Правапіс галосных

§ [1] 1. Галосныя літары

1. У беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы, э, е, ё, і, ю, я.

2. Літары а, о, э, у пішуцца ў пачатку слова і пасля цвёрдых зычных для абазначэння адпаведных галосных гукаў. Галосная літара і пішацца ў пачатку слова, пасля зычных пішацца ы або і ў залежнасці ад цвёрдасці або мяккасці зычных. Літары е, ё, ю, я ў пачатку слова, у сярэдзіне слова пасля галосных і раздзяляльных знакаў абазначаюць на пісьме спалучэнні зычнага гука [й] з галоснымі [э], [о], [у], [а]: елка – [йэ] лка, яма – [йа] ма, юны – [йу] ны; мая – ма [йа], паёк – па [йо] к, паехаў – па [йэ] хаў, саюз – са [йу] з; сям'я – сям [йа], ён – [йо] н, аб'езд – аб [йэ] зд, льеш – л [йэ] ш, б'ю – б [йу].

3. Літара і абазначае спалучэнне гукаў [йі] толькі пасля галосных, апострафа, раздзяляльнага мяккага знака і [ў]: краіна – кра [йі] на, кроіць – кро [йі] ць, батарэі – батарэ [йі], круіз – кру [йі]з, аб'інець – аб [йі] нець, вераб'іны – вераб [йі] ны, куп'істы – куп [йі] сты, салаўіны – салаў [йі] ны. У пачатку слова яна можа абазначаць спалучэнне гукаў [йі], у іншых пазіцыях – галосны[і]: іней – [йі] ней, іх – [йі] х; але: імчаць – [і] мчаць, іржышча – [і] ржышча, іголка – [і] голка, Ірына – [і] рына, Ігнат – [і] гнат, іржаць – [і] ржаць.

4. Літары я, ё, е, ю, і пасля зычных абазначаюць мяккасць зычных і адпаведныя галосныя гукі [а], [о], [э], [у], [і]: сяду – [ с'а ] ду, мёд – [ м'о ] д, лета – [ л'э ] та, вязу – [ в'а ] зу, люты – [ л'у ] ты.

5. Кропкі над літарай ё абавязковыя. Кропка над літарай і малой абавязковая, над І вялікай у друкаваных тэкстах – не ставіцца, у рукапісных тэкстах кропка абавязковая.

§ 2. Літары о, ё

1. Літара о пішацца толькі пад націскам: год, кот, скрозь, шоўк, колас, мова, доўга, посуд, арол, шолах, плячо, дарога, разгортваць, дапамога, дадаткова, жніво, дэпо, водар, оканне, ода, оптам, ордэн, офіс, опера, Об, Орша, Омск, Обнінск, Осла, Оксфард, Орск, Токіа, Ватэрлоа.

2. Літара ё пішацца пад націскам: біёлаг, сацыёлаг, трыёд, шпіён, іён.

Літара ё пішацца не пад націскам у словах з коранем ёд- і ёт-: ёдапірын, ётацыя, ётаванне.

3. Літара ё пішацца ў складаных словах, першай часткай якіх з'яўляецца радыё-: радыёстанцыя, радыёграма, радыёантэна.

Калі першая частка складанага слова ўтворана ад назвы хімічнага элемента радый, то пішацца літара е, якая з'яўляецца злучальнай галоснай: радыебіялогія, радыеактыўнасць, радыеметрычны, радыеізатоп і пад. У першым складзе перад націскам у гэтым выпадку пішацца я: радыяметрыя, радыяхімія, радыялогія, радыяграфія.

4. Спалучэнні галосных іо пад націскам і іа не пад націскам у сярэдзіне слоў іншамоўнага паходжання перадаюцца як іё (ыё), ія (ыя): біялогія, сацыялогія, шпіянаж, аўдыявізуальны, варыяскапічны, варыяфільм, медыя, а таксама радыё;але: эфіоп, ніобій, ніобіевы, дыоптрыя, Іосіф, Іоў, Іона, Іасафат.

У слове дыета пішацца спалучэнне галосных ые. На стыку прыстаўкі і кораня захоўваецца ыэ: дыэтан, дыэлектрык.

§ 3. Літары э, е

1. Літара э пішацца:

у пачатку выклічнікаў э, эге, эге-ге, эй, эх;

пасля прыстаўнога г у слове гэты і вытворных ад яго (дагэтуль), а таксама ў выклічніках гэ, гэй і назвах літар (бэ, вэ і пад.);

пасля шыпячых,[р], [д], [т] і цвёрдага [ц]: жэрдка, жэмчуг, шэры, нашэсце, чэрствы, чэк, нараджэнне, абуджэнне, рэкі, рэзаць, халадэча, сардэчны, пустэча, мястэчка, цэны, у руцэ.

2. У словах іншамоўнага паходжання літары э, е як пад націскам, так і не пад націскампішуцца ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем:

у пачатку слова: эра, эсэ, эўрыка, эпас, этыка, Эўклід, Эўрыпід, Эліста;але: егер, ерась, ерэтык, Еўропа, еўрапейскі, Еўпаторыя, еўпатарыйскі, Ерэван, ерэванец, Еўфрат;

у канцы нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ, рэзюмэ, рэнамэ, кафэ, галіфэ, кашнэ, кабернэ, фрыкасэ, плісэ, каратэ, дэкальтэ; Струвэ, Мерымэ, Эйвэ, Хасэ, Морзэ, Табідзэ, Брыгвадзэ, Каба-Ве́рдэ, Душанбэ, Сан-Тамэ ; але: камюніке, сальта-мартале, філе, піке.

3. Літара э ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэла, сурвэтка, экзэмпляр, маянэз, тунэль, сэрвіс пішуцца з э, а медаль, нерв, парламент, перспектыва, газета, сервіз – з літарай е.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: