Особенности менталитета полешуков

       Разважаючы над пэўнымі рысамі характару, трэба адзначыць, што многае хаваецца ў глыбіні стагоддзяў. Тое, што Сялец быў населены беднай, але ганарыстай шляхтай, паўплывала і на астатнюю частку насельніцтва...Характар сялянства сфарміраваўся ў сярэднявеччы, калі паняцце навакольнай прасторы ўспрымалася як замкнутае і варожае, а часам - як поўная абыякавасць, таму паводзіны не толькі нашых людзей былі прасягнуты пачуццём няпэўнасці (матэрыяльнай і духоўнай), выхавалася надзея на цуд, на аўтарытэт. Чалавек не мог абмяжавацца сваім дваром, яго цягнула да суседзяў. Пачуццёвае выхаванне, фарміраванне менталітэту ідзе таксама і ў царкве, якая становіцца цэнтрам прыходскага жыцця, а таксама на млыне, дзе ёсць магчымасць абмяняцца думкамі, і нарэшце, - ў карчме (у больш позні перыяд). Пераймаючы паводзіны мясцовай шляхты, астатнія жыхары засвоілі не толькі ганарыстасць, але і іншыя элементы культуры. З цягам часу гэта станавілася ўсё больш відавочным. Так, дрэнным тонам лічылася не памытая з пясочкам, "з дзеркачом" падлога. Ніводная жанчына не ўжывала віна (і такія паводзіны дайшлі амаль да 1950-х гг.). Так, на пачатку ХХ стагоддзя жанчыны яшчэ манерна сядзелі за сталом з чаркай такога памеру, што туды можна было ледзь ўставіць палец, і гэтага хапала на ўсю "гулянку". Пры гэтым жанчыны з асобай асалодай абмяркоўвалі паводзіны той суседкі, якая ў нечым парушыла традыцыйныя для вёскі правілы. Рэлігійнае выхаванне было пастаўлена на высокім узроўні і яно не спрыяла таму, каб пад час святочных мерапрыемстваў спываць "абы-што", "дурачыцца". Па-іншаму паводзілі сябе новыя сельчукі, выхадцы з іншых месцаў. Адначасова гэтыя факты сведчыць аб тым, што адпачываць і гуляць, як сёння, раней у Сяльцы не ўмелі. Працягваючы гаворку аб жанчынах, трэба сказаць, што яны - аматаркі сварыцца. Пры гэтым сварка была гучная, з вялікай колькасцю праклёнаў і непрыстойных рухаў. Але трэба сказаць, што сем'і з высокай рэлігійнасцю гэтымі адмоўнымі якасцямі вызначаліся менш. Я ніколі не задумваўся над праблемай праклёнаў, таму, што відаць, сам вырас у такім асяроддзі. А калі зараз пачаў шукаць вытокі гэтай з'явы, то быў расчараваны. Дарагія мае сельчукі, карані праклёнаў хаваюцца ў язычніцтве, хрысціянства адмаўляе чалавеку ў праве выступаць вырашальнікам лёсу, а калі ж тое адбываецца, то за спіною стаяць зусім не Божыя сілы...Можна зрабіць такой партрэт жыхаркі нашага сяла: ганарыстая, акуратная, надзвычай веруючая, справядлівая і працавітая. Мужчыны мелі тыя ж рысы, за выключэннем сварлівасці. Яна замянялася гатоўнасцю да бойкі за нанесеную шкоду, асабліва за адабраную сенажаць ці пераараную мяжу. Некалі мужчыны не выкарстоўвалі лаянку. Такія словы, як "быдло", "свінская морда" ці "бандура" лічыліся цяжкай абразай. А пачуць аб сабе нешта накшталт "нц, ты, нейкая хамула" было вышэй магчымага. Сельчукі былі, ў асноўным, не пітушчыя, працавітыя і надта не паважалі гультайства. Пэўнай рысай сельчукоў, без розніцы іх полу, была хітрасць. Сам сабе на ўме. Пры гэтым хітрасць не несла ў сабе ніякай выгады. Асабліва не любілі ў нашым сяле крадзёж...

       Назіраючы за зменамі жыцця апошнім часам, бачыш: яны неадназначныя. Да станоўчых змен трэба аднесці, напрыклад, тое, што змяніўся адукацыйны ўзровень. Стагоддзі таму нават сельская шляхта была малапісьменная, а зараз амаль усе адукаваныя... Шукаючы адказ на пытанне, ці падобны сяльчук на беларуса, трэба адзначыць амаль стопрацэнтнае супадзенне. Так, сярод адмоўных якасцей беларусаў на першым месцы стаіць нерашучасць - сельчукоў, якія б дасягнулі шмат чаго ў жыцці, надзвычай мала. Сціплыя людзі... Людзей, якія тут жылі і жывуць можна ўпікнуць, а можна і пахваліць. Зразумела, што пазнаёміць з тымі, хто жыў даўно не магу, але ў мінулым стагоддзі - паспрабую. Усякі наш жыхар любіў коней. Куды селяніну без каня? Конь быў універсальным цяглавым сродкам, які да таго ж забяспечваў рознабаковыя сувязі з астатнім светам. Для яго быў лепшы корм. Людзі лічылі за ганьбу біць ці здзекавацца з жывёлы, нават дрэнныя словы не выкарыстоўвалі. "Но, каб ты быў", - вось які дабразычлівы зварот да каня. У наш час у гаспадарках зноў з'явіліся коні. Яны, канешне, не маюць таго значэння, што раней, але адносіны да іх з боку гаспадароў самыя лепшыя. "Трэба рана ўстаць, вывесці каня на пашу,- кажа Рыгор Канстанцінавіч Крац,- зімой сена дай, вады, на двор выпусціць трэба. Сіл ужо мала, але яшчэ патрымаю..." А які тут пяклі хлеб! Чорны, жытні, на кляновым лісце. Кожная жанчына пякла. Мясцовыя яўрэі пяклі сітні хлеб. Смаката!

       У кожнай мясцовасці ёсць свае прыказкі, прымаўкі, крылатыя выразы. Ёсць яны і ў нас. Тут кажуць "добрае жыццё, добрая школа", "там добра, дзе нас няма", "свайго не меўшы, лажыся не еўшы", "дай, Божа, даваці, не дай, Божа, браці", "добра ўсё умець, ды не ўсё рабіць", "менш гавары, больш рабі", "у няўмелага рукі не баляць" і г.д. Старыя людзі часта ўспамінаюць пра тое, што было раней, і пры гэтым абавязкова ўзгадваюць пра балота, што было тут некалі, да меліярацыі: "Шкада балота. У кіно бачу балота - не наша не такое было, дзецям і ўнукам растлумачыць не магу. Хай сабе яно было непрывабнае, але зразумейце: яно было багатае, свае. Не магу аб гэтым гаварыць: у душы ёсць, а слоў - няма. Шкадую, вось і ўсё".

       Цікава, што людзі, якія прыехалі ў сяло з розных мясцін, захоўваюць пэўныя свае звычаі, але іх псіхалогія ў асноўным у хуткім часе становіцца тоеснай і выпадкі несупадзення вельмі рэдкія.

Приводится по кн. М.Пейган. Сяло ля Башты. Гл. Асабістыя думкі аўтара аб характары і побыце жыхароў Сяльца

 

4. Гродненское Понеманье


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: