Мастацтва першабытнага ладу на тэрыторыi беларусi

У гісторыі Зямлі як планеты, гісторыя чалавецтва – кароткае імгненне (0,07% ад усяго перыяду яе існавання).

Перыядызацыя першабытнага мастацтва:

Каменны век:

Палеаліт – 10 тысяч год да н.э. – з’яўленне мастацтва

Мезаліт – 6 – 4 тысячы год да н.э.

Нэаліт – 4 – 2 тысячы год да н.э.

Бронзавы век: 2 – 1 тысячагоддзе да н.э.

Жалезны век: 1 тысяч. да н.э. – V ст. н.э.

Каменны век на тэрыторыі Беларусі.

§ ПАЛЕАЛІТ

ü Ранні палеаліт – ад 3 млн. год да 100 тысяч год да н.э.

ü Сярэдні палеаліт 100 – 40 тыс. год да н.э.

ü Позні палеаліт – 40-35 тысяч год – 10 тысяч год да н.э.

Найбольш працяглы этап станаўлення і развіцця чалавека - палеаліт (ад грэч. «палайос» ─ старажытны, «літос» ─ камень). Працягваўся ён звыш 2 млн гадоў. Змяніліся Алдувайская (3 млн. – 1,5 млн.), Ашэльская (1,5 млн. – 150 тысяч год да н.э.), Мусцьерская (200 тысяч год – 40-35 тысяч год да н.э.) культуры.

У гісторыі Зямлі выдзяляюць не менш 4 ледавіковых эр, якія з’яўляліся праз кожныя 200 – 250 млн гадоў. На тэрыторыю Беларусі чалавек прыйшоў прыкладна 130 тысяч год таму пасля прадапошняга, самага вялікага па плошчы дняпроўскага аледзянення. Людзі таго часу (неандэртальцы – стваральнікі Мусцьерскай культуры) пачалі рухацца на поўнач. Час амаль не пакінуў сведак іх жыцця за выключэннем некалькіх прылад працы з крэмня. Н-д, скрэбла – нож сэрцападобнай формы, знойдзена на правым беразе Сожы пад час раскопак Бердыжскай стаянкі (Чачэрскі р-н, Гомельскай вобл.). Іншае скрэбла было знойдзена ва ўрочышчы Каменная Горка каля паселішча Свяцілавічы Веткаўскага р-на Гомельскай вобл., трэцяе – ва ўрочышчы Чырвоная Гара каля вёсцы Абідавічы Быхаўскага р-на Магілёскай вобл. Гэтыя знаходкі даціраваны толькі тыпалагічна (па характэрным прыкметам апрацоўкі). Немагчыма ўстанавіць і шлях руху на нашу зямлю мусцьерскага насельніцтва.

Бердыжская стаянка – па адным дадзеным існавала прыкладна 23 тысячы год таму, па іншым – 15 тысяч год таму. Знойдзена больш 1000 крэмняў з рэшткамі апрацоўкі, каля 2000 цэлых і разбітых касцей розных жывёл – спадарожнікаў перашабытнага чалавека. Аналіз знаходак выявіў, што падобнай тэхнікай вырабу старажытнай зброі валодалі шматлікія плямёны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія складалі так званую вілендорфска-касцянковую культуру і былі заснаваны 24 – 21 тыс. год таму – пасяленні на тэрыторыі Аўстрыі (Вілендорф), Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Расіі.

Юравічская стаянка (Калінкавіцкі р-н, Гомельскай вобл.) – людзі пасяліліся яшчэ раней, больш 26 тысяч год таму. Было знойдзена некалькі дзесяткаў крэмняў з рэшткамі апрацоўкі, цэлыя і разбітыя косці маманта і каня. Прылады працы (скрэблы, разцы, пласціны) было шырока распаўсюджаны, таму амаль немагчыма вызначыць культурную прыналежнасць помніка і накірунак засялення рэгіёна. Знойдзены крэмневы інвентар падобны да інвентару еўрапейскай гравецкай культуры. Гравецкая культура была распаўсюджана ў Еўропе ў 28 000 — 21 000 гг. да н. э. Названа па пячоры Ла Граветт (фр. la Gravette) у дэпартаменце Дардонь (Францыя). Народ культуры: краманьонцы, як лічаць даследчыкі, народ склаўся з часткі выжыўшых у холадзе неандэртальцаў. Гэта падцвярджаецца падабенствам гравецкай культуры і культуры класічных неандэртальцаў — мусцье.

Да часу палеаліту адносіцца пачатак здабывання агню, новыя, больш дасканалыя спосабы апрацоўкі каменю, разнастайнымі становяцца прылады працы. Важным працэсам гэтага перыяду з'явіўся пераход ад першабытнага стада да роду і завяршэння фарміравання чалавека сучаснага выгляду – краманьенца.

Жыллё. Будаўнічы матэрыял – біўні мамантаў і рогі аленяў, фундамент круглых або авальных жытлаў выкладвалі з вялізных чарапоў і іншых касцей мамантаў, з жэрдзяў і рэбраў будавалі каркас, які зверху пакрывалі скурамі жывёл і прыціскалі іх каменнем, прысыпалі зямлёй. Жытлы былі даволі вялікімі (ад 15 да 50 кв. м.), у іх жылі некалькімі сем’ямі. Побач з жытламі рылы гаспадарчыя ямы, дзе захоўваўся запас ежы.

Жытлы асвячалі пры дапамозе свяцільнікаў, ролю якіх выконвала звычайная лучына ці паглыбленне ў камні або тазавай косці маманта, запоўненае тлустам.

Асноўны занятак – паляванне, трох тыпаў: загоннае, пры дапамозе самаловаў і зброі. Асноўны аб’ект – мамант (вага 7 тонн, біўні даўжынёй да 3 м важылі больш 100 кг, доўгая шэрсць – да 1 м.), таксама зубр, алень, мядзведзь, волк, заяц, песец, валасаты насарог і інш. Роля збіральніцтва была не столь істотнай, яно давала не больш 1% харчавання. Збіралі зёлкі, корні, жалужы, ягады, грыбы, арэхі, мёд і г.д. Таксама займаліся рыбалоўствам.

У якасці посуду выкарыстоўвалі берасту, ліпавую кару, скуру жывёл.

Зброя – прылады, якія рубяць, долбяць, скрабуць, скобляць, рэжуць, колюць, выраблялі з крэмню, а таксама з косці і дрэва.

Вераванні. Імкненне растлумачыць з’явы прыроды, зразумець сваю сутнасць і знайсці сваё месца ў акаляючам свеце было прычынай узнікнення розных рэлігійных уяўленняў. Іх нараджэнне адносіцца да канца Ашэльскай эпохі і ў Мусцьерскі час. У эпоху палеаліту ўзнікаюць прымітыўныя рэлігійныя вераванні (татэмізм, фетышызм, анімізм), якія ў далейшым аказалі вялікі ўплыў на развіццё мастацтва, вызначылі яго характар. Гэта былі фантастычныя адлюстраванні рэчаіснасці ў свядомасці чалавека, цесна звязаныя таксама з культам продкаў, замагільным культам і адпаведнымі абрадамі.

У познім палеаліце ўзнікае мастацтва – малюнкі жывёл на сценах пячор, жывёлы з косці, пацеркі, іншыя упрыгожванні. У большасці гэта былі прыстасаваныя прыродныя формы - зубы жывёл, ракавіны з прасвідраванымі адтулінамі, касцяныя трубачкі.

Першабытны жывапіс. Для роспісу пячор, касцей, цела першабытны мастак выкарыстоўваў чырвоны, карычневы, жоўты, чорны і белы колеры. Самым распаўсюджаным колерам быў цёмна-вішнёвы. Археолагі высветлілі, што гэтыя колеры здабывалі пры дапамозе розных прыродных мінералаў. Жоўты колер - з вохрыстага ліманіта, ярка-чырвоны і цёмна-вішнёвы – з гемаціта. Сферасідарыт і ліманіт змяшчалі ў агонь, праз хвілін трыццаць найбольш рыхлыя кавалкі набывалі цёмна-вішнёвае адценне і з іх можна было саскабліваць чырвоны парашок, цёмна-вішнёвым наскрозь такі камень станавіўся пасля знаходжання ў агні 6 – 10 гадзін. Алыя тана давалі гліны, у якасці чорнай фарбы выкарыстоўвалі драўняны і косны вугаль, а таксама вокіслы марганца, белы колер даваў мел. Фарбы расціралі камянямі і змешвалі з вяжучым рэчывам, у якасці якога выкарыстоўвалі тлуст, яечны бялок, кроў, сок раслін. Наносілі фарбы кавалкамі шэрсці, птушынымі пер’ямі, веткамі і г.д. Таксама першабытнае мастацтва было акрэслена арнаментам. Арнамент быў часцей за ўсё геаметрычным і меў выгляд хвалістых, ламаных ліній, зігзагаў, рысак, кропкавых паглыбленняў. Ім упрыгожвалі прылады працы, прадметы, якія выкарыстоўваліся ў магічных абрадах.

Скульптура. Існаванне мацярынска-радавой абшчыны стварыла культ жанчыны, што адлюстравалася ў тагачаснай скульптуры. Невялікія па памерах фігуркі жанчын выразалі з косці, дрэва, каменню. Іх аўтары падкрэслівалі перш за ўсё біялагічны пачатак, гіпертрафіруючы ў выявах асобныя часткі цела, што, магчыма, павінна было ўвасабляць вобраз прамаці, ідэю плоднасці. Ідэал прыгажосьці быў для першабытнага чалавека знакам плоднасьці, знакам урадлівасьці, знакам жыцьця.

Колькасць насельніцтва. Навукоўцы падлічылі, што ў Мусцьерскую эпоху насельніцтва насельніцтва зямнога шара не перавышала 1 млн чалавек. Сярэдняя працягласць жыцця чалавека немногім перавышала 20 гадоў, толькі прыкладна 8% дажывалі да 40-50 гадоў. У 5-ым тысячагоддзі да н.э. на Зямлі жыло ўжо 20 млн чалавек, у 1988 г. – 5 млрд., а зараз гэта лічба перавысіла 6 млрд. Дакладна вызначыць колькасць жыхароў Беларусі ў першабытнасці немагчыма, але колькасць і плотнасць насельніцтва былі значна малы. У эпоху позняга палеаліта тэрыторыя Беларусі зазнала значную хвалю засялення (прыкладна 10 тысячагоддзе да н.э.). Людзі, якія прыйшлі на гэтую зямлю ў гэты час, сталі продкамі сучасных беларусаў. Старажытнымі познепалеалітычнымі помнікамі Беларусі з’яўляюцца стаянкі двух культур – грэнскай (была выдзелена ў 60-я гг ХХ ст. па матэрыялах стаянак, размешчаных у басейне р.Сож, адна з якіх называлася Грэнскай) у Падняпроўе і лінгбійскай (выдзелена ў 1926 г. пасля вывучэння матэрыялаў стаянкі Лінгбі ў Даніі) у басейнах Немана і Верхняй Прыпяці, некалькі пазней на тэрыторыі Заходняй Беларусі з’явілася насельніцтва яшчэ адной познепалеалітычнай культуры – свідэрскай (з’яўляецца найбольш яркай падзеяй позняга палеаліта лясной зоны усходняй Еўропы, назва ад вёскі Свідры Вельке пры ўпадзенні ракі Свідэра ў Віслу. Помнікі гэтай культуры вядомы на вялізнай тэрыторыі, уключаючы Польшчу, Літву, Украіну і Беларусь).

§ МЕЗАЛІТ 6 – 4 тысячы год да н.э.

Пасля завяршэння палеаліта чалавецтва ўступіла ў эпоху мезаліта – сярэдняга каменнага веку (ад грэч. «мезос» ─ сярэдні).

У мезаліце - вынаходства лука, стрэл з крэмневымі наканечікамі, прыручэнне дзікіх жывёл, засяленне лясной зоны. Людзі гэтага часу карысталіся крэмневымі прыладамі працы: нажамі, скрабкамі, разцамі разнастайнай формы.

Для эпохі мезаліта характэрны: высокі ўзровень тэхнікі атрыманне ножападобных пласцін, мікраразцоў, прагрэс у вобласці развіцця касцяной індустрыі з вялікай відавой разнастайнасцю рознай зброі, частка якіх з’явілася ў побыце людзей упершыню, спецыфіка ў характары мастацтва, новы від жытлаў (лёгкія круглыя наземныя пабудовы тыпу шалаша ці ямы-паўзямлянкі дыяметрам 2,5 м, унутры гарэў ачаг, стаяў апорны слуп, які падтрымліваў кроўлю) і г.д. Вялікія змены адбыліся і ў эканамічнай сферы. Змяніліся спосабы палявання (індывідуальнае, з лукам і стрэламі) і відавы склад здабычы (выміраюць маманты, шарсцістыя насарогі, адбылася перабудова расліннага і жывёльнага свету), узмацнілася роля рыбалоўства. Назіраецца значнае павелічэнне колькасці людзей, узрастае лік культур і мастацкіх помнікаў.

Тэхнічныя прыёмы апрацоўкі крэмня, якія вынайдзены свідэрцамі, былі запазычаны многімі пакаленнямі людзей. На захадзе свідэрская культура працягвала сваё існаванне, а на ўсходзе ў раннім мезаліце завяршала сваё развіццё грэнская культура, якая поўнасцю сфарміравалася і характарызавалася наборам вызначаных прыкмет і спецыфікай тэхніцы апрацоўкі. Помнікаў грэнскай культуры вядома некалькі дзесяткаў. У адрозненні ад свідэрцаў, якія імкнуліся зрабіць свае прылады на пласцінах, грэнскае насельніцтва аддавала перавагу адшчэпам.

Мезалітычныя археалагічныя культуры: На поўначы Беларусі ў эпоху мезаліта пражывала насельніцтва кундскай (кундайской) культуры. Сожская культура (6-5 тыс. до н.э.) размяшчалася на берагах верхняга Дняпра і яго прытокаў. Самыя яркія помнікі – Горкі і Журавель на Сожы, Глыбоўка і Новыя Грамыкі на Бяседзі, Берагавая Слабада, Новы Быхаў, Рдыца на Дняпры, Гарадок, Міхайлаўка на Беразіне і інш. Яніслаўская культура – на вялікай тэрыторыі ад цэнтральнай Польшчы да заходняй Літвы, Беларусі і паўночна-заходняй Украіны. Кудлаеўская культура. Выдзелена па матэрыялам стаянкі Кудлаеўка ў сярэднем Падзесенье (Ноўгарад-Паўночны р-н Чарнігаўскай вобл.) Падобныя помнікі знойдзены на Палессі, у басейнах Сожы і Прыпяці. Найбольш выразнай стаянкай з’яўляецца паселішча Азярное-1 каля в.Азярное Любанскага р-на Мінскай вобл.

§ НЭАЛІТ 4 – 2 тысячагоддзе да н.э. - новы каменны век (ад грэч. «неос» ─ новы»).

Неалітычная рэвалюцыя, паняцце, уведзенае ангельскім археолагам Г.Чайльдам для абазначэння гістарычнага перыяду пераходу ў эпоху неаліту ад прысвойваючага да здабываючага тыпу гаспадаркі. Гэты пераход быў звязаны з зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі. У ходзе нэалітычнай рэвалюцыі ўзніклі рамёствы, пасяленні, пісьменнасць, рацыянальныя веды і да т.п.

Калі прымаць за пачатак нэаліта з’яўленне керамікі і абапірацца на археалагічныя метады даціравання, нэаліт пачынаецца з пачатка IV тыс. да н.э. Прыкметы эпохі: выраб керамічнага посуду, шліфоўка і свідраванне камня, развіццё вытворных форм гаспадарання (земляробства і жывёлагадоўлі), змены ў сферы тэхналогіі, культуры, сацыяльнай арганізацыі грамадства. У эпоху неаліту адбываецца далейшае развіццё і ўскладненне прымітыўнага мастацтва. Гэтаму садзейнічаў працэс пераходу ад прысвойваючыга вядзення гаспадаркі (паляванне, рыбная лоўля, збіральніцтва) да вытворчых форм (земляробства, жывёлагадоўля – прыйшло ад плямён Балканскага паўвострава). Важным дасягненнем неаліту з'яўляецца пачатак вырабу глінянага посуду, узнікненне прадзення і ткацтва. Гліняны посуд, пераважна востраканечнай формы, выраблялі ўручную, упрыгожвалі арнаментам і абпальвалі. Найбольш часта сустракаюцца вырабы з геаметрычным узорам арнаменту, які наносілі зубчастым штампам, пальцамі, пазногцямі, завостранымі палачкамі

Кераміка. Шляхам спроб і памылак дадавая ў гліну розныя мінеральныя і арганічныя дамешкі, людзі навучыліся мастацтву абпальваць яе і вырабляць самы розны посуд, неабходны ў гаспадарцы. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў з’яўляюцца вызначаючымі прыкметамі для канкрэтнай археалагічнай культуры. Ляпны посуд выраблялі рукамі, ганчарны – на ганчарным коле. Першыя сасуды абкладвалі з усіх бакоў камянямі і абпальвалі на кастры, таму днішча іх былі конусападобнымі. У цеста дамешвалі шмат раслінных дамешак, якія часткова выпальваліся і пакідалі на паверхні сасудаў мноства бясформенных бароздак. У познім нэаліце ў цеста сталі дадаваць пясок, мелка таўчоныя камяні, абпальванне палепшылася ў бок павелічэння трываласці сасуда. Самай распаўсюджанай формай нэалітычных гаршкоў на тэрыторыі Беларусі былі шырокія вострадонныя формы з прамымі даволі тоўстымі сценкамі. Пры стварэнні сасудаў злучалі па касой ці па кальцу нешырокія стужкі цеста. Амаль уся Беларусь уваходзіла ў зону распаўсюджання так званай грабенчатай і накольчатай керамікі, названай так па перавалоданню на паверхні сасудаў адбіткаў грабёнкі, ямак, насечак, наколаў, пры дапамозе якіх фарміравалі арнаментальныя геаметрычныя ўзоры. Гэта маглі быць гарызантальныя паясы, якія апаясвалі сасуд на розных узроўнях, дыяганальныя ўзоры, падпрамавугольныя і трохвугольныя зоны.

На ранніх этапах нэаліта малюнак не быў складаным. Часцей за ўсё пад венчыкам маглі быць касыя насечкі, па паверхні сасуда ямачныя паглыбленні, часам грабёнка.

Прылады працы. Па ўскраінах Беларусі пачалі распаўсюджвацца новыя віды гаспадарчай дзейнасці – земляробства і жывёлагадоўля. Асноўным матэрыялам для вырабу прылад па-ранейшаму служылі крэмень, камень, косць і дрэва. Гэта былі разнастайныя разцы, наканечнікі стрэл, дроцікі, тапары, цесла, скрэблы і г.д. Формы нарыхтовак для вырабу прылад перайшлі ў спадчыну ад ранейшых культур, на захадзе перавалодвала пласціна, на ўсходзе адшчэп. Пачалі выкарыстоўвацца прыёмы двухбаковай апрацоўкі паверхні, паліраванне, шліфоўка і іншыя. У другой палове нэаліта для расчысткі і апрацоўкі зямлі пад пасевы і ўраджая шырока выкарыстоўваліся матыгі, тапары, сярпы. Самыя раннія сляды з’яўлення культурных злакаў на тэрыторыі Беларусі знаходзяць у Заходнім Палессі.

Культавая архітэктура: курганы. Курган — разнавіднасць пахавальных помнікаў. Курганы – гэта земляныя насыпы над старажытнымі магіламі, звычайна круглыя ў плане. Сустракаюцца пераважна скапленнямі. Выдзяляюцца шматлікія тыпы курганоў, якія характарызуюцца асаблівасцямі канструкцыі пахавальнай камеры і насыпу. У Беларусі яны з'явіліся на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да Нараджэння Хрыстова і былі вядомыя пераважна на Падняпроўі і Палессі. У другой палове 1-га тысячагоддзя і на пачатку 2-га тысячагоддзя пасля Нараджэння Хрыстова пад кургановымі насыпамі хавала нябожчыкаў усё славянска-балцкае насельніцтва Беларусі. З умацаваннем хрысціянства звычай насыпання курганоў сярод гараджан знікае ў ХІ стагоддзі, у сельскай мясцовасці – у ХІІІ-ХІV стагоддзях. Паводле дахрысціянскіх веранняў курганы былі дамоўкамі памерлых. Нябожчыкам “на той свет” клалі шмат рэчаў — разнастайныя прылады працы, бронзавыя і медныя ўпрыгожванні, жалезныя рэчывы і гэтак далей. Існуюць паданні, што ў курганах прыхавана золата і іншыя багацці. У мужчынскіх пахаваннях, асабліва ранейшага часу, калі рэчы не згаралі пры крэмацыі, надзвычай багата зброі, пашыраюцца рытуальныя пахаванні баявых коней.

З самага пачатку плямёны на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці, крывічы сваіх памёрлых хавалі па абраду трупаспальвання пад кургановымі насыпамі. Найбольш тыповымі сярод курганоў на поўначы Беларусі былі валападобныя курганы — насыпы шырынёй 8-10 метраў і даўжынёй часам больш як 100 метраў, 1-2 метраў у вышыню. Такія “доўгія курганы” сустракаюцца толькі на крывіцкай тэрыторыі (у вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны). Выцягнутая форма кургана атрымлівалася за кошт шматлікіх пахаванняў, часам у адным кургане іх налічвалася да 22. Размяшчаліся доўгія курганы ў адных групах і разам з круглымі насыпамі, бясспрэчна славянскімі, але іх аб'ядноўвае аднолькавы пахавальны абрад, кераміка і іншыя рэчы, выяўленыя ў выніку раскопак. Курганы на поўначы Беларусі, у месцах рассялення крывічоў, маюць мясцовую назву «валатоўкі», якая звязана са старажытнымі легендамі пра асілкаў-волатаў, пахаваных там.

Неалітычныя археалагічныя культуры:

Верхнедняпроўская культура. Размяшчалася на ўсходзе Беларусі ў басейне Дняпра. Нёманская культура. Займала басейн Нёмана, вярхоўя Прыпяці і тэрыторыю захаду Беларусі, гэтую тэрыторыю ў нэаліце насялялі плямёны культур з грабенчата-накольчатай керамікай. Арэал гэтай культуры распаўсюджваўся на поўнач Валыні, поўдзень Літвы і прылягаючыя да Беларусі тэрыторыі Паўночна-Усходняй Польшчы. На характар керамічных форм і спосабы вядзення гаспадаркі моцна ўплывалі заходнія тэндэнцыі. Днепра-данецкая культура. Уключала Усходняе Палессе да прытокаў Прыпяці, Гарыні, Лахвы, Птычы, на поўначы абмежавана лініяй Бабруйск – Рагачоў – Ветка. Нарвенская культура. Займала тэрыторыю паўночных р-наў краіны – Паазер’е, а таксама паўднёва-усходнюю Прыбалтыку. На раннім этапе яна была адзінай, а затым распалася на шэраг варыянтаў. Грабенчата-ямачная кераміка. Знойдзена ў розных месцах Беларускага Паазер’я. Лічаць, што насельніцтва грабенчата-ямачнай керамікі трапіла на Беларусь з Усходняй Літвы. Асноўнымі элементамі арнамента, якімі мясцовае насельніцтва ўпрыгожвала свае сасуды, былі круглыя ямкі і адбіткі шырокага грэбня. Такімі ўзорамі пакрывалася ўся паверхня збаноў. Яны спалучаліся, утвараючы рытмічна чаргаваныя паясы, ромбы, якія датыкаліся кутамі.

У часы позняга неаліту атрымлівае распаўсюджанне кераміка шарападобных і пласкадонных форм (гаршкі, амфары, міскі) з выявамі жывёл, птушак.

Значнае месца ў мастацкай дзейнасці чалавека позняга неаліту займаюць таксама скульптурныя вырабы, прадметы культу, упрыгожанні. Часцей за ўсё яны вырабляліся з косці, крэмнія, а ўпрыгожанні - з бурштыну. На Асавецкай стаянцы ў Бешанковіцкім раёне былі знойдзены выява лася, выразаная з рога, некалькі выяў галавы чалавека, фігуркі птушак, падвескі і пацеркі з бурштыну, зубоў жывёл.

У параўнанні з палеалітычнымі фігуркамі жанчын, дзе галоўным быў біялагічны пачатак, у неалітычнай скульптуры асноўная ўвага надаецца выяўленню мужчынскіх вобразаў, галавы, твару (пачатак пераходу да патрыярхата).

Бронзавы век (2 тыс. да н.э. – 1 тысячагоддзе да н.э.) на Беларусі

У эпоху бронзы назіраецца пашырэнне матэрыяльнай дзейнасці чалавека. Людзі навучыліся выплаўляць першыя металы (медзь, бронзу) і вырабляць з іх прылады працы, зброю і ўпрыгожанні. 3 прычыны аддаленасці ад цэнтраў металургіі на тэрыторыі Беларусі больш доўгi час захоўваліся каменныя прылады працы, але апрацаваны яны былі значна лепш, з выкарыстаннем свідравання, пілавання, шліфавання. Развіваюцца земляробства і жывёлагадоўля. Рост вытворчасці абумовіў павелічэнне абмену, зараджэнне патрыярхальнага роду, паглыбленне сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Пашырэнне аб'ёму вытворчасці прылад працы, паляпшэнне іх якасці прывяло да абмену, услед за чым прыходзіць і маёмасны падзел грамадства (бедныя-багатыя). Родавая абшчына ў працэсе рассялення людзей на новых землях у пошуках урадлівай глебы і пашы для жывёлы, а таксама змешвання прышлых земляробаў і жывёлаводаў з мясцовым насельніцтвам пачала паступова ператварацца ў суседска-родавую. На чале абшчыны стаяў выбарны савет старэйшын. Людзі пасяляюцца ў найбольш зручных для вядзення гаспадаркі месцах – на берагах вадаёмаў. Жытлы размяшчаюцца на невялікіх плошчах, у 1 ці 2 рады, узнікаюць двары. Асноўны будаўнічы матэрыял – дрэва + гліна. Інтэр’ер – ложак, агнішча, гаспадарчыя ямы, кладоўкі.

Рэлігія: пачынае адыграваць асаблівую ролю у развіцці мастацтва бронзавага веку. Пашыраецца і ўскладняецца касмаганічны культ і культ продкаў. Ва ўпрыгожваннях з’яўляюцца салярныя і лунарныя сімвалы. Разам з тым упрыгожванні паступова губляюць магічны сэнс і набываюць эстэтычныя і сацыяльныя функцыі. Пераважнае развіццё арнаментальнага падыходу ў мастацкай культуры прывяло да значнага памяншення колькасці скульптурных выяў. Тыя ж, што вядомы зараз, маюць ясна выказаны магічны характар. Так, у верхніх пластах паселішча ля в. Асавец (Бешанковіцкі раён) была знойдзена касцяная скульптура ў выглядзе галавы чалавека. Мяркуючы па яе форме і наяўнасці адтуліны для нашэння, яна выкарыстоўвалася ў рытуальных і магічных абрадах.

Археалагічныя культуры бронзавага веку:

Культура шарападобных амфар. Пачынаючы з ІІ тысячагоддзя да н.э. спачатку на захадзе, паўднёвым захадзе, а затым і на большай частцы ўсёй тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца традыцыі культуры шарападобных амфар. Культура шнуравой керамікі – самыя раннія пасяленні гэтай культуры былі знойдзены яшчэ ў ІІІ-ім тысячагоддзі да н.э., была распаўсюджана на шырокіх прасторах Еўропы, ад берагоў Рэйна да Паўднёвай Скандынавіі, Усходняй Прыбалтыцы, Верхняга і Сярэднега Падняпроўя. Са з’яўленнем культуры шнуравой керамікі ў Еўропе актыўна пачынае распаўсюджвацца курганны абрад пахавання, а таксама індывідуальныя пахаванні без курганнага насыпа. Звычайна носьбіты культуры стваралі невялікія кароткачасовыя пасяленні з сезоннымі жылымі і гаспадарчымі пабудовамі, гэта звязана з асноўным тыпам гаспадарання – жывёлагадоўляй.

Сярэднедняпроўскай культура. Грунтавалася на традыцыях культуры шнуравой керамікі, мясцовых нэалітычных культур, культуры шарападобных амфор, а таксама на элементах, прынесеных са стэпаў і лесастэпаў. Менавіта ў гэтай культуры ў пачатку ІІ-га тысячагоддзя да н.э. на паўднёвым усходзе з’яўляюцца першыя вырабы з медзі і бронзы. Гэта дазваляе казаць пра ўступленне тэрыторыі Беларусі ў эпоху бронзы. Разам з тым на большай частцы тэрыторыі Беларусі бронзавыя прылады нават у сярэдні і позні перыяд бронзавага веку лічыліся вялікай рэдкасцю. Паўночнабеларуская культура. Існавала ў канцы ІІІ-га – першай палове ІІ тысячагоддзя да н.э. на тэрыторыі Беларускага Паазер’я. Кераміка выдзяляецца багаццем і своеасаблівасцю арнаментацыі, асобымі тэхналагічнымі прыёмамі лепкі сасудаў і нарыхтоўкі гліны. Сярод знаходак сустракаюцца ўпрыгожанні з косці, бурштына, а таксама высока мастацкія касцяныя і драўляныя вырабы: касцяныя статуэткі жывёл і птушак, скульптурныя выявы чалавека. На пасяленні Асавец выяўлены рэшткі музычных інструментаў – флейт, якія выраблены з трубчатых касцей птушак.

На тэрыторыі Беларусі ранні перыяд бронзавага века заканчваецца ў сярэдзіне ІІ тысячагоддзя да н.э. У гэты час завяршаецца этап існавання культур, структурная аснова якіх была пабудавана на ўспрыманні і засваенні традыцый культур шнуравой керамікі.

Шматвалікавая культура. З’явілася ў самым пачатку сярэдняга перыяда бронзавага веку ў межах Гомельскага Палесся: на ніжняй Прыпяці, уздоўж Дняпра і ў вусце Сожы. Адрознівалася своеасаблівым посудам, упрыгожаным наляпнымі валікамі і іншымі характэрнымі арнаментамі. Тшцынецкая культура. На большай частцы тэрыторыі Беларусі “шнуравы” перыяд змяніўся “тшцынецкім”, які ўзнікае ў сярэдзіне ІІ тысячагоддзя да н.э. Характэрная кераміка была знойдзена ў асноўным на Беларускім Палессі, а таксама ў басейне Нёмана. Жыхары тшцынецкай культуры жылі невялікімі пасяленнямі, жытлы – наземныя або паглыбленыя ў зямлю, аснову канструкцыі жылых пабудоў складалі вертыкальныя слупы, сцяна выраблялася з бярвенняў і прутоў, замазаных глінай. Рэдка карысталіся меднымі і бронзавымі вырабамі.

Прамысловая архітэктура: крэмневыя шахты.

Крэмень, мінеральнае ўтварэнне, якое складаецца з кварцу і халцэдону, рэдка з апалу. Колер ад жоўта-шэрага да чорнага. Шырока распаўсюджаны ў выглядзе канкрэцый, жаўлакоў, пластоў, радзей лінзаў і пражылак сарод вапнякоў і пісчага мелу. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, катагенезе горных пародаў і выветрыванні.

Менавіта ў бронзавым веку з'яўляюцца пэўныя сведчанні эканамічных сувязяў насельніцтва тэрыторыі Беларусі як з суседнімі, так і з вельмі падаленымі рэгіёнамі. Як гэта ні дзіўна, найважным "экспартным прадуктам" нашых продкаў у бронзавым веку быў высакаякасны крамень. Самымі знакамітымі з'яўляюцца крэмневыя шахты каля пасёлка Чырвонае Сяло Ваўкавыскага раёна Гарадзенскай вобласці. Іх вывучэнне пачалося ў 1962 г. Шахты дасягалі 1,5 м у дыяметры і 2 - 8 м у глыбіню. У рэгіёне было некалькі тысяч шахт. Яны лічацца аднымі з найболей вядомых і добра якія захаваліся ў Еўропе. Шахты і звязаныя з імі майстэрні па апрацоўцы здабытага каменя ўяўлялі сабой унікальны гаспадарчы комплекс, які функцыянаваў каля 1000 гадоў. Тут у асноўным вырабляліся крэмневыя сякеры, якія затым шляхам абмену распаўсюджваліся па тэрыторыі Беларусі і далёка за яе межамі. З Прыбалтыкі ў абмен на крамень паступаў бурштын, з Прычарнамор'я і з Каўказа – упрыгожванні з шклопадобнай масы і бронзавыя вырабы.

Крэмнездабыўныя шахты выяўлены ў сярэднім цячэнні Росі ў ваколіцах населеных пунктаў Рось, Краснасельскі, Карпаўцы. Крэмнездабытчыкі паглыблялі шахтавы калодзеж да крэмненоснага пласта. Затым пачынаўся выбар канкрэцый па ходзе пласта шляхам распрацоўкі пароды ў бакі падбоямі даўжынёй каля 1 м. Паміж падбоямі скляпеністай формы заставаліся выступы цалікі, якія ахоўвалі выпрацоўкі ад абвалаў. Ведаючы размяшчэнне крамянёвых праслояў, старажытны шахцёр нярэдка паглыбляўся і да наступнага гарызонту сыравіны, дзе выпрацоўваўся ніжэйшы ярус падбояў-ніш. Для пошука ніжэйшых пластоў крэмяню выкопваліся вузкія калодзежы на дне выпрацовак. Побач са скапленнямі шахтаў, на іх перыферыі, калі запасы сыравіны выкліньваліся альбо змяншаліся, рабіліся пошукавыя шахты. Сценкі выпрацовак, асабліва ў нізе ствалоў, у падбоях і штрэках, іх скляпенні маюць мноства драпін і баразёнак, якія засталіся ад востраканечных капальных прылад, з дапамогай якіх старажытныя шахцёры здабывалі сыравіну. Нізы шахтавых калодзежаў прыкметна затаптаныя нагамі. Таксама і вузкія месцы шахтаў, вусці падбояў і штрэкаў загладжаныя вопраткай капальнікаў. Часам на сценах маюцца сляды закуранасці. У шахты пранікалі з дапамогай сукаватых ствалоў дрэў.

Самая першапачатковая апрацоўка крамянёвай сыравіны адбывалася ўжо ў шахце. Каб не выцягваць наверх лішні цяжар, з вялікіх жаўлакоў адбіваліся непатрэбныя выступы. Выцягнутая з шахтаў крамянёвая сыравіна трапляла ў крэмнеапрацоўчыя майстэрні. Яны размяшчаліся побач з вусцямі шахтаў, у паўзасыпаных месцах каля вялікіх камянёў. У такіх мясцінах зараз залягаюць суцэльныя пласты адшчэпаў і абломкаў крэменю, а таксама мноства незакончаных і кінутых сапсаваных нарыхтовак сякер. Зрэдка сустракаюцца больш-менш гатовыя сякеры, а таксама іншыя крамянёвыя вырабы – нажы, скрабкі, адбойнікі і нуклеусы. Наяўнасць некалькіх соцен нарыхтовак сякер самай рознай ступені гатоўнасці, стандартнасць іх памераў і формы яскрава сведчаць пра тое, што на базе Краснасельскіх шахтаў працавалі спецыялізаваныя майстэрні па вырабу менавіта сякер, вельмі неабходных пры інтэнсіўным развяцці земляробства. У далейшым сякеры і іх нарыхтоўкі шляхам абмену распаўсюджваліся па суседніх раёнах Панямоння і далей.

Жалезны век (1 тысячагоддзе да н.э. – перш. пал. 1-га тысячагоддзя н.э.) на Беларусі

Храналагічныя межы жалезнага веку для Беларусі складаюць VIII ст. да н.э. – V ст. н.э. У Еўропе вытворчасць жалеза адносіцца да рубяжа 2-га і 1-га тысячагоддзя да н.э. (Грэцыя і Эгейскія астравы). Насельніцтва Паўднёвай Беларусі авалодала навыкамі жалезаапрацоўкі адначасова са многімі еўрапейскімі народамі, у Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі металургія жалеза фіксуецца на некалькі стагоддзяў пазней.

