2.1. Прадметам дзейнасці ТБМ з’яўляецца культурна-асветніцкая дзейнасць.
2.2. Асноўныя мэты дзейнасці ТБМ – аднаўленне ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нацыянальнай святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця Рэспублікі Беларусь, усебаковае развіццё і захаванне яе чысціні і самабытнасці, садзейнічанне забеспячэнню ёй рэальнага статуса дзяржаўнай мовы.
2.3. Галоўная задача ТБМ – адраджэнне беларускай мовы ў дзяржаўным, грамадскім і духоўным жыцці народа, а таксама:
- садзейнічанне зберажэнню і развіццю нацыянальнай культуры і народных традыцый, гістарычнай памяці і фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, пераадоленню нацыянальнага нігілізму;
- аказванне неабходнай падтрымкі ў сферы нацыянальна-культурнага развіцця беларусам, якія жывуць за межамі Рэспублікі Беларусь;
- садзейнічанне адраджэнню на Беларусі нацыянальнай асветы, забеспячэнне ўмоў для бесперапыннай адукацыі на беларускай мове;
- пашырэнне культурных сувязяў беларусаў з народамі свету дзеля прапаганды беларускай і засваення здабыткаў сусветнай культуры.
|
|
2.4. Для ажыццяўлення статутных мэтаў і задач ТБМ выкарыстоўвае наступныя метады:
- спрыяе развіццю непасрэднага перакладу ўсіх відаў літаратуры з замежных моў на беларускую і садзейнічае выкарыстанню беларускай мовы ў працы замежных прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, устаноў, прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый Рэспублікі Беларусь;
- удзельнічае ў распрацоўцы і ўвасабленні ў жыццё навуковай канцэпцыі беларускай мовы, клапоціцца пра культуру літаратурнай мовы, яе адзінства і ўдасканаленне правапісу;
- бесперашкодна атрымлівае і распаўсюджвае інфармацыю, якае мае дачыненне да дзейнасці ТБМ, засноўвае ўласныя і карыстаецца ў вызначаным парадку дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі;
- прадстаўляе і абараняе правы і законныя інтарэсы сваіх сяброў у дзяржаўных гаспадарчых і грамадскіх органах і іншых арганізацыях;
- ТБМ мае права выдавецкай дзейнасці і свой перыядычны друкаваны орган.