Пазакласная праца па літаратуры

Пазакласная працапа літаратуры – адна з формаў вучэбнага працэсу, якая будуецца на прынцыпе добраахвотнасці і прадугледжвае выкананне адукацыйнай і выхаваўчай функцый у іх непарыўным адзінстве. Пазакласныя заняткі па літаратуры праводзяцца ў пазаўрочны час пад кіраўніцтвам настаўніка, яны цесна звязаны з паўсядзённымі ўрокамі, з’яўляюцца іх працягам і накіраваны на замацаванне, пашырэнне і паглыбленне ведаў вучняў, акрэсленых вучэбнай праграмай. Пазакласная праца па літаратуры дае магчымасць кожнаму вучню праявіць творчую ініцыятыву, пабыць “публічнай” асобай. Яе спецыфіка прадугледжвае наданне кожнаму мерапрыемству элементаў нетрадыцыйнасці і святочнасці, патрабуе добрай арганізаванасці. Пры планаванні пазакласнай працы настаўнік павінен арыентавацца на вучэбную праграму, літаратурны каляндар і агульны школьны план.

У залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў пазакласная праца па літаратуры можа быць масавай, камернай, групавой і індывідуальнай.

Пад масавай формайпазакласнай працаы прынята лічыць агульнашкольныя мерапрыемствы, у падрыхтоўцы і правядзенні якіх прымае ўдзел вялікая колькасць вучняў, як правіла, розных класаў і рознага ўзросту. Іншы раз пазакласнае мерапрыемства рыхтуюць вучні з розных класаў, але іх няшмат і толькі тыя, хто найбольш зацікаўлены выбранай тэмай і канкрэтным літаратурным матэрыялам. Такую працу называюць камернай. У школах таксама ствараюцца часовыя або пастаянныя вялікія творчыя групы з ліку найбольш актыўных вучняў (групавая праца), якія займаюцца падрыхтоўкай канферэнцый, конкурсаў, віктарын, афармленнем і выпускам інфармацыйных плакатаў, насценгазет, вядзеннем рукапіснага альманаха, часопіса і інш. Поспех любога пазакласнага мерапрыемства не можа быць забяспечаны без метадычна правільнай арганізацыі індывідуальнай працы з вучнямі, якія па даручэнні настаўніка рыхтуюць да запланаванага мерапрыемства рэфераты, даклады, выразнае чытанне твораў, нататку ў насценную газету, займаюцца афармленнем сцэны і глядзельнай залы, рыхтуюць афішы, запрашальныя білеты і г.д.

У методыцы склалася таксама класіфікацыя формаў пазакласнай працы па літаратуры, заснаваная на часавай працягласці яе правядзення: паўсядзённая праца (кіраўніцтва пазакласным чытаннем), эпізадычныя мерапрыемствы (правядзенне вечарын, канферэнцый, дыспутаў, экскурсій, экспедыцый), цыклічная праца (дзейнасць гурткоў, клубаў, музеяў).

Пазакласнае чытанне – гэта педагагічна арганізаванае чытанне вучнямі мастацкай, навукова-папулярнай і іншай літаратуры, накіраванае на інтэлектуальнае, маральнае і эстэтычнае развіццё вучняў, прывучэнне іх да самастойнага чытання, развіццё літаратурных інтарэсаў і густаў.

Яшчэ ў савецкай школе былі вызначаны ключавыя прынцыпы арганізацыі пазакласнага чытання, якія трывала замацаваліся па сённяшні дзень ў адукацыйных установах Беларусі: непарыўная сувязь усіх відаў вучэбных заняткаў па літаратуры ў фарміраванні чытацкай культуры, у мастацкім і эстэтычным выхаванні вучняў; выкарыстанне разнастайных відаў работы, якія стымулююць развіццё цікавасці дзяцей да мастацтва слова; выхаванне ў школьнікаў жадання спасцігаць і абараняць духоўныя каштоўнасці, створаныя літаратурай і іншымі відамі мастацтва; кіруючая роля настаўніка ў забеспячэнні развіцця самастойнай чытацкай і літаратурна-мастацкай дзейнасці ў школьнікаў.

Для паспяховай арганізацыі гэтай формы пазакласнай працы ў сучаснай школе настаўнік павінен ведаць чытацкія інтарэсы і ўзровень начытанасці вучняў, а таксама спосабы арганізацыі, стымулявання, кантролю і ўліку пазакласнага чытання.

На пачатку працы з новым вучнёўскім калектывам настаўнік вывучае укамплектаванасць школьнай бібліятэкі неабходнай літаратурай, знаёміцца з чытацкімі фармулярамі вучняў, цікавіцца магчымасцямі школьнікаў карыстацца сеткай Internet. Карысную інфармацыю педагог атрымае ў выніку правядзення і аналізу пісьмовага анкетавання вучняў або сачынення, у якім вучні выкажуць свае адносіны да мастацтва слова, назавуць любімых пісьменнікаў і літаратурных герояў.

Методыка выпрацавала шэраг прыёмаў кіраўніцтва пазакласным чытаннем. Для прыкладу, рускі (савецкі) метадыст В.В. Галубкоў лічыў эфектыўнымі спосабамі складанне рэкамендацыйных каталогаў, арганізацыю школьнай бібліятэкай перыядычных выставак кніжных навінак, стварэнне з ліку вучняў актыву – “групы аматараў добрай кнігі”, правядзенне настаўнікам своеасаблівага агляду – “гадзіны пазакласнага чытання” [1, с. 385].

Стымулюе цікавасць вучняў да кнігі сваім прыкладам найперш сам настаўнік, у асобе якога вучні павінны ўбачыць дапытлівага, дасведчанага, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй чытача. Пры складанні спіса твораў для пазакласнага чытання, які даводзіцца да вучняў ў канцы навучальнага года, настаўнік арыентуецца на вучэбную праграму, узроставыя асаблівасці і чытацкія інтарэсы вучняў, на ўласны вопыт і эстэтычны густ. Кіраўніцтва пазакласным чытаннем – справа ўсяго педагагічнага калектыву, да якой зацікаўлена далучаюцца намеснік дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай працы, класныя кіраўнікі, бібліятэкар, настаўнікі іншых прадметаў (рускай літаратуры, гісторыі), бацькі.

Прачытанае вучнямі не павінна заставацца па-за ўвагай настаўніка: пры адсутнасці належнага кантролю, уліку, падвядзення вынікаў і ацэнкі пазакласнага чытання ўсе папярэднія намаганні вучняў і педагогаў будуць марнымі. Праверка і аналіз самастойна прачытаных твораў звычайна адбываецца на ўроках пазакласнага чытання, а таксама пры напісанні сачыненняў, пры вывучэнні аглядавых тэм, на пазакласных мерапрыемствах (дыспутах, канферэнцыях, літаратурных вечарынах), ў час прамежкавага кантролю ў форме тэсціравання. Начытанасць вучняў улічваецца пры выніковай атэстацыі вучняў па прадмеце за чвэрць або за год.

Літаратурная вечарына – адзін з самых папулярных відаў эпізадычнай пазакласнай працы ў школе. Літаратурная вечарына спрыяе паглыбленаму вывучэнню літаратуры, развіццю творчых здольнацей школьнікаў і ўплывае на фарміраванне іх эстэтычнага густу. Настаўнік з’яўляецца дарадчыкам і памочнікам пры падрыхтоўцы вечарын. Да такіх пазакласных мерапрыемстваў важна далучыць як мага больш вучняў, прадугледзець для іх пасільныя і цікавыя заданні.

Літаратурная вечарына можа быць прысвечана жыццю і творчасці пісьменніка; аднаму жанру ў яго творчасці; творчасці некалькіх пісьменнікаў, звязаных падабенствам жыццёвага і літаратурнага шляху; адной літаратурнай тэме, роду, жанру; сувязі літаратуры з іншымі відамі мастацтва (тэатр, музыка, жывапіс). Літаратурныя вечарыны, прысвечаныя дзяржаўным і каляндарна-абрадавым святам, юбілею пісьменніка праводзяцца як святочнае мерапрыемства.

Сучасная беларуская методыка вылучае наступныя формы правядзення літаратурных вечарын: вечарына шырокай праграмы (даклад настаўніка або вучня і канцэрт мастацкай самадзенасці), вечарына-сустрэча з пісьменнікам; вечарына-спектакль, вечарына чытання, вечарына пытанняў і адказаў, вечарына гульняў (віктарыны, інсцэніроўкі-загадкі, турніры, КВіЗ).

У школьнай практыцы шырока выкарыстоўваюцца літаратурныя дыспуты. Адметнасць літаратурнага дыспута ў тым, што вучням прапануецца абмеркаваць такія пытанні (звычайна маральна-этычнага зместу), якія могуць выклікаць процілеглыя адказы.

Дыспут можа быць запланаваны славеснікам як пазакласнае мерапрыемства і як форма ўрока. Практыка паказвае, што атрыманыя ў часе літаратурнага дыспуту веды пераходзяць у перакананні: вучні набываюць навыкі аргументавана абараняць сваю пазіцыю. Аднак для ўзнікнення сапраўднай дыскусіі ў часе дыспуту неабходны адпаведныя ўмовы: адных завучаных фраз з падручніка тут мала, патрэбны свае думкі, перакананні, уражанні. Акрамя абавязковага бездакорнага ведання зместу твора, вучні павінны адчуваць сябе камфортна: давяраць педагогу, не баяцца выказваць альтэрнатыўныя думкі.

Правільная пастаноўка настаўнікам праблемнага пытання дае магчымасць дасягнуць станоўчых вучэбна-выхаваўчых вынікаў. Кожнае пытанне мае не толькі пазнавальнае, але і маральна-выхаваўчае значэнне, таму што вучыць глыбока разумець ідэйна-эстэтычны змест твора. Дыскусійным павінен быць і сам твор.

Літаратурная канферэнцыя – таксама адна з формаў пазакласнага мерапрыемства або ўрока ў старшых класах, у час якой вучні чытаюць і абмяркоўваюць даклады на літаратурную тэматыку. Метадысты вылучаюць наступныя віды канферэнцый: рэкамендацыйныя, выніковыя, тэматычныя. На літаратурных канферэнцыях могуць разглядацца творы, вызначаныя праграмай для вывучэння на ўроках, а таксама рэкамендаваныя настаўнікам для пазакласнага чытання. Пытанні для канферэнцыі рыхтуе настаўнік, улічваючы маральна-этычную, эстэтычную і філасофскую праблематыку твораў. Пры падрыхтоўцы дакладаў вучні карыстаюцца дадатковай літаратурай. На літаратурных канферэцыях па кожным пытанні можа выступаць адзін або некалькі дакладчыкаў. Астатнія вучні могуць задаваць пытанні, дапаўняць дакладчыка або выступаць у якасці апанентаў. Значную дапамогу вучням пры падрыхтоўцы да літаратурнай канферэнцыі можа аказаць школьны бібліятэкар.

Літаратурнае краязнаўства. Пачынаючы з 20-х гадоў мінулага стагоддзя, ў школах Беларусі вялікае значэнне надаецца краязнаўчай працы, важнае месца ў якой займае літаратурнае краязнаўства. Школьнае літаратурнае краязнаўства вывучае літаратурную гісторыю мясцовасці, на тэрыторыі якой знаходзіцца школа: фальклор, жыццё і творчасць пісьменнікаў-землякоў, мясціны, звязаныя са знакамітымі пісьменнікамі, іншыя літаратурныя факты.

Сучасная методыка вылучае наступныя формы пазакласнай працы па літаратурным краязнаўстве ў школе: гурткі, экскурсіі і экспедыцыі, вечарыны, канферэнцыі, арганізацыя куткоў, музеяў.

Самымі пазнавальнымі і цікавымі для вучняў з’яўляюцца экскурсіі і экспедыцыі, першыя з якіх маюць пераважна адукацыйна-выхаваўчую накіраванасць, другія – праводзяцца яшчэ і з навукова-даследчай мэтай. У час экскурсіі вучні знаёмяцца з добра вядомымі літаратурнымі фактамі, а ўдзельнікі экспедыцыі дадаткова імкнуцца знайсці раней невядомае. У экспедыцыі, як правіла, прымаюць удзел члены літаратурна-краязнаўчага гуртка.

Экскурсіі вызначаюцца разнастайнасцю відаў. В.Я. Ляшук, аўтар шматлікіх навуковых прац па методыцы выкладання беларускай літаратуры, найбольш пашыранымі лічыць экскурсіі па мясцінах жыцця і творчасці пісьменніка (біяграфічныя), па мясцінах, апісаных у яго творах. Літаратурна-краязнаўчая экскурсія можа быць прысвечана некалькім пісьменнікам падобнага лёсу, літаратурнаму жыццю пэўнага рэгіёна Беларусі (роднага горада, раёна, сельскага савета) [2, с. 73 – 87]. У метадычнай літаратуры вылучаюцца і комплексныя экскурсіі, мэтай якіх з’яўляецца знаёмства вучняў з гісторыяй краю, яго літаратурным жыццём, дойлідствам, помнікамі, побытам жыхароў і прыродай.

Літаратурна-краязнаўчая праца ў школе прыносіць свой плён і становіцца эфектыўнай, калі яна бесперапынная і арганізацыйна прадуманая. Вынікі даследчай дзейнасці гурткоўцаў і ўдзельнікаў экспедыцый падагульняюцца і ацэньваюцца на літаратурных канферэнцыях і вечарынах. Калі ж у выніку працяглай і мэтанакіраванай працы накоплены багаты літаратурна-краязнаўчы матэрыял, узнікае неабходнасць стварэння школьнага музея.

У школах Беларусі існуюць літаратурныя музеі некалькіх відаў. Матэрыялы, якія адлюстроўваюць жыццё і творчасць пісьменнікаў той мясцовасці, дзе знаходзіцца школа, з’яўляюцца экспанатамі літаратурна-краязнаўчага музея. Асноўныя перыяды развіцця літаратуры свайго краю знаходзяць адлюстраванне ў гісторыка-літаратурным музеі. У школах мясцовасцей, дзе жыў і працаваў знакаміты пісьменнік, створаны манаграфічныя гісторыка-літаратурныя музеі. Фонд школьных літаратурных музеяў звычайна складаюць кнігі з аўтографам пісьменніка, копіі рукапісаў, фотаздымкі, рэпрадукцыі твораў жывапісу, прылады працы, мэбля і г. д. Дзейнасць літаратурных музеяў, клубаў, куткоў метадысты адносяць да сінтэтычных відаў пазакласнай працы.

Літаратурныя гурткі арганізоўваюцца з мэтаю пашырэння і паглыблення ведаў па літаратуры, развіцця творчых здольнасцей і інтарэсаў да філалагічнай навукі. Заняткі ў літаратурных гуртках фарміруюць у іх удзельнікаў эстэтычны густ і навыкі самастойнага аналізу літаратурнага твора, спрыяюць развіццю вуснай і пісьмовай мовы. У школьнай практыцы замацаваліся наступныя літаратурныя гурткі: літаратуразнаўчы, літаратурна-творчы, выразнагага чытання, літаратурна-краязнаўчы, драматычны.

На пачатковым этапе (V–VІІ класы) удзельнікі літаратуразнаўчага гуртка чытаюць творы мастацкай літаратуры, слухаюць іх у выкананні настаўніка і артыстаў тэатра, бяруць удзел у разнастайных гульнях і віктарынах. Аналіз твораў з вучнямі сярэдняга ўзросту праводзіцца ў форме эўрыстычнай гутаркі з выкарыстаннем розных відаў нагляднасці. Вучні VІІІ–ХІ класаў на занятках у літаратуразнаўчым гуртку заслухоўваюць і абмяркоўваюць даклады гурткоўцаў, рыхтуюць рэфераты і рэцэнзіі, аналізуюць літаратурна-крытычныя артыкулы, праводзяць літаратурныя дыспуты, запрашаюць на пасяджэнні гуртка вядомых літаратуразнаўцаў і пісьменнікаў.

Заняткі ў літаратурна-творчым гуртку спрыяюць развіццю ў вучняў назіральнасці, творчага ўяўлення і вобразнага мыслення, вучаць іх карыстацца вобразнасцю мовы для выражэння сваіх творчых задум. У літаратурна-творчы гурток прымаюць не толькі зольных да творчасці вучняў, але і тых, якія выявілі трывалую цікавасць да літаратуры і літаратурнай творчасці. Задачы, змест, формы і метады працы ў літаратурна-творчым гуртку вызначаюцца ў адпаведнасці з творчымі магчымасцямі вучняў, іх узроўнем развіцця, інтарэсамі і ўзростам.

Галоўны занятак у літаратурна-творчым гуртку – чытанне і абмеркаванне твораў, напісаных самімі гурткоўцамі, а таксама знаёмства іх з творчай лабараторыяй вядомых пісьменнікаў. Асобныя заняткі гуртка могуць быць прысвечаны вывучэнню тэорыі літаратуры (кампазіцыя, сюжэт, жанр, вершаванне).

Асноўны змест працы гуртка выразнага чытання – навучанне школьнікаў майстэрству чытання спецыяльна падабраных для выканання твораў. Падрыхтоўка да выканання праходзіць у два этапы: аналіз твора і ўвасабленне твора ў жывым слове. У час заняткаў у гуртку выразнага чытання ў вучняў выпрацоўваюцца ўменні і навыкі ўяўлення, назіральнасці, уменні ўздзейнічаць словам. Вучні таксама займаюцца тэхнікай мовы (развіццё рэберна-дыяфрагматычнага дыхання, выпрацоўка дакладнай дыкцыі).

На занятках гуртка выразнага чытання значнае месца адводзіцца абмеркаванню чытальніцкага выканання на розных этапах яго падрыхтоўкі. Вучні павінны навучыцца слухаць чытальніка, бачыць станоўчае і недахопы ў яго выкананні, выпрацаваць правільны крытэрый ацэнкі якасці чытання.

У гуртку выразнага чытання спалучаюцца індывідуальныя і калектыўныя формы працы. Кожны гуртковец працуе над асобным творам, а да аналізу гэтага твора далучаюцца ўсе астатнія гурткоўцы. Заняткі па тэхніцы мовы праводзяцца калектыўна, але магчыма і індывідуальная праца, звязаная з выпраўленнем недахопаў мовы асобных вучняў. Паралельна з індывідуальнай працай над выкананнем выкарыстоўваецца ў гуртку і такая форма, як харавое чытанне. Заняткі ў гуртку выразнага чытання цесна звязаны з працай на ўроку літаратуры. З гэтай мэтай у гуртку працуюць не толькі з творамі, выбранымі настаўнікам і вучнямі, але і з твормі, вызначанымі праграмай.

У літараратурна-краязнаўчы гурток запісваюцца вучні, якія цікавяцца культурна-літаратурнымі з’явамі, звязанымі з роднымі мясцінамі. Гурткоўцы, як правіла, знаёмяцца з жыццёвым і творчым шляхам пісьменнікаў-землякоў або тых майстроў слова, жыццё і творчасць якіх звязана з тэрыторыяй, на якой знаходзіцца школа. Удзельнікі літаратурна-краязнаўчага гуртка вывучаюць мясцовы фальклор, перапісваюцца з пісьменнікамі, супрацоўнічаюць з літаратурнымі музеямі, чытаюць творы, у якіх апісаны родныя мясціны.

Драматычны гурток ствараецца па ўзроставаму прынцыпу: аб’ядноўваць у адным гуртку вучняў малодшых і старшых класаў немэтазгодна. У гуртку могуць займацца ад 10 да 20 вучняў. Пры прыёме ў драматычны гурток неабходна падыходзіць да кожнага вучня індывідуальна, бо сярод удзельнікаў гуртка павінны быць не толькі акцёры, але і тыя, хто будзе афармляць сцэну і абслугоўваць спектакль. Заняткі ў драматычным гуртку звязаны з тэатрам. Гурткоўцы знаёмяцца з тэатральным мастацтвам: чытаюць і абмяркоўваюць мемуарную і тэатразнаўчую літаратуру, праглядаюць спектаклі, пастаўленыя майстрамі сцэны.

Галоўная задача драматычнага гуртка – пастаноўка спектакляў. Пры выбары рэпертуару кіраўнік гуртка павінен памятаць, што абраны для пастаноўкі твор павінен быць якасным у мастацкіх і выхаваўчых адносінах. Тэматыка рэпертуару вызначаецца ўзростам гурткоўцаў. На пачатку працы гуртка ставяцца п’есы, напісаныя для дзяцей, а таксама інсцэніроўкі казак, невялікіх апавяданняў і аповесцей. Набыўшы вопыт працы над “дзіцячымі” спектаклямі, гурткоўцы ўключаюць у свой рэпертуар творы класічнай драматургіі.

У школах шырока практыкуюцца літаратурныя віктарыны, якія звычайна праводзіцца на класных і агульнашкольных літаратурных вечарынах і ранішніках, на занятках літаратурных гурткоў і ў насценным друку. Літаратурная віктарына можа выкарыстоўвацца і на ўроках літаратуры як займальны матэрыял, а таксама для замацавання вывучанай тэмы. Поспех віктарыны залежыць ад якасці складзеных пытанняў і актыўнасці вучняў, Пытанні могуць быць прапанаваны ў вуснай або пісьмовай форме. Абавязковае патрабаванне да пытанняў – іх дакладная фармулёўка. Ступень складанасці і колькасць прапанаваных пытанняў залежаць ад узросту і літаратурнай падрыхтаванасці школьнікаў. Для правядзення віктарыны звычайна ствараецца журы, у склад якога ўваходзяць і настаўнікі і вучні. Журы адказвае за падрыхтоўку пытанняў, за арганізацыю і правядзенне віктарыны, клапоціцца, каб у ёй прыняла найбольшая колькасць вучняў. Пераможцы ўзнагароджваюцца спецыяльнымі прызамі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: