Шляхі рашэння глабальных праблем сучаснасці

Вялікае значэнне для паспяховага вырашэння глабальных праблем набывае навуковы разлік і прагноз. Узнікаючы стыхійна, глабальныя праблемы патрабуюць планамерна накіраваных дзеянняў людзей для іх вырашэння. У сучасных умовах гэта прадвызначае прагрэс ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Чалавецтва павінна папярэдзіць магчымыя адмоўныя наступствы, якія пагражаюць існаванню і развіццю сённяшняга і будучага пакаленняў. На думку Г.Кругловай, і з гэтым немагчыма не пагадзіцца, для вырашэння глабальных праблем неабходна ўлічваць навукова-тэхнічныя (або натуральна-прыродныя) і сацыяльна-палітычныя аспекты.

Планетарны характар глабальных праблем прадвызначыў і шырокі дыяпазон падыходаў, думак, тэорый. Сярод гэтага мноства канцэпцый магчыма вылучаць як узаемадапаўняючыя, так і ўзаемаадмаўляючыя адна адну. Стратэгія вырашэння глабальных праблем непазбежна павінна спалучыць у сабе навуковы, сацыяльны і гуманістычны падыходы да гэтых праблем. У праектах вырашэння глабальных праблем магчыма вылучыць чатыры падыходы ў залежнасці ад ролі і значэння навукова-тэхнічнага прагрэса (НТП):

1) канцэпцыі, якія бачаць вырашэнне глабальных праблем толькі ў дасягненнях НТР, зусім не ўлічваючы іх сацыяльнай накіраванасці;

2) канцэпцыі, якія цалкам адмаўляюць дасягненні НТП, заклікаюць да прыпынення росту вытворчасці і прыпынення дзейнасці, накіраванай на развіццё навукі, тэхнікі, пераўтварэнняў прыроды і г.д.

3) канцэпцыі, якія ігнаруюць НТП у звязку з вырашэннем глабальных праблем, але не адмаўляюць яго ў грамадстве; асноўны ціск робіцца на змяненні духоўнага жыцця чалавека;

4) канцэпцыі, якія бачаць вырашэнні глабальных праблем шляхам спалучэння дасягненняў навукова-тэхнічнага і сацыяльнага прагрэса грамадства.

Адразу неабходна падкрэсліць, што побач з сацыяльна-эканамічным пераўладкаваннем грамадства, у наш час усё большую значнасць набывае фарміраванне новай глабальнай свядомасці. Пад уплывам навуковай думкі і працы стыхійныя формы ўзаемадзеяння чалавека з прыродай павінны саступіць месца арганізаваным у адпаведнасці з законамі функцыяніравання і развіцця біясферы. Уладарства тэхнічных і біялагічных законаў узаемадзеяння грамадства і прыроды заменяць сацыяльныя (разумныя) законы. У гэтым кантэксце вялікую ролю мае развіццё міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, сумеснае змаганне з забруджваннем навакольнага прыроднага асяроддзя, сумесныя навуковыя даследаванні.

Кажучы пра глабальныя праблемы і іх вырашэнні неабходна адзначыць сацыяльна-палітычныя аспекты. Вырашэнне праблем немагчыма без усвядомленай і мэтанакіраванай дзейнасці чалавека. Іх глабальны характар патрабуе для вырашэння сумесных намаганняў усіх краін і народаў свету. Гэта дае падставу для сацыяльна-палітычных аспектаў міжнароднага супрацоўніцтва ў вырашэнні глабальных праблем сучаснасці. Але шмат залежыць ад падыходаў да гэтых праблем у палітыцы асобна ўзятых краін.

Знаходзячыся ў сувязі з сацыяльнымі, эканамічнымі, палітычнымі супярэчнасцямі сучаснага свету, глабальныя праблемы непазбежна выклікаюць сутыкненне інтарэсаў розных класаў, сацыяльных груп, палітычных партый, грамадскіх рухаў і г.д. Яны набываюць палітычную афарбоўку, іх вырашэнне знаходзіцца ў сферы палітыкі. У пэўнай ступені, глабалістыка з'яўляецца той вобласцю, дзе сутыкаюцца палітычныя курсы і мэты розных дзяржаў, партый, рухаў, класаў.

Шматлікія партыі, рухі і арганізацыі, якія зацікаўлены ў вырашэнні глабальных праблем, распрацоўваюць свае палітычныя дактрыны, вылучаюць уласныя праграмы вырашэння гэтых праблем. Аднак неабходна заўжды памятаць, што ўсё чалавецтва хвалююць глабальныя праблемы і яно заклапочана неабходнасцю іх вырашэння, аднак шляхі і сродкі іх вырашэння розныя, у залежнасці ад палітычных і ідэалагічных інтарэсаў.

Безумоўна, што па сваёй сутнасці глабальныя праблемы маюць біясацыяльны характар. Адзначаючы значнасць натуральна-прыроднага боку, трэба прызнаць галоўнымі ў вырашэнні праблем сацыяльна-палітычныя змены. Навуковыя веды дазваляюць сёння прапанаваць тэхнічнае забеспячэнне вырашэння любых самых складаных глабальных праблем, з якімі сутыкнулася чалавецтва. Але практычная рэалізацыя такіх праектаў залежыць передусім ад рэальнага палітычнага курса, ад сацыяльна-палітычных умоў, ад мэтаў дзяржавы ці палітычнай партыі. Глабалістыка стала не толькі спецыяльнай галіной навуковых ведаў, але і накірункам дзяржаўнай палітыкі. На сёння можна казаць аб глабальным мадэліраванні развіцця, як неад'емнай часткі палітыкі ўсіх дзяржаў. Неабходна памятаць, што галоўнае – гэта не лозунгі і дэкларацыі, а практычная рэалізацыя. А вось тут узнікаюць складанасці. Нават дасягнуўшы згоды па асноўных мэтах і задачах, розныя палітычныя сілы на практыцы не заўжды імкнуцца да іх рэалізацыі. Найбольш яскрава бачны розныя падыходы і сувязь палітыкі і глабальных праблем на прыкладзе вырашэння праблемы вайны і міра (палітычныя, канцэпцыя "ядзернага міра" і г.д.), экалагічных праблем і інш.

У сучасных умовах магчыма весці размову аб шчыльнай узаемасувязі палітыкі з субглабальнымі праблемамі. Ад вырашэння гэтых праблем на сённяшні дзень не залежыць выжыванне чалавецтва. Але яны вызначаюць "якасць жыцця" грамадства. Праблемы адукацыі, культуры, нацыянальна-этнічныя, развіцця сродкаў масавай камунікацыі залежаць шмат у чым ад палітычнага курса краіны. Праблема гарантыі правоў чалавека, перадусім права на жыццё, забяспечваецца, ў першую чаргу, палітычным вырашэннем на дзяржаўным і міжнародным узроўнях.

Наогул, агульначалавечыя аспекты глабальных праблем прадвызначылі іх шчыльную сувязь з міжнароднай палітыкай. Практычна ўсе краіны (за выключэннем Ірана, Паўночнай Карэі і падобных) усвядомілі неабходнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў іх вырашэнні.

Для паспяховага пераадолення ўсіх глабальных праблем неабходна прадуманная, узважаная палітыка ўсіх дзяржаў па развіццю міжнароднага супрацоўніцтва і іх актыўная дзейнасць па практычнай рэалізацыі ўсіх праграм. Ці інакш кажучы, вырашэнне іх магчыма толькі пры спалучэнні нацыянальных намаганняў з дзейнасцю эфектыўнай сістэмы міжнароднага супрацоўніцтва.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: