С. М. Ходзін
КрынIЦЫ
ГIсторыI БеларусI
(спроба гiсторыка-генетычнага
i кампаратыўнага вывучэння)
Мінск
БДУ
УДК 930.1 (476)
ББК 63.3 (4 Беи)
Х 69
Н а в у к о в ы р э д а к т а р
доктар гістарычных навук, прафесар У. Н. Сідарцоў
Р э ц э н з е н т ы:
Ю. Л. Казакоў, кандыдат гістарычных навук,
дацэнт кафедры гісторыі Беларусі
старажытнага часу і сярэднiх вякоў
А. Г. Каханоўскі, кандыдат гістарычных навук,
дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу
Зацверджана саветам гiстарычнага факультэта
23 чэрвеня 1998 г., пратакол № 10
Ходзiн С.М.
Х 69 Крынiцы гiсторыi Беларусi (спроба гiсторыка-генетычнага i
кампаратыўнага вывучэння). — Мн: БДУ, 1999. —............с.
ISBN 985 – 445 –155 – 0
У прапанаваным выданнi на падставе гiсторыка-генетычных, кампаратыўных метадаў дадзены сцiслы агляд асноўных тыпаў i вiдаў крынiц па гiсторыi Беларусi. Поўная адпаведнасць структуры i зместу праграме курса «Крынiцазнаўства» дазваляе выкарыстаць яго ў якасцi падручнiка па гэтым прадмеце для студэнтаў гiстарычных факультэтаў. Выданне можа быць цiкавым шырокаму колу чытачоў, усiм тым, хто захапляецца гiсторыяй Беларусi i крынiцамi яе вывучэння.
|
|
УДК 930.1 (476)
ББК 63.3 (4 Беи)
ISBN 985 – 445 – 185 – 0 © С. М. Ходзiн,1999
Прадмова
Прапанаванае выданне не з'яўляецца ні даследаваннем, ні падручнікам у дакладным сэнсе гэтых паняццяў, а спробай кампаратыўнага (гісторыка-параўнальнага) агляду пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі з невялікім тэарэтычным уступам. Гэта толькі імкненне наблізіцца да асэнсавання той велізарнай спадчыны, якая засталася нам «ад прадзедаў спакон вякоў» і якую мы павінны захоўваць, вывучаць і прымнажаць.
Азначаная праца не з'яўляецца першай у вывучэннi ці выкладаннi крыніцазнаўства гісторыі Беларусі. Яшчэ ў 1920-я гг. у БДУ Д. І. Даўгяла чытаў адпаведны курс. Рэпрэсіі закранулі не толькі асабіста выкладчыка, але і курс крыніцазнаўства. У 1930 – першай палове 1950-х гг. стаў больш распаўсюджаным іншы курс – «Кароткі курс гісторыі ВКП(б)». Вельмі доўга беларускіх даследчыкаў прывучалі да таго, што ёсць «першакрыніцы» – творы класікаў марксізму-ленінізму, партыйныя праграмы, рэзалюцыі і г. д., а ўсё астатняе – толькі іх пацвярджае.
Становішча пачало мяняцца з пачатку 1960-х гг. Савецкiмi гiсторыкамi распрацоўваюцца тэарэтычныя праблемы крыніцазнаўства, пераасэнсоў-ваецца погляд на крыніцы савецкага часу. У Маскве ствараў сваю выдатную працу М. М. Улашчык («Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода». М., 1973). У рэспублiцы ж адсутнічаў не толькі такi навучальны курс, але і адпаведныя навуковыя структуры. Не хацелася б гаварыць аб поўнай адсутнасці крыніцазнаўчых распрацовак па гісторыі Беларусі ў гэты час. Па крупінках збіраліся яны З. Ю. Капыскім, В. І. Мялешкам, братамі А. П. і В. П. Грыцкевічамі і многімі іншымі. Плённа працавалi лiтаратары (А. І. Мальдзiс, В. А. Чамярыцкi i iнш.), правазнаўцы (І. А. Юхо i iнш.).
|
|
Акрамя агульнага курса «Источниковедение истории СССР», з канца 1970-х гг. пачаў чытаць грунтоўны спецкурс па крыніцазнаўству гісторыі БССР А. П. Iгнаценка. У 1990-я гг. створана і кафедра крыніцазнаўства на гістфаку БДУ і адпаведны сектар у Інстытуце гісторыі НАН РБ. І ўсё ж трэба прыкласці вельмі шмат намаганняў, каб пераадолець адставанне.
У аснову прапанаванага выдання пакладзены гісторыка-генетычны і параўнальна-гістарычны метады: аналіз развіцця асобных відаў пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі ад іх узнікнення да навейшага часу ў іх параўнанні па храналагічным і рэгіянальным аспектах. Азначанае выданне можа быць выкарыстана ў якасці навучальнага дапаможніка па курсу «Крыніцазнаўства», паколькі поўнасцю адпавядае праграме курса (прыведзенай у дадатку).
Аўтар выказвае шчырую падзяку за падтрымку і парады Г. Я. Галенчан-ку, А. П. Ігнаценку, П. А. Лойку, С. В. Марозавай, В. А. Цяпловай, а таксама С. Б. Кауну за ўдзел у падрыхтоўцы рукапісу да выдання.
Разумеючы недасканаласць першай спробы, аўтар будзе ўдзячны за ўсе прапановы і крытычныя заўвагі, якія будуць, безумоўна, улічаны пры падрыхтоўцы наступнага выдання.