Галоўнай характарыстыкай гэтага перыяда з’яўляецца з’яўленне і шырокае распаўсюджанне металургіі жалеза. Людзі навучыліся здабываць жалеза і вырабляць з яго прылады працы, зброю і нават упрыгожанні. У адрозненне ад медзі, на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца радовішчы жалеза, на Беларусі жалеза выраблялі з балотнай руды ў печах-домніцах. Мясцовыя майстры пачалі вырабляць жалезныя прылады працы. З дапамогай жалезных тапароў чалавек паступова засвоіў новы метад земляробства – падсечна-агнявы (лядны). Дрэвы зрубалі, спальвалі і попелам угнойвалі глебу. У яе высявалі зерне і баранавалі. Некалькі гадоў атрымлівалі добрае збожжа. Калі ураджай рэзка зніжаўся, пераходзілі на новую дзялянку. Вырошчвалі проса, пшаніцу, бабы. Развівалася рамяство — апрацоўка дрэва і косці, ткацтва, пляценне, ганчарства. Людзі пачалі будаваць больш складаныя драўляныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы.

З ростам прадуктыўнасці працы ў асобных родавых абшчынах і племенах назапашваліся маёмасці і багацці, што прывяло да разнастайных сутычак і войнам з мэтай грабяжу і рабавання. Каб ахоўваць жыццё супляменнікаў і маёмасць, насельніцтва пачало сяліцца ў цяжкадаступных месцах, умацоўвалі свае паселішчы штучнымі абарончымі збудаваннямі – рвамі і землянымі валамі. Так узніклі гарадзішчы, якія сталі асноўным тыпам пасяленняў на працягу амаль усёй эпохі жалеза. Да нашага часу на Беларусі захавалася каля 1 тысячы такіх гарадзішчаў. Гарадзішчы з'яўляліся цэнтрамі, вакол якіх знаходзіліся селішчы. Такі варыянт размяшчэння жылля быў зручным для заняткаў земляробствам і жывёлагадоўляй. У час ваеннай небяспекі жыхары селішчаў хаваліся ў гарадзішчах. У селішчах паўднёвых раёнаў Беларусі часцей за ўсё будавалі зямлянкі і паўзямлянкі, у паўночных узводзілі жытлы зрубнай канструкцыі. Яе з'яўленне прыпадае на ІІ – ІІІ ст. н.э. і было абумоўлена шырокім распаўсюджаннем жалезных прылад працы, магчымасцю апрацоўваць дастаткова вялікія паверхні дрэва. У далейшым канструкцыя зруба стала асновай у развіцці драўлянага дойлідства.

Працэс разлажэння радавога строя прыводзіў да выдзялення сельскай абшчыны, якая ўключала некалькі самастойных сем’яў. Вераванні насілі язычніцкі характар і зводзіліся да пакланення сілам прыроды: культу сонца, агня, продкаў і г.д. Ва ўпрыгожваннях эпохі жалеза сустракаюцца выявы круга і ромба - сімвалы сонца, месяца, асобных свяцілаў, якія сведчаць аб устойлівых і дастаткова ясных уяўленнях старажытных людзей аб свеце і яго пабудове. З цягам часу назіраецца іх паступовае ўскладненне і ўсё большая зашыфраванасць, асабліва ў канцы жалезнага веку. Гэта сведчыць аб узмацненні значэння вераванняў (касмаганічны культ, абогатварэнне сіл прыроды), набыцці імі ролі вядучага стымулу ў развіцці мастацтва. На тэрыторыі Беларусі былі знойдзены выявы язычніцкіх багоў, каменных ідалаў (Шклоўскі ідал, Слонімскі ідал), каменных баб (знойдзеныя ў Жабінкаўскім раёне).

Мілаградская культура. Размяшчалася ў басейне Прыпяці, паўднёвай часткі Верхняга Дняпра і Ніжняга Пасожжа ў VІІ – ІІІ стст. да н.э. Для мілаградскай культуры характэрны гарадзішча на мысах ці на роўным месцы і – у меншай ступені – селішчы. Для носьбітаў мілаградскай культуры характэрны розныя тыпы керамікі: гаршкі без венчыка і з прамым, адагнутым вонкі венчыкам з шарападобным тулавам. Посуд аздоблены ў верхняй частцы насечкамі, адбіткамі круглай палачкі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі. У арнаментацыі – выявы зорак, крыжоў, трохкутнікаў, кольцаў і г.д. Сустракаюцца гліняныя фігуркі жывёл. Сярод упрыгожанняў выдзяляюцца бронзавыя і жалезныя бранзалеты, завушніцы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, фібулы, бурштынавыя, бронзавыя і шкляныя пацеркі. Да асноўных рамёстваў адносяцца здабыча і апрацоўка жалеза, бронзавае ліццё, прадзенне, ткацтва, ганчарства.

Паморская культура. У арэал распаўсюджвання плямён паморскай культуры ўваходзіў крайні паўднёвы захад Беларусі, а таксама Паўночна-Заходняя Україна. Іншыя назвы культуры: культура добрых урнаў, скрынявых пахаванняў, усходнепаморская, вейхероўска-кратошынская, падклешавых пахаванняў. Культура прадстаўлена неўмацаванымі пасяленнямі і грунтовымі магільнікамі, жытлы ўяўлялі сабой наземныя слупавыя двух- і аднакамерныя збудаванні і паўзямлянкі. На Беларусі культура развівалася ў IV—II стст. да н.э. У магільніках і настаянках знойдзены ляпны посуд, упрыгожванні з метала, шкла і камня – фібулы, бранзалеты, кольцы, шкляныя і каменныя пацеркі і г.д.

Зарубінецкая культура. У канцы 1-га тысячагоддзя да н.э. на тэрыторыі, да гэтага заселенай мілаградцамі і паморцамі, заняла насельніцтва зарубінецкай культуры, якая распаўсюджвалася з рубяжа III—II стст. да н.э. да сярэдзіны I ст. н.э. на Палессі, паўднёвай часткі Беларускага Падняпроўя і ў басейне Сярэдняга Дняпра. Выдзяляюцца тры лакальных варыянта гэтай культуры: палескі, верхнедняпроўскі і сярэднедняпроўскі.

Асноўным тыпам пасяленняў з’яўляліся селішча, радзей сустракаюцца гарадзішчы. Насельніцтва выкарыстоўвала ляпны посуд, які па тэхніцы апрацоўкі і паверхні падзяляецца на грубаляпную і глянцаваную, першая перавалодвае на пасяленнях, другая – у магільніках. Найбольш распаўсюджанай формай былі гаршкі, затым міскі, кубкі, збаны, вазы і патэльні. Частка збаноў мела арнаментацыю ў выглядзе пальцавых паглыбленняў і насечак па краю венчыка, рэльефных валікаў з пальцавымі паглыбленнямі, псеўдавушак і пальцавых бароздак. Жалезныя вырабы прадстаўлены сякерамі-кельтамі, сярпамі, нажамі, шыламі, рыбалоўнымі кручкамі, наканечнікамі коп’яў, дроцікаў і стрэл. Сярод упрыгожанняў выдзяляюцца разнастайныя фібулы, дэталі паяснога набора, шпількі, скроневыя кольцы, падвескі, бранзалеты, шкляныя пацеркі.

Большая частка жалезных вырабаў зроблена пры дапамозе коўкі, аднак мясцовыя майстры ведалі і больш складаныя тэхналагічныя прыёмы: зварку, псеўдапакет, цэментацыю. Таксама насельніцтва займалася бронзаліцейнай вытворчасцю, ганчарствам, ткацтвам, дрэваапрацоўкай, касцярэзным майстэрствам і інш.

Кіеўская культура. Помнікі кіеўскай культуры размешчаны ў верхняй частцы басейна Дняпра, ад вусця Сожы і да Магілёва, у позні перыяд жалезнага веку носьбіты кіеўскай культуры занялі тэрыторыю, якая раней належыла насельніцтву зарубінецкай культуры. Культура развівалася ад канца II ст. – сярэдзіны V ст. н.э.

Пасяленні прадстаўлены ў асноўным селішчамі, два тыпа жытлаў – паўзямлянкі і наземныя дамы слупавой канструкцыі. Большая частка керамічнага посуду была ляпной, характэрны грубаляпныя тоўстасценныя збаны: гладкасценныя, з расчосамі і глянцаваныя. Сярод упрыгожанняў асобае месца займаюць фібулы розных тыпаў, таксама жалезныя і бронзавыя шпількі, спражкі да пояса. Для Верхняга Падняпроўя характэрны рэчы з выямчатай эмаллю (бронзавыя падвескі – луніцы і фібулы з эмаллю чырвонага і іншых колераў). На пасяленнях знойдзены рэчы з тэрыторыі Рымскай імперыі (манеты, посуд, пацеркі).

Вельбарская культура. Развівалася ў позні перыяд жалезнага веку (I—V стст. н.э.) на тэрыторыі Паўднёва-Заходняй Беларусі ў вярхоўях Прыпяці, помнікі былі распаўсюджаны таксама на тэрыторыі Паўночна-Усходняй Польшчы і Паўночна-Заходняй Украіны.

Культура прадстаўлена неўмацаванымі пасяленнямі, курганнымі і грунтовымі пахаваннямі. На тэрыторыі Беларусі адкрыта больш 10 помнікаў па берагах рэк Заходні Буг, Лясная, Мухавец, Прыпяць, Горынь, Ясельда, дзе знойдзены фрагменты глінянага посуду (у асноўным ляпнога, ганчарныя сасуды адзінкавы), металічныя і шкляныя ўпрыгожванні.

Культура штрыхаванай керамікі. Была распаўсюджана на працягу ўсяго жалезнага веку ў Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй Беларусі (на поўнач ад басейна Прыпяці па берагах Нёмана і яго прытокаў, на Верхняй і Сярэдняй Бярэзіне).

Асноўны тып паселішчаў – гарадзішчы, умацаваныя валамі і рвамі, жытлы ўяўлялі сабой шматкамерныя дамы слупавой канструкцыі, складаліся з некалькіх жылых памяшканняў, якія аддзяляліся адзін ад аднаго калідорамі.

Посуд прадстаўлены галоўным чынам ляпнымі гаршкамі. Для 1-га тысячагоддзя да н.э. характэрны склянкавыя і слабапрафіляваныя сасуды, пакрытыя штрыхоўкай, у канцы 1-га тысячагоддзя да н.э. іх замяняюць рабрыстыя збаны. Частка з іх мае арнаментацыю ў выглядзе пальцавых зашчыпаў, ямачных паглыбленняў, насечак і прачэрчаных ліній у верхняй частцы збана. Жалезныя вырабы з’яўляюцца да канца 1-га тысячагоддзя да н.э., а таксама ў гэты час з’яўляецца разнастайны комплекс адзення і ўпрыгожванняў – фібулы, спражкі, пасохападобныя шпількі, скроневыя кольцы, завушніцы, бранзалеты, пярсцёнкі, шкляныя і гліняныя пацеркі. Шырокае распаўсюджанне мелі прадзенне, ткацтва, бронзаліцейная вытворчасць і ганчарства.

Днепра-дзвінская культура. Была распаўсюджана з VIII ст. да н.э. да пачатка V ст. н.э. на тэрыторыі Беларускага Падзвіння і Верхняга Падняпроўя – паўночна-усходняя частка Магілёўскай і амаль уся Віцебская вобласць.

Асноўным тыпам паселішчаў былі ўмацаваныя гарадзішчы, якія размяшчаліся на ледавіковых халмах і на мысах. На тэрыторыі Беларусі вядома звыш 200 гарадзішчаў, плошчай ад 500 да 1500 кв.м. Асноўнымі жылымі пабудовамі былі наземныя збудаванні слупавой канструкцыі, якія размяшчаліся пераважна па краю пляцоўкі. Будавалі пагонны двор – шматкамерныя дамы пад агульным дахам. Пазней пачалі будаваць двухкамерныя дамы, якія стаяць асобна.

Спецыфічнай асаблівасцю рэгіёна з’яўляецца спазненне жалезавытворчай вытворчасці і пераважнае выкарыстанне вырабаў з камня і косці да рубяжа новай эры. Металічныя вырабы шырока ўваходзяць у выкарыстанне з канца 1-га тысячагоддзя да н.э. Да дэталяў вопрадкі і ўпрыгожванняў адносяцца шматлікія шпількі, бранзалеты, вырабленыя з бронзы. Своеасаблівая кераміка ўяўляе сабой ляпны посуд двух тыпаў: непрафіліраваны і слабапрафіліраваны, якія выдзяляюцца спецыфічнымі асаблівасцямі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: