Фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання гаспадаркай. Індустрыялізацыя

Звужванне дэмакратыі; таталітарны рэжым; бюракратызацыя; рэпрэсіі; палітычныя працэсы; «нацдэмы»; Канстытуцыя БССР 1937 г.; "ворагі народа"; рэпрэсіі; “тэорыя Вышынскага”; "Саюз вызвалення Беларусі"; палітаддзелы пры МТС; “закон аб 5 каласках”; праграма «аптымальнага спалучэння»; праграма “вялікага скачка”; таталітарная сістэма кіравання; пяцігадовы план развіцця гаспадаркі; калектывізацыя; раскулачванне; Статут сельскагаспадарчай арцелі; МТС; грамадскія фонды спажывання; закрытыя рабочыя кааператывы; падсобная гаспадарка; калектыўныя агароды; картачная сістэма.

Лекцыя 16. Беларусь у 1930-я гг. Станаўленне таталітарнай сістэмы грамадства. Калектывізацыя, індустрыялізацыя

ТЭМА 16. БЕЛАРУСЬ У 1930-Я гг. СТАНАЎЛЕННЕ ТАТАЛІТАРНАЙ СІСТЭМЫ ГРАМАДСТВА. КАЛЕКТЫВІЗАЦЫЯ, ІНДУСТРЫЯЛІЗАЦЫЯ

Кантрольныя пытанні да тэмы№15

1. Якія паўнамоцтвы меў саюзны ўрад СССР, і якія пытанні пакідаліся ўрадам рэспублік згодна Канстытуцыі 1924 года?

2. У чым сэнс палітыкі беларусізацыі? Якія яе асноўныя накірункі?

3. Пералічыце прычыны ўвода новай эканамічнай палітыкі.

4. Якія мерапрыемствы ў рамках НЭП прымаліся для развіцця сельскай гаспадаркі?

5. Чым палітыка Дз.Прышчэпава адрознівалась ад аграрнай рэформы Сталыпіна?

6. Якія мерапрыемствы прымаў урад па развіцці гандлю?

7. Што такое “саўзнак”? Якія грошы прыйшлі на змену “саўзнакам”?

8. Якія мерапрыемствы былі праведзены ў 1921-1927 гг. па кіраванню ў прамысловасці?

9. Колькі крызісаў было на працягу правядзення НЭП, і чым яны былі выкліканы?

10. Якія вынікі для Беларусі меў НЭП?

11. Якія літаратурныя аб’яднанні беларускіх пісьменнікаў вы ведаеце?

12. Якую структуру мела сістэма адукацыі ў 1920-я гады ў БССР?


Асноўныя паняцці:

Грамадска-палітычнае жыццё БССР (1928–1939 гг.)

У канцы 1920-х гг. пачаўся курс на згортванне беларусізацыі. Усталёўваліся загадныя метады кіравання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Бюракратычны апарат зліўся з партыйным і пераўтварыўся па сутнасці ў асобны сацыяльны клас. У выніку зрошчвання дзяржаўнага і партыйнага апарату рэзка знізілася роля выбарных Саветаў. Выканаўчая ўлада стала кантраляваць органы заканадаўчай улады. Тэрытарыяльныя рэспубліканскія прафсаюзы ліквідаваліся, у БССР быў прызначаны ўпаўнаважаны ВЦСПС. У кіраванні спалучаліся метады татальнай цэнтралізацыі, адміністрацыйна-загадныя метады кіравання і дзяржаўны тэрор у дачыненні да незадаволеных і патэнцыяльна незадаволеных асоб. Адбылася змена сацыяльных слаёў насельніцтва і яго інстытутаў, на якія зараз абапіраліся ўлады – гэта люмпенізаванае насельніцтва, бюракратыя, армія, праваахоўчыя і карныя структуры.

Адначасова Канстытуцыя СССР 1936 года і напісаная на яе аснове Канстытуцыя БССР 1937 года былі амаль не самымі дэмакратычнымі ў свеце. Яна вызначала вышэйшым органам улады Вярхоўны Савет. Дэкларавала шматлікія дэмакратычныя свабоды. Аднак выбары ў Вярхоўны Савет БССР 1938 года і давыбары 1940 года ў Заходняй Беларусі прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове, была зафіксавана 100% яўка выбаршчыкаў.

Усталяванне ў СССР дыктатуры Сталіна прывяло да масавых чыстак партыйных арганізацый ад “ворагаў народа” і палітычных рэпрэсій. “ Ворагі народа ” былі патрэбны, каб спісаць на іх няўдачы ў эканамічным развіцці. Гэта так сама было падставай для ліквідацыі палітычных праціўнікаў улады, паралізавання пратэстных настроеў у насельніцтва. Да тагож з абвінавачаных можна было стварыць шматмільённую працоўную армію рабоў (ГУЛАГ), на якую не распаўсюджваліся сацыяльныя гарантыі і працоўнае заканадаўства.

І.Сталін заявіў, што рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва з’яўляюцца неабходным элементам. Карані рэпрэсій 1930-х гадоў ляжалі ў вераснеўскай пастанове СНК РСФСР яшчэ 1918 года, якая ўводзіла “чырвоны тэрор”. Падрыхтоўка да вынішчэння “класавых ворагаў” пачалася ў пачатку дзесяцігоддзя. Так, міліцыя была выведзена з падпарадкавання мясцовых уладаў і перададзена АДПУ СССР, якое ў ліпені 1934 года было перайменавана ў НКУС СССР. У рамках НКУС ствараліся Асобыя нарады, якія мелі права караць без судовых пастаноў. Пасля забойства Кірава ў снежні 1934 года спрашчалася следства па “тэрарыстычных” справах, якія праводзіліся без адвакатаў і пракурораў, “нарадамі” з 3-5 асоб. Спрошчанае следства было ў 1937 годзе пашырана на справы па шкодніцтву і дыверсіям. Смяротны прысуд выконваўся адразу. Да арыштаваных дазвалялася (а з 1939 года патрабавалася) прымяненне фізічнага ўздзеяння. Судовая “ тэорыя Вышынскага ” – Генеральнага пракурора СССР – дазваляла выносіць абвінаваўчыя пастановы на падставе прызнанняў падсудных. Нават дзеці падпалі пад рэпрэсіі – бо з 1935 года ўводзілася крымінальная адказнасць з узросту ў 12 год.

Рэпрэсіі ў СССР пачаліся яшчэ ў 20-я гады, у дачыненні да праваслаўнага, каталіцкага і інш. духавенства. На рубяжы дзесяцігоддзяў рыпрэсіравалі кулакоў, а на пачатак 1930-х гадоў рэпрэсіі перакінуліся на іншыя слаі грамадства, у тым ліку блізкія да ўлады. Так, па справе 1930 г. аб неіснуючым “ Саюзе вызвалення Беларусі ” было арыштавана 108 чалавек, у тым ліку дзяржаўныя і культурныя дзеячы, галоўным чынам, рээмігранты В.Ластоўскі, Дз.Прышчэпаў, А.Смоліч, М.Гарэцкі і інш. З кожным годам карны механізм паскараўся, дасягнуўшы піка ў 1937 годзе.

Пачала рэпрэсіі партыйная сістэма, але хутка пачаліся чысткі партыйнага апарата, сярод радавых членаў партыі і кіраўніцтва. З 1933 па 1937 год колькасць членаў партыі на Беларусі паменьшылася з 65 да 31 тыс. чалавек. Напярэдадні ліпеньскага пленума 1937 года быў арыштаваны першы сакратар партыі В.Ф.Шаранговіч, даведзены да самагубства А.Чарвякоў. У Маскве ў чэрвені 1937 года арыштавалі старшыню СНК БССР М.М.Галадзеда (пазней выкінуўся з акна НКУС БССР). Да пачатку 40-х былі рэпрэсіраваны кіраўнікі партыі на Беларусі Я.Б.Гамарнік, К.В.Гей, М.Ф.Гікала, пры якіх і распачаліся рэпрэсіі. Амаль усе наркомы БССР, камсамольскія лідары, кіраўнікі прафсаюзаў і прадпрыемстваў народнай гаспадаркі былі рэпрэсіраваны. На месцах у сельскай мясцовасці пры МТС былі ў студзені 1933 года створаны палітаддзелы пры МТС. Гэтыя надзвычайныя партыйныя органы прызваны былі замацаваць калгасы палітычна, дзеля чаго праводзілі чыстку сярод сялян-камуністаў, у выніку колькасць іх паменшылася амаль напалову. Адначасова палітаддзелы вышуквалі “падкулачнікаў” – бо сапраўдных кулакоў ліквідавалі ў пачатку калектывізацыі, наглядалі за выкананнем “ закону аб 5 каласках ” – закон ад 7 жніўня 1932 года “Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў, кааператываў і ўмацаванні сацыялістычнай уласнасці”. Ва ўмовах страшэннага голаду 5 каласкоў, падабраных на ўжо ўбраных калгасных палетках з’яўляліся падставай для растрэлу з канфіскацыяй маёмасці
(у 1933-34 гадах асуджана каля 10 тыс. чалавек).

Цяжкія страты панесла навука – 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў АН БССР, у тым ліку прэзідэнты акадэміі П.В.Горын, І.З.Сурта, акадэмікі Я.М.Афанасьеў, Т.Ф.Домбаль, П.Я.Панкевіч, І.А.Пятровіч, Б.Тарашкевіч. Былі абвінавачваны ў стварэнні тэрарыстычнай арганізацыі і расстраляны сыны першага прэзідэнта акадэміі навук У.Ігнатоўскага Юрый і Валянцін. Расстраляны так сама пісьменнікі М.Гарэцкі, М.Зарэцкі, М.Чарот, П.Галавач і інш. Не пазбеглі арышту Я.Колас і Я.Купала.

З далучэннем да БССР Заходняй Беларусі там адразу падвегліся рэпрэсіям асаднікі, леснікі, каталіцкае духавенства, супрацоўнікі польскай адміністрацыі. Каля 50 тыс. чалавек, ці больш за 9 тыс. сямей было адразу выселена ў Сібір. Ахвярамі ўнутранага тэрору сталі многія палітычныя і культурныя дзеячы, вучоныя, артысты, пісьменнікі, святары і простыя людзі.

Рэгламентацыя паўсядзённага жыцця савецкіх людзей узмацнялася. У чэрвені 1940 года Указ ВС СССР уводзіў 8-мі гадзінны працоўны дзень і 7-мі дзённы працоўны тыдзень. Адначасова забаранялася самавольна пакідаць прадпрыемствы і ўстановы. Яшчэ раней сялянам было забаронена пакідаць без дазволу калгасы. Па сутнасці, гэта было мадэрнізаванае прыгонніцтва.

Пасля правалу “сусветнай рэвалюцыі” ў кіраўніцтве краіны стала пашырацца ідэя аб магчымасці пабудовы сацыялізму ў адной асобна ўзятай краіне. Існавала дзве праграмысацыялістычнага будаўніцтва, розніца паміж імі знаходзілася ў пытанні аб суадносінах долі назапашання і спажывання.

Праграма «аптымальнага спалучэння» М.І.Бухарына і спецыялістаў Дзяржплана (А.І.Рыкаў, М.П.Томскі і інш.) прадугледжвала павышэнне жыццёвага ўзроўню і культуры рабочых і сялянскіх мас; рост дзяржаўнай прамысловасці ў народнай гаспадарцы; больш высокія, чым у капіталістычных краінах, тэмпы развіцця гаспадаркі; павышэнне ўдзельнай вагі сацыялістычнага гаспадарчага сектара; аптымальнае спалучэнне ў развіцці цяжкай і лёгкай прамысловасці; аптымальнае спалучэнне ў развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі. У межах выканання праграмы прадугледжвалася захаванне асабістай уласнай гаспадаркі ў сельскай гаспадарцы; пераадоленне павышэння прамысловых ці рэзкага зніжэння сельскагаспадарчых цэн; пераадоленне значнага павышэння падатковага абкладання сялянства; павышэнне пакупной здольнасці чырвонца; прыцягненне дробных зберажэнняў грамадзян для ўнутраных інвестыцый (да індустрыялізацыі); устанаўленне сувязі эмісіі грошай з ростам тавараабароту; распрацоўка пяцігадовага плана як дакладнага прагноза асноўных тэндэнцый у развіцці эканомікі з папраўкамі пад уплывам міжнародных і ўнутраных умоў.

Гэта была праграма развіцця рэгулюемага рынку з выкарыстаннем таварна-грашовых адносін і пераадоленнем дыспрапорцый развіцця эканамічнымі метадамі. Праграма прадугледжвала існаванне агульнадэмакратычных нормаў, магчымасць з’яўлення новых палітычных аб’яднанняў.

Праграма “вялікага скачка” І.Сталіна (В.Куйбышаў, В.Молатаў, А.Андрэеў, Л.Кагановіч, С.Кіраў, А.Мікаян, Г.Арджанікідзе і інш.) мела крыху іншыя мэты: паскораную індустрыялізацыю народнай гаспадаркі; паскоранае каапераванне сялянства і сярэдніх слаёў горада; пад’ём дабрабыту і культуры мас; пабудову сацыялізму. Праграма будавалася на прынцыпах адмаўлення адначасовага і раўнамернага развіцця ўсіх галін гаспадаркі; выкарыстання энтузіязму рабочага класу; умацавання партыйна-дзяржаўнай сістэмы, усталявання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіраўніцтва гаспадаркі; адмены плюралізму ў грамадска-палітычным жыцці.

У студзені 1928 г., прынятае рашэнне Палітбюро ЦК УКП(б) аб правядзенні хлебанарыхтоўкі адміністрацыйна-прымусовымі мерамі выклікала адкрытае сутыкненне дзвюх праграм. Прыхільнікі Бухарына былі зняты з пасад і пазней знішчаны. У краіне ўсталявалася таталітарная сістэма кіравання. Таталітарызм – гэта цэласная ідэалагічная, палітычная і арганізацыйная структура, у якой эканоміка мае падпарадкаваную да ідэалогіі ролю.

Асаблівая ўвага пачала надавацца планаванню развіцця эканомікі, якое набыло статус абавязковых для выканання дакументаў. Раней, у 1926 г., Дзяржплан і ВСНГ падрыхтавалі два варыянты пяцігадовага плана развіцця гаспадаркі – максімальны і мінімальны. Першы прадугледжваў рост прамысловай вытворчасці на 180% (амаль што ў 3 разы), рост вытворчасці сродкаў вытворчас-
ці – 230%, рост прадукцыйнасці працы ў індустрыі – 110%, рост вытворчасці ў сельскай гаспадарцы – 55%, рост рэальнай зарплаты, падваенне нацыянальнага даходу. Мінімальны план прадугледжваў скарачэнне гэтых паказчыкаў максімальнага на 20%. Гэта былі збалансаваныя планы, нягледзячы на высокія тэмпы развіцця. Пасля асабістага ўмяшальніцтва І.Сталіна, абавязковым для выканання застаўся толькі максімальны варыянт, у які ўнеслі карэктывы ў бок павелічэння паказчыкаў.

У маі 1929 г. IX Усебеларускі з’езд Саветаў зацвердзіў першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР на 1928-1932 гг. Яго асноўным прынцыпам была збалансаванасць і дакладная абгрунтаванасць мэт і задач пяцігодкі. Вынікі пяцігодкі можна падзяліць на станоўчыя (да фарсіравання індустрыялізацыі) і адмоўныя (з абвяшчэннем “ вялікага скачка ” – на XII з’ездзе КП(б)Б у чэрвені 1930 г.).

Капіталаўкладанні ў прамысловасць за пяцігодку склалі
243 млн. руб., гэта ў 5,3 разы болей чым за папярэднія 10 гадоў. Пераважнае развіццё атрымалі дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная галіны прамысловасці. Было пабудавана 78 буйных і 480 дробных і сярэдніх новых прамысловых прадпрыемстваў, сярод якіх швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і панчошна-трыкатажная фабрыка «КІМ» у Віцебску, фабрыка штучнага валакна і трубаліцейны завод у Магілёве, бабруйскі, барысаўскі і гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, буйнейшая ў рэспубліцы ГРЭС і інш. У 3,8 раза павялічыўся аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі, але больш хуткімі тэмпамі развіваліся галіны лёгкай, а не металаапрацоўчай прамысловасці. Узніклі новыя галіны прамысловасці: сельскагаспадарчае машынабудаванне, станкабудаванне, хімічная (вытворчасць штучнага валакна і хіміка-фармацэўтычная), вытворчасць стандартных будынкаў, вытворчасць маргарыну і інш.

Адбыліся змены ў структуры прамысловасці. На буйных прадпрыемствах выраблялася 57,3% прадукцыі, на іх занята больш паловы прамысловых рабочых. У 1931 г. аб’ём валавай прадукцыі прамысловасці перавысіў аб’ём валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі – Беларусь стала індустрыяльна-аграрнай рэспублікай.

Аднак, адначасова эканамічныя стымулы і гаспадарчы разлік саступаюць месца каманднай эканоміцы, выкарыстоўваюцца валюнтарысцкія метады кіраўніцтва эканомікай. Увогуле выкананне пяцігадовага плана было правалена нават па мінімальным паказчыкам, але абвешчана аб яго выкананні за чатыры гады і тры месяцы. Пачаліся чысткі сярод мясцовых партыйных, дзяржаўных і гаспадарчых кадрах, абвінавачванні іх у нацыянал-ухілізме і шкодніцтве на падставе невыканання планаў.

Другі пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР на 1933-1937 гг. быў зацверджаны ў студзені 1934 г.

Згодна з ім вядучае месца надавалася развіццю цяжкай прамысловасці, ствараліся два энергетычных вузла – Гомельскі і Мінскі. Далейшае развіццё атрымала лёгкая і харчовая прамысловасць. Шырока выкарыстоўваліся метады сацыялістычнага спаборніцтва і ўдарніцтва.

Пад час выканання плана другой пяцігодкі былі пабудаваны новыя буйныя прадпрыемствы: Гомельскі шклозавод, Крычаўскі цэментны завод, Аршанскі льнокамбінат, Магілёўскі трубаліцейны завод, Магілёўскі аўтарэмонтны, дрэваапрацоўчы камбінат, завод ізаляцыйных пліт у Нова-Беліцы, ацэтонавы завод у Быхаве і інш. Усяго пабудавана 1700 прадпрыемстваў, каля 90 – рэканструявана. Уведзены новыя электрастанцыі: Мінская ЦЭЦ-2, Слуцкая, Мазырская, Полацкая, Барысаўская, Заслаўская, Дзяржынская, Дрысенская, Нараўлянская.

Валавая прадукцыя гаспадаркі павелічалася ў 1,9 раза (запланавана ў 3,8 разы). Адбыліся змены ў структуры рабочага кла-
са – 2/3 ад яго колькасці – гэта былыя сяляне, якіе не мелі дастатковай кваліфікацыі. Адначасова атрымалі шырокае распаўсюджанне судовыя працэсы над шкоднікамі, яны былі “знойдзены” ў Віцебскім чыгуначным дэпо, на фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі», Гомельскім вагонарамонтным заводзе і г.д. Атрымала шырокае развіццё “ лагерная эканоміка ”. У 30-40-я гг.
600 тыс. беларусаў працавалі ў рамках лагернай сістэмы НКУС, але на тэрыторыі БССР вялікіх лагераў не было.

Трэці пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР на 1938-1942 гг. быў зацверджаны XVII з’ездам КП(б)Б у чэрвені 1938 г. Ён прадугледжваў павелічэнне нацыянальнага даходу ў 2 разы; рост аб’ёму валавай прадукцыі прамысловасці ў 1,5 разоў; рост вытворчасці харчовых прадуктаў у 2,5 разоў; рост узроўню народнага спажывання ў 1,5-2 разы; пераважнае развіццё машынабудавання і хімічнай прамысловасці, будаўнічай індустрыі; далейшае развіццё дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці, транспарту і сувязі.

Пад час пяцігодкі адбылося хуткае развіццё транспарту. Праведзены чыгуначныя лініі Камунар-Орша, Орша-Лепель, Гомель-Чарнігаў, Асіповічы-Магілёў. У аўтамабільным транспарце на 1940 г. колькасць грузавых аўтамабіляў павялічылася ў 37,5 разоў ў параўнанні з 1928 г. Працягласць аўтамабільных дарог з цвёрдым пакрыццём склала 11,2 тыс.км. Было адкрыта Дняпроўска-Дзвінскае рачное параходства, пабудаваны Гомельскі рачны порт. Адкрыўся рачны пасажырскі маршрут Гомель-Кіеў. У 1940 г. адноўлены Днепра-Бугскі канал, рачны флот папоўніўся новымі судамі. З’явіўся авіятранспарт. У Мінску быў пабудаваны аэрапорт, пачала дзейнічаць авіялінія Мінск-Масква.

У 1940 г. ужо 80% прадукцыі народнай гаспадаркі БССР прыходзілася на прамысловасць. Гэта 33,8% выпрацоўваемай у СССР фанеры, 27% – запалак, 30% – штучнай аліфы, 25% – дражджэй,
11% – маргарыну, 10% – торфу, 10% – металарэзных станкоў. Аднак, наглядалася адставанне ў развіцці энергетыкі, папяровай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, павялічылася колькасць незавершаных аб’ектаў будаўніцтва.

У верасні 1939 г. адбылося далучэнне Заходняй Беларусі да БССР. Тэрыторыя БССР павялічылася ў 1,9 разоў, колькасць насельніцтва вырасла ў 1,6 разоў. Пачалася індустрыялізацыя ў Заходніх абласцях. Яе асноўнымі мэтамі было ліквідацыя беспрацоўя, стварэнне сацыялістычнага рабочага класа – апоры бальшавіцкага рэжыму. Народная гаспадарка рэспублікі ў 1940 г. злілася ў адзінае цэлае.

Да пачатку 40-х гг. на Беларусі (як частцы СССР) была рэалізавана сталінская мадэль дзяржаўнага сацыялізму. Індустрыялізацыя садзейнічала яе ўмацаванню. Былі нацыяналізаваны сродкаў вытворчасці, адбылася цэнтралізацыя кіравання ўсёй прамысловасцю. Прыватны і саматужна-рамесны сектар вытворчасці быў выціснуты з эканомікі БССР. Дзяржаўны манапалізм уладкаваўся ў вытворчасці і размеркаванні. Вырасла колькасць бюракратыі, усталяваўся загадны стыль кіраўніцтва эканомікай.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: