Дыпломная работа як навуковы жанр

Тыпалагічна-відавыя прыметы дыпломнай работы і навуковых выданняў

Не прэтэндуючы на месца ў сістэме навуковых камунікацый, дыпломная работа, ў сваім рукапісным варыянце, мае тыя ж тыпалагічныя і відавыя прыметы, што і кніжнае навуковае выданне. Пад навуковым выданнем прынята лічыць выданне, якое ўтрымлівае вынікі тэарэтычных і/альбо эксперыментальных даследаванняў.

Тыпалагічнымі прыметамі навуковага выдання, як і любога іншага, прынята лічыць: мэтавае прызначэнне, характар інфармацыі і чытацкі адрас выдання. Гэта тыя тры агульныя, ўласцівыя для кожнага тып у выдання (кніжнага, часопіснага, газетнага, нотнага, буклетнага і інш.) прыметы, паводле якіх праводзіцца відавая класіфікацыя выданняў. Вылучаюць наступныя віды выданняў: палітычныя, вучэбныя, навуковыя, навукова-папулярныя, дзіцячыя і інш. У кожнага з відаў, як і ў кожнага твора пэўнага віду выдання, свае мэтавае прызначэнне, характар інфармацыі і чытацкі адрас. Калі, напрыклад, мэтавае прызначэнне навуковых выданняў у цэлым заключаецца ў адлюстраванні вынікаў пазнавальнай дзейнасці праз сістэму навуковых камунікацый (фарміраванне навуковага светапогляду; замацаванне навуковых прыярытэтаў; фіксаванне іх у хранатопным вымярэнні [хранатоп ст.-грэч. “часпрастора”] і інш.), дык мэтавае прызначэнне асобнага навуковага твора, скажам, у жанры манаграфіі, адпаведна канкрэтызаванае. Як канкрэтызаваныя і характар інфармацыі, і чытацкі адрас. Дыпломная работа ў сістэме гэтых каардынат выглядае наступным чынам. Яна ўспрымаецца як атэстацыйны дакумент, першапачатковая мэта якога – адлюстраваць даследчыя здольнасці аўтара-выпускніка, узровень яго прафесій­нага досведу ўвогуле і датычна прадмета даследавання ў прыват­насці.

Характар інфармацыі ў дыпломнай рабоце абумоўлены задачамі навуковага даследавання і вызначаецца профільным накірункам адукацыі выпускніка. Чытацкі адрас дыпломнаго твора сціплы – навуковы кіраўнік, рэцэнзент ды, краем вока, члены дзяржаўнай камісіі. Крыху пашыраны “слухацкі” адрас – тыя ж члены камісіі і прысутныя на абароне калегі, выкладчыкі.

Зусім не выпадкова, што рукапіснае навуковае даследаванне ў выглядзе дыпломнай работы набліжана да кніжных навуковых выданняў, нават да такога навуковага “аўтарытэту”, як манаграфія. Дыпломнае даследаванне, калі ўлічыць характару яго інфармацыі, здольнае перакваліфікавацца ў кніжны навуковы жанр кшталту артыкула, манаграфіі і заняць законнае месца ў сістэме навуковых камунікацый. Нездарма ў дыпломнай рабоце на першых яе старонках, ва “Уводзінах”, тлустым шрыфтам фармулююцца навуковая і практычная вартасці вынікаў дыпломнага даследавання. Больш за тое, Дзяржаўная атэстацыйная камісія мае права на “вердыкт”: “дыпломная работа рэкамендуецца да друку”. У друку гэта будзе ўжо адпаведны жанр твора, з адпаведным чытацкім адрасам. Хаця дыпломная работа мае блізкае сваяцтва з навуковымі жанрамі, але жанравага статусу пакуль не мае, нягледзячы на тое, што неабходнай ўмовай падрыхтоўкі навуковага твора, сцвярджаюць спецыялісты, “з’яўляецца веданне і ўлік яго жанравай спецыфікі”. Дыпломная работа ёсць не што іншае, як навуковы твор, а значыць – павінна мець жанравую спецыфіку. Паспрабуем яе адшукаць, а дакладней, вызначыць, метадам супастаўлення дыпломнай работы з навуковымі творамі пэўных жанраў.

Структурна-зместавыя ўласцівасці твораў дыпломнай работы і навуковых жанраў

Дыпломная работа як наву­ковы твор – гэта, у першую чаргу, правільна арганізаваная інфарма­цыйная сістэма. Работа мае тую ж структурную арганізацыю, што і навуковае кніжнае выданне, і тыя ж патрабаванні да зместавага напаўнення кожнага складніка гэтай структуры. У пацвярджэннеструктурна-зместавай ідэнтычнасці дыпломнага дасле­давання з навуковымі творамі, да прыкладу, у жанры манаграфіі, выкарыстаем унікальны падручнік “Редакторская подготовка изданий” (2004 г.) унікальнай школы – Маскоўскага дзяр­жаўнага ўніверсітэта друку (расійскі “МГУП”) [____][1]. У главе “Научные издания” ў параграфе 2.4 “Работа над научным произведением” з першых радкоў чытаем: “В научном произведении как элементе научной коммуникации должны находить наиболее полное отражение предмет, цель и задачи научного исследования (познания), его характер, метод и результат (тут і далей вылучана намі. – М. К.) [____, с. 47–48]. (Улічваючы нашыя білінгвістычныя праблемы, даводзіцца некаторыя цытаты падаваць на мове крыніцы.) У названым падручніку, які мы будзем выкарыстоўваць і надалей, усе прадпісанні па падрыхтоўцы навуковага выдання – глыбокія, усебаковыя, шматаспектавыя – адрасуюцца высокапрафесійнаму выдавецкаму рэдактару, які пачынае працу па стварэнні кніжнага навуковага выдання, як і яго аўтар, з фарміравання канцэпцыі.

“Работа редактора над концепцией научного издания направлена на то, чтобы сформулировать целостную информационную систему, состоящую из органически связанных между собой литературного произведения и аппарата издания. При этом в содержании и структуре издания должны быть отражены все составляющие научного исследования” [____, с. 47]. Працытаваны тэкст зусім не азначае, што ў рукапісным навуковым творы, які рыхтуецца да друку, не праглядаецца аўтарская канцэпцыя. Рэдактарская ж канцэпцыя скіравана на пераўтварэнне рукапісу ў кніжнае навуковае выданне, якое мае быць цэласнай інфармацыйнай сістэмай, у якую арганічна ўвойдуць усе яе складнікі: тэкставыя, пазатэкставыя, усе рубрыкі, пошуковыя элементы (змест, паказальнікі) і інш. Гэткай жа арганізаванай інфармацыйнай сістэмай павінна быць і дыпломная работа.

“Навошта нам школа рэдактара для напісання дыпломнай работы?”, – спытаеце вы. Рэч у тым, што з кожнай прачытанай старонкай нашага метадычнага твора вы будзеце пераконвацца не толькі ў жанравай ідэнтычнасці дыпломнай работы і манаграфіі, але і ў ідэнтычнасці рэдактарскіх абавязкаў па забеспячэнні належнага ўзроўню навуковага выдання з абавязкамі аўтара дыпломнай работы і навуковага кіраўніка, які на пэўны час выконвае функцыі і навуковага літаратурнага рэдактара. І нават карэктара! Але аднаго толькі пераканання, вядома ж, не дастаткова. У працяг нашай размовы пра структурна-зместавую ідэнтычнасць дыпломнай работы і навуковых выданняў прывядзём шэраг тэарэтычных палажэнняў датычна жанравай рэгламентацыі навуковых выданняў і параўнаем з імі тэарэтычныя падыходы да дыпломнага даследавання. Да прыкладу, аўтары названага падручніка вылучаюць у навуковых творах, такіх як манаграфія, артыкул, даклад, тры часткі: уводную, асноўную і заключную. Кожная з іх мае сваё прызначэнне, пабудову і зместавае напаўненне.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: