныя хлебаробы былі ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.

Інвентарная рэформа 1844-1857 гг.. З мэтай абмежаваць бескантрольную ўладу памешчыкаў, царскі ўрад увеў абавязковыя інвентары – гаспадарчае апісанне памешчыцкіх маёнткаў з дакладнай фіксацыяй колькасці прыгонных, памераў зямельных надзелаў, выконваемых павіннасцяў. У 1844 г. было зацверджана палажэнне аб стварэнні дваранскіх камітэтаў у заходніх губернях для складання абавязковых інвентароў памешчыцкіх маёнткаў. У камітэтах ўдзельнічалі самі памешчыкі, таму складзеные імі інвентары сялянам палёгкі не неслі.

Па інвентарах уся зямля, якая знаходзілася ў фактычным карыстанні сялян, захоўвалася за імі. Для вызначэння павіннасцей за аснову была прынята трэцяя частка даходу з вылучаных сялянам зямель. Інвентарныя правілы часта парушаліся памешчыкамі, тым не менш дзяржава ў некаторай ступені ахоўвала сялян ад празмерных апетытаў іх гаспадароў. Да 1857 г. інвентары былі ўведзены толькі ў 1/10 частцы памешчыцкіх маёнткаў (сяляне актыўна супрацьдзейнічалі іх ўвядзенню), таму можна гаварыць аб правале рэформы.

Адначасова ў сістэме кіравання дзяржаўнай маёмасцю (каля 465 тыс. сялян на Беларусі) патрабавалася рэформа кіравання дзяржаўнымі сялянамі. Яна была праведзена ў 1837-1841 гг. міністрам дзяржаўнай маёмасці П.Д. Кісялёвым. Рэформа мела тры накірункі: рэформа кіравання дзяржаўнай вёскай; “папячыцельская” палітыка; “люстрацыі дзяржаўных маёмасцяў”.

Рэформа кіравання вёскай пачалася ў 1837 г. згодна з спецыяльным палажэннем. Была адменена арэнда дзяржаўных маёнткаў, і быў створаны бюракратычны аппарат кіравання сялянамі, утрыманне якога лягло на плечы дзяржаўных сялян.

“Папячыцельская палітыка” ўключала арганізацыю харчовай дапамогі сялянам, арганізацыю пачатковага навучання для дзяцей і арганізацыю медыцынскай дапамогі. Харчовая дапамога на выпадак перыядычных неўраджаяў складалася ў стварэнні грамадскіх запасаў зерня. Галоўнай крыніцай папаўнення кармоў служылі грамацкія заворванні. Аднак колькасць хлеба ў крамах не павялічвалася. Не лепш былі справы і з іншымі пачынаннямі «папячыцельскай палітыкі». Да таго ж мерапрыемствы папячыцельства фінансаваліся не дзяржавай, а з сум сялянскіх капіталаў і грамадскага збору.

Мэта люстрацыі дзяржаўных маёмасцяў – павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўнай вёскі праз ліквідацыю сялянскага малазямелля (пераразмеркаванне зямельнага фонду паміж маёнткамі і перасяленне сялян) і рэгламентацыю і ўніфікацыю павіннасцяў. Яна праводзілася ў два этапы: да 1844 г. з захаваннем фальварачна-баршчыннай сістэмы, і з 1844 г. па 1857 г. – паскораны ўвод аброчнай сістэмы.

Гэта сялянская рэформа мела буржуазны характар, бо спрыяла пашырэнню таварна-грашовых адносін на вёсцы.

Акрамя таго, у першай палове стагоддзя былі праведзены гільдэйская рэформа 1824 г. і грашовая рэформа 1839-1843 гг. (міністрам фінансаў Е.Ф. Канкрыным).

Мэта першай рэформы была ў пашырэнні правоў купецтва трэцяй гільдыі. Больш таго, акрамя купецтва іншыя асобы (мяшчане, сяляне, рамеснікі) атрымалі права набываць гільдэйскія пасведчанні. Сяляне мелі права трымаць ткацкія станкі, мяшчане маглі закупаць і перапрадаваць сельскагаспадарчыя тавары, аднак на абмежаванай тэрыторыі.

Сутнасць грашовай рэформы была ў замене папяровых грошай (асігнацый) на крэдытныя білеты, якія павінны былі свабодна разменьвацца на срэбра. У сваю чаргу, срэбраная манета вызначалася як галоўная манета абарачэння, мера ўсіх грашовых папер, каштоўных папер і аблігацый. Рэформа мела станоўчы вынік, бо дапамагла ўмацаваць фінансы дзяржавы.

Праведзеныя рэформы садзейнічалі пашырэнню таварна-грашовых адносін у феадальнай гаспадарцы. Але асноўная іх мэта – захаваць феадальнае землеўладанне і прыгонную сістэму. Таму рэформы кардынальна не вырашылі праблему адставання гаспадарчага развіцця ўсёй дзяржавы і Беларусі як яе часткі ад перадавых краін.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: