Літаратура. 1. Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” // Роднае слова

1. Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” // Роднае слова. – 2009. – № 8. – С. 80 – 89.

2. Лазарук, М.А. Навучанне і выхаванне творчасцю: педагагічныя роздумы і пошукі / М.А. Лазарук. – Мінск: Нар. асвета, 1994.

3. Белинский, В.Г. Полн. собр. соч.: в 13 т. / В.Г. Белинский. – Москва: Изд-во АН СССР, 1953 – 1956. – Т. 1.

4. Толстой, Л.Н. Литература, искусство: сб. ст. / Л.Н. Толстой. – Москва: Современник, 1978.

2. Асноўныя ЭТАПЫ СТАНАЎЛЕННЯ І развіцця беларускай метадычнай думкі

Станаўленне методыкі выкладання беларускай літаратуры адбывалася пад ўплывам дасягненняў расійскіх метадыстаў ХІХ ст. (Ф.І. Буслаеў, В.І. Вадавозаў, У. Я. Стаюнін, В. П. Астрагорскі, Ц.П. Балталон).

У падмурак методыкі выкладання беларускай літаратуры як навукі былі закладзены таксама багатыя традыцыі народнай педагогікі беларусаў і перадавыя асветніцкія ідэі Ф. Скарыны, В. Цяпінскага, С. Полацкага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча. Пад час станаўлення методыкі актыўна выкарыстоўваўся навукова-метадычны вопыт Цёткі, Я. Коласа, Я. Лёсіка, якія ў самым пачатку ХХ ст. падрыхтавалі і выдалі для пачатковай школы першыя падручнікі на беларускай мове.

“Першае чытанне для дзетак беларусаў” – менавіта так называецца выдадзеная ў 1906 г. хрэстаматыя для дзяцей першага года навучання Цёткі (1876 – 1916). У яе ўвайшлі невялікія апавяданні пра сялянскі побыт, вершы аб прыродзе, апрацаваныя народныя казкі, байкі, прыпеўкі, прыказкі, загадкі. У гэтым жа годзе выйшаў з друку падрыхтаваны Цёткай “Беларускі лемантар” (буквар), а таксама перакладзеная з украінскай мовы кніга “Гасцінец для малых дзяцей”.

Пачатую Цёткай справу прадоўжыў Якуб Колас (1882 –1956), які ў 1909 г. выдаў “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”. Дыдактычная задача большасці твораў, напісаных спецыяльна для чытанкі, – пашыраць асвету сярод сялянскіх дзяцей, фарміраваць у іх эстэтычнае пачуццё і уплываць на маральны воблік маленькіх навучэнцаў.

Язэп Лёсік (1884 – 1940) – аўтар некалькіх дапаможнікаў па беларускай граматыцы і больш за 30 артыкулаў па беларускай мове, гісторыі, культуры, ім падрыхтавана і выдадзена чытанка “Наша крыніца”. Гаворачы пра літаратурную і педагагічную спадчыну Язэпа Лёсіка, неабходна адзначыць, што яна была накіравана на нацыянальнае адраджэнне (“Апавяданне без назвы”, “Не ўсе ж разам ягамосці” і інш.).

Згодна з пастановай СНК БССР з 1924/1925 навучальнага года ў вучэбныя планы ўсіх тыпаў школ Беларусі былі ўведзены для абавязковага вывучэння такія дысцыпліны, як гісторыя, беларуская мова і беларуская літаратура. Для якаснага выкладання новых прадметаў патрэбна было навукова абгрунтаванае метадычнае забеспячэнне. Праца па стварэнні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па беларускай літаратуры ў 20-я гг. ХХ ст. вялася дынамічна і плённа. Ужо ў 1925 г. была выдадзена чытанка для V–VI класаў І. Самковіча і І. Пратасевіча “Родныя шляхі”, у 1926 г. выйшаў з друку сістэматычны падручнік для VII класа У. Дзяржынскага “Выпісы з беларускае літаратуры ХІХ і ХХ ст.”. Разам з тым на самым пачатку і на працягу амаль дзесяцігоддзя функцыю падручніка па беларускай літаратуры ў школе і ВНУ выконвала “Гісторыя беларускае літаратуры” Максіма Гарэцкага (1893 – 1939), першае выданне якой пабачыла свет яшчэ ў 1920 г.

“Гісторыю беларускае літаратуры” М. Гарэцкага, безумоўна, неабходна разглядаць найперш як грунтоўнае даследаванне па літаратуразнаўстве. У сваёй кнізе М. Гарэцкі ўпершыню абагульніў і сістэматызаваў накоплены стагоддзямі літаратурны вопыт беларусаў, распрацаваў навукова абгрунтаваную перыядызацыю літаратурнага працэсу на Беларусі і такім чынам акрэсліў асноўныя этапы станаўлення і развіцця роднай літаратуры. Гэта дало падставу літаратуразнаўцу В.П. Рагойшу назваць працу М. Гарэцкага “для свайго часу своеасаблівай энцыклапедыяй беларускай літаратуры” [1, с. 157]. Менавіта энцыклапедызм надаваў “Гісторыі...” ў 20-я гады мінулага стагоддзя ўніверсальны характар: яна выконвала функцыю падручніка па беларускай літаратуры як для школы, так і для ВНУ.

Важнай вяхой у развіцці метадычнай думкі на Беларусі стала праца Якуба Коласа “Методыка роднае мовы” (1926). Калі яго “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” змяшчала багаты пазнавальна-дыдактычны матэрыял, то новая праца пісьменніка-педагога прапаноўвала навукова абгрунтаваныя палажэнні, звязаныя з методыкай навучання чытанню і вывучэннем роднай мовы.

У “Методыцы роднае мовы” вядзецца палеміка з прыхільнікамі так званага “выхаваўчага чытання”, якія адмаўлялі вывучэнне твораў класічнай літаратуры ў школе. Беларускі метадыст сцвярджаў, што класічную літаратуру здольны зразумець кожны чалавек, незалежна ад яго ўзросту, хаця глыбіня ўспрыняцця і разумення твора ў кожнага свая. Задача настаўніка – зацікавіць вучняў гэтым творам, што дасягаецца праз яго чытанне.

Вялікі ўклад у станаўленне методыкі выкладання літаратуры ў Беларусі зрабіў прафесар І.І. Замоцін (1873 – 1942).

У 1921 г. быў адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. Педагагічных кадраў у рэспубліцы не хапала, таму па просьбе рэктара БДУ У.І. Пічэты Замоцін у 1922 г. у ліку іншых расійскіх вучоных пераехаў у Мінск, дзе быў абраны прафесарам кафедры гісторыі рускай літаратуры універсітэта, а з 1931 г. – Мінскага педагагічнага інстытута.

Працуючы выкладчыкам ВНУ, І.І. Замоцін не толькі прапагандаваў ідэі перадавых рускіх метадыстаў у Беларусі, але і сам распрацоўваў пытанні методыкі выкладання літаратуры ў новай школе. Сярод настаўнікаў-філолагаў асабліва папулярнымі былі два выпускі яго метадычных нарысаў “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні” (1927 – 1928). Гэта была першая навуковая праца па методыцы выкладання беларускай літаратуры.

Метадычныя погляды І. І. Замоціна ў многім адпавядаюць патрабаванням сучаснай школы. Ён вылучаў два найважнейшыя прынцыпы ў методыцы выкладання літаратуры – прынцыпы “навуказгоднасці” (навуковасці) і “педагагічнасці” (выхаваўчага навучання).

І. І. Замоцін крытычна ставіўся да тэматычнага вывучэння, хібы якога бачыў у тым, што ў школу траплялі далёка не лепшыя ў мастацкіх адносінах творы, якія штучна “прывязваліся” да грамадска-палітычнай тэмы.

Вучоны важнае значэнне надаваў літаратурнаму аналізу, выпрацоўцы ў школьнікаў навыкаў крытычнай ацэнкі прачытанага. Не лічачы патрэбным выкладаць у школе гісторыю эстэтычных тэорый, ён раіў пры вывучэнні літаратуры супастаўляць творы, якія адрозніваюцца сваім стылем. Пры аналізе асабівасцей мовы мастацкай літаратуры І. І. Замоцін прапаноўваў знаёміць вучняў з паэтычнай стылістыкай беларускіх пісьменнікаў, вучыць іх арыентавацца ў жанрах і кампазіцыі твораў.

І. І. Замоцін бачыў патрэбу ў сістэматычным выкладанні літаратуры. У старшых класах, пачынаючы з сёмага, ён вылучаў чатыры раздзелы: вусная народная творчасць, старажытная, новая і навейшая літаратура.

І. І. Замоцін распрацоўваў і пытанне пазакласнага чытання, якое, па яго меркаванні, павінна быць цесна звязана з сістэмаю класнага выкладання літаратуры і дапаўняць яго.

Настойліва прапагандуючы эўрыстычную гутарку і дыспут як аптымальныя метады аналізу твору, вучоны даволі рэзка крытыкаваў папулярныя ў той час суды над галоўным героем, у працэсе якіх абмеркаванне ператваралася ў маралізатарства, а “падсудны” ўспрымаўся як рэальны чалавек, як сучаснік, без уліку светапогляду аўтара, канкрэтных гістарычных умоў і мастацкага вымыслу.

Важную функцыю ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе, на думку І. І. Замоціна, павінны выконваць літаратурныя гутаркі, экскурсіі, вечарыны, на якіх вучні не толькі папаўняюць свае веды па праграме, але і знаёмяцца з лепшымі ўзорамі замежнай і навінкамі роднай літаратуры.

Каштоўнай з’яўляецца распрацаваная І. І. Замоціным методыка навучання пісьмовым працам. Ён цесна звязваў іх з развіццём мовы, з начытанасцю вучняў, з вывучэннем тэорыі і гісторыі літаратуры. Галоўнае патрабаванне, якое прад’яўлялася да вучнёўскіх пісьмовых практыкаванняў, – гэта свядомае, а не механічнае іх выкананне[1].

Метадысты і настаўнікі ў 20-я гг. мінулага ст. настойліва шукалі эфектыўныя метады навучання. Па словах В.Я. Ляшук, “перавага аддавалася такім метадам, у якіх дзеці – не аб’ект дзейнасці настаўніка, а суб’ект навучальнага працэсу” [2, 15].

У школах Беларусі, як і ва ўсёй краіне, шырока выкарыстоўваўся ў той час лабараторны метад, або Дальтон-план, у аснову якога быў пакладзены прынцып індывідуалізаванага навучання. Гэта сістэма навучання ў пачатку стагоддзя ўзнікла ў ЗША, яе аўтар Хелен Паркхерст. Прыхільнікам і актыўным прапагандыстам лабараторнага метаду навучання беларускай літаратуры быў І.К. Самковіч, які апублікаваў па гэтай праблеме шэраг артыкулаў ў часопісе “Асвета”, а таксама выдаў кнігу “Заданні па беларускай літаратуры для 5, 6, 7 класў: з практыкі Мінскай цэнтральнай даследчай школы” (1928).

Пры арганізацыі работы па Дальтон-плану вучні былі вольнымі ў выбары заняткаў, чарговасці вывучэння розных вучэбных прадметаў і ў выкарыстанні свайго працоўнага часу. Вучэбны матэрыял, разлічаны на вывучэнне на працягу года, разбіваўся на памесячныя раздзелы, якія ў сваю чаргу падзяляліся на штодзённыя заданні. У пачатку навучальнага года кожны вучань атрымліваў заданне для самастойнай прапрацоўкі за вызначаны час. У змест вучэбных праграм па прадметах уваходзілі метадычныя ўказанні, якія дапамагалі вучням самастойна працаваць з рознымі крыніцамі і дапаможнікамі. Вучні працавалі ў асобных прадметных кабінетах (лабараторыях), дзе маглі атрымаць кансультацыю настаўніка. Асаблівая ўвага надавалася ўліку работы школьнікаў, які ажыццяўляўся з дапамогаю заліковых картак, дзе адзначаўся ход выканання месячных заданняў як кожным вучнем, так і ўсім класам. Падзел вучняў па класах фармальна захоўваўся, але выкарыстоўваўся для вырашэння адасобленых ад асноўнага вучэбнага працэсу арганізацыйных і вучэбна-выхаваўчых задач (сумесныя сходы, заняткі гімнастыкай, музыкай і інш.). Лабараторны метад дазваляў прыстасаваць тэмп навучання да магчымасцей вучняў, прывучаў іх да самастойнасці, развіваў ініцыятыву, выпрацоўваў пачуццё адказнасці за выкананне заданняў.

На жаль, Дальтон-план быў ператвораны ў нібыта ўніверсальны метад вучэбнай работы, што непазбежна прывяло да пэўных выдаткаў у вучэбным працэсе, галоўным з якіх была недаацэнка жывога слова вучня.

У 20-я гады ў савецкай школе рабіліся спробы мадыфікаваць Дальтон-план і пераадолець яго празмерную індывідуалізацыю. Гэтыя памкненні знайшлі выражэнне ў форме т. зв. брыгадна-лабараторнага метаду, які ў сваю чаргу прывёў да другой крайнасці – адсутнасці ўліку працы асобнага вучня, спараджэння безаблічнасці і безадказнасці многіх школьнікаў у дачыненні вучобы. Брыгадна-лабараторны метад прадугледжваў як асноўнае агульную дзейнасць класа (брыгады). У агульную работу класа ўваходзілі планаванне работы, абмеркаванне заданняў, падрыхтоўка да агульных экскурсій, тлумачэнне новага, цяжкага для самастойных вучнёўскіх пошукаў матэрыялу. Пасля выканання ўсіх заданняў праводзіліся заключныя заняткі, на якіх брыгады рабілі справаздачу; ацэньвалася іх работа ў цэлым. Працавалі галоўным чынам найбольш актыўныя, моцныя вучні, пры пасіўнасці астатніх. 25 жніўня 1932 года была прынята пастанова ЦК ВКП (б), якая асудзіла практыку пераўтварэння брыгадна-лабаратонага метаду ў адзіна правільны метад вучэбнай работы.

Адметнасцю савецкай школы 20-х гг. з’яўляецца тое, што, пачынаючы з 1924 г. і да канца дзесяцігоддзя, яна працавала па так званых комплексных праграмах, калі ўвесь вучэбны матэрыял аб’ядноўваўся ў тэмы, ці комплексы. Беларуская літаратура ўваходзіла ў комплекс “грамадства”, а творы, уключаныя ў вучэбную праграму, аб’ядноўваліся ў грамадска-палітычныя тэмы: “Новая вёска ў літаратурна-мастацкіх творах”, “Часы мінуўшчыны...”, “Жыццё і змаганне пралетарыяту...”, “Рэвалюцыйны рух 1905 году на Беларусі...” і г.д. У сістэме школьнай літаратурнай адукацыі гэтага часу вылучаўся VII клас, у якім беларуская літаратура не ўваходзіла ў комплекс, а заставалася не залежным ад грамадазнаўства прадметам і вывучалася як самастойны курс. Праграма VII класа прадугледжвала вывучэнне літаратуры ў храналагічнай паслядоўнасці, вучні павінны былі пазнаёміцца з паэмамі “Энеіда навыварат”, “Тарас на Парнасе”, з творамі Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Ядвігіна Ш., Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча.

У 20-я гг. асаблівых поспехаў дасягнула школьнае краязнаўства. Працэс яго развіцця працякаў у цеснай сувязі з грамадскім краязнаўствам. Настаўнікі ў сваёй большасці станавіліся энтузіястамі і прапагандыстамі краязнаўчай працы на вёсцы.

Першым тэарэтыкам школьнага краязнаўства у Беларусі стаў М.І. Каспяровіч (1900 – 1945). Яго пяру належаць манаграфія “Краязнаўства” (1929) і шэраг артыкулаў, прысвечаных пытанням практычнай арганізацыі краязнаўчай працы ў школе. У краязнаўчай працы вучоны бачыў найважнейшы сродак патрыятычнага выхавання школьнікаў, падтрымліваў тых педагогаў, якія арганізоўвалі ў навучальных установах краязнаўчыя гурткі, праз перыядычны друк (часопіс “Наш край”) даваў метадычныя рэкамендацыі па вывучэнні вуснай народнай творчасці, арганізацыі школьных краязнаўчых музеяў, прапаноўваў распрацаваную ім методыку правядзення вандровак, экскурсій, паходаў і экспедыцый па родным краі. Асабіста сам М.І. Каспяровіч падрыхтаваў мноства маршрутаў падарожжаў змешанага тыпу па Беларусі, а таксама распрацаваў літаратурную экскурсію, прысвечаную Карусю Каганцу.

Краязнаўства стала галоўным відам пазакласнай працы ў школах Беларусі 20-х гг. З увядзеннем у 1925/1926 навучальным годзе абавязковага клубнага дня пачалі развівацца іншыя напрамкі пазакласнай дзейнасці вучняў: удзел у літаратурных, танцавальных і харавых гуртках, падрыхтоўка і правядзенне ранішнікаў і вечарын, спаборніцтваў і конкурсаў, выпуск насценных газет і інш. Многія з гэтых формаў пазакласнай працы школьнікаў застаюцца актуальнымі і ў наш час.

У першае дзесяцігоддзе існавання новай школы важнае значэнне надавалася таксама арганізацыі пазакласнага чытання, якое было сувязным звяном паміж вывучэннем праграмных твораў і разнастайнай пазавучэбнай працай школьнікаў, спрыяла развіццю іх чытацкай культуры і пазнавальнай актыўнасці.

Істотнай з’явай 20-х гг. стала развіццё педагагічнага друку ў Беларусі. У чэрвені 1924 г. выйшаў у свет першы нумар часопіса “Асвета”. Пастаяннымі аўтарамі часопіса былі вядомыя ў той час метадысты І.І. Замоцін, І.К. Самковіч, І.І. Пратасевіч, а таксама краязнаўца М.І Каспяровіч.

У 1930-я гг. методыка выкладання беларускай літаратуры працягвае фарміравацца пад уплывам расійскіх вучоных. Найбольшых поспехаў у галіне методыкі ў Расіі ў гэты час дасягнула вядомы педагог М.А. Рыбнікава (1885–1942). Яе тэарэтычныя напрацоўкі і педагагічны вопыт сталі вынікам капітальнай працы “Очерки по методике литературного чтения” (1941).

Педагагічныя ідэі М.А. Рыбнікавай, безумоўна, знайшлі сваё адлюстраванне ў вучэбных праграмах і падручніках па беларускай літаратуры. З 1932/33 навучальнага года, калі згодна пастановы СНК і ЦК УКП(б) “Аб пачатковай і сярэдняй адукацыі” (1931) было ўведзена абавязковае сямігадовае навучанне і пачалі адкрывацца сярэднія дзесяцігадовыя школы, беларуская літаратура ў школах стала вывучацца ў два этапы. На першым этапе (5–7 класы), названым М.А. Рыбнікавай “Літаратурнае чытанне”, вучні знаёміліся з біяграфічнымі звесткамі пра пісьменніка і вывучалі асобныя яго творы. На другім этапе (8–10 класы) праграмы прадугледжвалі вывучэнне гісторыі беларускай літаратуры.

Разам з тым 1930-я гг. не сталі спрыяльнымі для развіцця метадычнай думкі ў Беларусі, што было абумоўлена негатыўнай палітычнай сітуацыяй ў рэспубліцы. Ужо ў 1929–1930 гг. прайшла першая хваля рэпрэсій, накіраваная супраць кіраўнікоў асветы, радавых настаўнікаў і ўвогуле супраць усёй нацыянальнай інтэлігенцыі. У ссылку былі вывезены аўтары першых падручнікаў і метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры У. Дзяржынскі, І.І. Замоцін, М.І. Каспяровіч, І.К. Самковіч, а падрыхтаваная імі вучэбна-метадычная літаратура была забаронена для выкарыстання ў вучэбным працэсе.

Прынятай ў 1933 г. пастанова ЦК КПБ(б) “Аб фактах прасочвання класава-варожых, нацыянал-дэмакратычных уплываў у мастацкай літаратуры” савецкая ўлада фактычна аб’явіла вайну супраць беларускіх пісьменнікаў як ворагаў народа. Многія пісьменнікі былі рэпрэсіраваны, і як вынік іх творы былі выключана са школьнай праграмы.

У сістэме адукацыі настойліва праводзілася палітыка русіфікацыі і ідэалагізацыі. Галоўны навукова-метадычны часопіс “Асвета” з 1930 г. пачаў выдавацца пад назваю “Камуністычнае выхаванне”, а краязнаўчы часопіс “Наш край” атрымаў назву “Савецкая краіна”, што адразу негатыўна паўплывала на характар зместу змешчанага ў іх матэрыялу. З 1940 г. у Беларусі пачаў выдавацца часопіс “Савецкая школа”, у якім праблемы выкладання беларускай мовы і літаратуры разглядаліся вельмі рэдка.

Непасрэднае дачыненне да стварэння мадэлі сярэдняй школы ў святле сталінскай ідэалогіі меў Л. Бэндэ, літаратурны крытык, прыхільнік вульгарнага сацыялагізму ў літаратуразнаўстве, галоўны рэдактар часопіса “Камуністычнае выхаванне”, член Навукова-метадалагічнай камісіі пры Наркамаце асветы БССР. Як крытык Л. Бэндэ імкнуўся палітычна дыскрэдытаваць Я. Купалу, Я. Коласа, З. Бядулю і іншых пісьменнікаў, абвінавачваў іх у буржуазным нацыяналізме, варожасці да савецкай улады і буржуазным эстэцтве, трактаваў літаратурны вобраз як ілюстрацыю класавай ідэалогіі і палітычнага светапогляду. З’яўляючыся складальнікам вучэбных праграм і падручнікаў па беларускай літаратуры, Л. Бэндэ будаваў змест літаратурнай адукацыі ў школе ў адпаведнасці з патрабаваннямі палітычнага рэжыму ў краіне.

Развіццё методыкі выкладання літаратуры, як і ўвогуле педагагічнай навукі ў Беларусі, было перапынена вайной.

У пасляваенны перыяд і да канца 1980-х гг. у СССР існавала ўніфікаваная сярэдняя агульнаадукацыйная працоўная політэхнічная школа. У саюзных рэспубліках нацыянальная літаратура вывучалася ў асноўным па методыцы, распрацаванай маскоўскімі і ленінградскімі навукоўцамі, без ўліку асаблівасцей нацыянальнага славеснае мастацтва.

Была вызначана і ўзаконена адзіная для ўсёй шматнацыянальнай краіны структура школьнага курса літаратуры, які складаўся з двух этапаў. У канцы 1980-х гг. яна выглядала так: сярэднія (5–8) класы, старшыя (9-11) класы. У вучэбных планах пачатковай школы значылася дысцыпліна чытанне. Сістэматычнае вывучэнне беларускай літаратуры пачыналася з 5 класа. Асноўнымі прынцыпамі размеркавання матэрыялу ў праграмах для 5–6 класаў з’яўляўся жанрава-тэматычны, для 7–8 – тэматычна-храналагічны, для – 9–11 – гісторыка-літаратурны. На першым этапе вывучаліся асобныя творы пісьменнікаў і звязаныя з імі тэарэтычныя паняцці. На другім этапе курс літаратуры ўключаў у сябе аглядавыя і манаграфічныя тэмы, што давала магчымасць вывучаць асновы гісторыі літаратуры з элементамі тэорыі.

У 1948 г. выйшаў з друку падручнік хрэстаматыйнага тыпу “Родная літаратура” для 5 класа. Следам за ім школы атрымалі падручнікі па беларускай літаратуры для 6 класа Н. Вайтковіч і для 7-га – А. Александровіч. Не засталіся без падручнікаў-хрэстаматый і вучні 8–10 класаў, аўтарамі якіх у розныя гады пасляваеннага часу сталі М. Ларчанка, С. Васілёк, Л. Баўдзей, А. Кучар, Л. Гарачун, В. Барысенка.

Першы падручнік гісторыка-літаратурнага тыпу “Беларуская літаратура” для 8 класа, падрыхтаваны групай аўтараў пад рэдакцыяй В. Барысенкі і М. Лынькова, выйшаў з друку ў 1949 г. і вытрымаў 9 выданняў. З 1949 па 1956 г. вучні 9–11 класаў займаліся па падручніку “Беларуская савецкая літаратура”, у напісанні якога прымалі ўдзел В. Барысенка, М. Лынькоў, У. Агіевіч, У. Карпаў і інш.

Пэўную метадычную дапамогу па пытаннях выкладання беларускай літаратуры ў пасляваенны перыяд настаўнікі маглі атрымаць на старонках часопісаў “Савецкая школа” і “У дапамогу настаўніку”, а таксама “Настаўніцкай газеты” (выдаецца з 1948 г. па сённяшні дзень).

У перыяд так званай “хрушчоўскай адлігі”, нягледзячы на новы прыліў непрыняцця беларускай мовы і нацыянальнай культуры з боку ўлады, ў рэспубліцы намецілася актывізацыя канструктыўнай метадычнай думкі, у тым ліку і ў галіне методыкі выкладання беларускай літаратуры.

У школьныя праграмы ўпершыню былі ўключаны манаграфічныя тэмы, прысвечаныя творчасці П. Панчанкі, І. Шамякіна, Я. Брыля, І. Мележа.

Якасна новымі, пазбаўленымі вульгарна-сацыялагізатарскага падыходу да ацэнкі твораў мастацкай літаратуры, настаўніцтва ўбачыла падручнікі хрэстаматыйнага тыпу для 4– 8 класаў. З 1966 г. школы пачалі працаваць па новых падручніках-хрэстаматыях для 9–10 класаў (складальнікі С. Александровіч, А. Навіцкі, У. Каваленка, У. Боган, У. Ляпёшкін).

Над стварэннем новага пакалення падручнікаў гісторыка-літаратурнага тыпу, якія потым выкарыстоўваліся ў школе каля 20 гадоў, працавалі такія вядомыя навукоўцы, як В. Барысенка, В. Івашын, Н. Перкін, Ю. Пшыркоў.

Першай спробай стварыць падручнік па методыцы выкладання беларускай літаратуры для студэнтаў стала выданне І. Счаснага “Методыка літаратурнага чытання” (1956), якое ўяўляла сабою кампіляцыю падручніка, створанага В. Галубковым і таму выклікала негатыўную рэакцыю з боку педагагічнай грамадскасці.

У 1960–1970-х гг. бібліятэка настаўніка-філолага была папоўнена дапаможнікамі, прысвечанымі асобным метадычным пытанням: вывучэнне твораў з улікам іх родавай спецыфікі, выразнае чытанне, выкарыстанне твораў выяўленчага мастацтва на ўроках літаратуры, пазакласная праца, літаратурнае краязнаўства і інш. Міністэрства асветы БССР сумесна з выдавецтвам “Народная асвета” актыўна працуе над забеспячэннем настаўнікаў серыямі кніг “Бібліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры”, “Пісьменнік у школе”, “Вывучэнне мастацкага твора ў школе”, “Вывучэнне літаратуры ў пэўным класе”.

Сярод метадычных прац гэтага перыяду асаблівай ўвагі заслугоўваюць адрасаваныя настаўнікам дапаможнікі Л. Тамашовай “Вывучэнне трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” у школе” (1957, 1969, 1976) і “Вывучэнне паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” ў школе” (1959, 1974). Л. Тамашова папулярызавала распрацаваны рускімі метадыстамі шлях аналізу пад назваю “следам за аўтарам” і на беларускім матэрыяле паказала яго эфектыўнасць.

У 1960–70-я гг. актывізаваўся ўдзел настаўнікаў-практыкаў у распрацоўцы метадычных пытанняў, што знайшло адлюстраванне ў асобных выданнях пад рубрыкай “З вопыту настаўніка”. Настаўнікі знаёмілі сваіх калег з методыкай арганізацыі літаратурнага краязнаўства ў школе, іншых відаў пазакласнай і пазашкольнай працы па беларускай літаратуры.

У 1967 г., настаўнікі і вучні атрымалі выданне М. Лазарука “Тэорыя літаратуры ў школе”, што стала сведчаннем павышэння цікавасці да школьнага вывучэння тэорыі літаратуры. Менавіта гэта праца стала першай у багатай навукова-метадычнай спадчыне вучонага.

Створаны ў 70-я гг. М. А. Лазаруком і В.У. Івашыным падручнік “Беларуская літаратура” для 8 (9) класа стаў лепшым падручнікам гістарыка-літаратурнага тыпу за ўвесь папярэдні перыяд. Вучні 9–10 (10–11) класаў у гэты час вывучалі родную літаратуру па падручніках “Беларуская савецкая літаратура”, напісаных Р.В. Шкрабам.

Значны ўклад у развіццё методыкі выкладання беларускай літаратуры ўнёс В.У. Івашын. Пад яго навуковым кіраўніцтвам і яго рэдакцыяй аўтарскі калектыў з ліку супрацоўнікаў Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР падрыхтаваў і ў 1980 г. выдаў дапаможнік для студэнтаў ВНУ “Вывучэнне літаратуры: пытанні методыкі”. У кнігу ўвайшлі артыкулы, у якіх асвятляліся многія важныя тэарэтычныя пытанні па методыцы выкладання літаратуры ў школе, што стала падмуркам для стварэння падручніка для ВНУ.

У 70-80 гг. ХХ ст. працягваецца праца навукоўцаў па стварэнні серый метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў па арганізацыі вывучэння жыцця і творчасці асобных пісьменнікаў або ўсяго курса літаратуры ў канкрэтным класе. Пытанню тэорыі выразнага чытання прысвечаны шэраг прац А.А. Каляды. Метадыстаў хвалююць праблемы развіцця вуснай і пісьмовай мовы на ўроках літаратуры (В.І. Смыкоўская), выхавання вучняў сродкамі мастацкай літаратуры (А.І. Лугоўскі, І.М. Слесарава), выкарыстання твораў выяўленчага мастацтва на ўроках літаратуры (М.Н. Шчыракоў). Педагагічны вопыт лепшых настаўнікаў-філолагаў Беларусі быў абагульнены ў кнізе М. І. Мішчанчука “Настаўніку – пра настаўнікаў” (1989).

Асаблівых поспехаў ў галіне методыкі ў гэты час дасягнула В.Я. Ляшук, якая стала ініцыятарам і кіраўніком (разам з А.У. Рагулем) напісання першага грунтоўнага падручніка для студэнтаў “Методыка выкладання беларускай літаратуры” (1986), які, праўда, Міністэрствам асветы БССР быў зацверджаны як вучэбны дапаможнік.

Значнай падзеяй для настаўнікаў-філолагаў стала штомесячнае выданне з 1988 г. навукова-метадычнага часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе”, які з 1992 г. выходзіць пад назваю “Роднае слова”.

У 1990 г. Беларусь атрымала суверэнітэт, што адкрывала перспектывы для стварэння сваёй нацыянальнай школы. З гэтай нагоды адразу ж пачалася актыўная распрацоўка новай Канцэпцыі літаратурнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: