З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю

Афіцыйна-справавы стыль вылучыўся раней за іншыя стылі дзякуючы таму, што абслугоўваў важнейшыя сферы дзяржаўнага жыцця: знешнія адносіны, замацаванне прыватнай уласнасці і гандаль. Неабходнасць пісьмовага замацавання дагавароў, законаў, афармлення спадчыны пачала фарміраваць асобую «мову», якая, зведаўшы мноства змен, захоўвае свае асноўныя адметныя рысы.

Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў. На ёй створана багатая літаратура розных стыляў і жанраў. Сапраўднага росту дасягнула таксама беларускае справаводства і заканадаўства. Выдатнае месца сярод прававых актаў займае Літоўскі Статут (рэдакцыі 1529, 1566, 1588 гг.). Напэўна, усё гэта меў на ўвазе Я.Купала, калі пісаў, што даўней беларуская мова «свае правы чужым дыктавала».

У афіцыйных дакументах Вялікага княства Літоўскага замацавалася тэрміналогія, устойлівыя юрыдычныя формулы, характэрныя для справавой мовы ўсходнеславянскага перыяду (грамота, миръ, правда, посолъ, договоръ чинити, а се я, а при том были сведци). Узніклі і новыя моўна-стылёвыя сродкі, галоўным чынам на аснове жывой гаворкі народа: доводъ, забойца, держава, врядникъ, пригонъ, пригонные люди, властностъ, громада, податокъ, звычай, позывный листъ, помста, позыченье і інш. Беларуская мова папаўнялася тэрмінамі з польскай, лацінскай і іншых моў: рада, скарга, дэкрэт, канстытуцыя, мандат, апеляцыя, аркуш, акт, рахунак і інш.

Канец ХVІІ–ХІХ стст. былі неспрыяльныя для беларускай мовы наогул і справаводства ў прыватнасці: яно было выцеснена спярша польскім, потым – рускім. Таму калі на пачатку ХХ ст. паўстала задача адраджэння беларускай мовы, то асноўная апора была на жывую гаворку народа і на ўзнаўленне занядбаных літаратурна-пісьмовых традыцый. Значны ўклад у развіццё грамадска-палітычнай і афіцыйна-справавой лексікі зрабілі ўдзельнікі палітычных рухаў, культурна-асветніцкіх, дабрачынных і іншых аб’яднанняў і суполак. Пра гэта сведчыць, напрыклад, «Пратакол з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25–27 сакавіка 1917 г.»), у якім ужываюцца словы і звароты: арганізацыйная камісія, Беларускі камітэт помачы ахвярам вайны, грамадзянін, дэлегат, даклад, па дакладзе прыняць рэзалюцыі, пастанавілі стварыць камісію, сакратар, склікаць з’езд і інш.

У 20-ыя гады разгарнулася інтэнсіўная распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі. Тэрміналагічная камісія Інстытута беларускае культуры падрыхтавала і выдала 24 галіновыя выпускі. Тэрміналогія права падаецца ў Х выпуску, грамадазнаўства – у ХІ. Наколькі грунтоўна рыхтаваліся тэрміны, паказвае невялічкая даведка-прадмова, змешчаная ў зборніку «Беларуская навуковая тэрміналогія. Выпуск 10». (Мн., 1926): «Апрацаванне тэрміналогіі права навукова-тэрміналагічная камісія даручыла ў верасні 1921 года члену камісіі Міколу Гуткоўскаму; апрацаваны ім праект тэрміналогіі быў першы раз разгледжаны і прыняты ў Тэрміналагічнай камісіі гуманітарнае секцыі Інстытута беларускае культуры ў ліпені 1924 года ў складзе Якуба Коласа, Янкі Купалы, Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча. Уладзіслава Чаржынскага і Міколы Гуткоўскага».

Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія права была другі раз перагледжана ў камісіі. У час перагляду былі зроблены некаторыя папраўкі. Разам з тым камісія імкнулася, каб тэрміналогія адпавядала жывой мове народа і была зразумелая ўсім куткам Беларусі.

Пасля рэдакцыйнага перагляду тэрміналогіі ў правапісна-тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія яшчэ раз была перагледжана асобнай секцыяй, дапоўнена новымі тэрмінамі, і гэтыя дапаўненні, а таксама спрэчныя пытанні былі канчаткова ўзгоднены з правапісна-тэрміналагічнай камісіяй.

Пераважная большасць тэрмінаў права і грамадазнаўства замацавалася ў моўнай практыцы. У прыватнасці, вытрымалі выпрабаванне часам словы, звароты, ужытыя ў назвах дзяржаўных устаноў, органаў улады. Напрыклад: выканаўчы камітэт, дзяржаўнае выдавецтва, замежныя справы, сацыяльнае выхаванне і інш.

У 20-ыя гады выйшлі з друку кнігі, спецыяльна прысвечаныя справаводству. «Падручнік справаводства сельскіх і местачковых саветаў. Выпуск першы» (Мн., 1926), складзены на аснове падручніка справаводства, «шырока ўжыванага ў РСФСР». Аналагічна рыхтаваўся «Падручнік справаводства раённых выканаўчых камітэтаў. Выпуск першы». У гэтыя кнігі ўвайшлі агульнае справаводства, адміністрацыйнае, паштовае справаводства, узоры трафарэтаў, штампаў і інш., паказаны парадак вядзення агульнага справаводства па адзінай сістэме, парадак «выдання дазваленняў, пасведчанняў і справак».

Такім чынам, узоры папер, дакументаў, распрацаваныя ў рускім справаводстве, пераносіліся на беларускую глебу. Нацыянальная спецыфіка канцылярскіх папер выяўлялася галоўным чынам у іх лексічным напаўненні, у марфалогіі і сінтаксісе афіцыйных запісаў, тэкстаў. Апрача агульных тэрмінаў справаводства, справавод ужываюцца шматлікія больш прыватныя словы і выразы: уступныя і выходныя паперы, адрасаваць на ўстанову або на службовую асобу па яе пасадзе, мы, ніжэйпадпісаныя, давераная асоба, хадайніцтва, выдаткі, абвестка, загад і інш.

Замацоўвалася беларуская тэрміналогія і ў кнізе Сяргея Серады «Дзелавод. Узоры афіцыяльных папер, слоўнік тэхнічна-кацылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды» (Мн., 1926). Вось некалькі прыкладаў: даручэнне на атрыманне грошай, пасведчанне асабовае, заява, запіс аб нараджэнні і інш.

Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль – адзін са стыляў, які пачаў развівацца яшчэ ў перыяд ВКЛ, а асновы сучаснай справаводчай тэрміналогіі пачалі вызначацца ў 20-ыя гады ХХ ст.

1. Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі

Мова дзяржаўных актаў, пастаноў, законаў, статутаў, міжнародных пагадненняў, дакументацыя ўстаноў, арганізацый, а таксама асабістых заяў, дакладных, даверанасцей і г.д. мае агульныя рысы, якія абумоўлены функцыянаваннем у адміністрацыйна-прававой дзейнасці. Тэксты, рэалізаваныя ў сферы гэтай камунікатыўнай дзейнасці, адносяцца да афіцыйна-справавога стылю [7]. Моўныя асаблівасці гэтага стылю знаходзяцца ў прамой залежнасці ад жанру і зместу дзелавога дакумента, абумоўлены яго задачамі і патрабаваннямі – выразіць волю заканадаўца, прадпісаць паводзіны, давесці што-небудзь да ведама каго-небудзь.

У складзе афіцыйна-справавога стылю даследчыкі выдзяляюць наступныя падстылі: 1) уласна заканадаўчы (закон, указ, грамадзянскія і крымінальныя акты, статуты); 2) дыпламатычны (нота, мемарандум, камюніке, пагадненне, канвенцыя); 3) адміністрацыйна-канцылярскі (акт, распараджэнне, загад, дзелавыя паперы, заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска).

У навуковай літаратуры прынята падраздзяляць жанры дзелавой мовы на вусныя і пісьмовыя. Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме. Гэта віды дакументацыі, не арыентаваныя на вусную форму выкладу, напрыклад, указ, загад, пастанова, інтрукцыя, справавыя пісьмы, кодэксы і г.д. Для вуснага формы справавых зносін характэрны такія жанры справавой мовы, як дзелавая размова: кадравая, праблемная, арганізацыйная, творчая, прыём наведвальнікаў і іншыя яе разнавіднасці (перагаворы, прэзентацыі, справавая тэлефонная размова, прэсканферэнцыя, сход акцыянераў і г.д.). Спецыфічным жанрам вусных справавых зносін можна лічыць справавую спрэчку, дыскусію, палеміку, дэбаты, інструктаж, выступленне на судовым працэсе і г.д. Некаторыя з іх хоць і абапіраюцца на раней падрыхтаваны (часткова ці поўнасцю) пісьмовы тэкст, аднак маюць прыкметныя адрозненні: аўтары імкнуцца пазбягаць спецыфічных кніжных зваротаў афіцыйна-справавога стылю і выкарыстоўваюць элементы жывога размоўнага стылю, таму што сухая канцылярская мова цяжкая для вуснага ўспрыняцця (У.В.Анічэнка).

Для афіцыйна-справавога стылю характэрны дзве функцыі: інфармацыйная (паведамленне) і пабуджальная (уздзеянне). Так, даведка заключае ў сабе інфармацыю, загад – наказ (што трэба зрабіць), а пратакол – адначасова і інфармацыю (Слухалі...) і загад (Пастанавілі). Паспяховасць выканання гэтых функцый залежыць ад наступных якасцей:

доказнасць праяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармулёвак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту;

аб’ектыўнасць і нейтральнасць выкладу фактаў (паколькі звязаны з прававымі нормамі жыцця грамадства);

інфармацыйнасц ь і ў той жа час кароткасць, якія падмацоўваюцца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, што ідуць, напрыклад, як дадатак да афіцыйнага пісьма;

лагічнасць, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці, пераканаўчасць, эканомія моўных сродкаў;

адсутнасць эмоцый, наяўнасць своеасаблівага этыкету, які мае надзвычай важнае значэнне для афіцыйнай карэспандэнцыі, якая з’яўляецца асноўным сродкам сувязі прадпрыемства, установы і г.д. з навакольным светам. Напрыклад, клічнік пасля звароту падкрэслівае значнасць і афіцыйнасць пісьма: Паважаныя калегі! Выкарыстанне пабочных канструкцый са значэннем эмоцый пазбаўляе выклад катэгарычнасці. Параўн.: Мы вымушаны Вам адказаць. – На жаль, мы вымушаны Вам адказаць.

У адпаведнасці з этыкетам замест займенніка я выкарыстоўваюцца пасіўныя канструкцыі: Я выканаў – мною выканана. Рэдка ўжываецца займеннік ён. Параўн.: Да нас прыехаў прафесар Іваноў. Прафесар зараз прачытае нам лекцыю.... Займеннік вы заўсёды выкарыстоўваецца са значэннем пашаны, павышанай увагі: Як Вам ужо вядома, мы вельмі зацікаўлены ў Вашай прадукцыі.

Стандартнае размяшчэнне матэрыялу, нярэдкая абавязковасць формы. Адметнай рысай стылю з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі, якая закранае як форму дакумента, так і моўныя сродкі. У афіцыйна-справавым стылі шырока выкарыстоўваюцца так званыя канцылярскія штампы. Штамп – моўны зварот, які шматразова паўтараецца, шаблонны, трафарэтны, зацяганы выраз з цьмянай экспрэсіўнасцю: дагаворныя бакі, узяць на кантроль і г.д. [14].

Такім чынам, захаванне пералічаных якасцей – адзін з важнейшых элементаў правільнага стварэння афіцыйнага дакумента.

2. Паняцце дакумента. Групы дакументаў

Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца ў розных дакументах. Дакументамі (ад лац. documentum – доказ, сведчанне) называюцца адпаведным чынам складзеныя, падпісаныя і засведчаныя справавыя паперы (лісты), якімі афармляюцца розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян. Дакумент складаецца па пэўнай стандартнай форме. Існаванне адпаведных формаў для разнастайных дакументаў – істотны фактар эфектыўнасці справаводства.

Па ступені рэгламентаванасці (падпарадкаванасць дакладна ўстаноўленым правілам, абмежаванням) дакументы падзяляюцца на тры групы:

1.Дакументы, якія павінны дакладна адпавядаць прынятаму стандарту, бо ў іншым выпадку яны на будуць мець юрыдычнай сілы (пашпарт, дыплом, пасведчанне і інш.). Гэтыя дакументы рыхтуюцца друкаваным спосабам, а той, хто піша, павінен толькі ўнесці ў іх патрэбную інфармацыю.

2.Дакументы, якія не маюць такой строгай абавязковасці (даведка, заява, дагавор, даверанасць, квітанцыя і інш.).

3.Дакументы, якія маюць грамадска замацаваны агульны прынцып укладання, а моўныя сродкі і форма выкладу ў пэўнай ступені адвольныя (характарыстыка, рэкамендацыя, справавыя лісты партнёраў у вытворчасці і інш.).

Па сваім прызначэнні ўсе дакументы можна аб’яднаць у наступныя чатыры групы: асабістыя, распарадчыя, адміністрацыйна-арганізацыйныя, інфармацыйна-даведачныя.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: