Падзел тэрміналагічная лексіка паводле паходжання

Тэрміналагічная лексіка неаднародная паводле паходжання. У яе склад уваходзяць уласнабеларускія і запазычаныя з іншых моў словы. Сярод запазычанняў – лексемы лацінскай (аўдыт, актава, адсарбент, абсцыса, арксінус, аргумент, постфікс, канцэпцыя, дэпазіт), грэчаскай (гіпербалоід, гіпатэнуза, апафема, гематыт, графіт, амонімы, антытэза, стыль, аналогія), англійскай (медыкамент, маркетынг, прынтэр, фальклор, бестселер, тэкст, вестэрн, мюзікл, дылер, блок), нямецкай (біржа, андэзіт, кварцавы, дызель, дросель, вінт), французскай (бюджэт, дэмантаж, рэле, жанр, верлібр, мадэрнізм, каларыт), італьянскай (адажыо, валюта, піяна, гальванометр, фірма, сола - вэксаль, банк) і іншых моў.

Асноўнымі прыкметамі запазычаных слоў з’яўляюцца:

- нязменнасць назоўнікаў: табло, рэферы, ралі;

- наяўнасць у слове гука [ф]: фізіка, фтор, нафталін, фактар;

- наяўнасць не характэрных для беларускай мовы спалучэнняў галосных: ідэал, дуэт, кансіліум, бібліятэка;

- спалучэнне ге, ке, хе: агент, схема;

- спалучэнне бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, капюшон, фюзеляж, рэвю;

- прыстаўкі а-, анты-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі-: амаральны, архіважны, антыцыклон, амфітэатр;

- спалучэнне дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў, дыван, дывідэнт, тыгр, тэрмін;

- суфікс -ізм-(-ызм-), -іст-(-ыст-), -ір-(-ыр-): арганізм, сацыяліст, капіраваць і пад.

Пры запазычванні слоў-тэрмінаў з іншых моў адбываецца адаптацыя, частковае падпарадкаванне іх законам беларускай мовы:

а) гукі [ж], [дж], [р], [ў], [ч], [ш] вымаўляюцца цвёрда (брызент, джоўль, журы, чартар і інш.);

б) фрыкатыўны гук [г] (гігіена, гіпотэза);

в) аканне (геаметрыя, фальклор);

г) дзеканне-цеканне (гандзізм, дзюбель, траверцін);

Словы іншамоўнага паходжання падпарадкоўваюцца графіцы і правілам арфаграфіі беларускай мовы (рус. фьючерс – бел. ф’ючарс, рус. география – бел. геаграфія, рус. автограф – бел. аўтограф, рус. биограф – бел. біёграф).

  1. Будова і спосабы ўтварэння тэрмінаў

Паводле будовы тэрміны могуць быць аднаслоўныя (джоўль, прамая, прынтэр) і шматслоўныя, тэрміны-словазлучэнні (дысперсія хвалі, інфрачырвонае выпраменьванне, апрацоўка ў акісляльным асяроддзі). Адметнасцю сучаснай тэрміналогіі з’яўляюцца трох- і большкампанентныя тэрміны, якія абазначаюць цэласнае паняцце.

Усе тэрміны паводле свайго ўтварэння падзяляюцца на некалькі груп у залежнасці ад спосабаў утварэння, да якіх адносяць лексіка-семантычны, сінтаксічны, суфіксальны, прэфіксальны, прэфіксальна-суфіксальны, аснова- і словаскладанне, складанасуфіксальны і абрэвіятурны.

Спосабы ўтварэння тэрмінаў

1. Лексіка-семантычны спосаб звязаны з т. зв. тэрміналагізацыяй агульналітаратурных слоў, якія шляхам пераасэнсавання набываюць новае тэрміналагічнае значэнне. Гэты спосаб даволі прадуктыўны пры станаўленні беларускай тэрміналагічнай лексікі: ячмень (бат.) і ячмень (медыц.), калена (с.-г.) і калена (металург.), барабан, валік, вочка (металург.), парасонік просты (бат.).

2. Сінтаксічны спосаб – спосаб утварэння тэрмінаў шляхам рознага тыпу спалучэнняў – самы прадуктыўны амаль ва ўсіх галінах навукі і тэхнікі. Найбольшая колькасць тэрмінаў утворана па мадэлях: прыметнік+назоўнік, назоўнік+назоўнік і назоўнік+прыметнік+назоўнік, хоць у беларускай мове пашыраны і большкампанентныя словазлучэнні: патэнцыяльная энергія, дысперсія хвалі, рэгрэсіўная асіміляцыя, вільготнасць паветра, генератар пераменнага току, накапляльнік паласы на выхадзе з агрэгата і пад.

3. Суфіксальны (у тым ліку нульсуфіксальны) з’яўляецца вельмі пашыраным спосабам утварэння тэрмінаў:

- ад уласных імёнаў і назваў з дапамогай суфіксаў -ізм-(-ызм-), -эізм-, -янств-(-іянств-), -ій (-ый), -іт-, -еўск- (-ск-), -ўств-, -ав-(Гандзі – гандзізм, Канфуцый – канфуцыянства, Хрыстос – хрысціянства, Эйнштэйн - эйнштэйній, Калумбія – калумбіт, Брайль – брайлеўскі шрыфт, Талстой – талстоўства, Дыяфант – дыяфантавы ўраўненні);

- пры дапамозе прадуктыўных для беларускай тэрміналогіі суфіксаў –нн, -енн-, -энн-, -онн- для абазначэння працэсаў (даследаванне, акругленне, вылічэнне і інш.), суфікса -к- для абазначэння прадметнасці (насадка, наметка, наладка), суфікса -нік- (апыляльнік, карыстальнік);

- пры дапамозе нулявога суфікса для ўтварэння аддзеяслоўных назоўнікаў (накіп, абмер, зрэз, напуск);

- пры дапамозе інтэрнацыянальных суфіксаў -ізм-, -ізафікацы-(я),

-фікацы-(я), -іст-, -аж-, -ацы-(я) і інш. (гістарызм, газіфікацыя, праграміст, мантаж, хімізацыя).

4. Прэфіксальны спосаб (прыставачны спосаб):

- пры дапамозе інтэрнацыянальных прэфіксаў: ультра-, экстра-, супер-, інтэр-, анты- і інш. (ультрагук, экстраардынарны, інтэрпаляцыя, суперфасфат, антыцелы);

- пры дапамозе ўласнабеларускіх прэфіксаў без-, проці-, звыш-, не-, у-, ва-, за-, ад-, якія часта служаць і для ўтварэння тэрмінаў-антонімаў (звышпрыбытак, процідзеянне, уваходны бок – выходны бок).

5. Прэфіксальна-суфіксальны спосаб характэрны адначасовым далучэннем да асновы прыстаўкі і суфікса (міжрэчча, зазямленне, накаленнік).

6. Аснова і словаскладанне – таксама пашыраны спосаб папаўнення тэрміналагічнай лексікі:

- пры дапамозе грэка-лацінскіх і інтэрнацыянальных элементаў: -граф, -графія, -лог, -логія, макра-, мікра-, -фон, бія-, аэра-, астра-, -мер, -трон, аўта-, -фон, -стат, электра-, авія-, метр-, відэа- і інш. (хранометр, храналогія, гідрастат, гекельфон, авіялайнер, аўтограф, відэазапіс);

- пры дапамозе ўласнабеларускіх асноў (землеўтваральнік, кормаздабыча, вільгацеізаляцыя, архівасховішча).

7. Складанасуфіксальны – асноваскладанне з адначасовым далучэннем суфіксаў: шматразовы, аднатыпны, вадакачка, фарбацёрка і інш.

8. Абрэвіятурны спосаб – утварэнне складанаскарочаных слоў шляхам складання назваў першых літар або гукаў некалькіх слоў, цэлага слова і назваў першых літар або гукаў некалькіх слоў, спалучэннем частак слоў або цэлага слова і часткі, цэлага слова і назваў першых літар астатніх слоў, а таксама некаторых іншых спалучэнняў: ТЭІ (тэхніка-эканамічная інфармацыя, бэр – біялагічны эквівалент рэнтгена, перфакарты, міні-ЭВМ, персанальная ЭВМ і інш.

У беларускай тэрмінасістэме ўтварэнні з суфіксамі -цель- не маюць пашырэння, ім адпавядаюць лексемы з суфіксамі -нік-, -льнік-: показатель – паказнік, а не паказацель, преобразователь – пераўтваральнік, а не пераўтварацель.

У некаторых прыметніках замест запазычаных -аль(н)-, -яль(н)-, -іль(н)- выкарыстоўваецца суфікс -н-: функциональный – функцыйны, полиноминальный – паліномны. Пераважна выкарыстоўваюцца суфіксы -ав- (-ов-, -ев-) (параўнальна з суфіксам -н-): выборочный – выбаркавы (выбарачны); блочный – блокавы (блочны) (гл.: Маршэўская, 2003, 42).

Шырокаўжывальныя суфіксы дзеепрыметнікаў -ущ-, -ющ-, -ем-, -им- пры перакладзе з рускай мовы на беларускую часцей перадаюцца: суфіксам –- льн-, калі тэрмін – словазлучэнне, абазначае пэўную якасць (возрастающая функция – нарастальная функцыя; интегрируемая функция – інтэгравальная функцыя); суфіксам -ан-, калі названы аб’ект знаходзіцца ў працэсе аперацыі (аннулируемый – ануляваны); суфіксам -оўн-, калі тэрмін абазначае функцыю наймення (интегрирующий множитель – інтэгроўны множнік, нормирующий – нармоўны).

У сувязі з неканчатковай распрацаванасцю гэтага пытання ў беларускай тэрміналогіі адначасова можна сустрэць побач з беларускімі тэрмінамі словаўтваральныя калькі з рускай мовы: интегрируемый – інтэгруемы, интегрирующий – інтэгруючы (інтэгравальны), нормирующий – нармуючы (нармавальны).

Сярод тэрмінаў розных галін навукі і тэхнікі часта сустракаюцца наступныя варыянты: фанетычныя (лагарытм – лагарыфм, жэнератрыса – генератрыса), сінанімічныя (ЭВМ – электронная вылічальная машына) і словаўтваральныя, якія з’яўляюцца ўласнабеларускімі тэрмінамі і калькамі з рускай мовы (дзеліва – дзялімае, астача – астатак, блокавы – блочны, функцыйны – функцыянальны) (гл.: Маршэўская, 2003, 113).

  1. Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі

Фарміраванне беларускай тэрміналогіі непасрэдна звязана з развіццём і функцыянаваннем нацыянальнай мовы. Паколькі гісторыя беларускай мовы характарызуецца працягласцю і перарывістасцю, то ёсць усе падставы сцвярджаць, што фарміраванне беларускай тэрміналогіі таксама з’яўляецца працяглым і перарывістым. Такія экстралінгвістычныя фактары, як забарона беларускай мовы Варшаўскім сеймам у 1696 годзе і негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі, якія выклікалі больш чым стогадовы разрыў паміж пісьмовымі традыцыямі старабеларускай і сучаснай беларускай мовы ХVІІ — ХVІІІ стст., адмоўна ўздзейнічалі на пераемнасць натуральнага фарміравання тэрміналагічнай лексікі.

Асновай фарміравання тэрміналогіі старабеларускай мовы можна лічыць намінацыі розных прадметаў і з’яў прыроды ў народным маўленні і пазней фіксацыю гэтых намінацый у пісьмовых помніках старабеларускай мовы.

Для разумення працэсу развіцця беларускай тэрміналогіі важна ўзгадаць аб узнікненні і развіцці пісьменнасці на Беларусі.

Знойдзеныя ў Смаленску, Віцебску, Мсціславе дзелавыя запісы і прыватныя лісты на бытавыя і гаспадарчыя тэмы на бяросце (берасцяныя граматы) таксама сведчаць аб шырокім выкарыстанні пісьма ў заходняй русі і з’яўляюцца сродкам фіксацыя некаторых моўных намінацый прадметаў і паняццяў рэчаіснасці таго часу, у тым ліку і намінацый тэрміналагічнага характару. Так, у тэксце берасцяной граматы, знойдзенай у 1956 годзе ў Віцебску, якая адносіцца да ХІІІ — ХІV стст., можна вылучыць наступныя словы, што ўвайшлі ў склад тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы і сталі асновай для стварэння асобных тэрмінаў з розных галін гаспадарчай дзейнасці: грыўня, жыта, купіць, наяўнасць, прадаць. Калі ты прадаў адзенне, то купі мне жыта за 6 грыўняў.

ХІІІ стагоддзе ў гісторыі пісьменнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі характарызуецца значнай колькасцю помнікаў, больш разнастайным характарам іх тэматыкі, што звязана і з больш шырокім выкарыстаннем лексікі, якая служыла для намінацыі прадметаў, з’яў прыроды, паняццяў гаспадарчага і грамадскага жыцця.

Далейшае развіццё мовы беларускай народнасці адбывалася ў межах Вялікага княства Літоўскага.

У 1517 годзе вядомы беларускі асветнік Францыск Скарына з Полацка выдае ў Празе першую ва ўсходнеславянскім свеце друкаваную кнігу (“Псалтыр”) на стараславянскай мове. Затым ў Вільні ён выдае “Малую падарожную кніжыцу” і “Апостал”, у якіх у значнай ступені адлюстраваліся асноўныя рысы беларускага маўлення і ў прыватнасці — у лексіцы тэрміналагічнага характару (вызволити, даремный, дорослый, досконалый, збройный, листъ, мовца, научение, отчина, разумность, речи добрые, скарб, час).

Усходнеславянскае кнігадрукаванне прадоўжылі выдатныя кнігадрукары Б. Ваяводка, С. Будны, В. Цяпінскі, І. Фёдараў, П. Мсціславец, браты Мамонічы, В. Гарабурда, Я. Карцан, Д. Лянчыцкі, Я. і П. Кміты, С. Собаль і інш. Надрукаваная ў гэты перыяд літаратура складалася перш за ўсё з царкоўных твораў, а таксама з твораў, звязаных з грамадска-палітычнай і рэлігійнай барацьбой паміж прыхільнікамі і праціўнікамі царкоўнай уніі, паколькі большасць друкарняў належала мясцовым магнатам, праваслаўным брацтвам або езуітам і каталіцкім манастырам. Свецкі характар мела толькі некаторая частка кніг: граматыкі, слоўнікі, буквары, календары, у якіх зафіксавана значная колькасць тэрміналагічнай лексікі. У палемічных творах выкарыстоўвалася грамадска-палітычная тэрміналогія.

Да ліку фактараў, якія садзейнічалі фарміраванню як беларускай мовы наогул, так і тэрміналагічнай лексікі ў ХІV — ХVІІ стст., можна аднесці, па-першае, тое, што з другой паловы ХІV ст. пісьмовая беларуская мова стала дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага. Гэта спрыяла развіццю поўнафункцыянальнасці старабеларускай мовы, фарміраванню яе асноўных стыляў, у тым ліку навуковага. Па-другое, як ужо адзначалася, у першай палове ХVІ ст. у Беларусі ўзнікла, а к сярэдзіне ХVІ ст. атрымала шырокае распаўсюджанне кнігадрукаванне, якое ў значнай ступені садзейнічала выпрацоўцы лексічных нормаў, расшырэнню слоўніка, замацаванню намінацый новых навуковых паняццяў у моўнай практыцы.

Найбольш развітымі (з пункту погляду натуральнага фарміравання) галінамі тэрміналогіі ў ХІV — ХVІІ стст. былі тыя, якія абслугоўвалі асноўныя напрамкі гаспадарчага, навуковага і грамадскага жыцця беларускага народа. Гэта грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельскагаспадарчая, прамысловая, ваенная тэрміналогія, а таксама тэрміналогія мовазнаўства, астраноміі, матэматыкі і інш.

  1. Гісторыя развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі

ў 2080-я гады ХХ ст.

Сістэматычная праца ў галіне беларускай навуковай тэрміналогіі пачалася ў лю­тым 1921 года, калі была заснавана Навукова-тэрміналагічная камісія пры Навукова-літа­ратурным аддзеле Народнага камісарыята асветы Беларусі. У па­чатку 1922 года быў створаны Інстытут беларускай культуры (з 1929 года — Беларуская Акадэмія на­вук), у якім прадоўжылася праца па распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі.

За параўнальна кароткі час, з 1922 па 1930 год, у краіне былі выдадзены 24 вы­пускі “Беларускай навуковай тэрміналогіі” з розных галін навукі, куды ўключаліся тэр­мі­ны, якія выкарыстоўваліся пераважна ў школьным выкладанні. Побач са слоўнікавай работай і ўзбагачэннем паняційна-тэрміналагічнага фонду значным укладам Навукова-тэрміналагічнай камісіі ў развіццё беларускай тэрміналогіі з’явілася распрацоўка тэарэтычных і практычных пытанняў тэрміналогіі, якія актыўна абмяркоўваліся ў галіновых секцыях камісіі.

У 1925 годзе была выдадзена “Інструкцыя для збірання народнага слоўніка-тэр­мі­налагічнага матэрыялу ў беларускай мове для складання слоўніка жывой беларускай мо­вы”. У картатэку ўвайшла частка тэрмінаў, што бытавала на тэрыторыі Беларусі, най­больш поўна былі выяўлены тэрміны сельскагаспадарчай вытворчасці, рамёстваў, про­мыс­лаў, а таксама флоры і фауны.

Тэрміны, якія выкарыстоўваліся ў прамысловасці, тэхніцы ў большасці сваёй не ўвайш­лі ў картатэку слоўніка жывой беларускай мовы. У сувязі з гэтым Навукова-тэр­мі­налагічная камісія падрыхтавала новую “Інструкцыю для збірання тэрміналагічнага ма­тэрыялу тэхнічнага характару” (1930).

У 1932 годзе быў апублікаваны першы выпуск тэхнічнай тэрміналогіі. Гэта руска-беларускі слоўнік “Тэхнічная тэрміналогія” (Вып. 1. Мінск, 1932) пад рэдакцыяй А. Гурло. Ён ахапіў тэрміналогію паравых кат­лоў, паравых поршневых машын, турбін і рухавікоў унутранага згарання. Нель­га не адзначыць тую станоўчую ролю, якую ён адыграў у гісторыі развіцця тэх­ніч­най тэрміналогіі на беларускай мове. Безумоўна, слоўнік не мог ахапіць усю тагачасную тэх­нічную тэрміналогію, аднак ён паклаў пачатак сістэматызаванай распрацоўцы і вы­ву­чэнню спецыяльнай лексікі.

Перарывістасць працэсу фарміравання беларускай тэрміналагічнай лексікі ў выніку гістарычных умоў развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў ХVІІ — ХVІІІ стст. не толькі выклікала разрыў паміж традыцыямі старабеларускай мовы і традыцыямі сучаснай беларускай мовы і аказала адмоўны ўплыў на пераемнасць развіцця тэрміналагічнай лексікі, а і абумовіла некаторую спецыфіку шляхоў і прынцыпаў развіцця новай беларускай навуковай тэрміналогіі. У значнай ступені гэта спецыфіка знайшла адлюстраванне ў актыўным выкарыстанні дыялектных слоў. Шмат новых тэрмінаў прыйшло з кніжнай лексікі новай беларускай мовы. Аднак многія лексемы характарызаваліся варыятыўнасцю і не мелі стабільнай практыкі выкарыстання, што ўскладняла іх прымяненне ў якасці тэрмінаў.

Прынцыпы стварэння новых тэрмінаў распрацоўваліся Навукова-тэрміналагічнай камісіяй і выкладаліся ў прадмовах да выпускаў “Беларускай навуковай тэрміналогіі”. Асноўны прынцып — выкарыстанне сродкаў беларускай мовы. Першым спосабам рэалізацыі гэтага прынцыпу было выкарыстанне агульнаўжывальнай лексікі беларускай мовы: вапняк, вільгаць, вочка, вышыня, глеба, глей, ланцуг замкнуты, святло адлюстраванае, сіла цяжару, тлушчы і інш. Асноўная частка тэрмінаў, створаных шляхам тэрміналагізацыі агульнаўжывальных слоў, трывала замацавалася практыкай і складае аснову сучаснай беларускай тэрміналогіі. Другім спосабам выкарыстання сродкаў беларускай мовы пры стварэнні новых тэрмінаў было шырокае прымяненне на базе нацыянальнай мовы афіксальнага словаўтварэння, аснова- і словаскладання, калькавання, семантычнага перакладу: ахоўны, зрух слаёў, голанасенныя, паглынальнік, светланосны, сціскальнасць вадкасцей.

Члены Навукова-тэрміналагічнай камісіі шырока практыкавалі стварэнне на беларускім лексічным і словаўтваральным матэрыяле тэрмінаў-неалагізмаў, якія ў большасці выпадкаў адпавядалі навуковаму зместу адпаведных паняццяў, словаўтваральным заканамернасцям беларускай мовы і трывала замацаваліся ў сучаснай беларускай тэрміналогіі: даследаванне, магутнасць, прастора, ступень, суквецце, уяўны. Значная частка створаных неалагізмаў не замацавалася ў беларускай тэрміналогіі з прычыны шырокай ужывальнасці ў практыцы інтэрнацыянальных і славянскіх, у першую чаргу рускіх, адпаведнікаў, а таксама з прычыны штучнасці асобных наватвораў і недакладнай адпаведнасці навуковаму зместу абазначаемых паняццяў: красленне (чарчэнне), кругадрэз (сегмент), прастакутнік (прамавугольнік), пэўнік (аксіёма).

Характэрнай асаблівасцю тэрміналогіі, распрацаванай Навукова-тэрміналагічнай камісіяй, была высокая ступень варыятыўнасці, абумоўленая перш за ўсё падачай часткі запазычаных тэрмінаў разам з беларускімі лексемамі або неалагізмамі. Імкненне ўкладальнікаў тэрміналагічных выпускаў максімальна выкарыстаць беларускія эквіваленты тлумачыцца не толькі элементамі нацыянальнага пурызму, але і даволі часта тым, што на раннім этапе развіцця навукі ў Беларусі вучоныя і папулярызатары навукі ў сваіх публікацыях навуковага і навукова-папулярнага зместу часта выкарыстоўвалі замест невядомых шырокаму колу чытачоў запазычаных тэрмінаў словы жывой беларускай мовы, а часам і вузкія рэгіяналізмы, якія і былі зафіксаваны ўкладальнікамі выпускаў. Акрамя таго, аналагічным матывам часам кіраваліся і самі ўкладальнікі пры неабходнасці выбару паміж запазычаннем і словам жывой народнай мовы.

У распрацоўку тэрміналогіі розных галін ведаў у 20 — 30-я гады ХХ ст. значны ўклад унеслі народныя пісьменнікі Беларусі Якуб Колас і Янка Купала. Удзел класікаў беларускай мовы ў фарміраванні тэрміналагічнай лексікі — з’ява невыпадковая. Заўважана, што ў распрацоўку тэрміналогій усіх нацыянальных моў народаў СССР у паслякастрычніцкі перыяд унеслі важкі ўклад выдатныя пісьменнікі. Можна вылучыць тры асноўныя аспекты дзейнасці вялікіх майстроў:

● непасрэдны ўдзел у распрацоўцы тэрміналогіі ў час работы ў Навукова-тэрміналагічнай камісіі;

● развіццё тэарэтычных палажэнняў аб узаемадзеянні тэрміналагічнай і агульнаўжывальнай лексікі, аб мастацка-выяўленчых асаблівасцях тэрміналагічнай лексікі;

● выкарыстанне навуковай тэрміналогіі ў сваіх творах.

У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ў рэспубліцы не было агульнага цэнтра распрацоўкі і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі. Адсутнасць такога цэнтра, а таксама дапаможнікаў па тэрміналогіі стала прычынай значнага павелічэння варыятыўнасці: шагаючы экскаватар і крочачы экскаватар, выключацель і выключальнік, скорасць і хуткасць і г. д. Вялікая ступень варыятыўнасці тэрмінаў характэрна для выдадзеных у 1947 — 1950 гг. брашур і кніг па тэхналогіі металаў, будаўнічай справе, механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Моўная практыка патрабавала ўзнаўлення ў рэспубліцы тэрміналагічнай работы. У 1955 годзе ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР быў створаны сектар тэрміналогіі, які функцыянаваў да 1965 года. У гэтым сектары падрыхтаваны і выдадзены «Русско-белорусско-латинский словарь ботанической терминологии» (Мн., 1967), «Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии» (Мн., 1970), створана картатэка і падрыхтаваны «Русско-белорусский словарь сельскохозяйственной терминологии» (рукапіс), картатэка для Руска-беларускага політэхнічнага слоўніка. Названыя слоўнікі ствараліся на аснове прынцыпу збліжэння беларускай тэрміналогіі з рускай. З 1965 па 1979 гады ў рэспубліцы не было спецыяльнага тэрміналагічнага цэнтра.

У 50-я гады пад кіраўніцтвам Я. Коласа была праведзена вялікая навукова-арганізацыйная праца па стварэнню тэрміналагічнай камісіі пры Акадэміі навук БССР, у задачы якой планавалася ўключыць каардынацыйную і нармалізуючую дзейнасць па беларускай тэрміналогіі, а таксама выданне бюлетэня рэкамендуемых тэрмінаў. Смерць Я. Коласа перашкодзіла ажыццяўленню гэтай задачы.

У 60 — 70-я гады ХХ ст. некаторыя пытанні беларускай тэрміналогіі знайшлі асвятленне ў шэрагу дысертацыйных прац па даследаванню пэўных тэматычных аб’яднанняў слоў і асобных галіновых тэрміналогій у сучаснай беларускай мове.

У 1979 годзе ў рэспубліцы створана тэрміналагічная камісія Акадэміі навук БССР, якая складалася з дзевяці секцый і ўключала вядучых вучоных, спецыялістаў розных галін ведаў. У задачы камісіі ўваходзіла распрацоўка тэарэтычных асноў і методыкі ўпарадкавання беларускай тэрміналогіі, падрыхтоўка слоўнікаў, вывучэнне вопыту работы Камітэта навукова-тэхнічнай тэрміналогіі АН СССР і тэрміналагічных органаў рэспублік.

Паколькі тэрміны ўзніклі і развіваліся на глебе нацыянальнай мовы, то лексічная, граматычная, лексіка-семантычная сістэмы мовы ляжаць у аснове кожнай галіновай тэрміналогіі. Патэнцыяльная здольнасць беларускай тэрміналагічнай лексікі перадаць сістэму паняццяў розных галін ведаў абумоўлена высокім навукова-тэхнічным патэнцыялам рэспублікі, развітасцю лексічных і граматычных сродкаў беларускай мовы, наяўнасцю пэўнай, хоць і невялікай, практыкі выкарыстання беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі ў беларускім перыядычным друку, на беларускім радыё, тэлебачанні, у навуковых выданнях.

  1. Сучасны стан беларускай тэрміналогіі

З прыняццем у пачатку 1990 года Закону “Аб мовах у Беларускай ССР” тэр­мі­на­ла­гічная работа на Беларусі ажывілася. За некалькі наступных гадоў выйшлі з друку разнастайныя вуз­кагаліновыя слоўнікі ў асноўным перакладнога тыпу: “Русско-белорусский словарь электротехнических терминов” (аўтары Н.П. Краеўская, Б.В. Грынберг, В.П. Красней, Мінск, 1993), “Русско-белорусский словарь по теплотехнике и санитарной технике” (аўтары В.М. Капко, Б.М. Хрусталёў, Мінск, 1995), “Руска-беларускі слоўнік нафта- і газаздабычы” (аўтар У.В. Люшцік, Мінск, 1997), “Русско-белорусский по­литехнический словарь” (пад рэдакцыяй І.Л. Бурак, Мінск, 1997 — 1998), “Русско-белорусский терминологический словарь по металлургическому производству” (аўтары А.П. Ласкаўнёў, Н.М. Нямковіч, А.Ц. Валочка, Мінск, 1998) і шмат іншых. Усе яны ствараліся ў паскораным тэмпе, часта без уліку традыцыі, якая ўжо існавала ў Беларусі. Увогуле 90-я гады ХХ ст. характарызуюцца асаблівай увагай да актывізацыі лексічных, словаўтваральных сродкаў беларускай мовы, што тлумачыцца даволі значным уплывам рус­кай мовы ў папярэдні перыяд развіцця ва ўмовах СССР і тымі зменамі, якія адбыва­ліся ў нашым грамадстве: распад СССР, набыццё Беларуссю статусу незалежнай дзяр­жавы, прыняцце Закону “Аб мовах у Беларускай ССР” — усе гэтыя фактары моцна паўплывалі на ход развіцця мовы. А паколькі тэрміналогія з’яўляецца яе неад’емнай часткай, якая жыве і развіваецца па моўных законах, то яна таксама адчула гэты ўплыў.

У друку ў пачатку 90-х гадоў ХХ ст. усё часцей і часцей з’яўляюцца публікацыі, прысвечаныя мо­ва­знаў­чай праблематыцы ў тэрміналогіі: правапісу, словаўтварэнню і інш. Нягледзячы на тое, што ў асяроддзі тэрмінолагаў няма адзінага погляду на некаторыя пытанні, боль­шасць даследчыкаў асноўнымі прыёмамі тэрмінатворчасці называе тэрміналагізацыю, тэр­мінаўтварэнне, у тым ліку і калькаванне, запазычванне тэрміна з іншых моў. Так, част­ку навукова-тэхнічных тэрмінаў можна знайсці ў слоўніках беларускай мовы агуль­нага карыстання: разрадка, расклёпка, расплаў, святло, струмень, ступень, сумесь, сушка, сцяна, таўшчыня, хвост (імпульсу), цвёрды, цячэнне, чарцёж, чорны, шкло, шырата, шыццё (дротам), іншыя выпрацоўваліся аўтарамі самастойна шляхам калькавання адпаведных тэрмінаў рускай мовы: газоочиститель — газаачыш­чальнік, газопроницаемость — газапранікальнасць, газораспределитель — газаразмер­кавальнік, фотопреобразователь — фотапераўтваральнік, электродвигатель — электра­рухавік і інш.

Безумоўна, у сучасныя слоўнікі ўключаны і шматлікія запазычанні з іншых моў: вальфрамавая руда, іанізацыя, ізалятар, індукцыя, мадуляцыя, электрон, эмісія і інш.

Значнае месца аўтары адводзяць уласнай тэрмінатворчасці: адлюстраванне (прасторавае), беспаветраны, біццё, буйнасць, буйны, выбіўка, выплаўка, выпрацоўка, выяўленне (няспраўнасцей), галіна (трубаправода), дапальванне, дапрацоўка, даробка, за­пальнік, засцерагальная (зона), засцерагальны (болт), уключэнне, успышка, утулка (калектарная), уцісканне і інш. Аналіз паказвае, што ўсе гэтыя прыёмы выкарыстоўваюцца ў сучасных вузкагаліновых слоўніках.

На жаль, аўтары не заўсёды абапіраліся на тыя традыцыі, якія ўжо існавалі ў бела­рускай мове і былі закладзены ў 20-я гады ХХ стагоддзя. Як адзначае В.П. Красней, у 20 — 30-я гады тэхнічная тэрміналогія абапіралася на ўласнамоўную глебу, яна “…фарміравалася 1) шляхам увядзення ў склад той ці іншай тэрміналогіі агуль­наўжывальных слоў…; 2) шляхам утварэння шматлікіх неалагізмаў…; 3) шляхам выка­рыстання дыялектных слоў…”*. Відавочна, што крыніцы тэрміналогіі, якія выкарыстоўваліся ў перыяд стварэння тэрміналагічных слоўнікаў у 20 — 30‑я гады, зараз недастатковыя, бо любая галіна тэхнікі патрабуе соцень тысяч тэрмінаў.

Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што многія тэрміны, якія былі створаны ў 20 — 30-я гады на ўласнабеларускай аснове, аказваліся няўстойлівымі ў часе і паступова замяняліся іншымі. У прыватнасці, беларуская тэхнічная тэрміналогія пастаянна адчувала моцны ўплыў з боку рускай мовы, і таму шмат тэрмінаў, утвораных на аснове дыялектызмаў, паступова выходзілі з ужытку і замяняліся іншымі тэрмінамі: асяро­дзішча — асяроддзе, злучво — злучэнне, круцёлка — вяртушка, курадым і куродым — сажа, кут — вугал, мазіва —змазка, плешка — галоўка (сцірання), почапка — падвеска, скарупіна — корка, сцяжніца — сцяжка, хібіна — складка. Іншыя замяняліся запазычан­нямі: падвалак — падшы­нік, падымач — дамкрат, свярдлілка, браз­­­готка — свердзел, струмант — інструмент і інш.

Страта тэрмінаў на ўласнабеларускай аснове абумоўлена таксама і тым, што ў вус­най форме часцей ужываліся тэрміны з рускай мовы ў сувязі з невыкарыстаннем беларускай у вышэйшых тэхнічных навучальных установах і ПТВ, невялікай колькасцю навукова-тэхнічнай літаратуры на нацыянальнай мове.

Разам з названымі вышэй агульнымі прычынамі знешнелінгвістычнага характару на змяншэнне тэрмінаў на ўласнабеларускай аснове дзейнічалі і чыста лінгвістычныя фактары. У 20-я гады ХХ ст. у тэрмінатворчасці назіралася тэндэнцыя да пурызму — імкненне ачысціць мову ад іншамоўных слоў і выразаў, не дапусціць у яе запазычаную лексіку. Пурызм у тэрміналогіі 20-х гадоў адзначалі многія даследчыкі. У 90-я гады ХХ ст. аўтары тэрміналагічных слоўнікаў таксама пачалі ўводзіць у склад тэрміналогіі вузкадыялектныя словы, ствараць штучныя неалагізмы. Толькі калі ў 20-я годы вучоныя імкнуліся надаць мове навукі і тэхнікі своеасаблівы, нацыянальны характар, праўда, не зусім апраўдана, то цяпер пурыстычная тэндэнцыя праявілася галоўным чынам у тым, што з тэрмінасістэм выключаліся тэрміны, агульныя для беларускай і рускай моў: назіраецца адмежаванне ад рускай мовы, якая ў Беларусі пануе ў навукова-тэхнічнай сферы. Гэта словы: датчик — надайнік, корочка — скарынка, угореть — учадзець, фактар — чыннік, явление — выявішча і інш.

Практычная работа над слоўнікамі розных галін ведаў паказвае, што аб’ектыўных моўных перашкод для распрацоўкі беларускай тэрміналогіі не існуе, аб чым сведчаць і паспяховыя спробы падрыхтоўкі слоўнікаў па асобных галінах тэхнічных ведаў. У той жа час існуючая практыка выкарыстання беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі сведчыць аб тым, што хоць патэнцыяльна гэтая тэрміналогія, як і тэрмінасістэмы іншых галін ведаў, здольна перадаць усю сістэму навукова-тэхнічных паняццяў на сучасным сусветным узроўні, аднак яна патрабуе значнай работы ў напрамку ўпарадкавання і сістэматызацыі.

Пытанні для самаправеркі:

1. У межах якой навукі адбываецца вывучэнне тэрмінаў і чаму (адказ абгрунтуйце).

  1. Ахарактарызуйце паняцці: тэрмін, тэрміналогія, вузкаспецыяльныя і агульназразумелыя тэрміны.
  2. Назавіце асаблівасці выкарыстання тэрміналанічнай лексікі.
  3. Назавіце віды тэрмінасістэм, іх агульныя і прыватныя характарыстыкі.
  4. Назавіце асноўныя этапы станаўлення беларускай навуковай тэрміналогіі.
  5. Развіццё беларускай навуковай тэрміналогіі ў ХIV – ХVІ ст.
  6. Становішча беларускай навуковай тэрміналогіі ў ХVІІ – ХVІІІ ст.
  7. Становішча беларускай навуковай тэрміналогіі ў ХIХ пачатку ХХ ст.

Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: