Застойныя дзесяцігоддзі

Пасля перамогі над Напалеонам у Магілёве да 1830 г. знаходзілася галоўная кватэра штаба Першай рускай арміі. Многія героі 1812 года прыязджалі са сваіх палкоў на нарады ў штаб арміі, здымалі кватэры ў горадзе, аглядалі горад і яго наваколле. З 1816 па 1818 гг. пражываў на Шклоўскай (Першамайскай) вуліцы і камандуючы арміяй знакаміты расійскі палкаводзец Барклай дэ Толі.

Амаль дзесяцігоддзе пасля 1812 г. гаспадарка Магілёўшчыны вельмі павольна аднаўляла свой патэнцыял. Звязана гэта было і з вывяржэннем у 1815 годзе вулкана Тамбора на інданэзійскім востраве Сумбава. Гэта найбуйнейшае ў сучаснай гісторыі Зямлі вывяржэнне спрыяла ўтварэнню аэразоляў у атмасферы і неўраджаям па ўсім свеце. Але яшчэ ў большай ступені развіццю вёскі заміналі састарэлыя сацыяльна-эканамічныя адносіны. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя Расія была адзінай у Еўропе краінай, у якой сяляне знаходзіліся ў прыгоннай залежнасці ад памешчыкаў. Спробы рэформы дзяржаўнай вёскі і люстрацыі памешчыцкіх маёнткаў істотных вынікаў не далі. Сельская гаспадарка і прамысловасць краіны ўсё болей адставала ад перадавых краін Еўропы.

Статус цэнтра губерні ў пэўнай ступені спрыяў развіццю Магілёва. Горад яшчэ больш абганяе іншыя гарады краю, якія развіваюцца вельмі павольна. У 1825 годзе ў Магілёве пражывала каля 12 тыс жыхароў, налічвалася 51 мураваны і 1506 драўляных дамоў, 18 цэркваў, 5 кляштараў, 7 навучальных і 9 богаўгодных устаноў, 81 фабрыка і завод, 260 крамаў, карчма, 150 піцейных дамоў, 8 лазняў. З 1802 годзе ў Магілёве пачала дзейнічаць гарадская бальніца, а ў 1809 годзе была адкрыта мужчынская гімназія, ў 1833 годзе – першая публічная бібліятэка (60 кніг), у 1838 годзе пачала выходзіць газета “Могилёвские губернские ведомости”. Места наведвалі папулярныя расійскія тэатральныя трупы таго часу. У сярэдзіне стагоддзя магілёўцы навучаліся не толькі ў гімназіі, але і ў павятовым і прыхадскім вучылішчах, трох прыватных жаночых школах.

Насельніцтва Магілёва, паводле перапісу 1841 года, вырасла да 20 тысяч жыхароў. У цэнтральнай частцы горада мноства будынкаў ужо былі мураванымі. Вуліц было 24, у тым ліку 9 брукаваных. Грамадскі і 241 прыватны сад квітнелі вясной. У гэтым годзе ў горадзе быў пабудаваны адзін з першых на Беларусі мукамольных заводаў, які меў паравы рухавік. У 1854 годзе працавалі 27 цагельных заводаў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, лесапілка, 34 невялікія маслабойні, развівалася ганчарная, піваварная, суконная, тытунёвая і іншыя галіны вытворчасці.

У ХІХ ст. праз Магілёўшчыну праходзілі важныя шляхі зносін Расійскай імперыі. Канстанцінопальскі тракт вёў са сталіцы Расіі на поўдзень у Асманскую імперыю. У сярэдзіне стагоддзя наш горад атрымаў бальшакі новага тыпу, якія больш надзейна звязвалі яго з іншымі гарадамі. Беларускі тракт Санкт-Пецярбург – Кіеў ужо меў абочыны, кюветы, спланаванае з шчэбеню палатно дарогі шырынёй 2,5 сажні (5,25 м). У 1849 годзе адкрыўся рух па ўчастку шашы Магілёў – Віцебск, а ў 1851 годзе – Магілёў – Доўск. Такога ж тыпу дарога была адкрыта ў 1850 годзе на Бабруйск. Праз Крычаў, Чэрыкаў, Прапойск, Бабруйск праходзіў і Маскоўска – Варшаўскі тракт. Днепр па-ранейшаму заставаўся надзвычай важнай транспартнай артэрыяй. Пасля 1860 года рух людзей і транспарту праз Магілёў яшчэ больш павялічыўся. Да гэтага года цераз раку існавала толькі паромная пераправа. Намаганнямі начальніка аддзялення Магілёўскай акругі шляхоў зносін Мікалая Ястрэбскага быў узведзены 190-метровы мост, які стаў упрыгожаннем горада і палегчыў жыццё гараджан і падарожнікаў.

 

Візіты знакамітых асоб на Магілёўшчыну

Знаходжанне на скрыжаванні шляхоў прывяло да таго, што шмат вядомых асоб, у тым ліку каранаваных, праязджалі і прыпыняліся ў гарадах Магілёўшчыны. Аглядалі Магілёў і любаваліся гарадской архітэктурай расійскія імператары: Павел І, Аляксандр І, Мікалай І, Аляксандр ІІ, Мікалай ІІ. Ратуша была найлепшым пунктам агляду горада і яго ваколіц. Многія госці горада імкнуліся атрымаць асалоду ад разглядвання з вышыні птушынага палёту тады не такога вялікага як сёння, але вельмі прыгожага Магілёва.

15 чэрвеня 1802 года у горад прыбыў імператар Аляксандр I. На наступны дзень манарх выехаў на Лупалаўскае поле, дзе правёў агляд фанагрыйскага палка, які тут кватараваў, пасля чаго рушыў у Санкт-Пецярбург. 4 верасня 1931 года праз Александрыю, Шклоў, Магілёў і Быхаў у крэпасць Бабруйск праязджаў Мікалай І. Нягледзячы на тое, што манарх збіраўся толькі “перамяніць коней і рушыць далей”, да яго прыезду рыхтавалася ўся губерня. Адразу пачаўся тэрміновы рамонт дарог, мастоў, гацей, падрыхтоўка неабходнай колькасці коней... Нават некалькі гадзін знаходжання “аўгусцейшай асобы” літаральна ўзрушылі губерню. У 1839 годзе ў Магілёве паўтара месяца хварэў наследнік прастола Вялікі князь Аляксандр Мікалаевіч – будучы імператар Аляксандр II, які жыў у доме дваранства. У час хваробы паводле яго загаду магілёўцам у якасці міласціны было раздадзена 20 тысяч рублёў асігнацыямі і створаны стыпендыяльны фонд у 1500 рублёў

Наведвалі места такія расійскія і ўкраінскія пісьменнікі, як Гаўрыла Дзяржавін, Тарас Шаўчэнка, Мікалай Гогаль і іншыя выбітныя прадстаўнікі культуры. Так, у дваццатыя гады праз Магілёў двойчы праязджаў славуты рускі паэт Аляксандр Пушкін. Першы раз заснавальнік новай рускай літаратуры наведаў Магілёў у красавіку 1820 года, калі накіроўваўся з Пецярбурга ў Кішынёў. Аб гэтым візіце сведчанняў не захавалася. Другі раз, 6 – 7 жніўня 1824 года, шлях паэта ляжаў назад пад нагляд паліцыі ў сяло Міхайлаўскае. Мемуарысты згадвалі, што магілёўцы адразу звярнулі ўвагу на Пушкіна, які хадзіў па горадзе, апрануты ў рускую кашулю і боты. На яго плечы быў накінуты ваенны шынель, на галаве была ярмолка. Побач з ім звычайна шпацыраваў слуга, апрануты турчанём. Эпатажны выгляд прыцягнуў увагу да Аляксандра Пушкіна. Частка афіцэраў мясцовага гарнізона, даведаўшыся аб прыбыцці паэта, падрыхтавалі яму ўрачыстую сустрэчу.

Бачылі Магілёўшчыну і першыя расійскія рэвалюцыянеры. У 1825 годзе ў Магілёве пэўны час дзейнічала Магілёўская ўправа Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. Пасля падаўлення ў снежні 1825 года паўстання на Сенацкай плошчы С.-Пецярбурга і выступлення Чарнігаўскага полка на Украіне царскі ўрад жорстка расправіўся з удзельнікамі выступлення. У 1826 годзе гараджане бачылі, як у горад увезлі больш за 40 расійскіх рэвалюцыянераў-дзекабрыстаў, якіх этапам накіравалі з Украіны ў С.-Пецярбург. Частку з іх дапытвалі ў Магілёве. У будынку штаба Першай расійскай арміі засядаў ваенны суд. У скляпеннях калегіума езуітаў (зараз музей этнаграфіі па вул. Першамайскай) каля 70-ці ўдзельнікаў дзекабрысцкага руху трымалі некалькі дзён. З нашым горадам звязаны трагічныя старонкі жыцця дзекабрыстаў: М. Бястужава-Руміна, С. Мураўёва-Апостала, які, дарэчы, браў удзел у вызваленні Магілёва ад французаў у лістападзе 1812 года, і інш.

 

Духоўная і свецкая адукацыя першай паловы ХІХ стагоддзя

Царызм прыняў у склад Расійскай дзяржавы дастаткова развітыя ў эканамічным і культурным дачыненні да зямлі. Высокую для таго часу адукаванасць мела шляхта, духавенства, мяшчане. Маладыя людзі з забяспечаных сем'яў часта атрымлівалі адукацыю ў Еўропе. Школы рэгіёну належалі пераважна каталіцкай і праваслаўнай цэрквам. У 1776 годзе ў Магілёўскай губерні налічвалася 32 школы: 21 школу ўтрымлівала праваслаўнае духавенства, 11 - каталіцкае.

Магілёўская духоўная семінарыя, якую яшчэ ў 1759 году заснаваў Георгій Каніскі, працягвала дзейнічаць. Каніскі унікаў ва ўсе пытанні школы: запрашаў выкладчыкаў з Кіева, складаў праграмы, друкаваў падручнікі, прызначаў дараванне настаўнікам, размяркоўваў курсы навучання, ставіў на чале семінарыі вопытных кіраўнікоў. Пры ім былі пабудаваныя не толькі знакамітыя магілёўскія помнікі архітэктуры – архірэйскі палац, Спаса-Праабражэнская царква, але і пачата будаўніцтва асноўнага навучальнага корпуса і дома-інтэрната семінарыі. Па праекце архітэктара М. Львова ў 1780-85 гадах ўзводзіцца навучальны корпус у стылі ранняга класіцызму.

У Магілёве, Мсціславе, Гомелі і Оршы дзейнічалі павятовыя духоўныя вучэльні. Магілёўскае духоўнае вучылішча размяшчалася ў адным доме з семінарыяй, а з 1838 года мела свой дом, размешчаны на гарыстым Быхаўскім плато. Мсціслаўскае духоўнае вучылішча было адкрыта 9 студзеня 1810 г. У вучылішчы было пяць класаў. Па штаце мелася 4 настаўнікі: 2 старэйшых і 2 малодшых.

Духоўныя навучальныя ўстановы пакінулі глыбокі след у асвеце народа. Варта адзначыць, што Магілёўскую духоўную семінарыю скончылі: І. Насовіч – этнограф, фалькларыст, “бацька беларускай лексікаграфіі”, Я. Машкоўскі (1776) – першы дырэктар Кіеўскай гімназіі, бацька галоўнага канструктара ракетных сістэм СССР акадэміка С. Каралева (1895), будучы педагог-наватар М. Лепяшынскі, а ў пачатку ХХ стагоддзя вядомыя беларускія пісьменнікі Андрэй Мрый, Васіль Шашалевіч, Міхась Зарэцкі і многія іншыя вядомыя дзеячы культуры.

З імем Станіслава Богуш-Сестранцэвіча – каталіцкага архіепіскапа, энцыклапедычна адукаванага чалавека, волата асветы і навукі звязана заснаванне ў Магілёве каталіцкай семінарыі. У 1778 г. ім адкрываецца духоўная семінарыя, якая рыхтуе юнакоў не толькі для манаскіх ордэнаў, але і манахаў – выкладчыкаў для школ. Дыяцэзія мела не толькі семінарыю, але і акадэмію, якія (семінарыя з 1847 года, акадэмія з 1882) размяшчаліся ў Санкт-Пецярбургу, але называліся “магілёўскімі” да 1918 года. Езуіцкія калегіўмы дзейнічалі да закрыцця ордэна ў 1820 г. Пасля паўстання 1830-31 гадоў і іншыя каталіцкія навучальныя ўстановы былі ліквідаваныя, альбо ператвораныя ў парафіяльныя, павятовыя вучылішчы і гімназіі.

Габрэйская рэлігійная адукацыя ў Магілёўскай губерні развівалася разам з павелічэннем габрэйскага насельніцтва. Хедары – прыватныя пачатковыя яўрэйскія рэлігійная школы дзейнічалі ва ўсіх кагалах і прыкагалках. Існавалі і бясплатныя грамадскія школы для сірот і дзяцей беднякоў – талмуд-торы. Ешыбот – габрэйская школа больш высокага ўзроўню дзейнічала ў Магілёве з жніўня 1849 г.

Пачала развівацца і свецкая адукацыя. Магілёўскае галоўнае народнае вучылішча было адкрыта ў 1789 годзе. Гэта было першае навучальная ўстанова за кошт казны на тэрыторыі нашай вобласці. Паступова народныя вучэльні адкрываліся і ў іншых населеных пунктах Магілёўшчыны. Малыя народныя вучылішча пачалі працу ў Копысі (1791-1797), Оршы (1791-1821), Мсціславе (1791-1830), Чавусах (1791-1830), Чэрыкаве (1791-1837).

У народным двухкласным вучылішчы г. Бабруйска адкрытым у 1801 г. вывучаліся польская і лацінская мовы, нравовученне, геаграфія, арыфметыка, чыстапісанне. Веды, атрыманыя ў Бабруйскім павятовым вучылішчы, дапамаглі знакамітаму беларускаму пісьменніку Вікенцію Іванавічу Дуніну-Марцінкевічу працягнуць вучобу ў Віленскай школе, на медфаке Пецярбургскага універсітэта, пісаць свае вечныя творы.

Нягледзячы на пэўныя поспехі, на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў сетка навучальных устаноў заставалася слаба развітай і вельмі неаднароднай. Рэформа адукацыі, неабходнасць якой у Расіі даўно наспела, была праведзена ў пачатку XIX стагоддзя. Па новаму Статуту пачалі стварацца павятовыя вучылішчы і гімназіі. У 1809 годзе было адкрыта прыходскае вучылішча ў Магілёве, у 1816 – у Быхаве. У 1828 году адкрыліся павятовыя вучылішча ў Бабруйску, Касцюковічах (замест Клімавіцкага адкрытага ў 1820), Мсціславе, Магілёве, Чэрыкаве (адкрыта ў 1830), Чавусах.

Магілёўскае Галоўнае народнае вучылішча было ўрачыста пераўтворана ў Магілёўскую губернскі трохкласная мужчынскую гімназію 15 верасня 1809 года. У канцы лета 1830 гімназія перасялілася ў будынак Галоўнай кватэры 1-й Арміі, якая знаходзілася на лепшай гарадской вуліцы, у цэнтры горада. Разам з ёю ў гэтых жа будынках змясціліся павятовае вучылішча і ланкастэрская школа. У 1877-79 гадах корпус гімназіі быў збольшага перабудаваны і стаў нагадваць ў плане літару "Г". менавіта гэты будынак па вул. Ленінскай, 41 захавалася да нашых дзён.

У пачатку ХІХ стагоддзя ў большасці навучальных устаноў Віленскай навучальнай акругі асноўнай мовай выкладання заставалася польская. Гэта ў пэўнай ступені спрыяла паланізацыі насельніцтва.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: