§ 59. Правілы пастаноўкі двукроп’я
1. Двукроп'е ставіцца перад пералічэннем аднародных членаў, перад якімі ёсць абагульняльнае слова (займеннік, прыслоўе, назоўнік) або словы напрыклад, а іменна.
Напрыклад:
Наогул яе [настаўніцу] любілі ўсе: вучні, настаўнікі, калгаснікі (І. Шамякін).
Раніца была сухая. Нідзе ні расінкі: ні на траве, ні на лісці (А. Чарнышэвіч).
Усе былі апрануты па-святочнаму: чысценька і прыгожа (Я. Колас).
На прыгуменні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам, а пад паветкаю прылады: вазок, калёсы, панарады, старыя сані, восі, колы і вулляў некалькі на пчолы... (Я. Колас).
На ўроках мовы праводзяцца розныя віды работ, напрыклад: дыктанты, сачыненні, пераказы і інш.
2. У афіцыйных паперах, дакументах, у навуковых працах, зрэдку ў мастацкіх тэкстах двукроп'е перад аднароднымі членамі ставіцца і тады, калі перад імі адсутнічае абагульняльнае слова (яго ролю выконвае дзеяслоў-выказнік).
Напрыклад:
Да заявы прыкладаюцца:....
На нарадзе прысутнічалі:....
Вучылішча рыхтуе: токараў, слесараў...
|
|
З прамысловых птушак найбольшую цікавасць маюць: цецярук, глушэц, рабчык, шэрая курапатка, крыжанка, слонка, дупель, бакас і белая курапатка (Т. Хадкевіч).
3. Двукроп'е ставіцца перад пералічэннем аднародных азначэнняў, якія выражаны прыметнікам або назоўнікам ці займеннікам і адносяцца да паясняльнага папярэдняга назоўніка.
Напрыклад:
Дарэчы, вельмі сімвалічна, што і да гэтага часу не высветлена, якога ж веравання быў Скарына: праваслаўнага, каталіцкага ці пратэстанцкага? (Н. Гілевіч).
Размову спачатку вялі Васіль і Маслоўская – звычайную размову знаёмых людзей у першыя хвіліны сустрэчы: аб надвор'і, аб сустрэчы, аб навінах (І. Шамякін).
4. Калі аднароднымі членамі з папярэднім абагульняльным словам сказ не заканчваецца, то перад імі ставіцца двукроп'е, а пасля іх – працяжнік.
Напрыклад:
Рыбацкая снасць: сетка, нераткі, вуды – была адмысловая ў дзядзькі Марціна (Я. Колас).
Бацька прыбраў з воза ўсё: плуг, барану, мяшкі з бульбай – і ўвайшоў у хату (М. Зарэцкі).
5. Двукроп'е ставіцца перад аднароднымі членамі, якія тлумачаць, удакладняюць значэнне папярэдніх слоў.
Напрыклад:
На скорым часе ранічкою Алесь у кепскім быў настроі: хадзіў, бурчаў, не змоўчваў маме, усё дагары вярнуў нагамі (Я. Колас).
Яна ўзялася за работу: набрала бярэма дроў, унесла ў хату і, запаліўшы газоўку, стала класці іх у печ (К. Чорны).
6. Двукроп'е ставіцца паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, калі ў другой раскрываецца змест ці ўказваецца прычына таго, аб чым гаворыцца ў папярэдняй частцы.
Напрыклад:
Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну (Я. Колас).
|
|
Усё навокал было па-ранейшаму: глуха шумеў лес, нізка над зямлёй плылі хмары (С. Александровіч).
Яна дамаглася свайго: сталовая ўжо красавалася жоўтай страхою (П. Броўка).
Але пагаварыць яму так і не ўдалося: гаспадыня запрашала гасцей за стол (Я. Колас).
7. Двукроп'е можа ставіцца паміж трыма часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, у якім наступная частка ў адносінах да папярэдняй можа абазначаць прычыну, выражаць удакладняльна-тлумачальнае значэнне і інш.
Напрыклад:
Але справа тут не ў часе была: недаверлівыя залацінцы другое мелі ў думках: каб не прыбраў часам гэты інструктар і сад, і агарод, і сенакос (Я. Колас).
Прашу: хоць раз задумайцеся, людзі: на што мы трацім лепшыя гады? (А. Бачыла).
8. Двукроп'е ставіцца паміж дзвюма часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, першая з якіх заканчваецца дзеясловамі бачыць, глядзець, разгледзецца, чуць, адчуць, адчуваць, заўважыць, зразумець, ведаць, верыць, казаць, разумець і інш., пры дапамозе якіх пазначаецца, што далей будзе ісці паведамленне аб якім-небудзь факце, падзеі, з'яве і пад.
Напрыклад:
[Зося] заўважыла: Янка ўжо там, за вушаком дзвярэй (Г. Далідовіч).
Гляджу: усё ў парадку (К. Чорны).
Праз туман разгледзеўся цяпер я: над палянай жоўкне поўны месяц (М. Лужанін).
Адным словам сказаць, усе бачылі: яна і прыгожая, і ўдалая (К. Чорны).
Няхай усё гэта песня нагадала, але я веру: устане горад мой (М. Танк).
Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу (У. Караткевіч).
Праз вокны відаць: на ўсходзе разгараецца раніца (М. Лупсякоў).
9. Двукроп'е ставіцца пасля сказаў або слоў, якія ўводзяць у тэкст простую мову.
Напрыклад:
Лагодненька ўмее гаварыць дзед Павал: «Не хадзі ты, Агатка, далёка» (Я. Колас).
Ціха шэпчуць за парканам дзеці: «Вунь новая настаўніца ідзе» (С. Грахоўскі).
Рая прапанавала: «Хлопцы, дзяўчаты! Давайце наведаем Данілу Платонавіча!» (І. Шамякін).