Эпоха Барока ў Еўропе і на Беларусі

Эпоха Барока – гэта ХVII стагоддзе.

1. У XVII ст. Еўропа перажывала бурлівыя, драматычныя падзеі. Усё XVII ст. можна назваць прамежкавай эпохай паміж Адраджэннем і Асветай. Роля яе крытычная, таму што падзеі менавіта гэтага стагоддзя (англійская буржуазная рэвалюцыя, Фронда і ўстанаўленне абсалютызму ў Францыі, 30-гадовая вайна ў Еўропе, так званая Смута ў Масковіі) вызначылі тэмпы далейшага сусветнага развіцця.

2. У XVIІ ст. зноў актывізуецца царква, бярэ, на шчасце, своеасаблівы рэванш пасля Рэфармацыі – надыходзіць эпоха каталіцкай контррэфармацыі.

3. У той жа час XVII ст. – прынцыпова новая эра ў развіцці сучасных навук – фізікі, біялогіі, матэматыкі, праўда са сваімі, ужо навуковымі, забабонамі, не меншымі, чым, скажам, язычніцкія.

4. XVII ст. – час фармавання і так званага «вышэйшага свету», («свецкага грамадства». “бамонда”), а таксама прафесійнага літаратурнага асяроддзя – праслойкі людзей, якія жывуць выключна сваім пяром. Іх з’яўленне, безумоўна, было падрыхтавана Адраджэннем з яго ўніверсітэтамі, кнігадрукаваннем і культам адукаванасці.

5. У плане эстэтычным XVII ст. – эпоха двух магутных стыляў – класіцызму і барока. Класіцызм у чыстым выглядзе ў XVII ст. усталяваўся толькі ў Францыі, адкуль ужо ў XVIII ст. распаўсюдзіўся ў іншыя краіны Еўропы. Больш правільна лічыць XVII ст. векам барока. Некаторыя даследчыкі гавораць нават пра эпоху Барока (калі гаворка пра эпоху, то неабходна яе назву пісаць з вялікай літары; калі пра эстэтычную сістэму, стыль – то з малой літары). У славянскіх краінах Барока ахоплівае і XVIII ст.

Барока ( ад італ. «дзіўны», «мудрагелісты», «вычварны» ) – адна зважнейшых эстэтычныхсістэм, менавіта цэлая эпоха, якая ахапіла ўсе віды мастацтва, наклала адбітак на навуковую і філасофскую думку, на розныя бакі культурнага жыцця і побыту.

Барока асабліва развілося ў тых краінах, дзе феадалізм не пакідаў свае пазіцыі, дзе пераважаў арыстакратычны і вясковы элемент, а буржуазія была слабая: у Італіі, Іспаніі, Германіі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Барока звязана з крызісам гуманізму Адраджэння. А крызіс гэты быў выкліканы якраз умацаваннем буржуазіі, якое адразу выклікала магутнае супраціўленне з боку дваранства, духавенства, ды і шырокіх народных мас. Барока – рэакцыя на працэс умацавання буржуазіі і тых тэндэнцый, якія яна насаджала ў быце і культуры: рацыяналізму, прагматызму, «здаровага эгаізму». У тых краінах, дзе буржуазія не паспела ўмацавацца і якія асталіся (дзякуй Богу!) у асноўным каталіцкімі, перамаглі іншыя настроі, якія можна назваць рамантычнымі, хоць афіцыйная навука лічыць кансерватыўнымі.

У той жа час навуковыя адкрыцці, геаграфічныя даследаванні і падарожжы паказалі, што свет намнога больш складаны, чым думалі гуманісты. Іх светапогляд быў гарманічны, таму што яны яшчэ не бачылі ўсіх супярэчнасцей і нюансаў надыходзячага этапу гісторыі. Бадай, толькі М. Гусоўскі інтуітыўна ўлоўліваў яго драматычнасць – таму што яго жыццеадчуванне было больш абвостраным з-за палажэння яго народа. Неверагодна заблытаная палітычная сітуацыя ў Еўропе, войны, рэвалюцыі, контррэфармацыя, інквізіцыя, эпідэміі чумы паказалі, што ад чалавека далёка не ўсё залежыць (насуперак думцы гуманістаў), што чалавек слабы перад нейкімі магутнымі стыхійнымі сіламі. Ды і ў пазнанні прыроды: адкрываючы адну таямніцу, сутыкаліся з дзесяццю іншымі.У гэтым – крызіс Адраджэння. Аптымізм Рэнесансу замяніўся скепсісам, сумненнямі ў разумнасці свету і чалавечага існавання.Ужо пастаноўка пытання шэкспіраўскім Гамлетам «Быць ці не быць?» супярэчыць духу Адраджэння.

Аднак інтэлігенцыя ўсё ж была выхавана ў духу гуманізму і не жадала адмаўляцца ад надзеі. Хоць мыслярам таго часу і здавалася, што свет –лабірынт, поўны таямніц, яны ўпарта шукалі ключы ад яго – у кабалістыцы, алхіміі, нумералогіі, містыцы. Узніклі новыя (тыпу разэнкрэйцараў, масонаў) ці актывізаваліся пад іншымі назвамі ранейшыя, арганізаваныя яшчэ ў эпоху Сярэднявечча, сакрэтныя ордэны (скажам, Ф. Скарына ўваходзіў у ордэн паўпераў, а гэта – тыя ж тампліеры, пра сапраўдную сутнасць якіх да нашага часу спрачаюцца вучоныя).

Мастацкая творчасць у стылі барока абсалютна не адпавядала імкненням буржуазіі. Калі пераважаебуржуазнасць з яе меркантылізмам і прагматызмам – не ў тэндэнцыі, як у эпоху Адраджэння, а ўжо яўна,то мастацтва ў сваім вызначальным пафасе і стылі абавязкова будзе блізкім да класіцызму ціў ім будзе пераважаць рэалізм (як у ХІХ ст.). Калі ж ідзе пошук новых шляхоў, калі перамешваюцца самыя розныя тэндэнцыі, калі грамадства ў бурленні, мастацтва будзе падобным да барока, напрамку,які можна лічыць тыпалагічным.

Мэтай новага стылю быў эфект ашаламлення – уразіць гледача і чытача, таму тэатралізацыя, наяўнасць нечаканых дэталей сталі неад’емнымі рысамі барока. Галоўнай прыкметай яго лічылася складанасць, злучэнне нечаканасцей, супастаўленне кантрастаў. Напружанне, грандыёзнасць, мудрагелістыя камбінацыі форм, а таксама перавага крывалінейных, а не правільных і сіметрычных, як у Адраджэнні, абрысаў, было ўласціва творам архітэктуры і выяўленчых мастацтваў.

У ідэйным плане барока выявіла стомленасць народаў ад войнаў і агульнай няўстойлівасці жыцця. Адсюль ідэя яго марнасці і нікчэмнасці. Але падобныя настроі парадаксальна злучаюццаз прагай зведаць усе зямныя радасці, з прагай асалоды.

Барока ўключала ў сабе розныя ідэйныя плыніі мастацкія тэндэнцыі. Каталіцкая царква, каб зноў набыць аўтарытэт у вернікаў, прыстасавала барока для пышнага храмавага дойлідства, для містэрый, працэсій, святаў. Гэта было імкненне ўвесці ў межы стыхійную і па сваёй сутнасці язычніцкую карнавальную культуру, але на больш высокім эстэтычным узроўні.

Барокаімкнулася да сінтэзу мастацтваў,што зноў-такі сведчыць пра яго замаскіраваную сувязь з абрадам. Ні ў адным стагоддзі, ні ў адной мастацкай сістэме не было такой блізкасці паміж паэзіяй, музыкай і выяўленчымі мастацтвамі, як у эпоху Барока. Усе мастацкія віды і формы прасякнуты метафарызмам, сімволікай, якая вядзе сваё паходжанне ад містыкі Сярэднявечча і містэрый Антычнасці. Гэта стагоддзе новых музычных форм, увогуле новай музыкі, якая атрымала сваё найбольш яркае ўвасабленне ў творчасці I.С. Баха. Барока стварыла оперу, балет і камічную оперу – будучую аперэту.

Найбольш яскравы прыклад барока ў архітэктуры – увесь горад Рым (плошча Святога Пятра, фантан Трэві). У дойлідстве барока –гэта надзвычай багатая аздобленасць будынкаў мазаікай, скульптурай, элементамі класічных ордэраў, сувязь з навакольным ландшафтам (узбагачаецца эстэтыка садоў), з дэкаратыўнымі мастацтвамі. У інтэр’ерах – дарагія тканіны, дываны, шпалеры, люстры, шмат золата і каштоўных матэрыялаў, мудрагелістыя формы мэблі. 3 таго часу пышнасць, раскоша заўсёды асацыіруюцца з мастацтвам барока. Напрыклад, Версаль у Францыі пабудаваны ў стылі класіцызму (калі браць вонкава), але інтэр’еры палацаў – поўнасцю ў стылі барока, таму што стыль найбольш адпавядаў жыццю каралёў. Ва ўсіх рэзідэнцыях сучасных прэзідэнтаў ёсць пакоі ў стылі барока, дзе адбываюцца сустрэчы з найбольш ганаровымі гасцямі.

У жывапісе буйнейшыя прадстаўнікі барока – Караваджа (Італія), Эль Грэка (Іспанія), Рубенс ( Нідэрланды).

На Беларусі барока выявілася ўжо ў касцёлеезуітаў у Нясвіжы (канец XVI ст.). УсёXVII ст. і да 80 гг. XVIIIст. пануе барока ва ўсіх відах мастацтва, прычым на Беларусі, як, скажам, і ў Іспаніі, Італіі, стыль барока меў надзвычай шырокае распаўсюджанне, можна сказаць, з таго часу зрабіўся нацыянальным стылем. Так, у выяўленчых мастацтвах ён выявіўся ў кніжнай ілюстрацыі, арнаментах, аздобах кніг. Мастацкія прынцыпы барока надзвычай моцна адчуваюцца ў формах мэблі (нават народнай), у ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла, кераміцы (кафля), разьбе па дрэве.Ні адзін стыльтак моцна не ўсталяваўся на Беларусі, як барока.

У літаратуры барока такі ж дынамічны, патэтычны стыль, як і ў іншыхвідах мастацтва. Для ягоў літаратурыхарактэрны:

1. Павышаная экспрэсіўнасць і эмацыянальнасць.

2. Пышная вобразнасць, метафарычнасць.

3. Перавага формы надзместам.

4. Іррацыяналізм, элементы фантастыкі,містыка.

5. Тэатралізаванасць.

6. Экзотыка, усё небывалае і сенсацыйнае; імкненне асляпіць, уразіць, ашаламіць чытача.

7. Незвычайныя тэмы, ускладненысюжэт, заблытаная інтрыга,

8. Змешванне трагічнага і камічнага, драматычнага і сатырычнага.

9. Шырокае выкарыстанне і таксама змешваннесімволікі антычнай, біблейскай, сярэднявечнай.

10. Дынаміка, дысанансы, кантрасты,гіпербалы, антытэзы, рэзкія эфекты.

Увогуле ж барока шырока выкарыстоўвае вобразныя сродкі перш за ўсё Антычнасці і Сярэднявечча, але яны ўсе разам перапрацаваны ў бок большай глыбіні і экспрэсіі.

Барока мастацкая сістэма, намнога шырэйшая за класіцызм і нават за сістэму Рэнесансу. Барока рассунула рамкі, якія скоўвалі літаратуру. Яно абвастрыла цікавасць да чалавечай асобы, якая мітусіцца ва ўмовах складаных, часам нявырашаных рэлігійных, маральна-этычных і сацыяльных канфліктаў. Такімчынам, для барока характэрны трагічны гуманізм.

Вельмі важна адзначыць, што ў тых краінах, дзе з’явы Рэнесансу былі неразвіты ці прыглушаны, барока прыняло на сябе яго функцыі. Так было ва ўсходняй Еўропе, асабліва ў Расіі.

На розных этапах развіцця і ў розных жанрах стыль барока быў розны. І ўсюды, ва ўсім – кантрасты. Напрыклад, нізкая гарадская мяшчанская лірыка цягнулася да кніжнасці і выкарыстанняформулаў куртуазнай паэзіі. А прыдворна-арыстакратычнае барока, наадварот, у камедыях, маскарадах звярталася да народнага гратэску і фальклору.

Найбольш значных аўтараў устылі барока далі Іспанія ды Італія. Барочныя героі зменлівыя і непастаянныя, як Дон Жуан у каханні. Дон Жуан – якраз тыповы герой эпохі Барока (першы, хто напісаў пра Дон-Жуана, быў іспанец Цірса дэ Маліна, а геніяльна – Мальер; усяго ж да гэтага вобраза звярталася 35 аўтараў). [Барока, я лічу, далёкі папярэднік літаратуры постмадэрнізму.]

Барока, заключанае ў польскія і лацінскія формы, з’явілася на Беларусі ўжо ў пачатку XVII ст. разам з палемічнай рэлігійнай літаратурай. Далей барока пачало пашырацца на ўсход, прыйшло ў рускую літаратуру. Парадаксальна тое, што менавіта ў XVII ст., у час свайго адноснага ўпадку, беларуская літаратура аказала наймацнейшы ўплыў на рускую – перш за ўсё праз асобу і творчасць выдатнага царкоўнага і грамадскага дзеяча, паэта Сімяона Полацкага.

Барока тыпалагічны суадносіцца з мастацтвам Сярэднявечча і рамантызам, хоць па часе яно мяжуе з Рэнесансам і класіцызмам. Менавіта мастацтва барока ў найбольшай ступені аб’яднала культуру славянскіх народаў з культурай іншых народаў Еўропы. Тэарэтыкі барока распрацавалі паняцце дасціпнасці, канцэптуальнасці, супярэчнасці, развілі ідэю характару. Найбольш цікавіла пісьменнікаў барока фабула, якую яны разумелі як значнасць у цэласнасці мастацкага твора. Фабула – ядро, з якога развівалася барочная проза (навела, раман) і барочная драма.

Якраз у драме позняе барока мела даволі значныя поспехі. Уласна з эпохі Барока (з канца ХVII ст.) пачынаецца беларуская драматургія. Напачатку гэта былі невялікія інтэрмедыі – сцэнкі-устаўкі, якія выконваліся паміж дзеяннямі ў школьнай драме. А школьная драма вядомая яшчэ з эпохі Сярэднявечча: гэта драматычны твор, які выконваўся вучнямі рэлігійных школ. Тэксты пісаліся на лацінскай, грэцкай, славянскай мовах на розныя сюжэты: біблейскія, міфалагічныя, гістарычныя. Свае вытокі школьная драма вядзе ад святочных дыялогаў, якія выконваліся шкалярамі і студэнтамі перад рознымі каляндарнымі святамі: Калядамі, Вялікаднем і інш. Такія дыялогі пісаў яшчэ Сімяон Полацкі.

Ад эпохі Барока да нас дайшло каля ста твораў школьнай драмы. Большасць з іх, як ужо сказана, суправаджаліся інтэрмедыямі: устаўнымі сцэнкамі на тэмы ў асноўным бытавыя, але часам і з сацыяльным зместам. Героі інтэрмедый – звычайныя, простыя людзі, разумныя, дасціпныя, вострыя на язык, якія заўсёды выходзяць пераможцамі са складаных сітуацый. Інтэрмедыі ў асноўным сатырычныя і гумарыстычныя. Мова іх выключна жывая, па-народнаму сакавітая.

Найбольш вядомы прадстаўнік школьнай драмы – Мануіл Базілевіч. Ён вучыўся, як і Сімяон Полацкі, у Кіева-Магілянскай акадэміі, выкладаў паэтыку ў Смаленскай духоўнай семінарыі. Для школьнага тэатра гэтай семінарыі напісаў на старажытнаславянскай мове п’есу “Дэкламацыя”, якая складаецца з пралога, пяці актаў і эпілога: такая кампазіцыя характэрна для класічных п’ес. Сярод персанажаў “Дэкламацыі” – героі міфалагічныя, напрыклад Вакх, і алегарычныя, напрыклад, Чысціня, Цнатлівасць. У п’есе сцвярджаецца думка аб неабходнасці маральнага ўдасканалення чалавека. Паміж дзеяннямі “Дэкламацыі” іграліся інтэрмедыі на беларускай мове “Селянін у касцёле” і “Селянін на споведдзі”.

Позняе барока ў канцы ХVIII ст. заканчвае сабою сярэднявечны этап у развіцці беларускай літературы.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: