Згадваем удзячна і сардэчна

2008-мы год ЮНЕСКА аб’яўляла годам Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Значыць, веліч класіка нумар адзін новай беларускай літаратуры прызнана на сусветным узроўні. Як веліч некаторых іншых выдатнейшых пісьменнікаў розных краін і народаў, “круглыя” юбілеі якіх святкаваліся па рашэннях таго ж ЮНЕСКА. І святкаваліся не толькі ў дзень, калі яны нарадзіліся, але цэлы год.

Калісьці ў некралогу, надрукаваным праз некаторы час пасля смерці Дуніна-Марцінкевіча ў пецярбургскім польскамоўным часопісе “Kraj” (1885, № 10), прароча пісалася: “Удзячна і сардэчна згадаюць яго некалі – калі пасталеюць – наступныя беларускія пакаленні”. У канцы ХІХ ст. і асабліва на пачатку ХХ ст. сталенне беларускай нацыі праходзіла вельмі хутка. І варта было хоць трошкі пасвятлець на палітычным небакраі Беларусі (маю на ўвазе рэвалюцыйныя падзеі 1905--1907 гг. і царскі маніфест аб “дараванні” народу некаторых свабод, у тым ліку -- свабоды друку на нацыянальных мовах), як асобу і творчасць Дуніна-Марцінкевіча пачалі ўздымаць на належную, заслужаную вышыню. Так, ужо ў 1910 г. невялікая кагорта беларусаў-адраджэнцаў годна адзначыла 25-ю гадавіну з дня смерці пісьменніка. Адзіная тады на ўвесь “Северо-Западный край” віленская беларускамоўная газета “Наша Ніва” зрабіла, што магла: прысвяціла аўтару неўміручай “Пінскай шляхты” асобны нумар (№ 48). Побач з артыкуламі Р. Зямкевіча “Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне”, Альгерда Бульбы “Грамадзянскае становішча В. Дуніна-Марцінкевіча”, Ядвігіна Ш. “В. Дунін-Марцінкевіч у практычным жыцці”, вялікім вершам Янкі Купалы “Памяці Вінцука Марцінкевіча” быў змешчаны рэдакцыйны матэрыял. Перадавы артыкул, як сказалі б мы сёння. Хочацца прывесці вытрымку з яго, балазе думкі, выказаныя ў артыкуле, застаюцца актуальныя і цяпер: “Усе культурныя нацыі вельмі шануюць памяць найбольш заслужаных сыноў сваіх і ў гадаўшчыну іх ураджэння, смерці і т. п. успамінаюць іх заслугі. Такія нацыянальныя памінкі маюць вялікую вагу: асвячаюць перад народам жыццё і працу лепшых грамадзян, яны паказваюць моц і сілу ўсяе нацыі, каторая такіх сыноў узгадавала, развіваюць у народзе паважанне да сябе самога, будзяць нацыянальную свядомасць, а разам з гэтым заахвочваюць кожнага да працы для грамадзянства, даводзячы жывым прыкладам, што раней ці пазней родны край ацэніць тую працу павэдлуг справядлівасці”.

Нейкіх сто гадоў – для гісторыі адно імгненне! – прайшло з тае акцыі беларускіх адраджэнцаў. Але як далёка пайшла, кажучы іх выразам, “беларуская справа”! На пачатку мінулага стагоддзя трэба было “развіваць у народзе паважанне да сябе самога”, трэба было заклікаць “маладую Беларусь”, як тое рабіў Янка Купала, займаць “свой пачэсны пасад між народамі”. Не скажу, што гэтыя праблемы не стаяць перад намі і сёння, паколькі нацыянальная свядомасць і гістарычная памяць не перадаюцца генетычна, а прышчэпліваюцца кожнаму пакаленню асобна мэтаскіраваным патрыятычным выхаваннем – у сям’і, школе, грамадскай супольнасці. Аднак цяпер, на пачатку ХХІ ст., мы ўсе выразна ўсведамляем сябе беларусамі, а не нейкімі “тутэйшымі”, маем сваю дзяржаву, незалежнасць якой гарантавана Канстытуцыяй і ўспрымаецца як самая вялікая нацыянальная каштоўнасць. Беларусь заняла “свой пачэсны пасад між народамі”. І неацэнная заслуга ў гэтым – тых неафітаў у справе нацыянальнага адраджэння, у сузор’і якіх зоркай першай велічыні ззяе подзвіг Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Я ўжыў слова “подзвіг”. Сапраўды, у часы Дуніна-Марцінкевіча, асабліва ў першай палове ХІХ ст., калі ў Расійскай імперыі яшчэ панавала сярэдневяковае прыгоннае права, калі да неймавернага сацыяльнага ўціску дадаваўся нацыянальны, калі некалькі стагоддзяў паланізацыі беларускага насельніцтва змянілася (пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы ХVІІІ ст. і далучэння беларускіх зямель да Расіі) не менш гвалтоўнай яго русіфікацыяй, адкрыта ў друку заявіць, што селянін такі ж чалавек, як пан або царскі чыноўнік, а яго мова такая ж людская, як польская або руская, што “нямаш зямелькі, як Беларусь радзона!” – на гэта ўсё патрэбна была не толькі прадбачлівасць, але і вялікая мужнасць. Гэта было смелым учынкам, подзвігам. Бо толькі за пісанне, друкаванне на “простай” беларускай мове чалавеку пагражала ў лепшым выпадку насмешка ад незычліўцаў ці нават некаторых сяброў, у горшым – Сібір. Літаратурная творчасць на ёй афіцыйна кваліфікавалася як “польская інтрыга”, як жаданне, “кроме “малорусской”, создать еще “белорусскую” литературу и таким образом ослабить литературное и национальное единство, а вследствие этого и политическое могущество русского народа”. З другога боку, і большасць тагачасных нацыяналістычна настроеных польскіх дзеячаў культуры, апалагетаў узнаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., не вітала выкарыстанне ў мастацкай творчасці беларускай мовы. Яны лічылі яе толькі польскай “гварай” (гаворкай), а беларускія землі – адно “крэсамі ўсходнімі” этнічнай Польшчы. “Хіба можна гэтую мову прыстасаваць да ўсіх намаганняў думкі і стылю і ўдасканаліць да ўзроўню самастойнай мовы?” – рытарычны пытаўся адзін з іх у варшаўскім друку.

Праўда, на шчасце, і тады былі разумныя і прадбачлівыя людзі – як у польскім, так і ў рускім асяроддзі, якія разумелі і падтрымлівалі працу Дуніна-Марцінкевіча. Так, яго імкненне пісаць па-беларуску горача вітаў у польскім друку наш зямляк, аўтарытэтны літаратар Уладзіслаў Сыракомля. З другога боку, пецярбургскі часопіс “Сын Отечества” (1856, № 52) таксама выказаўся недвухсэнсоўна пра аўтара “Гапона”: “Творы яго складаюць пачатак калі не наогул новага пісьменства беларускага… дык, у кожным разе, новай пісьмовай літаратуры, якой мы і зычым гэткага ж шчаслівага працягу, якім быў шчаслівы пачатак”.

У сваім вершы “Памяці Вінцука Марцінкевіча” Янка Купала, выяўляючы духоўную сувязь паміж Дуніным-Марцінкевічам і беларускімі адраджэнцамі пачатку ХХ ст. (дый увогуле паміж пісьменнікам і ўсімі беларусамі, у тым ліку і намі), пісаў:

Шмат лет не ручыла нам доля.

Крывымі вяла пуцінамі,

Не маючы ласкі і жалю

Над нашай старонкай, над намі.

Хто мы – адбірала нам памяць,

Чужыншчынай ціснула грудзі.

Не раз падцікалася з думкай,

Што мы ўжо – не мы і не людзі…

Нябожчык Вінцук Марцінкевіч

Не сцерпіў такой нашай мукі, --

Паслухаўшы сэрца, бярэ ён

Дуду беларускую ў рукі…

Як стораж, стаў смела на варце

Радзімых запушчаных гоняў,

Стаў сеяць па-свойску ўсё тое,

Што мы далей сеем сягоння.

А кемкую меў ён натуру, --

Спанатрыў, дзе праўду шукаці,

У тахт беларусавай думцы

Патрапіў запеці, зайграці [5, 134--135][1].

Для пісьменніка выказаць правільную думку, прычым “у тахт беларусавай думцы”, тым больш выказаць своечасова – вельмі важна. Ды, бадай, не самае галоўнае. Галоўнае – па-мастацку, на высокім эстэтычным узроўні выявіць, увасобіць тую думку ў слове. І на гэта таксама звярнуў увагу Янка Купала, кажучы пра Беларускага Дудара:

Калі засмяецца, бывала,

То хоць за бакі ты бярыся;

Калі ж і разжаліцца сумам,

Дык хоць ты з слязою жаніся [5, 135].

Да гонару Янкі Купалы, у ацэнцы творчага даробку Дуніна-Марцінкевіча ён аказаўся больш аб’ектыўны і прадбачлівы, чым, скажам, М. Багдановіч, які нават праз чатыры гады пасля паэтычнага купалаўскага выказвання, у 1914 г., сцвярджаў: “…Заслуга Марцінкевіча перад беларускай літаратурай ляжыць усё ж не ў галіне мастацкіх дасягненняў, а ў галіне чыста гістарычнай”. Тут мы з Багдановічам як з гісторыкам літаратуры катэгарычна не згодзімся. Думаю, аднак, аўтар “Вянка” не выказаўся б так катэгарычна, каб ведаў самыя значныя мастацкія творы пісьменніка. Знакамітыя камедыі Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” і “Залёты” змаглі ўбачыць свет толькі ў 1918 г., калі Багдановіча ўжо не было ў жывых. А вершаваная аповесць “Травіца брат-сястрыца”, быліцы “Злая жонка” і “Халімон на каранацыі” – яшчэ пазней, ажно пасля Вялікай Айчыннай вайны...

Няведаннем асноўных марцінкевічаўскіх твораў абумоўлена, відавочна, і меркаванне Ф. Багушэвіча, выказанае ім у прадмове да “Смыка Беларускага” (1894): маўляў, кніжкі “якогась пана Марцінкевіча… як бы смеючыся з нашага брата (г. зн. з селяніна. – В. Р.) пісаны”. Сапраўды, некаторымі сваімі раннімі творамі пісьменнік, кажучы яго словамі, імкнуўся, з аднаго боку, сялян “заахвоціць… да асветы і паправіць маральна”, з другога боку -- адукаваць паноў, паказаць ім, што вясковы люд – “гэта дзеці адной маткі, што гэта пакрыўджаныя браты і хрысціяне, якія маюць права на веды, як на нябесны хлеб” (з яго допісу ў рэдакцыю варшаўскай “Gazety Polskiej” у 1861 г.). І што, гэта насмешка? В. Дунін-Марцінкевіч ніколі не смяяўся з селяніна. Больш таго, ён выдатна бачыў сацыяльную няроўнасць, усім сэрцам ненавідзеў прыгоннае права. Часам гэтую нянавісць яму ўдавалася праціснуць скрозь цэнзурнае “вушка” нават у друку. Яшчэ ў “Сялянцы”, першым з твораў, які дайшоў да нас цалкам, вуснамі селяніна Ціта заявіў: “Кажуць, што мужык хіцёр, ураг сваім панам і іх абмануе. Як жа нам быць шчырымі, калі яны з-пад ногця кроў нам высысаюць і, як з гадам, з мужыком абыходзяцца. А мы ж такі апошніх сіл дабываем, штоб на іх прыхаці зарабіць”. Якая ўжо тут насмешка з селяніна! Нельга не пагадзіцца з выказваннем таго ж Р. Зямкеваіча, што пісьменнік “ужыўся ў душу простага селяніна, зразумеў яго думкі, яго гора, яго тайныя душэўныя жаданні, палюбіў яго горача і ўвесь свой літаратурны талент пасвяціў падняццю яго да лепшага, людскага жыцця, каб цёмны, загнаны, забіты беларус мог свабодна аджыць і развівацца ў лепшай долі”.

Трэба, разам з тым, не забываць і тое, што мы ведаем не ўсю, а толькі невялікую частку творчасці паэта і драматурга. Беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., які вучыўся ў нелегальнай школцы для ваколічнай шляхты, якую ў 1870-я гг. арганізаваў Дунін-Марцінкевіч у сваім маёнтку Люцінка (недалёка ад Валожына) і якая ўрэшце была выкрыта царскімі агентамі і зачынена, прыгадваў, што пісьменнік шмат пісаў, складаў напісанае ў вялізны куфар, які, на жаль, быў пазней знішчаны агнём разам з хатай. Кажуць, напісанае застаецца. Відаць, выказванне гэта не зусім дакладнае: застаецца надрукаванае. Засталіся ў асноўным польскамоўныя і некаторыя беларускамоўныя творы, што ўвайшлі ў кнігі “Сялянка: Опера ў двух актах” (Вільня, 1846), “Гапон: Аповесць беларуская…” (Мінск, 1855), “Вечарніцы і Апантаны: Паэзія” (Мінск, 1855), “Цікавішся? – Прачытай: Тры аповесці і верш з нагоды” (Мінск, 1856), “Дудар беларускі, або Усяго патроху” (Мінск, 1857), “Люцінка, або Шведы на Літве: Аповед гістарычны, у 4-х абразках” (Вільня, 1861), а таксама цудам выратаваны з-пад агню царскіх цэнзараў паасобнік перакладзеных Дуніным-Марцінкевічам першых дзвюх частак паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” (Вільня, 1859). Тое, што гэтыя кнігі ўбачылі свет і захаваліся, інакш як тым жа цудам не назавеш. І да паўстання 1863 г. царская цэнзура “единой и неделимой” пільна сачыла за духоўным жыццём нацыянальных ускраін. Крыху вальней (ды не надоўга) дыхнулася ў сярэдзіне 1850-х гг., пасля смерці цара Мікалая І (Палкіна – як яго празвалі), чым і скарыстаўся Дунін-Марцінкевіч. Пасля ж паўстання пра друкаванне беларускіх твораў на радзіме і гутаркі быць не магло. Так, як ні стараўся пісьменнік змясціць у афіцыйным друку свае п’есы “Пінская шляхта” (1866) і “Залёты” (1870), на якія хітрыкі ні ішоў, нічога не атрымалася. “Пінскую шляхту” нават падладзіў пад “пінчуцкую гаворку”. “Пінчуцкая” магла сысці за ўкраінскую, а ставіць спектаклі тады па-ўкраінску неяк дазвалялі. Але і гэтая хітрасць не дапамагла. Друкавацца ж нелегальна за мяжой, няхай сабе і ананімна (як гэта раіў А. Ельскі і пазней рабіў Ф. Багушэвіч), было вельмі складана, дый рызыкоўна. Хоць прамы ўдзел Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні 1863 г. і не быў даказаны, усё ж яго арыштавалі, ледзь не год ён сядзеў у астрозе, а пасля дваццаць год, да самай смерці, заставаўся пад наглядам паліцыі. А яшчэ ж – арышт дачкі Камілы, ссылка яе ў Сібір, хранічная адсутнасць сродкаў на жыццё, вялікая сям’я, якую трэба было ўтрымліваць, за лёс якой нельга было не хвалявацца…

Янка Купала, у адрозненне ад Багушэвіча і Багдановіча, “Пінскую шляхту” і “Залёты” Дуніна-Марцінкевіча, несумненна, ведаў, таму і ацаніў Дуніна-Марцінкевіча так высока. З “Залётамі” ён мог пазнаёміцца ў Б. Эпімах-Шыпілы, які яшчэ з 1893 г. меў копію гэтай камедыі і ў пецярбургскай кватэры якога Янка Купала жыў у 1909–1913 гг. Ды і ў згаданым вышэй нашаніўскім артыкуле Р. Зямкевіча ў ліку малавядомых твораў пісьменніка “Залёты” і “Пінская шляхта” называліся. Больш за тое, нават паведамляўся тагачасны ўладальнік гэтых аўтографаў і яго адрас: Аляксандр Ельскі, Узляны Мінскай губерні, маёнтак Замосць. Безумоўна, Янка Купала не толькі чытаў артыкул Р. Зямкевіча (якраз услед за ім у газеце друкаваўся верш “Памяці Вінцука Марцінкевіча”), але, думаецца, не мог не зрабіць усё магчымае, каб тут жа глыбей пазнаёміцца са спадчынай Дуніна-Марцінкевіча, з якой упершыню сустрэўся ў 1904 г. Менавіта тады, па ўспамінах паэта, “трапіў яму ў рукі “Гапон” ці нейкая іншая кніжка Марцінкевіча, выдадзеная за мяжой”, што канчаткова вырашыла яго творчы лёс: з таго часу ён зразумеў, што ён беларус і “стаў пісаць толькі па-беларуску”. Цяперашні ж працяг знаёмства з творчасцю Дуніна-Марцінкевіча выявіўся і ў пэўным уплыве аўтара “Пінскай шляхты” на аўтара “Паўлінкі” – першай купалаўскай п’есы, напісанай праз два гады пасля нашаніўскага ўшанавання Беларускага Дудара. Пра што, дарэчы, сведчаць некаторыя моманты стылёвага супадзення твораў Янкі Купалы і Дуніна-Марцінкевіча.

Вось толькі адзін прыклад.

“А як панна Мар’яна прыгожа выглядае, які свежы тварык, маўляў ружачка толькі што з пучка! З якой нецярпячкай я ждаў шчаслівага моманту, каб пацалаваць беленькую ручку панны. (Падыходзіць з камічнай зграбнасцю і цалуе ручку Марысі. Тая, адступіўшы назад, абцірае руку хвартухом). Панна Мар’яна! Вы не чуеце, вы не ведаеце, як я вас крэпка люблю, як я па вас ныю” [3, 277].

Гэта – не класічная сцэна заляцання шляхцюка Адольфа Быкоўскага да панны Паўлінкі. Гэта – сцэна з “Пінскай шляхты”, герой якой Куторга ой як нагадвае так добра вядомы нам персанаж з купалаўскай “Паўлінкі”!..

Зрэшты, пра тое, што асобныя творы Дуніна-Марцінкевіча былі пашыраныя ў рукапісах яшчэ да іх публікацыі, сведчыць і такі факт. “Залёты” яшчэ за тры гады да таго, як яны з’явіліся ў друку, былі пастаўлены ў 1912 г. аматарскім беларускім калектывам у Вільні. І ніхто іншы, як Янка Купала, адгукнуўся на тую пастаноўку зычлівым допісам у “Нашай Ніве”. Варта згадаць, што беларускі пясняр актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы “Залётаў” і “Сялянкі” да друку, перакладаў з польскай мовы на беларускую вершаваныя куплеты з гэтых твораў…

Лёс падараваў Дуніну-Марцінкевічу надзвычай арыгінальны і шырокі талент, а таксама хоць і нялёгкае, але даволі працяглае жыццё. Нарадзіўшыся ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета ў сям’і збяднелага шляхціца-арандатара, ён змог скончыць толькі мясцовае павятовае вучылішча, ведаў якога, аднак, хапіла, каб затым нейкі час, да набыцця ў 1840 г. Люцінкі, працаваць памочнікам каморніка, службоўцам палаты крымінальнага суда, перакладчыкам у Мінскай каталіцкай духоўнай кансісторыі. Усе ж астатнія веды набыты, а здольнасці развіты ім цалкам самастойна. Ён ажыццявіў шматлікія падарожжы па роднай Беларусі, а таксама ў Пецярбург, Маскву, Варшаву, Кіеў, Коўна… Ён сустракаўся і падтрымліваў сяброўскія адносіны з многімі выдатнымі сучаснікамі – кампазітарамі С. Манюшкам і К. Кржыжаноўскім, паэтамі Уладзіславам Сыракомлем, А. Пяткевічам і І. Легатовічам, гісторыкам і краязнаўцам К. Тышкевічам, спеваком і музычным крытыкам А. Валіцкім… Ён валодаў некалькімі мовамі, выдатна ведаў беларускую вусна-паэтычную творчасць, пісьмовыя літаратуры, і не толькі блізкія -- польскую, рускую і ўкраінскую, -- але і далёкія (у яго публікацыях сустракаюцца імёны Вальтэра, Дзідро, Эжэна Сю, Бальзака, Дзюма…). Усё гэта, разам узятае, і дазволіла Дуніну-Марцінкевічу шырока выявіць свой літаратурны талент. Верш, паэма, вершаваная аповесць, камедыя, фарс-вадэвіль, опернае лібрэта, публіцыстыка, паэтычны пераклад – далёка не ўсім літаратурам пашанцавала, каб ля самых іх вытокаў адразу сталі такія высокамастацкія віды і жанры, як гэта здарылася з нашай літаратурай дзякуючы Беларускаму Дудару. А да чыста літаратурнага таленту Дуніна-Марцінкевіча дадаюцца ж яшчэ і іншыя яго выдатныя здольнасці – артыста, спевака, кампазітара, рэжысёра, стваральніка і мастацкага кіраўніка першага нацыянальнага тэатральнага калектыву. Па сутнасці, аўтар лібрэта “Рэкруцкага яўрэйскага набору”, “Спаборніцтва музыкаў”, “Чарадзейнай вады”, “Сялянкі” і іншых аперэт – бацька беларускага музычна-драматычнага тэатра. Як слушна сцвярджае А. Сабалеўскі, “Дунін-Марцінкевіч, як і Катлярэўскі на Украіне, узяў на сябе надзвычай складаную задачу – стварыць менавіта сінтэтычны тэатр, які б арганічна аб’яднаў, увабраў усе віды сцэнічнага мастацтва – драматычнага, музычнага, вакальнага, танцавальнага”. Можна толькі ўявіць, якіх вышынь дасягнуў бы беларускі тэатр яшчэ ў ХІХ стагоддзі, калі б на тое былі спрыяльныя ўмовы! Сам жа Дунін-Марцінкевіч выдатна выявіў сябе і як актор – у ролі яўрэя Іагана Бенатана (“Рэкруцкі яўрэйскі набор”, 1841), беларускага селяніна Навума Прыгаворкі (“Сялянка”) і інш.

Несумненна, калі б не пэўныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары, беларусы яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. мелі б свайго, беларускага, Тараса Шаўчэнку. Ім, як вядома, нашмат пазней, на пачатку ХХ ст., стаў вялікі Янка Купала. Але, відавочна, без Дуніна-Марцінкевіча не было б у нас і Янкі Купалы. Прынамсі, такога Янкі Купалы, якога мы ведаем. Як без В. Жукоўскага не было б такога А. Пушкіна, без І. Катлярэўскага -- такога Т. Шаўчэнкі… На пустым месцы вялікі лес самасейна не вырастае…

АПРАЧА ЎСЯГО, І ФАЛЬКЛАРЫСТ…

Шырыня таленту Дуніна-Марцінкевіча змяшчае ў сабе многія здольнасці – літаратурныя, музычныя, артыстычныя, арганізатарскія… Да іх арганічна далучаецца яшчэ адна – здольнасць навукоўца. А менавіта навукоўца-фалькларыста.

Магчыма, для некага найменне Дуніна-Марцінкевіча фалькларыстам падасца своеасаблівай “нацяжкай”. Сапраўды, ён, як і ўсе пісьменнікі-рамантыкі ХІХ стагоддзя, неаднаразова звяртаўся – у камедыях “Сялянка”, “Пінская шляхта”, паэме “Гапон”, вершаванай аповесці “Купала” і інш. – да народна-паэтычнай творчасці беларусаў. Аднак гэта, зразумела, яшчэ не дае яму права называцца фалькларыстам. Мы ж не ведаем аніводнага фалькларыстычнага даследавання пісьменніка, ніводнай яго спецыяльнай публікацыі запісаў фальклорных тэкстаў -- у адрозненне, скажам, ад яго сучаснікаў А. Рыпінскага [13], Я. Чачота [11], П. Шпілеўскага [10], І. Насовіча [6] і інш. І ўсё ж, думаецца, ёсць поўная рацыя назваць Дуніна-Марцінкевіча фалькларыстам. Паспрабуем паказаць гэта на прыкладзе самага ранняга з вядомых нам сёння твораў пісьменніка – лібрэта камедыйнай оперы “Сялянка”, над якой ён працаваў у 1842–1844 гг. [14].

Бадай, ва ўсіх творах першага класіка новай беларускай літаратуры мы лёгка адшукаем узоры беларускай вуснай народнай паэзіі – песні, прыпеўкі, прымаўкі, прыказкі, розныя выслоўі. Несумненна, ён іх запісваў, паколькі ўтрымаць у галаве вялікую колькасць фальклорных адзінак, прычым успомніць іх адразу, падчас творчай “ланцуговай рэакцыі”, проста немагчыма. Ды і натура майстра мастацкага слова такая, што, нешта цікавае пачуўшы, ён не можа гэтага не занатаваць. Мяркуючы па ўсім, у Дуніна-Марцінкевіча была вялікая калекцыя фальклорных твораў, сабраная ім у розных мясцінах Беларусі, найперш на Бабруйшчыне, дзе ён нарадзіўся і правёў свае юнацкія гады, і на Валожыншчыне, дзе пражыў большую частку свайго сталага жыцця і напісаў усё, што мы сёння ведаем. Хутчэй за ўсё такія запісы захоўваліся ў яго хатнім архіве, у знакамітым старым куфры, куды ён складаў рукапісы арыгінальных твораў. Тым не менш мы сёння, хаця б часткова, можам аднавіць тыя запісы, і аднавіць у іх аўтэнтычнасці. Менавіта гэта пацвердзіць наша выказванне пра Дуніна-Марцінкевіча як аднаго з самых першых беларускіх фалькларыстаў, актыўнага збіральніка скарбаў народнай творчасці. І тут нам дапаможа сам спосаб выкарыстання пісьменнікам асобных фальклорных тэкстаў.

Мы звычайна гаворым пра творчае выкарыстанне фальклору ў арыгінальнай пісьменніцкай працы. Маецца на ўвазе наступнае: паэт, празаік або драматург, звяртаючыся да твораў розных фальклорных жанраў (казкі, песні, прыказкі, прымаўкі і г. д.), карыстаецца імі для вырашэння сваіх пэўных мастацкіх задач – стварэння канкрэтнага хранатопа твора, мадэліравання яго сюжэтнай канструкцыі, для вобразнай (у тым ліку моўнай) характарыстыкі персанажаў і інш. Пры гэтым, як правіла, сюжэты, матывы, фальклорныя моўныя клішэ і г. д. у новай мастацкай сістэме, якой з’яўляецца прыгожае пісьменства, некалькі (а часам і значна) відазмяняюцца. Вылучыць іх з літаратурных твораў, рэстаўрыраваць у “чысты” фальклорны кампанент часта немагчыма, дый няма патрэбы. Такое стаўленне да беларускага фальклору мы можам назіраць у творчасці А. Міцкевіча, Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, П. Шпілеўскага…

Што да Дуніна-Марцінкевіча, то характар выкарыстання ім асобных кампанентаў з адметнай сістэмы беларускай вусна-паэтычнай творчасці, у першую чаргу песень, прыказак, прымавак, выразна своеасаблівы. Іх ён выкарыстоўваў (перш за ўсё ў ранні перыяд творчасці), як кажуць, жыўцом, без аўтарскай апрацоўкі, звычайна без змен устаўляў у свае творы. Такія ўстаўкі мы называем аплікацыямі. Перад аплікацыямі, як правіла, з’яўляліся своеасаблівыя “падводкі”, якія адмяжоўвалі маўленне аўтара (персанажа) ад фальклорнага тэксту: “Знаеш прымоўку: …”, “Знаеш прыгаворку: …”, “Знаеш прыпавесць: …”, “Добра кажа тая прыгаворка: …” і г. д.

Чым выкліканы такія шматлікія аплікацыі (іх у “Сялянцы” налічваецца каля 120)? Адказаць на гэта пытанне адназначна нельга. Праявілася тут, несумненна, добрае веданне Дуніным-Марцінкевічам фальклорных тэкстаў, своеасаблівы яго піетэт перад імі. Відаць тут і некалькі наіўны, просталінейны спосаб выкарыстання фальклору ў беларускай мастацкай літаратуры новага часу на самым раннім этапе яе развіцця (канец ХVІІІ – пачатак ХІХ ст.). Разам з тым, думаецца, такое аплікацыйнае выкарыстанне малых фальклорных лірычных жанраў абумоўлена жаданнем пісьменніка ўвесці іх не толькі ў мастацкі, але і ў навуковы, а таксама ў сацыякультурны кантэкст. Што да навуковага кантэксту, то друкаванне ў нязменным выглядзе прыказак, прымавак, песень у складзе мастацкіх твораў было адначасова і адной з першых у беларускай фалькларыстыцы іх публікацыяй. Як мы ведаем, найбольш раннія запісы (1840) беларускіх народных песень, прыказак і прымавак з’явіліся ў кнізе А. Рыпінскага “Беларусь” [13]. Аднак, надрукаваная за мяжой, у Парыжы, прычым з выразнымі антыцарскімі выказваннямі, яна ў тагачаснай Беларусі распаўсюджвацца не магла. Каля 200 прыказак і прымавак, разам з некаторымі песнямі, увайшлі ў зборнік Я. Чачота “Вясковыя песенькі з-над Нёмана і Дзвіны, некаторыя прыказкі і ідыёматызмы”, надрукаваны ў Вільні ў тым жа, што і “Сялянка”, 1846 г. [11]. Вось, бадай, і ўсё, на што хоць тэарэтычна (але, зразумела, не практычна) мог абаперціся пісьменнік, ствараючы “Сялянку”. Што да сацыякультурнага кантэксту, то ў сваіх творах арыгінальнае багацце беларускай народнай паэзіі пісьменнік наглядна дэманстраваў сваім чытачам з выразнымі асветніцкімі і выхаваўчымі мэтамі. Бо чытачамі (а ў час спектакляў – слухачамі) у той час былі ў першую чаргу прадстаўнікі апалячанай шляхты, якія і да сялян, і да ўсяго беларуска-сялянскага ставіліся грэбліва. А “чыстая ж”, самай высокай пробы паэзія гучала менавіта з сялянскіх вуснаў! Значыць, і да сялян, і да беларускай мовы стаўленне пануючага класа, на думку пісьменніка, павінна было змяняцца, паляпшацца…

Вось -- як доказ папярэдніх разваг -- узоры беларускага фальклору ў запісах Дуніна-Марцінкевіча, ўзятыя з арыгінальнага двухмоўнага (беларуска-польскага) лібрэта камедыі-оперы “Сялянка” [14]. Упершыню “Сялянка” была пастаўлена ў Мінскім гарадскім тэатры 9 лютага 1852 г. Сённяшнія чытачы “Сялянкі” (як і гледачы “Ідыліі” або “Пінскай шляхты” ў Нацыянальным драматычным тэатры імя Янкі Купалы) ведаюць твор па яго чыста беларускім варыянце, польскі тэкст для якога ў свой час пераклалі Я. Лёсік (проза) і Янка Купала (вершы). Арыгінал твора ўпершыню перадрукаваны ў першапачатковым выглядзе ў 1-ым томе падрыхтаванага Я. Янушкевічам і выдадзеным “Мастацкай літаратурай” у 2007—2008 гг. двухтомніка Дуніна-Марцінкевіча [3, 40--93].

У “Сялянцы” на беларускай мове гавораць войт Навум, Ціт і іншыя прыгонныя сяляне, на польскай – мясцовае панства. У арыгінале беларускі тэкст, як і польскі, перададзены лацінскімі літарамі. У дадзенай – кірылічнай -- публікацыі ён транскрыбіраваны. Характар тагачаснага вымаўлення ў асноўным захоўваецца (у адрозненне ад вядомага перакладнога тэксту камедыі). Гэта дае, апрача ўсяго іншага, магчымасць адчуць адметнасць гучання беларускай мовы пачатку ХІХ ст. А яе ж літаратурны варыянт адным з першых замацоўваў ніхто іншы, як Дунін-Марцінкевіч!

Заўважым, між іншым: нават у самае поўнае на сённяшні дзень шматтомнае выданне беларускага фальклору, што склала серыю “Беларуская народная творчасць”, запісы Дуніна-Марцінкевіча-фалькларыста не ўвайшлі. Прапануем іх ніжэй, захоўваючы асноўныя асаблівасці аўтарскага напісання.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: