Стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі

Беларуская Народная Рэспубліка, хаця заіснавала ў большай ступені як ідэя чым рэальна існуючае палітычнае тварэнне, стала аднак каталізатарам, які давёў да стварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці. За такую форму нацыянальнага быту выказаўся таксама І Усебеларускі з’езд, пакуль быў разагнаны па волі мінскіх прадстаўнікоў Савета Народных Камісараў. З такімі патрабаваннямі выступалі беларускія бальшавікі, якія дзейнічалі ў розных секцыях Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) [РКП(б)]. Аднак воля беларусаў у гэтым выпадку мела другараднае значэнне. Аб узнікненні новых стварэнняў у выглядзе беларускай або літоўскабеларускай дзяржаўнасці прадрашалі патрэбы бягучай савецкай палітыкі. Экспарт рэвалюцыі ў Еўропу патрабаваў перш за ўсё надаць верагоднасць бальшавіцкім лозунгам аб праве народаў на самавызначэнне. Па гэтай прычыне трэба было нейтралізаваць урад БНР, які разаслаў свае дыпламатычныя місіі ў большасць еўрапейскіх краін.

8 снежня 1918 г. савецкія ўлады пракламавалі ў Маскве стварэнне Літоўскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. У яе межах мелі апынуцца амаль усе беларускія землі. Хутка аднак адышлі яны ад гэтай задумы і ўжо ў палове снежня Цэнтральны Камітэт РКП(б) разважаў праект стварэння асобных — літоўскай і беларускай — рэспублік. 25 снежня ў час сустрэчы Іосіфа Сталіна, тадышняга камісара па справах нацыянальнасцей і старшыні ПаўночнаЗаходняга абласнога камітэта РКП(б) Аляксандра Мяснікова былі вызначаны межы абедзвюх дзяржаў. Беларусь — паводле Сталіна — мелі састаўляць Гродзенская, Мінская і Смаленская, а Літву — Ковенская і Віленская губерні. Тры дні пазней Сталін па тэлеграфу загадаў далучыць да Беларусі Магілёўшчыну і Гомельшчыну. VI ПаўночнаЗаходняя канферэнцыя РКП(б), якая адбывалася 30 снежня ў Смаленску, пераўтварылася ў І З’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, які ў гэты ж дзень абвясціў рэзалюцыю аб старэнні Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі (БССР). “Каб забяспечыць свабоду працоўным масам і адраджаючымся народам і проціставіцца акружаючым нас бандам наймітаў змрочных сіл імперыялізму, — пісалася ў рэзалюцыі, — VI Абласная канферэнцыя бальшавікоў лічыць неабходным стварэнне самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларускай”.

1 студзеня 1919 г. аб сваім існаванні заявіў Часовы рабочасялянскі савецкі ўрад Беларусі. У выдадзеным маніфесце заклікаў ён народ Беларусі на барацьбу з “прадажнымі буржуямі, купцамі, памешчыкамі, фабрыкантамі і духаўнікамі”, якіх прадстаўнікамі былі Рада БНР ды слугуючыя ёй нямецкія, польскія і ўкраінскія акупанты. Змест маніфеста як і вага абвінавачанняў былі доказам таго, што бальшавікі лічылі БНР важным канкурэнтам за ўладу ў Беларусі. Маніфест адначасна прызнаваў несапраўднымі ўсе законы, пастановы і распараджэнні ўлад БНР. Кіраўніком савецкага ўрада быў назначаны беларускі камуніст Зміцер Жылуновіч, але фарміраванне Народнага камісарыята ўнутраных спраў было даручана армяніну Аляксандру Мяснікову, які 17 снежня 1917 г. разганяў І Усебеларускі з’езд. У складзе ўрада было 8 беларускіх і 11 расійскіх камуністаў.

3 лютага Усебеларускі з’езд Саветаў вырашыў устанавіць федэратыўны саюз з Савецкай Расіяй і абвясціў канстытуцыю БССР пад назвай “Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа”. Некалькімі днямі раней Цэнтральны Камітэт РКП(б) паменшыў тэрыторыю Беларусі, адарваўшы ад яе Смаленскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні і далучыўшы іх да Расіі. Неўзабаве непатрэбным палічылі яны таксама існаванне абрэзанай тэрытарыяльна Беларусі. Адпаведныя пастановы аб яе ліквідацыі “ад імя беларускіх рабочых і сялян” прыняў Усебеларускі з’езд Саветаў, абвяшчаючы 16 лютага 1918 г. волю далучэння БССР да ЛітоўскаБеларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел). Беларускія камуністы са Зміцерам Жылуновічам на чале, якія ў канцы 1918 г. суарганізавалі БССР, былі арыштаваны, паколькі пратэставалі супраць новых падзелаў краіны. Ва ўладах Літбела не было ніводнага беларуса. Літоўскабеларуская савецкая дзяржава была федэрыравана з Расіяй. У выглядзе звышнацыянальнай арганізацыі мела яна перашкодзіць адраджэнню незалежніцкіх памкненняў беларусаў і літоўцаў, а заадно само яе існаванне давала савецкім уладам козыр у рукі як доказ іх паслядоўнай рэалізацыі прынцыпу аб праве народаў на самавызначэнне.

Да канца лютага большасць беларускіх зямель была занята Чырвонай Арміяй. 13 сакавіка з часткі савецкіх узброеных сіл была створана ЛітоўскаБеларуская армія, але мабілізаваных у Беларусі салдат найчасцей пасылалі на ўсходні або паўднёвы франты. Сама назва ЛітоўскаБеларуская армія не мела нічога супольнага з яе этнічным складам, бо ў пераважнай ступені састаўлялі яе расійскія салдаты.

На занятым абшары Беларусі бальшавікі паспешліва арганізавалі саветы сялянскіх дэпутатаў, якія пачалі дзяліць вялікую зямельную ўласнасць і заахвочваць сялян выступаць супраць двароў. Многія прадстаўнікі памешчыцкага саслоўя, якія раней падтрымоўвалі ідэю незалежнай беларускай дзяржаўнасці, памянялі сваю арыентацыю і забеспячэнне сваіх інтарэсаў сталі шукаць ва ўзнікаючай Польшчы. Большасць, баючыся рэпрэсій, апынулася на тэрыторыі Польшчы. У частцы нацыяналізаваных зямельных маёнткаў ствараліся сельскагаспадарчыя камуны. Іх членамі пераважна былі людзі, якія раней належалі да фальварковай службы. Сяляне не атрымоўвалі нічога і апрача таго былі прымушаны забяспечваць чырвонаармейцаў харчамі і фуражом, выконваць для войска транспартныя паслугі. Мабілізацыя ў савецкую армію чарговага штогодняга кантынгента прызыўнікоў выклікала бежанства маладых людзей у лясы, спрыяла ўзніканню розных груп, якія рашаліся на партызанскую барацьбу з атрадамі Чырвонай Арміі, што высылаліся на вёскі для рэквізіцыі збожжа, коней, свіней.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: