Першы выток палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай – гэта Люблінская унія – гэта пачатак канца, згубы не толькі Вялікага княства Літоўскага, але і Польшчы як самастойных, незалежных дзяржаў.
Другім вытокам стаў палітычны лад Рэчы Паспалітай, які падрываў асновы дзяржаўнасці. Найбольш небяспечным было спалучэнне “залатых шляхецкіх вольнасцей”: выбранне манарха, Liberum veto і “Pacta conventa”. У час бескаралеўя шляхецтва раз’ядноўвалася на працілеглыя партыі: рускую, французскую, шведскую, аўстрыйскую, краіна апускалася ў бездань бязладдзя, анархіі.
Выбранне манарха мела адмоўнай рысай подкуп. Знікаюць паняцці маральнасці, патрыятызму і інш. Асабісты інтарэс прэваліруе над усім жыццём.
Каронны сейм у Рэчы Паспалітай дыктаваў каралю сваю волю. Кароль павінен быў строга выконваць як “Pacta conventa”, так і пастановы сейма. “Pacta conventa” – гэта заключэнне з прэтэндэнтамі на польскі прастол пагаднення, згодна з якім кароль ускладаў на сябе шэраг абавязкаў па вырашэнні некаторых унутраных і знешніх праблем.
|
|
Liberun veto магло паралізаваць цэнтральную ўладу. У 1652 г. дэпутат Сіцінскі ўпершыню ўжыў слова “не пазволям” (г.зн. не згодзен з пастановай сейма) і прыпыніў пастанову сейма. Так за 1744–1762 гг. усе адзінаццаць сеймаў не здолелі прыняць патрэбных рашэнняў. Любая пастанова караля ці сейма магла быць адхілена шляхтай.
У выніку асаблівасцей палітычнага ладу Рэчы Паспалітай да канца XVII ст. у дзяржаве ўзнікае аслабленне манархічнай улады, узмацненне шляхты, заняпад адміністрацыйнага кіравання, духоўнасці і грамадзянскага сумлення.
Трэцім вытокам палітычнага крызісу з’явілася бязглуздая рэлігійная палітыка. Берасцейская царкоўная унія не дала жаданых вынікаў.
Лацінізацыя уніяцкай царквы прывяла да расколу грамадства на яе прыхільнікаў і праціўнікаў. Гэта паглыбіла існуючыя ў грамадстве супярэчнасці.
Чацвёрты выток палітычнага крызісу – спалучэнне нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту з феадальным. Распаўсюджанне аграрнай рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста на Усходнюю Беларусь выклікала супраціўленне народных мас: уцёкі ад гаспадароў, падпальванне маёнткаў, узброеныя паўстанні.
Адным з буйных сялянскіх рухаў у XVIII ст. было паўстанне ў Крычаўскім старастве, уладанні князя І.Радзівіла. Арандатары гэтага стараства ўжывалі грабёж, насілле, мардаванне сялян. Непасрэднай прычынай паўстання 1740 г. на чале з Канстанцінам Вашчылай быў арышт і прыгавор да пакарання смерцю 18 сялян па падазрэнні ў падпальванні дома аднаго з арэндатараў. У руху ўдзельнічала некалькі тысяч чалавек. І.Радзівіл быў вымушаны перадаць стараства іншаму арандатару, але ўлетку 1743 г. барацьба перарасла ва ўзброеннае паўстанне. Паўстанцы праганялі і забівалі чыноўнікаў, не прымалі распараджэнняў Радзівіла.
|
|
На пачатку 1744 г. І.Радзівіл накіраваў у Крычаў атрад коннага і пешага войскаў з артылерыяй. Паўстанне было жорстка падаўлена: 74 паўстанцы былі закатаваны (адны павешаны, іншыя – жывымі пасаджаны на кол).
Пяты выток паглыблення палітычнага крызісу – барацьба паміж магнатамі за ўладу. У другой палове XVII ст. у Вялікім Княстве Літоўскім асноўнымі сапернікамі былі Радзівілы, Пацы і Сапегі.
У 1696 г. большая частка беларуска-літоўскай шляхты выступіла супраць усемагутнасці Сапегаў. Барацьбу ўзначалілі Агінскія і Вішнявецкія. Яны выдалі ў Вільні універсал, у якім абвяшчалі гетмана Сапегу і яго сяброў ворагамі айчыны і прыгаварылі іх да пакарання смерцю з канфіскацыяй маёмасці. Барацьба прыняла характар грамадзянскай вайны. У час Паўночнай вайны Сапега перайшоў на бок Карла XII і разам з ім пачаў граміць айчыну.
У часы кіравання Аўгуста ІІІ (1733–1763, сын Аўгуста ІІ) у палітычным жыцці з’яўляецца новая рыса – зварот шляхты за дапамогай да суседніх краін дзеля вырашэння ўнутраных спраў.
У 1768 г. сейм (пад націскам рускіх войск) прыняў пастанову аб ураўнаванні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі.
У лютым 1768 г. каталіцкія фанатыкі стварылі ў Бары (на Украіне) канфедэрацыю з мэтай працідзеяння ўплыву рускай імператрыцы ў Польшчы. Хутка разгарэлася грамадзянская вайна, у якой канфедэратыўны рух быў задушаны з дапамогай царскай арміі.
Па прапанове прускага караля Фрыдрыха ІІ Вялікага 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Прусія атрымала паўночна-заходнюю частку Польшчы і частку Заходняй Украіны са Львовам. Да Расіі адышлі Інфлянты, большая частка Полацкага ваяводства, амаль усё Віцебскае, усё Мсціслаўскае ваяводства і ўсходняя частка Рэчыцкага павета, Магілёўскае ваяводства.
3 мая 1791 г. сейм прыняў канстытуцыю Рэчы Паспалітай, якая адмяняла выбарнасць каралёў, Liberum veto і права на канфедэрацыі. Заканадаўчая ўлада належала двухпалатнаму сейму, які выбіраўся на два гады і павінен быў прымаць рашэнні большасцю галасоў. Каралю і радзе належала выканаўчая ўлада. Урад, войска і бюджэт былі абвешчаны агульнымі для ўсёй Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя зрабіла крок у напрамку збліжэння мяшчанства са шляхтай: шляхта атрымала дазвол займацца гандлем, а мяшчанне – набываць зямельныя ўладанні, займаць цывільныя пасады. Зусім не змянілася становішча сялян.
14 мая 1792 г. у мястэчку Таргавіцы (на Украіне) была створана канфедэрацыя і абвешчаны акт аб абароне ранейшага парадку кіравання краінай. Зноў пачалася грамадзянская вайна, кароль далучыўся да канфедэратаў.
У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Да Прусіі адышлі Данцыг і Вялікая Польшча, а да Расіі – частка Полацкага ваяводства, рэшткі Віцебскага і Мсціслаўскага, Мінскае і ўсходнія часткі Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў.
Гэты падзел выклікаў пратэст розных пластоў шляхецтва. 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве пачалося паўстанне на чале з генерал-лейтэнантам Тадэвушам Касцюшкам. Мэта паўстання – адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.
З 22 па 23 красавіка 1794 г. паўстанцы захапілі Вільню і ўтварылі найвышэйшую раду літоўскага народа на чале з віленскім камендантам палкоўнікам Якубам Ясінскім. Але абаронцы айчыны не здолелі згуртавацца. Паміж імі адсутнічала дысцыпліна, працягваліся сваркі і спрэчкі. Хутка ўся Беларусь і Літва былі ахоплены паўстаннем, да якога далучылася частка сялян, што паверылі абяцанням Касцюшкі вызваліць іх ад феадальнага прыгнёту. Выкананне абяцання затрымлівалася, сяляне пачалі адыходзіць ад паўстання.
|
|
Супраць Рэчы Паспалітай выступілі Прусія, Аўстрыя і Расія. У бітве пад Мацаёвіцамі (паблізу Варшавы) Касцюшка трапіў у палон, а ў Варшаву былі ўведзены рускія, прускія і аўстрыйскія войскі. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст IV (Станіслаў Панятоўскі) адрокся ад прастола.
У 1795 г. адбыўся апошні падзел Рэчы Паспалітай. Расія атрымала Заходнюю Беларусь і Усходнюю Літву, а таксама Украіну да Заходняга Буга. Аўстрыя і Прусія захапілі карэнныя землі, частку ўкраінскіх і літоўскіх зямель.
Такім чынам, палітычны лад Рэчы Паспалітай, неабмежаваныя шляхецкія вольнасці, рэлігійны фанатызм, падзенне нораваў шляхецкага саслоўя з’явіліся галоўнымі прычынамі гібелі дзяржавы.