Пытанне 40

Першая сусветная вайна значна паўплывала на беларускі нацыянальны рух. Вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, удзельнікі нацыянальнага руху эвакуіраваліся з прыфрантавой паласы ў Цэнтральную Расію. Была закрыта газета "Наша ніва", якую рэдагаваў Я.Купала. Ва ўсходняй, неакупіраванай частцы Беларусі нацыянальны рух быў спынены ў сувязі з праследаваннем улад ва ўмовах ваеннага становішча. На захопленых беларускіх землях вядомыя дзеячы нацыяйальнага руху, якія засталіся там, браты Іван і Антон Луцкевічы, В.Ластоўскі і інш., выступілі з ідэяй адраджэння незалежнасці Літвы і заходняй часткі Беларусі ў дзяржаўнай форме Вялікага княства Літоўскага з сеймам у Вільні. Садзейнічала гэтаму заява канцлера Германіі Бейтман–Гольвега аб тым, што вызваленыя ад Расіі землі ніколі не вернуцца назад пад маскоўскае ярмо.

У сувязі з такой заявай беларускія дзеячы дамовіліся з кіраўнікамі літоўскіх і яўрэйскіх суполак аб усталяванні ў будучай дзяржаве канфедэратыўнага ладу. Дамоўленасць была замацавана "Універсалам", выдадзеным на чатырох мовах (літоўскай, польскай, яўрэйскай і беларускай) у снежні 1915 г. У гэтым дакуменце гаварылася, што літоўскія, беларускія, польскія і яўрэйскія суполкі пачалі ўтварэнне канфедэрацыі на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі як адзінай дзяржавы, якая забяспечыць усім нацыям усе правы. У лютым 1916 г. таксама на чатырох мовах распаўсюджана адозва "Грамадзяне", у якой выкладзены прынцыпы палітычнага ладу будучай канфедэрацыі. Планавалася ўтварыць незалежную дзяржаву з сеймам, сфарміраваным на аснове агульных, роўных і прамых выбараў пры тайным галасаванні. У гэту дзяржаву павінны былі ўвайсці землі, захопленыя германскімі войскамі.

Аднак утварыць такую канфедэрацыю не дазволіла палітыка германскага ўрада. Захапіўшы Вільню, германскае камандаванне абвясціла аб тым, што заходнія беларускія землі будуць падпарадкоўвацца "польскай кароне". На захопленай беларускай тэрыторыі стваралася шырокая сетка польскіх школ, касцёлаў, розных згуртаванняў польскай "злучнасці". У самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Група яго дзеячаў на чале з В.Ластоўскім заснавала арганізацыю "Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі", якая ставіла мэту ўтварэння незалежнай Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Аднак і гэта мэта не атрымала афіцыйнага прызнання з боку нямецкага ўрада. У 1915 г. рэлігійна–клерыкальныя дзеячы ўтварылі на Беларусі палітычную арганізацыю "Хрысціянская злучнасць", у якую ўваходзілі прадстаўнікі вышэйшых колаў каталіцкага духавенства, буйной буржуазіі і памешчыкаў, буржуазнай інтэлігенцыі, а таксама сяляне, рабочыя і дробнабуржуазныя элементы. Творцамі "Хрысціянскай злучнасці" былі барон Роп, князь Святаполк–Мірскі, барон Шафнагель. Галоўная мэта гэтай арганізацыі — прыстасавацца да палітычных і сацыяльна–эканамічных умоў нямецкай акупацыі.

У пачатку 1916 г. германскі фельдмаршал Гіндэнбург у загадзе аб школах у акупіраваным краі абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. Нягледзячы на супрацьдзеянне польскіх памешчыкаў і ксяндзоў, беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся. На акупіраванай тэрыторыі былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. Стала выходзіць газета "Гоман". У Вільні дзейнічалі "Беларускі камітэт дапамогі пацярпеўшым ад вайны", "Беларускі клуб", згуртаванне "Золак", "Навуковае таварыства", "Беларускі вучыцельскі саюз".

Кіраваў усёй гэтай работай створаны ў 1915 г. у Вільні Беларускі народны камітэт (БНК), які ўзначальваў А.Луцкевіч. Спачатку камітэт прытрымліваўся ідэі стварэння канфедэратыўнай дзяржавы ў форме ВКЛ, але пазней выказаўся за ўтварэнне Беларуска–Літоўскай дзяржавы з унутраным размежаваннем "аўтаномных Беларускай і Літоўскай зямель паводле матчынай мовы жыхароў". БНК прыняў удзел у рабоце канферэнцыі народаў Расіі, якая адбылася ў Стакгольме ў красавіку 1916 г. На гэтай канферэнцыі камітэт абвясціў сваю дэкларацыю, у якой гаварылася, што беларускі народ чакае вызвалення з–пад няволі.

У канцы 1916 г. БНК зрабіў некалькі захадаў, каб дамовіцца з Літоўскім нацыянальным камітэтам аб утварэнні Літоўска–Беларус–кай дзяржавы ў этнічных межах беларусаў і літоўцаў. Аднак літоўцы адмовіліся ад перагавораў. Пад уздзеяннем германскіх акупантаў Літоўскі камітэт разарваў сувязі з БНК і ўтварыў у Вільні Літоўскую дзяржаўную раду (Тарыбу) як вярхоўны дзяржаўны орган Літвы. У склад гэтай Літоўскай дзяржавы былі ўключаны і захопленыя немцамі беларускія землі. Беларусь атрымала ў Тарыбе два месцы. У гэтых складаных умовах БНК працягваў працу. Ім была склікана і праведзена ў 1918 г. у Вільні Беларуская канферэнцыя. На ёй абралі Віленскую беларускую раду, якой БНК здаў свае паўнамоцтвы.

Беларускі народны камітэт ва ўмовах акупацыі прыкладаў вялікія намаганні, каб звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на лёс Беларускага краю, яго культуру, каб абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа.

У прадстаўнікоў левай плыні ў беларускім нацыянальным руху, якія пасля акупацыі Заходняй Беларусі Германіяй працягвалі сваю дзейнасць у Маскве, былі зусім іншыя погляды на пытанне аб будучым Беларусі. Адзін з кіраўнікоў гэтай плыні А.Бурбіс сцвярджаў, што ва ўмовах акупацыі Беларусі не было ніякіх надзей на магчымае нацыянальнае адраджэнне. Як і іншыя прадстаўнікі левай плыні нацыянальнага руху, ён стаяў на пазіцыі паражэння царызму ў вайне, лічыў, што перамога царскай Расіі канчаткова паставіць "крыж на вызваленні Беларусі".

3 другой паловы 1915 г. галоўнымі цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху сталі Петраград, Масква, Мінск, Калуга і іншыя гарады, дзе бежанцы–беларусы ўтварылі свае суполкі, апорныя пункты па вывучэнні становішча ў Беларусі, згуртаванні беларускага нацыянальнага руху, прапагандзе беларускай літаратуры. У кастрычніку 1916 г. Міністэрства ўнутраных спраў Расіі дазволіла выданне ў Петраградзе і Мінску беларускіх газет "Дзянніца" і "Светач".

Газета "Светач", якая выдавалася ў Петраградзе рэлігійна–клерыкальнымі дзеячамі, прапагандавала ідэі адзінства беларусаў незалежна ад іх класавай прыналежнасці, заклікала ўсе грамадскія сілы да ажыццяўлення "беларускага нацыянальнага ідэалу". Аднак газета не мела вялікага ўплыву на развіццё беларускага нацыянальнага руху. У пачатку 1917 г. яе выданне было спынена.

Газету "Дзянніца" выдаваў на свае сродкі З.Жылуновіч. Яна адлюстроўвала рэвалюцыйна–дэмакратычны характар беларускага нацыянальнага руху. "Дзянніца" прапагандавала думку, што свабоднае развіццё беларускага народа магчыма толькі ў цесным саюзе з рускім народам. У газеце друкаваліся творы З.Жылуновіча, К. Буйло, К.Чарнушэвіча, Ф.Шантыра. У снежні 1916 г. "Дзянніца" перастала выходзіць.

Такім чынам, першая сусветная вайна абвастрыла ўсе супярэчнасці ў краіне, прывяла да вострага эканамічнага і палітычнага крызісу. Царызм ужо быў няздольны вывесці краіну з гэтага тупіка. Рэвалюцыя ў краіне стала непазбежнай.

Пачатак рэвалюцыі паклалі масавыя забастоўкі, мітынгі і дэманстрацыі рабочых 23 лютага 1917 г. у Петраградзе. 25 лютага забастоўка стала ўсеагульнай, а 26 лютага пачалося ўзброенае паўстанне. На бок рабочых пераходзілі салдаты. Раніцай 27 лютага на бок рэвалюцыі перайшло 10 тыс. паўстаўшых салдат, а вечарам іх налічвалася ўжо больш за 60 тыс. Рабочыя і салдаты аб'ядноўваліся ў баявыя дружыны. 27 лютага гэтыя дружыны захапілі Галоўны арсенал, тэлеграф, вакзалы, вызвалілі з турмаў палітычных зняволеных. Рэвалюцыя ў Петраградзе перамагла. 2 сакавіка цар Мікалай II адрокся ад прастола. Закончылася 300–гадовае панаванне дынастыі Раманавых.

Асаблівасцю рэвалюцыі было тое, што яна непаслядоўна вырашыла пытанне аб уладзе.

У той жа дзень, калі быў выбраны Петраградскі Савет (27 лютага), утвораны таксама з дэпутатаў IV Дзяржаўнай думы Часовы камітэт на чале з адным з кіраўнікоў акцябрыстаў М.Радзянкам. Мэта Часовага камітэта — "навесці парадак у краіне", што азначала ўзяць усю ўладу ў свае рукі. Але зрабіць гэта не ўдалося. Пад націскам рэвалюцыйных мас Петраградскі Савет выдаў 1 сакавіка 1917 г. загад, паводле якога ўсе вайсковыя злучэнні пераходзілі ў падпарадкаванне Савета. Тады Часовы камітэт вырашыў дамовіцца з Петраградскім Саветам. У ноч з 1 на 2 сакавіка 1917 г. Часовы камітэт запрасіў на сваё пасяджэнне прадстаўнікоў Петраградскага Савета. Эсэра–меншавіцкія лідэры, не абмеркаваўшы гэтага пытання на пасяджэнні Савета, прапанавалі Часоваму камітэту Дзяржаўнай думы ўтварыць Часовы ўрад. 2 сакавіка на аснове пагаднення паміж Часовым камітэтам Думы і меншавіцка–эсэраўскім кіраўніцтвам Петраградскага Савета быў утвораны буржуазны Часовы ўрад на чале з князем Г. Львовым. Пасаду міністра замежных спраў заняў лідэр кадэтаў П.Мілюкоў, вайсковых спраў — лідэр акцябрыстаў А.Гучкоў. Сацыяліст А.Керанскі заняў пасаду міністра юстыцыі і адначасова з'яўляўся намеснікам старшыні Петраградскага Савета.

Так утварылася ў краіне двоеўладдзе, перапляценне дзвюх дыктатур: з аднаго боку — дыктатура буржуазіі, якую ўвасабляў Часовы ўрад, з другога – рэвалюцыйна–дэмакратычная дыктатура пралетарыяту і сялянства — Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў.


Пытанне 41

3 24 на 25 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе пачалося ўзброенае паўстанне, якое ўзначаліў Ваенна–рэвалюцыйны камітэт (ВРК), створаны пры Петраградскім Савеце. Кіравала паўстаннем партыя бальшавікоў. 25 кастрычніка Часовы ўрад быў скінуты. 28 кастрычніка II Усерасійскі з'езд Саветаў абвясціў Савецкую ўладу ў цэнтры і на месцах.

Апоўдні 25 кастрычніка бальшавікі Мінска па вайсковым радыё атрымалі паведамленне аб перамозе ўзброенага паўстання ў Петраградзе. Мінскі Савет, дзе пераважалі бальшавікі, абвясціў сябе ўладай. 3 турмаў былі вызвалены салдаты, арыштаваныя за антываенныя выступленні і з іх быў сфарміраваны Першы рэвалюцыйны полк. Былі створаны ваенна–рэвалюцыйныя камітэты (ВРК), якія абапіраліся на салдацкія масы. Супраціўленне бальшавікам аказаў Камітэт выратавання рэвалюцыі на чале з Т. Калатухіным. Неўзабаве у Мінску і на Заходнім фронце ўладу у свае рукі ўзяў ВРК. Ён распусціў Камітэт выратавання, а Калатухін быў арыштаваны.

На працягу кастрычніка–лістапада 1917 г. савецкая ўлада была ўстаноўлена на усёй свабоднай ад немцаў тэрыторыі Беларусі. З’езды саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, якія адбыліся ў лістападзе 1917 г., сваімі рашэннямі замацавалі перамогу савецкай улады на Беларусі.

27 лістапада выканаўчыя камітэты, абраныя з’ездамі Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, 3аходняга фронту, аб'ядналіся і ўтварылі выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту (Абылвыканкомзах). Яго старшынёй быў абраны бальшавік М.Рагазінскі. Для кіравання вобласцю і фронтам быў створаны абласны Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з бальшавіком К. Ландарам. Зазначым, што ў прэзідыуме СНК былі толькі прадстаўнікі фронту, сярод якіх не было ніводнага беларуса. Яны адкрыта выступілі супраць беларускага нацыянальнага дзяржаўнага самавызначэння, прытрымліваючыся ідэі стварэння ўнітарнай савецкай дзяржавы. У сувязі з гэтым, прызнаючы ўладу Саветаў ў Расіі, Вялікая беларуская рада не прызнавала ўладу Абылвыканкамзаха на тэрыторыі Беларусі, разглядаючы яго выключна як франтавы орган ўлады.

30 лістапада 1917 г. прадстаўнікі розных партый і рухаў, якія ўваходзілі ў Вялікую беларускую раду, выступілі з адозвай "Да ўсяго беларускага народа", у якой аб'явілі сваю палітычную праграму. Для арганізацыі законнай улады ў цэнтры і на месцах меркавалася 5 снежня 1917 г. склікаць у Мінску з'езд прадстаўнікоў усяго беларускага народа. Дазвол на правядзенне з'езда даў урад У.Л. Леніна, а нарком па нацыянальных справах I.В.Сталін выдзеліў на яго правядзенне 50 тыс. рублёў і паабяцаў, што рашэнні форума будуць прызнаны савецкай уладай.



Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: